Увага! У гэтым тэксце ёсць выявы чалавечых парэшткаў.
Мала якія знаходкі ў археалогіі выклікаюць столькі цікавасці, колькі загадкавыя і старажытныя чалавечыя парэшткі. Таму рыхтуйцеся: гэтым часам пазнаёмімся з павучальнай гісторыяй Чэдарскага чалавека. Старажытнае забойства, пячора, туманны Альбіён…
Знаходка ў пячоры Гофа
Дык вось, Чэдар Гордж у графстве Самэрсэт, Англія, знакаміты зараз не толькі аранжавым сырам, але і знаходкай у пячоры амаль поўнага чалавечага шкілета, названага адпаведна Чэдарскім чалавекам. Ён напаткаў гвалтоўную смерць каля 10 000 гадоў таму, што робіць яго самым старым амаль поўным чалавечым шкілетам, знойдзеным у Брытаніі, і дае рэдкую магчымасць вывучаць першых насельнікаў рэгіёну.
Ён быў знойдзены ў 1903 годзе, калі рабочыя капалі дрэнажную траншэю ў пячоры Гофа (выпадкова, чэдарскі сыр калісьці выспяваў у тых жа пячорах). Прахалодныя і стабільныя ўмовы вапняковай пячоры, што ляжыць у суровым ландшафце цясніны Чэдар, спрыялі захаванню астанкаў больш за 10 000 гадоў. Раскопкі выявілі мноства археалагічных знаходак, у тым ліку крэмневыя прылады працы, косці жывёл і артэфакты, якія даюць неацэннае ўяўленне пра эпоху мезаліту, таксама вядомую як сярэдні каменны век.

Канец гэтага перыяду адзначыў значны пераходны этап у гісторыі чалавецтва, калі грамадства паляўнічых і збіральнікаў паступова пераходзіла ад качавога існавання да больш аселага ладу жыцця. Як прыстала жыхару мезаліту, Чэдарскі чалавек, напэўна, вёў лад жыцця паляўнічага-збіральніка, вырабляючы з крэменю вострыя лёзы для рэзкі жывёл, выкарыстоўваючы рогі як гарпуны для падводнай рыбалкі і выразаючы лукі і стрэлы. Яго суполка, магчыма, жыла групай у 30-50 чалавек ва ўкрыццях з дрэва і скуры жывёл.
Пераломы на паверхні яго чэрапа дазваляюць меркаваць, што ён памёр гвалтоўна. Наконт іншай дзірцы ў яго чэрапе ёсць розныя меркаванні: магла яна быць і вынікам інфекцыі, і вынікам залішняга запалу пры раскопках шкілета. Магчыма, Чэдарскі чалавек быў пахаваны ў пячоры Гофа членамі свайго племені; але з улікам таго, што іншых пахаванняў з ім не было, ён мог памерці адзін у той самай пячоры.
Насамрэч, Чэдарскі чалавек быў не адзіным госцем той пячоры. У ёй былі знойдзены і іншыя косткі, але яны датуюцца амаль 5000 гадамі раней, і не маюць дачынення да Чэдарскага чалавека. Напэўна, для яго ж лепей, бо косткі старэйшых наведвальнікаў зазналі пашкоджанні, звязаныя з забоем або жаваннем. Гэта (а яшчэ кубкі, зробленыя з чалавечых чэрапаў), дазволіла навукоўцам выказаць здагадку аб рытуальна абумоўленым канібалізме ў іх дачыненні.
Даследаванне парэшткаў і аналіз ДНК
На працягу больш за 100 гадоў навукоўцы спрабавалі раскрыць гісторыю Чэдарскага чалавека, яго знешняга выгляду і паходжання. Першапачаткова выказвалася меркаванне, што яго шкілету было ад 40 000 да 80 000 гадоў. Аднак радыевугляроднае датаванне, праведзенае ў 1970-х гадах, паказала, што ён жыў каля 10 000 гадоў таму. Атрымліваецца, Чэдарскі чалавек жыў неўзабаве пасля таго, як першыя пасяленцы перайшлі з кантынентальнай Еўропы ў Брытанію ў канцы апошняга ледавіковага перыяду.
Падыход да даследаванне парэшткаў Чэдарскага чалавека быў міждысцыплінарны і спалучаў археалагічныя даследаванні, радыевугляроднае датаванне, анатамічны аналіз і секвенаванне ДНК (то бок, вызначэнне паслядоўнасці нуклеатыдаў у малекуле ДНК), каб атрымаць усебаковае разуменне фізічных характарыстык, ладу жыцця і прычыны смерці гэтага чалавека. Пра лад жыцця і прычыны смерці мы ўжо трохі паразважалі, але ж, напэўна, самым шырокавядомым адкрыццём было паспяховае вылучэнне і секвенаванне старажытнай ДНК са шкілета.
У 2018 годзе група даследчыкаў з Музея натуральнай гісторыі і Універсітэцкага каледжа Лондана здабыла і прааналізавала ядзерную ДНК са скроневай косткі Чэдарскага чалавека. Генетычны аналіз паказаў ашаламляльныя вынікі: Чэдарскі чалавек належаў да генетычнай лініі, вядомай як гаплагрупа U5, што робіць яго адным з самых ранніх вядомых індывідаў гэтай лініі ў Брытаніі. Паколькі ДНК незвычайна добра захавалася, атрыманай генетычнай інфармацыі было дастаткова для рэканструкцыі твару. Аналіз паказаў, што Чэдарскі чалавек, верагодна, меў цёмную пігментацыю скуры, цёмныя кучаравыя валасы і блакітныя вочы.

Як выглядалі заходнееўрапейскія мезалітычныя паляўнічыя-збіральнікі
Папярэднія даследаванні ДНК еўрапейскіх паляўнічых-збіральнікаў эпохі мезаліту, знойдзеных у Гішпаніі, Люксембургу і Венгрыі, таксама паказалі, што яны маюць цёмную скуру, светлыя (блакітныя або зялёныя) вочы і цёмныя валасы. Мяркуецца, што Чэдарскі чалавек належаў да той жа папуляцыі, якую (не вельмі крэатыўна, затое зразумела) называюць заходнееўрапейскімі мезалітычнымі паляўнічымі-збіральнікамі. Таму ў гэтым кантэксце яго знешнасць не з’яўляецца незвычайнай, а тыповай для заходнееўрапейскіх мезалітычных паляўнічых-збіральнікаў. Але выяўленне таго, што ён быў тыповым прадстаўніком гэтай папуляцыі, было навінкай і каштоўнай часткай галаваломкі гісторыі насельніцтва і міграцый у Вялікабрытаніі.
У тых з сучасных брытанцаў, хто не нядаўна перасяліўся на востраў, каля 10% іх паходжання можна аднесці да старажытнага еўрапейскага насельніцтва, да якога належаў Чэдарскі чалавек. Болей таго, быў знойдзены яго сучасны прамы нашчадак па лініі маці! Гэта пацвердзіла мітахандрыяльная ДНК, якая перадаецца ў спадчыну ад яйкаклеткі. Шчасліўцам, чый радавод зараз прасочаны нашмат далей, чым у брытанскай каралеўскай сям’і, і ў каго ёсць цяпер самы далёкі пацверджаны сваяк у свеце, аказаўся настаўнік гісторыі Адрыян Таргет, які так і жыве ў тым самым Чэдары, недалёка ад месца, дзе знайшлі яго продка.
Навукоўцы і вучні спадара Таргета былі ў захапленні. Як з задавальненнем падзяліліся апошнія, “у яго ніколі не было мянушкі… дагэтуль”. Спадар Таргет пацвердзіў, што дакладна бачыць сямейнае падабенства; асабліва нос у Чэдарскага чалавека падобны на яго, як і блакітныя вочы. Можаце самі параўнаць, напрыклад, вось тут – сапраўды, падабенства ёсць!
Якое дачыненне мае дыета да колеру скуры
Па іроніі лёсу Чэдарскі чалавек меў нязноснасць лактозы – то бок, стаўшы дарослым, ён не мог пераварваць малако (ці чэдарскі сыр). Але гэта было ўласціва ўсім людзям у Еўропе да бронзавага веку.
Затое Чэдарскі чалавек меў вельмі здаровыя зубы, што сведчыць, аб добрай дыеце. Ён быў з паляўнічых-збіральнікаў, і яго рацыён, верагодна, складаўся з высакародных аленяў, тураў (буйнога дзікага быка, зараз вымерлага), прэснаводных рыб, а таксама садавіны, насення і арэхаў. Увогуле паляўнічыя-збіральнікі мелі вельмі здаровую дыету з вялікай колькасцю рыбы і печані, багатых на вітамін D.
Пасля неалітычнай рэвалюцыі, калі сельскагаспадарчыя культуры пачалі замяняць лад жыцця паляўнічых-збіральнікаў, рацыён людзей пачаў уключаць значна меней мяса, субпрадуктаў і тлустай рыбы – харчовай крыніцы вітаміна D. Пасля зараджэння на Блізкім Усходзе каля 10 000 гадоў таму, сельская гаспадарка распаўсюдзілася далей па кантыненце. Каля 6000 гадоў таму першыя земляробы дабраліся да берагоў Брытаніі. Аматары земляробства мелі адносна бедную дыету, заснаваную толькі на адной або дзвюх збожжавых культурах, і ім не хапала вітаміна D, што можа стварыць праблемы накшталт мяккіх касцей, дэфармацыі шкілета і г.д. Карацей, недахоп вітаміна D быў адной з вабнот новага ладу жыцця.
Раней меркавалася, што светлае адценне скуры стала з’яўляцца ў чалавека прыкладна 40 000 гадоў таму, калі насельніцтва мігравала на поўнач ад рэзкага афрыканскага сонечнага святла, дзе цёмная скура выконвала ахоўную функцыю. У менш сонечных шыротах больш светлая скура давала эвалюцыйную перавагу, бо яна паглынае больш сонечнага святла. А сонечнае святло, у сваю чаргу, неабходнага для вытворчасці вітаміна D, без дастатковай колькасці якога можна развіць такія непрыемныя хваробы, як рахіт. А ў выпадку небагатага вітамінам D харчавання, уласцівага земляробам, больш бледная скура давала яшчэ большую перавагу. Гэта паскорыла распаўсюджванне адпаведных генаў, а варыянты генаў для цёмнай скуры зніклі.
Далёкія падарожжа праз зніклыя землі
Акрамя пытанняў харчавання і знешняга выгляду, адкрыццё генатыпу (то бок, набору генаў) Чэдарскага чалавека таксама падкрэслівае складанасць мадэляў міграцыі людзей у перыяд мезаліту. Генетычны аналіз Чэдарскага чалавека паказвае на блізкаўсходняе паходжанне. Напэўна, яго продкі мігравалі ў Еўропу з Блізкага Усходу пасля апошняга ледавіковага перыяду. Гэта аспрэчвае ранейшыя тэорыі, якія прапаноўвалі больш прамы шлях міграцыі з Пірэнейскага паўвострава ў Брытанію.

З Еўропы людзі прыйшлі ў Брытанію па старажытнаму адрэзку зямлі пад назвай Догерлэнд. У той час Брытанія была паўвостравам паўночнай Еўропы, злучаная з кантынентам тэрыторыяй сушы, якая цяпер утварае марское дно паўднёвай часткі Паўночнага мора і праліва. У выніку качавыя людзі, ідучы ўслед за мігруючымі жывёламі, часта наведвалі Брытанію, дзе жыццё тады квітнела ў выніку адступлення ледавікоў.
Але Еўропа, як і ўвесь свет, працягвала награвацца, і ледзяныя шапкі раставалі, падымаючы ўзровень мора – крыху знаёмая карціна, так? Каля 8000 гадоў таму апошняе сухапутнае злучэнне паміж Вялікабрытаніяй і Еўропай – той самы Догерлэнд – было затоплена. Брытанія стала востравам, і тыя паляўнічыя-збіральнікі, якія блукалі па ёй на той час сталі бацькамі-заснавальнікамі будучай нацыі джэнтэльменаў (увага, перад вамі клішэ).
Увогуле нашы продкі перасоўваліся нашмат больш і на значна большыя адлегласці, чым мы, магчыма, уяўлялі. Генетычная разнастайнасць у мезалітычнай Брытаніі падкрэслівае складаныя перамяшчэнні старажытных папуляцый на велізарныя адлегласці. Мы сталі аселымі, калі з’явілася земляробства. Тады ж мы атрымалі новую канцэпцыю ўласнасці на зямлю, а за ёй і ідэю абароны гэтай уласнасці. Ведаеце, што вынікла з гэтай канцэпцыі? Думаю, пра самую вялікую сацыяльную змену, якая калі-небудзь закранула наш від, мы лепей пагаворым асобна.
І што далей
Думаю, у гэтай гісторыі было шмат цікавага. Але, калі даходзіць да падвядзення вынікаў, высновы часцяком засяроджваюцца на тым, што пабудаваная на генетычным аналізе знешнасць Чэдарскага чалавека абвяргае першапачатковыя няслушныя меркаванні аб яго нібыта светлай скуры. Як пісала газета The Guardian, “да гневу некаторых каментатараў і радасці многіх”. Сапраўды, падзеі і факты мінулага часцяком нясуць эмацыйную вагу для сучасных назіральнікаў. Напрыклад, той жа The Guardian цытаваў твіт дэпутата Дэвіда Лэмі пра Чэдарскага чалавека: “Хацеў бы я ведаць пра цябе, калі я рос, і людзі пыталіся мяне, адкуль я «насамрэч». Паўночны Лондан, бро”.
Карацей, колер скуры не заўсёды паказваў на геаграфічнае паходжанне, а ўяўныя расавыя катэгорыі ўвогуле з’яўляюцца вельмі сучаснымі канцэпцыямі. Улічваючы, што значная доля чалавечага паходжання з’яўляецца агульнай для ўсіх, прафесар эвалюцыйнай генетыкі Марк Томас называў «генетычнай астралогіяй» сцвярджэнні сцвярджэнні накшталт прамой радаводнай лініі з рымскімі легіёнамі ці вікінгамі.
Але цікавая (прынамсі мне) не толькі гісторыя Чэдарскага чалавека, але і тое, чаму менавіта колер скуры з усіх адкрыццяў вызваў найбольшы рэзананс, і пра якія гнеў і радасць пісаў The Guardian. Што для нас, сучасных людзей, значаць магчымыя падзеі і факты даўняй мінуўшчыны? З гэтым пытаннем нам пашанцавала, бо, акрамя даследавання парэшткаў Чэдарскага чалавека і давядзення некаторых вынікаў да шырокай грамадскасці, было і даследаванне рэакцыі гэтай самай грамадскасці на агучаныя вынікі. Пра гэта і пойдзе размова ў наступным пасце. Ведаеце ж, падглядваць за падглядваючымі заўсёды ўдвая цікава.