Археолагі ў раскопе

Размовы з зааархеолагам: шматвідавыя супольнасці на прыкладзе пастухоў-качэўнікаў Манголіі (Частка 2)

Апошнім разам я пачала расказ аб тым, што такое шматвідавыя супольнасці і чым пастаралізм у Манголіі адрозніваюцца ад нашага суіснавання з жывёламі ў рамках індустрыяльнай жывёлагадоўлі. Скончыла абяцаннем патлумачыць, пры чым тут усё ж археалогія, і навошта ды як зааархеолаг Зара вывучае тыя шматвідавыя супольнасці. Ну то пачынаем.

Пры чым тут археалогія да шматвідавых супольнасцей і пастухоў-качэўнікаў у Манголіі?

Зааархеолагі шукаюць першыя доказы з’яўлення шматвідавых супольнасцей у Манголіі, бо гэта асаблівае месца. Як я распавядала раней, козы, авечкі і іншыя жывёлы былі прыручаныя на Блізкім Усходзе. Потым гэтыя прыручаныя жывёлы трапілі ў цэнтральную Еўразію, а далей праз заходнія стэпы яны апынуліся і ў Еўропе. Людзі там рабіліся ўсё больш і больш аселымі, потым нават гарадскімі, а потым (ці ўжо ў працэсе) сталі эксплуатаваць жывёл і ставіцца да іх як да аб’ектаў.

Іншы шлях гэтых жывёл пралягаў ва Усходнюю Манголію. Там клімат рабіўся ўсё больш засушлівым, і ўсё меней людзей займалася паляваннем і збіральніцтвам. Яны вырашылі апрабаваць навамодны занятак жывёлагадоўлі і пачалі выпас прыручанай жывёлы, такім чынам адкрыўшы новую нішу.

Пры гэтым стварыліся шматвідавыя супольнасці. Мы сапраўды не ведаем, калі менавіта гэта адбылося, прынамсі, у Манголіі. І, як гэта звычайна бывае ў археалогіі, мы не ведаем, што людзі пры гэтым думалі і адчувалі ў адносінах да жывёл (па матэрыяльных рэштках думкі відавочныя прыкладна гэтак жа, як па кававай гушчы; хаця некаторыя людзі знаходзяць таемныя пасланні гушчы больш відавочнымі). На думку Зары, такія ўзаемавыгадныя адносіны паміж рознымі відамі, у тым ліку людзьмі і іншымі жывёламі, проста лепш працуюць, прынамсі, у мангольскім тыпе ландшафту. І пад гэтым ландшафтам мы маем на ўвазе нешта накшталт пустэльні, дзе плюс 45 градусаў летам і мінус 40 зімой.

Пустэльня Гобі ў Манголіі
Пустэльня Гобі. Аўтар фота Martin Vorel.

Вядома, у сітаўцыі скарачэння дзікіх рэсурсаў і існавання ў такім неспрыяльным клімаце супрацоўніцтва з іншымі відамі мае сэнс. Па-першае, эканамічны: усім патрэбны есці, і вось вы спрабуеце трымацца разам з авечкамі, вы добрыя з імі, а потым у нейкі момант вы атрымліваеце мяса і малако. З аднаго боку, вы падтрымліваеце здароўе статка для ўласнай карысці. Але па меркаванню Зары, для рэальнага падтрымання сябе ў такіх умовах, як пустэльня Гобі, мае сэнс стварэнне сімбіятычных (то бок, узаемавыгадных) адносін, бо тады вам нашмат прасцей ладзіць з тымі ж авечкамі і дасягаць з імі агульнай мэты выжывання.

Гэта ўсяго толькі тэорыя, якую цяжка даказаць археалагічна. Але ж нягледзячы на перавагу аб’ектывізацыі жывёл у шматлікіх частках сучаснага свету, Зара не лічыць яе чымсьці неверагодным. Наадварот, знаходзіць перавагі ў больш сацыяльных спосабах зносін аднаго з адным – гэта насамрэч натуральна.

Пра што кажуць сем мёртвых авечак

І вось таму Зара ў сваёй працы глядзіць на тое, як людзі інтэгруюць жывёл у сваё грамадскае жыццё. Напрыклад (здагадайцеся, які будзе прыклад у археолага), кладуць іх у пахаванні (як і з кім каго паклалі ў пахаванне – асноўны тып адносін, які археолагі назіраюць). І як жа выглядае інтэграцыя жывёл у грамадства праз пахаванні? Вельмі проста кажучы, вы можаце пакласці ў пахаванне косткі са шматлікімі слядамі парэзаў, якія як бы сведчаць аб тым, што ў вас было вялікае застолле і вы з’елі шмат мяса. Або вы можаце раскласці ўпрыгожаныя чарапы авечак па ўзросту.

Побач з чалавечым пахаваннем гэтыя рэчы маюць вельмі розныя значэнні. І справа не заўсёды ў статусе пахаванага чалавека; гэта таксама можа адлюстроўваць статус жывёлагадоўлі і статкаў жывёл у грамадстве.

Адзін з мангольскіх калег Зары, які вырас у сельскай мясцовасці, сказаў пра згаданыя вышэй сем чарапоў авечак, што яны выглядаюць проста як выява ідэальнага статка. У дадзеным выпадку маецца на ўвазе статак, у якім прадстаўленыя жывёлы ўсіх узростаў. І гэта становіцца нататкай магчымай інтэрпрэтацыі знаходкі. Бо з пункту гледжання не занятага ў жывёлагадоўлі аўтсайдара, яны маглі проста выглядаць як сем смачных авечак, і не болей.

Але мангольскі калега глядзіць на гэту знаходку праз прызму іншага вопыту. І, паглядзеўшы на ўзроставае размеркаванне гэтых чарапоў авечак, вы таксама ўбачыце, што адна з іх была далікатнага мяснога ўзросту, а дзве іншыя ўжо зусім не такога далікатнага. Ёсць і двое ягнят. Ці іх спецыяльна забілі дзеля таго, каб уключыць у пахаванне? У мангольскім кантэксце гэта не вельмі верагодна, таму што сотні ці тысячы гадоў забіваць дзіцянят жывёл тут было табу. Такім чынам, магчыма, яны памерлі ад іншых прычын, а іх чарапы проста сабралі, каб потым далучыць да пахавання.

Такім чынам, этнаграфічныя нататкі карысныя для разумення знаходак, хаця традыцыі і мяняліся за тысячы гадоў. У Манголіі па ўсёй краіне ўсё яшчэ ёсць культавыя збудаванні “або” ці “аво” – нагрувашчванні камянёў на пэўных арыенцірах у ландшафце. Звычайна там таксама робяць ахвяраванні, звязаныя з жывёламі. Напрыклад, калі ваш любімы конь толькі што памёр, вы можаце захаваць чэрап і пакласці яго туды на шчасце. Часам гэта спецыяльна вызначаныя жывёлы, якіх трымалі на шчасце. А часам вы проста выліваеце на тыя камяні літр малака.

Аво ў Манголіі
Аво ў Манголіі. Аўтар фота Rita Willaert.

Зара ўключае ў сваю працу вераванні карэннага насельніцтва, як людзей, якія лепей разумеюць сэнс практык, што існавалі ў іх культуры – хаця ў іх і няма публікацый у часопісе Nature або навуковых артыкулаў. Апроч традыцыйнага для навуковых публікацый цытавання «усіх белых мужчын сярэдняга ўзросту, якія маюць меркаванне наконт гэтых сямі чарапоў авечак», яна лічыць важным далучыць меркаванне і якой-небудзь качэўніцы, якая насамрэч мае справу з авечкамі.

Такім чынам, зааархеолагі збіраюць шмат дадзеных з пахаванняў, іншых рытуальных месцаў, а таксама з паселішчаў. Праз гэтыя дадзеныя яны спрабуюць убачыць, чым (з пункту гледжання абыходжання з жывёламі і іх інтэграцыі ў сацыяльныя колы) усходняе распаўсюджванне прыручэння жывёл адрозніваецца ад заходняга, дзе мы як бы ўжо ведаем, што адбылося.

Навошта займацца вывучэннем гэтых шматвідавых супольнасцей? Заўвагі пра матывацыю

Зара ўпершыню паехала ў Манголію ў якасці студэнта бакалаўрыята ўжо колькі гадоў таму, і там закахалася ў прынцып простага сумеснага жыцця ў супольнасцях, якія сканцэнтраваныя не толькі на эксплуатацыі, злоўжываннях і максімізацыі рэчаў.

Мяркую, гэта звычайна і кіруе чыімі-небудзь даследаваннямі. У многіх выпадках, якія я мела магчымасць назіраць, даследчыкаў рухае штосьці асабіста ім блізкае. Таму, каб рэабілітавацца за змрочныя высновы ў іншых тэкстах, дазвольце мне скончыць гэты заўвагамі пра матывацыю. Калі людзі вывучаюць што-небудзь (прынамсі, на ўзроўні аспірантуры), яны часта робяць гэта па нейкая прычыне, апроч атрымання сертыфіката аб заканчэнні. І мне звычайна цікава даведвацца пра гэтую прычыну.

Не спрабую абагульняць, бо ўсім нам уласціва пераважна мець зносіны з нейкай меншасцю людзей, блізкімі нам па духу. Але ў адказах пра матывацыю я часта сутыкаюся з людзьмі, у якіх вочы расплюшчаныя. Як і Кларк Ларсен, яны бачаць, што нешта ідзе не так – у глабальным маштабе або ў вельмі малым маштабе. Але я, магчыма, не тлумачыла раней, што яны гэта не толькі бачаць, а маюць намеры нешта з гэтым рабіць. Як археолагі, яны не толькі выкопваюць прадметы і косці, каб сабраць кучу прыгожага смецця – як людзі, яны клапоцяцца пра нешта і выкарыстоўваюць археалогію, каб вырашыць нейкую праблему.

Адна з нашых магістрантак была вельмі ўсхваляваная і запытала эндаскоп, калі заўважыла некаторыя змены ў касцях чэрапа, дзе знаходзілася вуха чалавека, пакуль той быў жывы. Яна сказала мне, што ў яе сям’і распаўсюджаныя праблемы са слыхам, яе брат глухі, і ёй цікава даследаваць глухату ў шкілетных індывідах. Яна сказала нешта накшталт “магчыма, яны былі глухія, але ім не абавязкова заставацца немымі”. У той час я не знайшла эндаскопа, але праз некалькі тыдняў яна сустрэла мяне і сказала, што працягнула працу над тым выпадкам і пацвердзіла, што жанчына з той скрыні была глухая. Віншую, дэтэктыў, ваша справа раскрыта. Або толькі адкрыта.

Як бы дзіўна гэта не гучала, але людзі могуць вывучаць мёртвых дзяцей, таму што яны любяць дзяцей. Людзі займаюцца ЛГБТ-тэмамі ў археалогіі, таму што гэта важна для іх у жыцці. Пішуць цэлыя гісторыі пра нейкае верацяно, бо ім баліць, што невялікія і незалатыя простыя штодзённыя рэчы неяк занядбаныя ў археалогіі. Або тое, што жыццё і праца жанчын, выражаныя праз тое верацяно, ігнаруюцца на фоне модных доўгіх мячоў і вайсковых бітваў. Людзі бяруцца за вывучэнне рабства, бо адчуваюць, што яны як супольнасць вінныя пэўную павагу да тых, хто калісьці быў у рабстве. Або адпраўляць выкапаныя знаходкі ў мясцовы музей, а не ў сталіцу, бо хочуць, каб мясцовы музей развіваўся і мясцовай супольнасці было што шанаваць.

І разгорнутая прычына, чаму Зара займаецца вывучэннем шматвідавых супольнасцеў у далёкіх ад зручных умовах мангольскай пустыні Гобі, гучала неяк так. На яе асабістую думку, шлях, якім мы ідзём з многімі вялікімі і квітнеючымі грамадствамі ў свеце, засяроджаны на росце, часцей за ўсё капіталістычным ці індустрыяльным. І гэта не тая сістэма, якая даказала, што яна вельмі карысная для сусветнай супольнасці, таму што праз яе мы знішчаем нашы рэсурсы. Маральна мы не зусім на правільным баку з пункту гледжання таго, як мы ставімся да іншых відаў. Мы таксама проста разводзім уласныя заанозы (хваробы жывёл, якія пачынаюць распаўсюджвацца на чалавека): вазьміце COVID як апошні прыклад.

Зара лічыць, што важна прызнаць іншыя спосабы жыцця, якія не арыентаваны на максімізацыю вытворчасці, але застаюцца ўстойлівымі ў пэўных рамках. Археалогія можа быць не самай важнай сферай, каб гэта прадэманстраваць, бо гэта не сацыяльная навука, не медыцына, экалогія або эканоміка. Але ў такой галіне, як археалогія, мы часта вывучаем рэчы, проста таму што мы можам: напрыклад, у нас ёсць грошы і рэсурсы, каб паглядзець на ўсе залатыя рэчы, якія мы здабываем з чагосьці накшталт рымскага горада ці егіпецкага пахавання.

А зааархеалогія, напрыклад, на працягу дзесяцігоддзяў займалася пытаннямі накшталт “якіх жывёл мы ямо”? Як мы іх забіваем? Якія сродкі вытворчасці выкарыстоўваем? То бок заўсёды глядзела з пункту гледжання эканомікі. Зары гэта не вельмі цікава, яна хацела глядзець на адносіны паміж жывёламі і чалавекам, якія крыху выходзяць за рамкі эканамічных, і больш датычацца суперажывання і сацыяльных рэчаў. А не проста выяўлення таго, што людзі елі 60% авечак і 40% буйной рагатай жывёлы, ці нечага падобнага.

Дык вось чаму б не выкарыстаць тыя рэсурсы, што мы выдаткуем на разгляданне залатых вырабаў, каб даследаваць рэчы, што могуць хаця б дадаць трохі ведаў аб глабальных праблемах? Праблемах, лепшае разуменне якіх дазволіць знайсці хоць частковае іх рашэнне ці прынесці палёгку для сусветнай супольнасці. На думку Зары, калі ў вас ёсць такая магчымасць, вы павінны ёй скарыстацца.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *