Археолагі ў раскопе

Егіпецкія піраміды, іншапланетнікі і ворагі археолагаў

Які ж археалагічны блог можа абысці егіпецкія піраміды? Вядома, тэма даволі збітая, але мне заўсёды падабалася археалогія Егіпта. Каб хоць на кароткі час вярнуцца думкамі да яе, але і даць вам нагоду падумаць над нечым новым, я спалучу расповед пра пірамідабудоўлю з хвалюючай тэмай іншапланетнікаў. То бок патлумачу, чаму археолагі думаюць, што піраміды ўсё ж будавалі зямляне; хто лічыцца ворагамі археолага; і як выглядаў стандартны пірамідны комплекс.

Ворагі археолага

Для людзей, якія не вельмі вераць у існаванне аб’ектыўнасці ў навуцы, звяртанне да тэорыі ў сваёй працы дае неблагі спосаб наблізіцца да гэтага неіснуючага ідэала. То бок, абраўшы адкрытае тлумачэнне таго, праз які светапогляд ты прадстаўляеш нейкія факты і сваё тлумачэнне тых фактаў, ты даеш чытачам лепшы шанец зразумець твае ўласныя ўхілы. Такім вось чынам я зараз задам кантэкст, праз які збіраюся пісаць пра пірамідабудоўлю. Не будзем болей грузіцца, гайда знаёміцца з ворагамі.

На маім увядзенні ў археалогіі студэнтаў адразу знаёмілі з тым, хто з’яўляецца іх галоўнымі ворагамі, архізлыднямі, з якімі прыйдзецца змагацца пугай і пісталетам! Толькі не ўспрымайце занадта сур’ёзна: у той жа час студэнтаў знаёмілі з поглядам, што алкаголь – лепшы дапаможнік у напісанні археалагічных прац, але ж гэта не мае нічога агульнага з рэальнасцю (нервовы смех).

Відавочна, да ворагаў археолага ў першую чаргу можна аднесці марадзёраў, якія блукаюць па зямлі ў пошуках скарбаў. Канешне, шмат археалагічных помнікаў знішчаецца ненаўмысна, але археолагам асабліва сумна ад наўмыснага знішчэння, праз якое губляюцца не толькі аб’екты, але ў першую чаргу каштоўная і непаўторная інфармацыя. Бо, як я распавядала, археалогія – навука аб фактах. Паколькі існуе нелегальны рынак прадметаў даўніны, існуюць і рабаўнікі, які задавальняюць попыт на іх. Чалавечыя пахаванні – галоўная мэта для марадзёраў, паколькі яны часта ўтрымліваюць аб’екты, прывабныя для калекцыянераў. Археолагаў таксама прывабліваюць пахаванні, бо яны даюць неацэнную інфармацыю аб мінулым: людзі ва ўсім свеце хавалі сваіх памерлых з прадметамі, якія адлюстроўваюць іх ролю ў жыцці. Карацей, тут відавочна сутыкненне інтарэсаў.

Прыклад шматлікіх рабаўнічых ям на археалагічным помніку
Прыклад шматлікіх рабаўнічых ям на археалагічным помніку. Фота APAAME_20160927_REB-0047.jpg, аўтар Rebecca Elizabeth Banks, Aerial Photographic Archive for Archaeology in the Middle East.

Мабыць, трохі менш відавочная, але па-ранейшаму значная шкода ідзе ад псеўдаархеалогіі. Пад гэтым тэрмінам маецца на ўвазе апісанне мінулага, заснаванае не на доказах, а на тым, што будзе лепей прадавацца ў часопісах, кнігах, тэлеперадачах і фільмах. Напэўна, усе мы бачылі такія перадачы і чыталі артыкулы з яскравымі загалоўкамі пра знойдзеную Атлантыду, магілу Ромула, ці што яшчэ; ці кнігу Эрыха фон Дэнікена з яго інтэрпрэтацыяй арнаменту на вечку саркафага майя як выявы касманаўта.

Тут ужо губляюцца не толькі прадметы і інфармацыя, але і розумы. Шчыра, я і сама люблю часам паглядзець і пачытаць творы на тэму тэорыі змовы, але не буду хлусіць, што гэта ўсё бяскрыўдна. Калі паглядзець хоць на пару прыкладаў таго, як людзі выкарыстоўваюць спрэчныя інтэрпрэтацыі мінулага (узяць хоць гісторыю пра Чэдарскага чалавека ці пахаванні вікінгаў), выглядае, што мы паказваем сябе ў такіх выпадках зусім не з лепшага боку.

Псеўдаархеолагі распаўсюджваюць дэзынфармацыю з той жа матывацыяй, з якой марадзёры знішчаюць археалагічныя помнікі: грошы. Часта яна таксама выкарыстоўваецца па палітычных прычынах, каб падтрымаць нацыяналістычную або расісцкую дактрыну: напрыклад, нямецкі археолаг Густаў Касіна прапанаваў дактрыну перавагі немцаў над іншымі народамі, што пазней была выкарыстана Гітлерам у «Майн Кампф».

Калі пачынаеш згадваць Гітлера, разумееш, што час вяртацца да асноўнай тэмы: егіпецкіх пірамід. Дагэтуль існуюць ідэі, што іх пабудавалі ці скінулі з караблёў пасярод пустэчы іншапланетнікі, пакуль людзі насілі насцегнавыя павязкі і не ведалі, як паставіць камень на камень. Ці нейкія іншыя, больш прыземленыя ідэі, што падаюцца не надта пабудаванымі на фактах тым навукоўцам, якія вывучаюць піраміды. Праз усялякія не вельмі пабудаваныя на фактах ідэі тыя навукоўцы і далі спецыфічнай катэгорыі псеўдаархеолагаў, якія займаюцца пірамідамі, назву “пірамідыётаў”.

Спадзяюся, мой ухіл ужо відавочны: я буду выкладаць гісторыю пірамідабудоўлі больш-менш з пункту гледжання археолагаў (хаця б тых, якія калісьці выкладалі яе мне, і якія пазнаёмілі мяне з тэрмінам “пірамідыёты”). То пачынаем.

Эвалюцыя пірамідабудоўлі

Канчатковае паходжанне нават самых грандыёзных пірамід прасочваецца да сціплых пахаванняў у ямах дадынастычнага перыяду (гэта прыкладна 5-3 тысячагоддзі да н.э.). У паўднёвай суседцы Егіпта таго часу, Ніжняй Нубіі (зараз Судан), пахаванні складаліся з ям, паглыбленых у зямлю і пакрытых столлю з пліт пясчаніку, на якіх быў пабудаваны курган. Гаршкі пакідалі ля падножжа курганоў ці ў спецыяльна пабудаваных месцах для ахвяраванняў на заходнім і паўднёвым баках. Знакамітыя піраміды ў Гізе – гэта больш складаныя версіі той жа асноўнай схемы і мэты – але ў гіганцкім маштабе.

Крыху пазней за дадынастычны перыяд, на парозе 1-й дынастыі (каля 2900 г. да н. э.), магілы кіраўнікоў і эліты ў пустэльні сталі больш складанымі і мелі падзел на некалькі камер. Напрыклад, магіла U-j у Абідосе, што, як мяркуецца, належыць каралю Скарпіёну. Напэўна, тады з’явіліся і надбудовы ў выглядзе акуратных скрыняў з сырцовай цэглы, што называюць мастабамі. Хаця даведацца, ці былі над магіламі надбудовы, даволі цяжка, бо часцей яма захоўваецца, а ўсё над ёю – не.

Прыклад мастабы з Гізы
Прыклад мастабы з Гізы. Аўтар фота kairoinfo4u

Грабніцы фараонаў першых дзвюх дынастый адпавядалі той жа схеме, але былі больш складанымі і манументальнымі – хаця пакуль яны яшчэ не наблізіліся да таго маштабу, які пазней задаў Джосер. Апошні фараон першай дынастыі, Каа, магчыма, меў пахавальную надбудову накшталт дзвюх мастаб, пастаўленых адна на адну. Калі так, то гэта камбінацыя, магчыма, была першым крокам да піраміды.

І вось у час 3-й дынастыі з’яўляецца вялікае новаўвядзенне: першая піраміда, узору якой будуць прытрымлівацца падчас наступных праўленняў. З тым выключэннем, што першая піраміда Джосера (2630-2611 гг. да н.э.) у Сакары была ступенькавай. Як некалькі мастаб, пастаўленых адна на адну.

Егіпецкія піраміды: ступенькавая піраміда Джосера ў Саккары
Ступенькавая піраміда Джосера ў Сакары. Аўтар фота Dennis Jarvis.

У пачатку 4-й дынастыі фараон Снеферу (ці Снофру) прасунуў дызайн наперад праз некалькі няўдалых спроб. Самая ранняя са шматлікіх пірамід Снеферу была распачата як сяміступеньчатая структура ў Мейдуме. Але ў канцы яго праўлення яна было ператворана ў “сапраўдную” піраміду з прамымі бакамі. Магчыма, гэтая змена была вынікам змены ў рэлігійных вераваннях, у выніку чаго кароль перастаў падымацца на неба па лесвіцы, а стаў узбірацца па пандусе, закладзеным сонечнымі праменямі і ўвасоблены нахіленымі бакамі піраміды.

Так ці інакш, Снеферу адыходзіць яшчэ далей ад старых дызайнаў вялікіх прамавугольных пахавальных комплексаў: у Мейдуме агароджаная тэрыторыя пахавальнага комплексу прыблізна квадратнай формы прасціраецца толькі на сціплай адлегласці за перыметрам самой піраміды. Дарога ад яго вяла да краю пустэльні, дзе ляжаў храм у даліне, які ўтвараў цырыманіяльны ўваход ва ўвесь пахавальны комплекс піраміды. Звяртаю ўвагу на гэтыя элементы пахавальнага комплексу Снеферу ў Мейдуме, бо яны стануць стандартнымі ў наступных пірамідах, як і размяшчэнне мініяцюрнай дапаможнай піраміды на поўдзень ад галоўнага помніка.

Але ж пладавіты Снеферу паралельна са сваімі будаўнічымі работамі ў Мейдуме пачаў будаўніцтва ў Дахшуры і першай піраміды, якая ад пачатка праекту была “сапраўднай” па форме. І тут не абышлося без зменаў: магчыма, падвяла парода, на якой ішла будоўля. Так ці інакш, у першапачатковы план прыўнеслі некаторыя змены, найважнейшыя з якіх — пабудова цэлага шэрагу пахавальных хадоў і памяншэнне вышыні ўсяго збудавання. Змяненне вугла піраміды на паўдарогі да вяршыні і дало ёй сучасную назву: Гнутая піраміда.

Далейшыя меркаванні відавочна прывялі да высновы, што піраміда па-ранейшаму небяспечная, паколькі – здагадайцеся, што? Яшчэ адна піраміда была пачата ў Дахшуры! “Чырвоная піраміда” была завершана з такім жа ніжэйшым вуглом нахілу, што і верхняя частка Гнутай піраміды. Карацей, Снеферу быў упартым эксперыментатарам.

А далей пайшлі шматлікія добра вядомыя піраміды накшталт тых кананічных у Гізе. Такім чынам, піраміды ні ў якім разе не ізаляваныя ў часе і не з’явіліся з нічога: гісторыя іх развіцця прасочваецца па ступенях. Дыяграмы са ступенямі эвалюцыі егіпецкіх пірамід, што дэманструюць наяўнасць ясных пераходных формаў (як, напрыклад, тут) – гэта адзін з улюбёных аргументаў прыхільнікаў навуковага падыходу ў змаганні за аўтарства старажытных егіпцян над іх пірамідамі.

Так, у нейкі момант, калі яны сталі папулярнымі, гіганцкія піраміды прадэманстравалі паскоранае культурнае развіццё, накшталт нашай сучаснай кампутарнай рэвалюцыі. Паводле адной з храналогій (у археалогіі Егіпта іх шмат: усё ж гаворка пра вельмі старажытныя падзеі і вакол іх дакладнага часу ёсць складанасці і спрэчкі), паміж завяршэннем ступенькавай піраміды Джосера і пачаткам Вялікай піраміды Хуфу прайшло ўсяго 60 гадоў. З часам, відавочна, і піраміды выйшлі з моды, і пазнейшыя грабніцы выглядалі зусім інакш; хаця, канешне, захавалі некаторыя элементы. Час ужо разабрацца, якімі ж былі асноўныя элементы піраміднага комплексу.

Стандартны пірамідны комплекс

Асноўны прынцып піраміды ўключаў наяўнасць, уласна, магілы (субструктуры) і надбудовы, якая пазначала месца магілы і забяспечвала прастору для прынясення ахвяр памерлым. Гэта была даволі дзейсная пабудова, якая выкарыстоўвалася і памерлымі, і жывымі. Я ўжо трохі закранула асноўныя элементы стандартнага піраміднага комплексу, якія мы сустракаем першым узорным прыкладам у Снеферу ў Мейдуме: піраміда з дапаможнай пірамідай-спадарожнікам, агароджа вакол, дарога ад месца іх размяшчэння ў пустэльні да даліны Ніла, што завяршаецца далінным храмам – уваходам у комплекс. Зараз разгледзім падрабязней гэты стандартны комплекс.

Яшчэ раз нагадаю, асноўныя элементы гэтага комплексу прысутнічалі ў пахаваннях яшчэ задоўга да пірамід. Напрыклад, вышэйзгаданыя грабніцы групы А ў Ніжняй Нубіі, сучасныя позняй дадынастычнай эпосе ў Верхнім Егіпце, уключалі тыя ж ямы-магілы, на якіх была надбудова ў выглядзе насыпу. Былі і месцы для ахвяраванняў на заходнім і паўднёвым баках, ці ахвяры пакідалі ля падножжа курганоў.

Калі мы звернемся да знакамітых пірамід у Гізе, мы ўбачым больш складаныя версіі той жа асноўнай схемы, але ў гіганцкім маштабе (што заўсёды прыцягвае наша вока). Тут ужо не проста яма, а пахавальная камера, высечаная ў скале ў канцы доўгага калідора, які накіроўвае душу караля да паўночных прыпалярных зорак (у выпадку Хуфу-Хеопса яна перанесена ў самую кладку, замест таго, каб знаходзіцца пад зямлёй – але гэта выключэнне).

Стандартны пірамідны комплекс
Стандартны пірамідны комплекс. Апісанне адзначаных частак: A – храм у даліне, B – дарога, C – пахавальны храм, D – піраміда, E – дапаможная піраміда, F – сцяна агароджы. Аўтар 14nu5

Замест насыпу мы маем піраміду – як кажуць, той жа курган, але пераўтвораны ў высакародную геаметрыю і пашыраны ў рукатворную гару. З’яўляючыся надбудовай магілы, піраміда была цэнтральным элементам ансамблю. Што датычыцца ахвяраванняў, то замест пакідання гаршкоў ля кургана зараз для прынашэнняў ёсць цэлы пахавальны (або пірамідны) храм з усходняга боку, а з ім двор з чорным базальтавым брукам, гранітнымі калонамі і сценамі з размаляванай рэльефнай разьбой. Да часоў 5-й дынастыі пярэдняя або вонкавая частка пахавальнага храма была аддзеленая ад унутранага храма папярочнай залай. За ёй былі склады і, нарэшце, унутранае свяцілішча – увесь маршрут заканчваўся фальшывымі дзвярыма, сімвалічным парталам комплексу пірамід.

Доўгі час лічылася, што пахаванне фараона адбывалася менавіта ў пахавальным храме. У гэтым ёсць сумневы, але, па меншай меры, ён сімвалічна функцыянаваў як вечны палац для памерлага караля. Для бога-караля праводзіліся штодзённыя рытуалы, накшталт працэсій вакол піраміды.

Рэканструкцыя піраміднага комплекса фараона Сахурэ
Рэканструкцыя піраміднага комплексу фараона Сахурэ ў Новым музеі Берліна. Аўтар фота Daniel Mennerich

Аснова піраміды была агароджана адным або двума дварамі, акрэсленымі сценамі з каменю або сырцовай цэглы. Ва ўнутраным або вонкавым двары знаходзілася невялікая піраміда-спадарожнік, мініяцюрны двайнік асноўнай піраміды, які, магчыма, быў звязаны з ка або «духам» караля. Многія комплексы ўключаюць таксама меншыя піраміды для пахавання каралеў, а некаторыя з іх акружаны ямамі для пахавання лодак, сапраўдных або імітаваных.

Ад пахавальнага храма дарога спускалася да храма ў даліне, які служыў уваходам ва ўвесь комплекс. Дарога гэта была не проста пратаптанай сцежкай, а таксама пабудовай, да таго ж са сценамі і звычайна дахам. Далінны храм завецца так, бо для класічнага піраміднага комплексу неабходна было знаходжанне даволі блізка каля даліны Ніла, адкуль да яго можна было дабрацца па канале. Пладародная даліна Ніла была засяроджаннем жыцця Егіпта. А вось могілкі звычайна знаходзіліся наводдаль ад даліны, у пустэльні. Паколькі перамяшчэнне на лодках было тыповым спосабам транспарту, піраміднаму комплексу быў патрэбны доступ праз гавань або канал. Храм у даліне, па сутнасці, не больш чым складаны ўваход, ад якога дарога падымалася да пахавальнага храма і піраміды.

Элементы стандартнага піраміднага комплекса ў Гізе.
Элементы стандартнага піраміднага комплексу ў Гізе. Аўтар арыгінала Simeon Netchev

Гэтыя стандартныя элементы – піраміды, піраміды-спадарожнікі, піраміды царыц, пахавальны храм, дарога і храм у даліне – сустракаюцца ў рэштках пахавальных комплексаў на ўчастку даліны Ніла ад Абу-Роаша да Мейдума. Тыя іх элементы, што знаходзіліся ў пустэльні, захаваліся даволі добра. Але для тых егіпцян, якія жылі ў эпоху пірамід, магчыма, аднолькава стандартнымі былі і іншыя элементы на дне даліны. Структуры, звязаныя з грамадскім і эканамічным функцыянаваннем жывой піраміды, былі ў асноўным пабудаваны з сырцовай цэглы і таму страчаны з-за больш вільготных умоў поймы і з-за сучаснага пашырэння гарадоў. Але ўзгадкі пра іх захаваліся ў старажытных папірусах і тэкстах з грабніц, і некаторыя са зніклых элементаў могуць быць знойдзены і пад сучаснымі гарадамі.

Так ці інакш, піраміды не былі ізаляванымі не толькі ў часе, але і ў прасторы. Вакол іх існаваў цэлы комплекс – а мы нават не закранулі тут такія археалагічныя помнікі, як гарадкі працаўнікоў, якія будавалі піраміду! Піраміды былі інтэграваныя ў інфраструктуру, грамадскае і эканамічнае жыццё. Таксама яны лагічна ўпісваліся ў рэлігійныя погляды старажытных егіпцян (пра гэта, мабыць, пагаворым асобна).

Сляды жыцця старажытных

Агулам, для археолагаў у пірамідах няма нічога звышнатуральнага, як у любых іншых чалавечых пабудовах. Пры ўсёй любові да звышнатуральнага, мне асабіста крыўдна за асноватворную ідэю, якая стаіць за адмовай старажытным людзям у іх дасягненнях: ідэю, што старажытныя людзі не валодалі дастатковым майстэрствам, каб самім ствараць выдатныя помнікі.

Калісьці ідэя лінейнай эвалюцыі была папулярна і ў навуцы: меркаванне, што прагрэс заўсёды лінейна рухаецца наперад. Але людзі не становяцца пастаянна разумнейшымі з цягам часу, і іх гісторыя мае ўзлёты і падзенні, дзе часы росквіту мастацтва і навукі змяняюцца спусташэннем праз войны і іншыя катастрофы, і стратай папярэдніх ведаў. Таму, калі вы не ведаеце, як пабудаваць піраміду, гэта не значыць, што нехта іншы гэтага не ведаў. Упэўнена, большасць з нас не ведаюць, і як працуюць нашы смартфоны ці ноўтбукі. Я асабіста не змагла б і роўную цагляную сцяну скласці.

Але людзі, якія прысвяцілі гэтаму шмат намаганняў, безумоўна, ведалі як стварыць выдатныя помнікі. Гэтыя людзі жылі – хто ў бараках, хто ў вілах – і археолагі знаходзяць рэшткі іх жыцця ў выглядзе рабочых пасёлкаў; пякарняў і піваварняў, дзе гатавалі ежу для будаўнікоў; графіці рабочых на будынках, створаных імі. Будаўнікі піраміды Менкаўры ў Гізе падпісалі блокі храма назвамі сваіх брыгад: з аднаго боку мы маем «сяброў Менкаўры», а з другога «п’яніц Менкаўры». Не ведаю, як у вас, а ў мяне літаральна складаецца адчуванне, што я ведаю гэтых хлопцаў. І яны не прыляцелі з далёкіх зорак.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *