Археолагі ў раскопе

З чаго пачынаецца цывілізацыя – вядома ж, з піва і хлеба!

Раней мы ўжо разглядалі меркаванне, што ўцягвацца ў земляробства было вялікай памылкай чалавецтва і разбіраліся, чаму нейкая частка Блізкага Усходу завецца Урадлівым Паўмесяцам і калыскай цывілізацыі. Нарэшце, давайце разбяромся, з чаго пачыналася сельская гаспадарка для чалавечай цывілізацыі ў гэтым кутку свету, якім на смак было першае піва, якую расліну звалі “дрэвам жыцця”, і якая жывёла была першым “сябрам” чалавека.

Крупы – усё, што вам трэба для хлеба і піва

Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі і асноўнай крыніцай калорый для тутэйшых на Блізкім Усходзе былі збожжавыя (ячмень, пшаніца) і бабовыя. Як вядома веганам, бабовыя часцяком служаць асноўнай заменай мяса, бо яны багатыя бялком. У старажытнай Месапатаміі асноўнымі бабовымі былі сачавіца, нут і гарох, і яны былі акультураны прыкладна адначасова са злакамі. Такім чынам, збожжавыя і бабовыя былі першай хваляй адамашнення раслін у 9-м тысячагоддзі да н.э. І зараз, адпаведна, археолагі знаходзяць доказы гэтаму ў выглядзе рэшткаў апрацоўкі збожжа: ручных млыноў і жорнаў, песцікаў і ступак, збожжасховішчаў і г.д.

Старажытны Блізкі Усход, Урадлівы паўмесяц і пачатак сельскай гаспадаркі
Час адамашнення раслін і жывёл на Блізкім Усходзе. Аўтар арыгінала мапы Simeon Netchev
Чашы са скошаным борцікам, Ніпур, Месапатамія
Чашы са скошаным борцікам, Ніпур, Месапатамія, ~3300–3100 гады да н.э. Крыніца: Метраполітэн-музей, Rogers Fund, 1962

Зерне выкарыстоўвалі для двух асноўных прадуктаў: хлеба і піва. Хлеб (лаваш) пяклі ў хлебных печах пад назвай танур — цыліндрычнай полай канструкцыі з шырокай адтулінай уверсе, якую таксама можна было зручна выкарыстоўваць для смажання мяса, калі па планах вечарына з шашлыком пад піва (напэўна, былі ж такія?). Чашы са скошаным борцікам, якія ў непрыстойна велізарных колькасцях захаваліся ад урукскай культуры, магчыма, выкарыстоўваліся для выпечкі хлеба ў іншых печах. Чашы гэтыя бяруць колькасцю, не якасцю, але былі і нашмат прыгажэйшыя каралеўскія формы з дэкорам.

Піва рабілі з ячменнага хлеба. Раннія півавары былі жанчынамі, і, напэўна, самая знакамітая з іх Нінкасі – шумерская багіня піва і піваварства. Вядома, такая багіня карыстаецца папулярнасцю, і яе імем дагэтуль называюць піваварную кампанію ў Арэгоне і некія брэнды піва (і нават астэроід). Археолагі, якія мне сустракаліся, звычайна лічылі алкаголь даволі трывалай часткай сваёй прафесіі, таму няма нічога дзіўнага і ў іх цікавасці.

Піва Нінкасі
Піва Нінкасі. Фота Dan Futuro

Гімн Нінкасі змяшчае рэцэпт падрыхтоўкі піва, тосты і застольныя песні. Да таго ж рэцэпт досыць падрабязны, каб зацікавіць схільных да прыгод півавараў. Заснавальнік піваварнай кампаніі Anchor у Сан-Францыска Фрыц Майтаг вырашыў паспрабаваць прыгатаваць гэтае піва, і не без поспеху. Ён прадставіў напой на штогадовым сходзе Амерыканскай асацыяцыі мікрапівавараў у 1991 годзе. Півавары пакаштавалі старажытнае піва старажытным жа спосабам, папіваючы яго з вялікіх збаноў праз саломінкамі. Піва мела падобную да сучаснага піва канцэнтрацыю алкаголю 3,5% і быццам бы не такі ўжо благі сухі смак без горычы, падобны да яблычнага сідру. На жаль, для разлівання па бутэлькам дзеля продажы ў розніцу яно аказалася непрыдатным, бо не вельмі добра захоўвалася.

Банкетная сцэна з піццём піва праз саломінкі, Цыліндровая пячатка і сучасны адбітак: банкетная сцэна з сядзячымі фігурамі, якія п'юць вадкасць праз саломінкі, адбітак цыліндравай пячаткі, Шумер
Піццё піва праз саломінкі на банкеце. Фота Rogers Fund

Сапраўды, старажытнае піва было вельмі густым і ўжывалася праз саломінку, каб адфільтраваць вялікія кавалкі. Затое яно было не проста любімым напоем, а часткай культуры. Напрыклад, піва было адным са спосабаў цывілізавання дзікага чалавека Энкіду, які стаў лепшым сябрам урукскага караля Гільгамеша. Піва таксама было напоем багоў, якія ў шумерскіх міфах маглі і напіцца.

Садавіна і гародніна – не адным півам жыве чалавек

Але ж акрамя круп адамашнілі і іншыя расліны. Садавіна на Блізкім Усходзе ўключала аліву, вінаградную лазу, фінікавую пальму, гранат, інжыр. Іх прыручылі нашмат пазней, у 4-м тысячагоддзі да н.э.

Аліўкі вырошчвалі ў Леванце; яны паходзяць з міжземнаморскага клімату. Аліўкавы алей быў аб’ектам гандлю, што можна прасачыць па ёмістасцях (напрыклад, «сірыйскіх бутэльках»), у якіх ён захоўвалася. Вінаградная лаза таксама, верагодна, была акультураная ў Леванце ці на Паўднёвым Каўказе. Самыя раннія пакуль сляды знойдзены ў Грузіі, 6 тыс. да н.э. У 3-м тысячагоддзі віно выраблялася ўжо ў вялікіх колькасцях.

Фінікавая пальма родам з паўднёвай часткі Блізкага Усходу і расце ў гарачых пустынях. Яна найбольш устойлівая да скразнякоў і добра пераносіць засоленыя глебы, таму яна стала вядома як «дрэва жыцця». Святое дрэва жыцця і ўрадлівасці пазнейшых асірыйцаў таксама нагадвала фінікавую пальму; увогуле вобраз фінікавай пальмы стаў натхненнем розных дызайнаў і ўпрыгожанняў.

Святое дрэва асірыйцаў, рэльеф
Святое дрэва асірыйцаў, рэльеф 865-860 гг. Фота Nick Thompson

Кожная частка фінікавай пальмы была прыстасавана для нейкіх функцый: лісце выкарыстоўвалася для дамоў, дываноў; фінікі як пажыўны прадукт, і не абы які, а з 90% цукру. Да таго ж з іх таксама можна рабіць віно. Тронкі лісцікаў ужывалі для рыбацкіх лодак; дрэва як драўніну; насенне фініка ў якасці корму для жывёл і як пацеркі для ўпрыгожвання. А калі гэта насенне здрабніць, то можна змяшаць з мукой і спажываць у цяжкія часы недахопу ежы.

Калі ж задацца пытаннем, як там сады выжывалі ў пустынях, то варта зазначыць, што шумеры распрацавалі тэхніку ценявога садоўніцтва. Сутнасць такая: сады былі акружаны высокімі фінікавымі пальмамі (гэта 1-ы ўзровень); у іх цяні вырошчваліся фруктовыя дрэвы (2-і ярус); і, нарэшце, гародніна ў цяні двух папярэдніх (3-ці ярус).

Напэўна, вы чулі плёткі, што Навухаданосар II пабудаваў вісячыя сады для сваёй жонкі ў Вавілоне (не пацверджана). Яшчэ адна здагадка заключаецца ў тым, што такія сады былі пабудаваны ў Нінэвіі Сэнахерыбам – таму ёсць тэкставыя доказы. Тыя сады называлі вісячымі, таму што яны нібыта былі зроблены на тэрасах над зямлёй; напэўна, для прасоўвання вады ў іх для паліву была патрэбна пульпа.

Сведчанні пра гародніну даволі рэдкія і ўключаюць кавун, дыню, часнык, цыбулю, салату, агурок, цыбулю-парэй.

Жывёлагадоўля і яшчэ адна рэвалюцыя

Сярод першых жывёл, адамашненых каля 9000-8000 да н.э., былі авечка і каза. Яны падыходзіць для сухіх умоў і сезонных падарожжаў, маюць нізкія харчовыя патрабаванні. Асноўным прадуктам ад іх было мяса; малако, воўна (перш за ўсё авечая) – другасны прадукт. Так, акрамя неалітычнай рэвалюцыі, звязанай з прыручэннем раслін і жывёл, апасля была і рэвалюцыя другаснай прадукцыі каля 3500 г. да н. Некаторыя другасныя прадукты былі даволі незвычайныя: напрыклад, надзьмутыя казліныя шкуры выкарыстоўвалі для сплаву па рэках. Месапатамскія лодкі келекі, якія выкарыстоўваліся яшчэ асірыйцамі, быццам хадзілі на надзьмутых казіных скурах. Мяшкі для вады рабілі таксама са скуры жывёл.

Чалавек і тры казлы, фрагмент штандарта Ура
Чалавек і тры казлы, фрагмент штандара Ура, 2500 г. да н.э. Фота: Zunkir

Буйную рагатую жывёлу ўпершыню прыручылі ў Анатоліі, 7000-6000 да н.э. – гэты былі вадзяныя буйвалы і быкі. Яны выкарыстоўваліся ў асноўным для працы і малака.

Свінню прыручылі ў Анатоліі ў 7000 годзе да н.э., але некаторыя сведчанні нават паказваюць на 9-е тысячагоддзе да н.э. Яна дае больш мяса, чым іншыя жывёлы, але ніякіх іншых рэсурсаў. Свінню рэдка прыносілі ў ахвяру багам (толькі багам падземнага свету), паколькі яна лічылася нячыстай жывёлай. У тэкстах яе таксама звычайна не згадваюць, таму большасць сведчанняў заснавана на знаходках костак. Спажыванне свініны было больш распаўсюджаным у Анатоліі (да 50% знойдзеных костак на некаторых помніках).

Асёл, анагр і конь жылі на Блізкім Усходзе (гучыць як пачатак анекдота). З іх анагр быў толькі аб’ектам палявання, яго ніколі не прыручалі – увогуле далёка не ўсе жывёлы могуць быць прыручаныя. Верагодна, конь быў прыручаны ў паўночных стэпах. У месапатамскіх тэкстах ён згадваецца як «асёл у горах». На Блізкім Усходзе ён з’явіўся ў 3000 г. да н.э. і выкарыстоўваўся для транспарціроўкі, але не любой, быў больш каралеўскім сімвалам. Асёл быў прыручаны ў 4000 годзе да нашай эры і выкарыстоўваўся для працы, быў прымушаны цягаючы плугі і калясніцы.

Падыходзім да больш блізкіх усім гадаванцаў. Самае ранняе сведчанне прыручэння сабак паходзіць з пахавання ў Палестыне, дзе чалавек быў пахаваны з сабакам (~12-10 000 г. да н.э.). Гэта сапраўды вельмі даўно. Нашмат пазнейшаму часу належаць іншыя сведчанні, такія як гліняныя фігуркі сабак, што выкарыстоўваліся ў якасці абароны ў новаасірыйскі і новававілонскі час.

Кошкі былі прыручаны ў Егіпце ў 1500 г. да н.э. Яны вельмі рэдка сустракаюцца на Блізкім Усходзе – выразных выяў у мастацтве няма. Тым не менш, блізкаўсходняя дзікая кошка найбольш блізкая да сучаснай хатняй – магчыма, яна ўсё ж была прыручана месапатамскімі фермерамі, каб трымаць далей пацукоў ужо ў 12 000 г. да н.э., як і сабака. Але пэўных доказаў пакуль бракуе, і на гэтае пытанне археолагам яшчэ давядзецца шукаць адказ.

Вярблюды былі аднымі з апошніх, каго прыручылі – у 1000 г. да н.э., пасля чаго яны распаўсюджваюцца ў першых стагоддзях нашай эры. Яны выкарыстоўваліся для перавозкі , а таксама атрымання малака, мяса, воўны.

Дзікія жывёлы

Дзікія жывёлы, канешне, таксама адыгрывалі значную ролю ў жыцці мясцовых людзей. Львы раней жылі ў Месапатаміі і пакінулі след у культурным кантэксце звязаным з сімволікай каралеўскай улады або аховы. Леў таксама быў сімвалам багіні Іштар. Паляванне на львоў было заняткам выключна для каралеўскіх прадстаўнікоў.

Сланы калісьці жылі ў паўночнай Сірыі, але зніклі з-за высечкі лясоў. Засталіся іх выявы, як тыя на чорным абеліску Салманасара III; тэкставыя ўзгадкі: напрыклад, Егіпецкі фараон апісваў паляванне на сланоў у Месапатаміі; слановая косць таксама з’яўляецца сярод знаходак. Малпаў прывезлі з Егіпта ў якасці даніны, а арлы фігуравалі ў паданнях і легендах.

Страусы таксама цяпер вымерлі, але жылі на Блізкім Усходзе і з’яўляліся ў мастацтве ўжо ў неаліце. Да таго ж іх выкарыстоўвалі для ахвярапрынашэнняў. Са шкарлупіны страусавых яек выраблялі раскошныя сасуды. Скарпіён быў, верагодна, сімвал багіні Ішхары; таксама ёсць выявы людзей-скарпіёнаў у кантэксце Самаса, сонечнага бога. Можа, з іх і натхняліся сцэнарысты другой часткі “Муміі”, “Мумія вяртаецца”? Хаця не, яны быццам бы егіпецкай міфалогіяй натхняліся.

Чалавек-птушка з хвастом скарпіёна цэліць у крылатага ільва-грыфона, асірыйская цыліндрычная пячатка
Чалавек-птушка з хвастом скарпіёна цэліць у крылатага ільва-грыфона. Крыніца: Walters Art Museum

У археалагічных парэштках акрамя костак знаходзяць у вялікай колькасці маленькія гліняныя фігуркі жывёл і іх выявы. Прычым выявы даволі разнастайныя: не толькі рэалістычныя, як на штандары Ура, ці фантастычныя, як на пячатцы вышэй, але і цікавыя прыклады, дзе жывёлы паводзяць сябе як людзі: напрыклад, сцэна бяседы (банкета) з ільвом і аслам, якія п’юць піва праз саломінку, ці батальныя сцэны.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *