Напэўна, аповед пра захапленні і жахі падводнай археалогіі атрымаўся трохі змрочным, таму трэба выправіць рэпутацыю і звярнуцца да падводных здабыткаў. Гісторыя даследавання затанулых караблёў каля грэцкага вострава Антыкітэра ў Міжземным моры не свабодная ад трагедыі, але гэта ўласціва шмат якім добрым гісторыям. Несумнеўна тое, што воды каля таго грэцкага вострава прынеслі знаходкі, што будуць захапляць людзей яшчэ стагоддзямі. Не апошняя з тых знаходак – загадкавы механізм, які лічыцца старэйшым у свеце аналагавым кампутарам. Але пра яго пагаворым асобна. Зараз жа я распавяду вам гісторыю адкрыцця Антыкітэры так, як яе калісьці паведалі мне (з некаторымі ўдакладненнямі са ўсёмагутнага інтэрнэту).
У сённяшнім артыкуле:
Адкрыццё Антыкітэры і першыя даследаванні
Восенню 1900 года грэцкія нырцы за губкамі, якія вярталіся з Тунісу, папалі ў шторм на шляху паміж Крытам і Пелапанесам і выкарысталі востраў Антыкітэра ў якасці хованкі. Заадно яны вырашылі сабраць пабольш губак, каб загрузіць трумы пасля шторму. Адзін з нырцоў, Эліяс Стадыяціс, вярнуўся з пагружэння ўсхваляваны і паведаміў, што бачыў унізе шмат сіфілітычных людзей, падобных на гніючыя трупы (сімптомы сіфілісу ці пранцаў уключаюць агаленне костак і адпадзенне некаторых мяккіх тканін). Яго калегі падумалі, што ён пакутуе “захапленнем глыбіні” – азотным наркозам.
Капітан Дзімітрыас Кондас быў вельмі дасведчаным нырцом і вырашыў пагрузіцца сам. Глыбіня ў тым месцы была больш за 50 метраў, і пад вадой ён сапраўды ўбачыў мноства людзей і жывёл, якія выглядалі быццам хворымі на пранцы. Але Кондас зразумеў, што бачыць мармуровыя і бронзавыя статуі. Ён здагадаўся, што яго каманда знайшла патанулае судна, якое перавозіла антычныя статуі, і паведаміў аб гэтым прафесару-мастацтвазнаўцу Іканому і міністру Спірыдону Стаіса. Той спансіраваў уздым знаходкі.
Праца на гэтым падводным помніку была вельмі небяспечнай: глыбіня 55-60 метраў, цьмянае святло, неэфектыўныя на той час машыны падачы паветра. Здараліся і смяротныя выпадкі, і параліч ад дэкампрэсійнай хваробы, таму некаторыя вадалазы вырашылі завязаць з гэтай справай. Стаіс спрабаваў шантажаваць іх і капітана, кажучы, што гатовы наняць італьянскіх вадалазаў. Гэта спрацавала ненадоўга, і пазней грэкі ўсё ж адмовіліся працаваць з-за смерцяў. Працягваць праект было бессэнсоўна і даследаванне спынілі ўлетку 1901 года.

Новая спроба скарыць глыбіні Антыкітэры адбылася праз паўстагоддзя. У 1953 годзе знакаміты даследчык Жак-Іў Кусто, піянер падводнай здымкі Фрэдэрык Дзюма і фатограф Гаральд “Док” Эджэртан наведалі месца караблекрушэння, дасягнуўшы глыбіні 70 метраў. Абсталяванне за гэты час палепшылася, і цяпер яны выкарыстоўвалі акваланг і балоны з паветрам. На жаль, грэцкая паліцыя забараніла рабіць падводныя здымкі, таму іх паход быў не надта ўдалым. Але акрамя камер яны прыйшлі з эжэктарам (накшталт вакуумнай помпы, з дапамогай якой можна прыбіраць адклады на дне) і выцягнулі некалькі амфар, фрагменты дрэва, бронзавую арматуру. Тым не менш ад помніка вырашылі адмовіцца: занесены пяском, ён быў у бяспецы, і шанец паспрабаваць зноў заставаўся.


У 1976 годзе Кусто вярнуўся, каб рэалізаваць свой кінапраект аб грэчаскіх старажытнасцях. Ён вярнуўся з поўнай камандай, у тым ліку археолагам Лазарасам Каланасам, і правёў на помніку 27 працоўных дзён. Экіпаж яго “Каліпса” здзяйсняў 10-хвілінныя апусканні, моцна абмежаваныя з-за вялікай глыбіні. Падчас гэтай экспедыцыі былі знойдзены бронзавыя манеты, кераміка, залатыя ўпрыгожанні, каштоўныя камяні, шкляныя кубкі, бронзавыя статуэткі і чалавечыя косці (мужчынскія, жаночыя, падлетка).
Падводныя раскопкі 21-га стагоддзя
У 2012 годзе археолаг Брэндан П. Фоўлі з Акіянаграфічнага інстытуту Вудз-Хол прыязджае да Антыкітэры з дазволу грэчаскіх улад. Гэтая каманда выкарыстоўвалі падводныя скутэры, змагла даследаваць і нанесці на мапы вялікую тэрыторыю. Быў апрабаваны і канадскі экзакасцюм, які аказаўся нязручным для археалагічных разведак. Фоўлі знайшоў велізарны свінцовы якар, які сведчыць аб існаванні адпаведна велізарнага карабля – магчыма, другога патанулага судна. Цяпер вядома, што на падводным помніку каля Антыкітэры павінна быць прынамсі два патанулыя караблі, калі не больш, і іх рэшткі раскіданыя на тэрыторыі ў 300 метраў. Акрамя велізарных якараў, была знойдзена бронзавая дзіда (фрагмент невядомай статуі), кераміка, будаўнічыя элементы. Фоўлі заклікаў да правядзення раскопак на помніку.
У 2015-2016 на помніку працягнуў працу грэчаскі Эфарат падводных старажытнасцей. У 2015 годзе таксама выкарыстоўваўся эжэктар, што можна ў некаторых маштабах лічыць раскопкамі. Таксама была падрыхтавана 3D-дакументацыя – зараз усе знаходкі Антыкітэры інтэгруюцца ў 3D мадэль. У 2016 годзе былі знойдзены астанкі чалавека, маладога мужчыны. Побач быў знойдзены кубак для віна з імем Памфілас. Гэта, канешне, не абавязкова азначае, што памерлы і быў тым Памфіласам, але ў археалогіі не так часта сустракаюцца нечыя імёны, таму мужчына быў адразу празваны Памфіласам. У 2017-2018 працы працягваліся з дапамогай эжэктараў і металашукальнікаў; сярод знаходак былі фрагменты бронзавай статуі, цвікі, чарапкі гаршкоў, нейкі дэкаратыўны элемент, некалькі амфар.
Нарэшце, новая 5-гадовая праграма раскопак была запланавана з 2021 па 2025 год пад наглядам Жэнеўскага універсітэту. У 2022 годзе ўдалося перанесці некалькі велізарных валуноў на марскім дне, якія часткова закрывалі абломкі, і дайверы змаглі даследаваць новыя часткі карабля. Такім чынам, гісторыя даследавання гэтага багатага помніка працягваецца.
Знаходкі і датаванне судна
Знаходкі з Антыкітэры прадстаўлены ў Нацыянальным музеі Афінаў. Канешне, асаблівай увагі заслугоўваюць статуі, што складалі асноўны груз судна і з якіх і пачалася гэта гісторыя, калі яны падаліся Эліясу Стадыяцісу трупамі на дне мора. Некаторыя статуі з бронзы захаваліся добра: напрыклад, юнак 340 г. да н.э. (такія вось у археалогіі юнакі), таксама вядомы як Эфеб. Мармур захаваўся горш: менавіта ён набыў сіфілітычны выгляд, што напалохаў сто год таму нырца за губкамі. Іншых статуй знайшлі толькі фрагменты: бронзавую галаву філосафа (~230 г. да н.э.), фрагменты каня, Геркулеса. Адна статуэтка з бронзы не толькі ўяўляла сабой тыпова атлетычнага антычнага хлопца, але і мела падставу з рычагом, якая дазваляла прымусіць яго круціцца! Хто не марыць аб такой інсталяцыі ў сваёй гасцінай?


Мабыць, трохі менш відовішчная (калі вы не аматар суднабудавання), але важная для навукоўцаў група знаходак – гэта элементы канструкцыі карабля: лісты свінцу, змацаваныя цвікамі, дрэва (вяз); свінцовая клема трумнай помпы, зонд. Па гэтых элементах можна вызначыць, напрыклад, тэхніку будоўлі судна, дзе драўляныя дошкі корпуса былі абабіты свінцом дзеля ізаляцыі.

Сярод іншага з мора паднялі грэчаскія залатыя ўпрыгожванні з каштоўнымі камянямі, вельмі цэнныя ў той час шкляныя кубкі з Сірыі і Егіпта. Канешне, як на большасці раскопак, не абышлося без керамікі: амфары (верагодна, вінныя) былі датаваныя 80-70 гг. да н.э., посуд 75-50 гг. да н.э. Сустракаліся і манеты – некаторыя з Пергамона (эліністычнай дзяржавы ў Малой Азіі), 76-67 гг. да н.э.
Асабістыя рэчы каманды і пасажыраў судна даюць магчымасць уявіць іх жыццё на моры: рыбалоўныя прылады, рондалі і посуд, музычныя інструменты і гульні. Як ужо згадвалася, былі знойдзены і некаторыя з магчымых уладальнікаў гэтых рэчаў у выглядзе чалавечых парэштак, што даволі рэдкая з’ява для затанулых караблёў такой даўнасці.
Розныя магчымасці разглядаліся з пункту гледжання датавання карабля. Мяркуючы па кераміцы, патанулае судна, верагодна, апусцілася на дно каля 70 г. да н.э. Разглядалася магчымасць, што мы маем справу са здабычай, якую везлі ў Рым для эфектнага трыўмфу Цэзара – або трафеі да іншага пераможнага параду, што былі такімі папулярнымі сярод рымлянаў. З іншага боку, гэта маглі быць і тавары для заможных пакупнікоў.
Статуі датуюцца шырокім перыядам часу ад 5 да 1 ст. да н.э., і некаторыя навукоўцы меркавалі, што яны маглі быць трафеямі Сулы пасля захопу Афінаў у 86 г. да н.э. Было вядома, што пры вяртанні ў Рым адзін з яго караблёў затануў недалёка ад Антыкітэры. Але пасля знаходак манет 76 і 67 гадоў да н.э. мы цяпер ведаем, што крушэнне адбылося некалькімі гадамі пазней. Узоры драўніны судна далі нашмат ранейшую радыевугляродную дату, што паказвае, што карабель выкарыстоўваўся вельмі доўга, каля 100 год. Іншае меркаванне палягае ў тым, што для пабудовы карабля было выкарыстана старое дрэва (ці праўда знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне).
Такой была гісторыя антычнага карабля, яго адкрыцця і даследавання; гісторыя, што працягвае разгортвацца і ў мінуўшчыну, і далей у будучыню. Але самая вядомая знаходка з Антыкітэрскага судна, загадкавы механізм памерам са скрынку для абутку, свядома выключаны з вышэйшага спісу, бо ён варты асобнага аповеду. Таму ў наступным выпуску – Антыкітэрскі механізм!
One thought on “Антыкітэра: антычны карабель, што затануў у Міжземным моры, і яго бясконцая гісторыя”