Гэта не першы пост так ці інакш звязаны з пачаткам сельскай гаспадаркі, і нарэшце я вырашыла патлумачыць, чаму гэта тэма такая папулярная ў археалогіі. Раней я ўжо разглядала варыянты, чаму і як адбыўся пераход да сельскай гаспадаркі – гэтым разам паглядзім, да чаго гэта прывяло. Прафесар Кларк Ларсэн з калегамі як раз займаецца вывучэннем наступстваў неалітычнай рэвалюцыі для здароўя і ладу жыцця людзей, а мне як раз нядаўна давялося паслухаць яго лекцыю.

Змест:
Дзве хвіліны да поўначы
Ці ведаеце вы гэтыя знакамітыя аналогіі: калі ўявіць гісторыю Зямлі як адзін дзень, то продкі чалавека аддзяліліся ад астатніх гамінідаў усяго за дзве хвіліны да поўначы, а чалавек сучасны зайшоў, калі гадзіннік ужо біў? Вось вам яшчэ адзін факт пра прамежкі часу. Продкі чалавека аддзяліліся каля 6 мільёнаў гадоў таму, і ўвесь гэты час яны карысталіся рэсурсамі дзікай прыроды – увесь час да прыкладна 11-12 тысяч гадоў таму. Нашы сучасныя мадэлі здароўя і дабрабыту ўзніклі ў гэты апошні тузін тысячагоддзяў. Практычна ўсе прадукты, якія мы ямо сёння, атрыманыя з хатніх раслін і жывёл – і яны ўплываюць на ўсе аспекты нашага жыцця, у тым ліку тыя, якія наўрад ці прыходзяць вам да галавы, пакуль вы ясце булачку.
Змена клімату ў галацэне – сучаснай геалагічнай эпосе, што пачалася прыкладна 12 тысяч гадоў таму – стала адной з перадумоў прыручэння раслін. І навакольнае асяроддзе, у якім мы жывем цяпер, таксама падобнае на асяроддзе за 10 000 гадоў да нашай эры; з часоў адступлення апошняга ледавіка сур’ёзных кліматычных змен яшчэ не было.
Збожжавыя і бабовыя былі першымі раслінамі, якія людзі пачалі не толькі збіраць, але самастойна вырошчваць, пачаўшы такім чынам неалітычную рэвалюцыю. Прыкладна 9000 гадоў таму ўжо разгортвалася шырокамаштабнае земляробства і сістэматычнае вырошчванне. Нарэшце каля 6000 гадоў таму яно перарасло ў поўнамаштабную сельскую гаспадарку, заснаваную выключна на хатніх раслінах. У параўнанні з папярэднімі шасцю мільёнамі гадоў існавання людзей, гэта даволі невялікі перыяд часу – але вельмі істотная змена ў харчаванні.
Таму цікавасць да пераходу ад здабычы ежы з дзікай прыроды да земляробства працягваецца і нават расце, бо далей болей прымушае задумвацца над яго прычынамі і глабальнымі наступствамі. Калі, дзе і як наступіў гэты пераход? Гэта зусім не такія простыя пытанні, як можа падацца. У дадзеным выпадку прымем адказам на пытанне “чаму” тое, што сельская гаспадарка была для паляўнічых-збіральнікаў спосабам зніжэння рызыкі не знайсці ежы. Бо, калі сам маніпулюеш месцам пражывання дзікіх раслін і жывёл і ўмешваешся ў іх жыццёвы цыкл, то заўсёды больш-менш ведаеш, дзе і як іх знайсці. Але ад гэтага ўмяшання памянялася не толькі жыццё жывёл і раслін. Вынікам пераходу на сельскую гаспадарку былі і фундаментальныя змены ў эвалюцыі чалавека.
Мадэль харчавання паляўнічых-збіральнікаў і сучасных амерыканцаў
Пачнем з самай простай змены: непасрэдна змены рацыёну. Лад жыцця паляўнічых-збіральнікаў, што падтрымліваў чалавецтва на працягу болей чым 99% часу яго існавання, зараз у чыстым выглядзе, верагодна, не існуе. Але іх мадэль харчавання застаецца той, да якой людзі генетычна прыстасаваныя. Таму яна прыцягвае ўвагу не толькі археолагаў і антраполагаў, але і такіх практычных людзей, як дыетолагі. Яны быццам бы даўно прызналі, што рацыён сучасных паляўнічых-збіральнікаў можа ўяўляць сабой эталонны стандарт харчавання сучаснага чалавека і абараніць ад некаторых так званых «хвароб цывілізацыі».

Для прыклада сучасных паслядоўнікаў сельскагаспадарчага ладу жыцця возьмем насельніцтва Злучаных Штатаў (што зробіш, ЗШ вельмі актыўныя ў даследаваннях, у іх лёгка знаходзіць прыклады). У 1987–1988 гадах Нацыянальнае даследаванне спажывання харчовых прадуктаў паказала, што збожжавыя складаюць 31%, малочныя прадукты — 14%, напоі — 8%, алеі і запраўкі — 4%, а цукар і цукеркі 4% ад агульнага спажывання энергіі. Практычна ні адзін з гэтых прадуктаў не быў даступны паляўнічым-збіральнікам.
З пункту гледжання атрымання энергіі, самым высокім па спажыванні прадуктам у Злучаных Штатах, ды і ў астатнім свеце, з’яўляецца зерне збожжавых культур. Аднак яно рэдка ўжываліся большасцю паляўнічых-збіральнікаў. Яго елі ці з голаду, ці ў нейкіх неспрыяльных (напрыклад, засушлівых) умовах. Таму тыя прадукты, што зараз складаюць больш за 60% ад агульнай сутачнай энергіі, практычна не адыгрывалі ролі ў спажыванні энергіі паляўнічымі-збіральнікамі. Яны звычайна атрымлівалі болей за палову свайго харчовага рацыёну з жывёльных прадуктаў.
Здароўе і хваробы
Залежнасць ад збожжавых раслін нясе праблемы для здароўя. Ва ўсіх гэтых раслінах – а асноўныя з іх рыс, кукуруза і пшаніца – не хапае адной або некалькіх незаменных амінакіслот. Ні ў адной з гэтай «вялікай тройкі» асноўных збожжавых культур няма дастатковай колькасці жалеза, але ёсць дэфіцыт аднаго або некалькіх вітамінаў (В1, В2 і г.д.). Нядзіўна, што даследаванні грамадстваў паляўнічых-збіральнікаў паказваюць, што яны былі адносна свабодныя ад многіх хранічных дэгенератыўных захворванняў, ад якіх пакутуюць сучасныя грамадствы. І што гэтая адсутнасць хвароб часткова тлумачыцца іх харчаваннем.
Карацей, з надыходам земляробства здароўе людзей пагоршылася. Але гаворка ідзе не толькі пра “хваробы цывілізацыі” накшталт сардэчных захворванняў і атлусцення – ні ў якім разе не! У аселых земляробчых суполках павялічвалася колькасць, а з ёй і шчыльнасць папуляцыі. А гэта ў сваю чаргу забяспечыла ідэальныя ўмовы для ўзнікнення і распаўсюджвання хваробатворных мікраарганізмаў. Асноўныя інфекцыйныя хваробы перыяду галацэну – сухоты, праказа, чума, халера, пранцы, гепатыт і іншыя – усе яны адносяцца да неаліту.
У неаліце сфармаваліся ўмовы для іх развіцця: згаданая раней стабільнасць клімату і цёплая тэмпература, спрыяльная для вырошчвання прыручаных раслін; густанаселеныя і вялікія чалавечыя пасяленні, цеснае ўзаемадзеянне з прыручанымі жывёламі. Міграцыі дапамагалі распаўсюду новых хвароб: фермеры распаўсюджвалі па свету і навамодную ідэю сельскай гаспадаркі, і хваробатворныя мікраарганізмы.
Напэўна, вы ўсе чулі пра гэтыя хваробы – але ці задумваліся вы, наколькі нядаўна з пункту гледжання чалавечай эвалюцыі яны з’явіліся? Нават карыес знайшоў для сябе ідэальныя ўмовы, калі чалавек пачаў спажываць шмат вугляводаў, да таго ж звараных перад гэтым у кашу. Бактэрыі таксама такое любяць. Карыес карыесам (хоць і ад яго можна памерці), але гістарычная смяротнасць ад пандэмій гэтых вядомых хвароб уражвае: за 5 гадоў чорнай смерці (1347-1351) памерла 75-125 мільёнаў чалавек; падчас воспы ў 1519 годзе 5-8 мільёнаў; іспанскі грып (1918-1919) забіў 17-50 мільёнаў, чума Юстыніяна – 17-100 мільёнаў. Ну і гэтак далей.
Шлях ад земляробства да вайны
У канцы палеаліту, старога каменнага веку, і да сельскагаспадарчай рэвалюцыі неаліту рост сусветнага насельніцтва быў мінімальным – 0,0015% у год. Пасля неалітычнай рэвалюцыі ў галацэне рост насельніцтва хутка павялічваецца. Гэта адбывалася праз невялікія змены нараджальнасці і смяротнасці. Даследаванні на археалагічных помніках Паўночнай Амерыкі паказалі, як колькасць знойдзеных на іх рэшткаў раслін павялічваецца адначасова з павелічэннем колькасці рэшткаў людзей.
Карацей, сельская гаспадарка спрыяла рэзкаму і хуткаму росту насельніцтва. І вось цікавы паварот: адным з наступстваў павелічэння насельніцтва і канкурэнцыі за ворныя землі быў пачатак войнаў.
Так, арганізаваная вайна, змаганне за рэсурсы, пачалася ў галацэне. Сутнасць яе ў тым, што нам патрэбна тое, што вы маеце, і мы гатовыя рызыкаваць жыццём, каб гэта атрымаць. Не зразумейце мяне няправільна: вядома, гвалт цалкам практыкаваўся і да гэтага – але не арганізаваная вайна.
Біяархеалагічныя дадзеныя эпохі неаліту паказваюць відавочны рост міжасобаснага гвалту і ранніх войнаў (прынамсі ў Еўропе), якія фактычна не існавалі ў папярэднім мезаліце. Даныя аб шматлікіх масавых пахаваннях і раненнях сведчаць аб значным і беспрэцэдэнтным гвалце паміж суполкамі з відавочнымі смяротнымі намерамі.
Такім чынам, сельская гаспадарка апынулася паспяховай, але з агаворкамі. Сённяшняя спадчына ваенных дзеянняў дасягае каранямі неаліту і звязана з земляробствам і барацьбой за рэсурсы – адзін з выдаткаў нашай аселасці.
Што мы атрымалі ад пераходу ад здабычы да земляробства, і куды мы рухаемся зараз
Такім чынам, сельская гаспадарка падштурхнула пяць ключавых падзей, якія змянілі наш свет: глабальны рост насельніцтва; аселасць і густанаселеныя суполкі з амаль бесперапынным ростам ва ўсіх умовах, дзе вядзецца земляробства; арганізаваная вайна як стратэгія здабычы рэсурсаў; рост і поспех узбуджальнікаў хвароб і саміх хвароб, якія яны выклікаюць – сухоты, праказа і інш.; распаўсюд людзей і засяленне планеты.
Пасля неаліту земляробства ўключала ў асноўным інтэнсіфікацыю ранейшых мадэляў. Пшаніца, кукуруза і рыс – суперпрадукты ў 21-м стагоддзі. Нашы прадукты харчавання і спосабы іх здабывання і спажывання сыходзяць каранямі ў глыбокую мінуўшчыну. Яны ж ствараюць кантэкст для старых інфекцыйных захворванняў і ўзнікнення новых, такіх як пандэмія SARS-CoV-2, што спыніла працу большай часткі свету на два гады.

Паважаны чалавек Ларсэн сканчаў сваю лекцыю такім пытаннем: “ці зможам мы пракарміць наша ўсё большае насельніцтва свету за кошт дабрабыту, здароўя і нашай будучыні?” (біялагічных антраполагаў і археолагаў таксама цікавіць будучыня). Не ведаю, як вам, але прынамсі камусьці з аўдыторыі лекцыя падалася трохі змрочнай, бо адным з пытанняў (ці хутчэй каментароў) было наступнае: “але ж ёсць і пазітыўныя наступствы: зараз глабальная колькасць баявых дзеянняў і хвароб зніжаецца, мы жывем даўжэй”.
Не магу сказаць, што адказ Ларсэна быў меней змрочным. Бо пры ўсім гэтым зараз існуе рэкордная няроўнасць. Большая частка свету пакутуе ад недаядання і інфекцыйных захворванняў – так, дагэтуль. Мы можам не думаць пра гэта ўвесь час, але “мы” – аўтар і чытачы гэтага тэксту, аўдыторыя на лекцыі Ларсэна – адносімся да невялікага “элітнага” працэнту свету. Тыя “мы”, якія атрымалі адукацыю, маюць доступ да інтэрнэту, аховы здароўя, ядуць штодзённа досыць ежы, і лічаць гэтыя простыя рэчы ўніверсальнымі – гэта абсалютная меншасць людзей у свеце.