Археолагі ў раскопе

Падводная археалогія: трылер з акуламі, скарбамі і марціні

Каб вывучаць рэшткі мінуўшчыны, археолагі палезуць куды заўгодна, хоць пад ваду. Але пад вадой археалогія робіцца яшчэ больш прыгодніцкай, дзякуючы некаторым асаблівасцям асяроддзя, такім як цемра, холад, ціск і немагчымасць дыхаць. Таму я пачну са змрочнага апісання выклікаў глыбіні, а калі ўсе ўпэўняцца, што лезці ў яе не варта, дадам крыху колераў з дапамогай магчымых знаходак накшталт скарбаў, затанулых караблёў і гарадоў.

Асноўныя выклікі: як дыхаць і адразу не памерці

Каб вырашыць праблему дыхання на невялікай глыбіні (да 30 см) хопіць звычайнай дыхальнай трубкі, але глыбей грудныя мышцы нашага кволага наземнага віду недастаткова моцныя, каб дыхаць праз яе. На жаль, затанулых суднаў на глыбіні 30 см, напэўна, знойдзецца няшмат. Таму далей у ход ідзе акваланг з рэгулятарам для зніжэння ціску ці іншае дыхальнае абсталяванне накшталт наргіле. Вадалазны касцюм, які падтрымлівае патрэбны ціск унутры, на жаль, у археалогіі не дапаможнік, бо не дазваляе свабодна рухацца, каб, напрыклад, замалёўваць знаходкі на воданепранікальнай паперы.

Вырашыўшы праблемы дыхання і ціску, засталося дадаць ліхтарыкі для паляпшэння бачнасці ў вадзе і вяртання колераў. Вяртаць гэтыя збеглыя колеры трэба, бо з глыбінёй светлавыя хвалі розных даўжынь паглынаюцца: спачатку знікае чырвоны, за ім аранжавы і жоўты. Вы застаяцеся ў зялёным і сінім халодным свеце. Праз праламленне і адлюстраванне светлавых прамянёў прадметы выглядаюць невыразнымі, быццам вы захварэлі на дальназоркасць – маскі дапамагаюць вырашыць гэтую праблему, забяспечваючы паветра паміж вачамі і вадой. Але яны ж прыводзяць да большага праламлення з-за некалькіх пластоў матэрыялу перад вачыма, таму аб’екты ў вадзе здаюцца на 1/3 больш і на 1/4 бліжэй. Рух вады, падводныя расліны і жывёлы надалей замінаюць зрок.

Падводная археалогія: маляванне ў зялёнай цемры
Маляванне пад вадой у зялёнай цемры. Фота Maritime Archaeology @ University of Southern DK.

Калі вы апранулі гідракасцюм з аквалангам і ўзброіліся ліхтарыкам, віншую, шанец вывучаць затанулыя рэшткі мінуўшчыны і застацца жывымі вырас, але не варта адразу адчуваць сябе ўладаром глыбінь.

101 спосаб усё роўна памерці пад вадой

101 спосаб, напэўна, існуе: напрыклад, калі пералічыць кожны від жывёлы, наступіўшы на якую можна памерці, за асобны спосаб. Але не будзем занадта ўхіляцца ад тэмы (нагадаю, тэма археалогія), і скончым запужванне дайвераў-пачаткоўцаў некаторымі асноўнымі пагрозамі здароўю пад вадой.

Першай з іх будзе баратраўма – фізічнае пашкоджанне тканін арганізма, выкліканае розніцай у ціску, да якой вельмі адчувальныя газы. А ў нашым целе і побач з ім ёсць некаторыя прасторы, запоўненыя газам: напрыклад, сярэдняе вуха, боль у якім вы, напэўна, калісьці адчувалі ў самалёце. Але пад вадой боль можа быць не адзінай праблемай: таксама можа лопнуць барабанная перапонка, вада запоўніць прастору сярэдняга вуха, лабірынт ва ўнутраным вуху астудзіцца, і вы страціце пачуццё раўнавагі. А яго вельмі не варта страчваць, калі вы боўтаецеся ў цемры пад тоўшчай вады.

Увогуле, можна атрымаць шмат іншых і даволі непрыемных баратраўм: лёгкіх, пазух, стрававальнай сістэмы, зубоў (цікавы факт, зуб можа падарвацца пры наяўнасці прасторы) і г.д. Але, калі што-небудзь ідзе не так падчас спуску, звычайна боль спыняе яго працяг, і з вопытнымі дайверамі праблемы здараюцца рэдка.

Дэкампрэсійная хвароба, напэўна, усім вядома, бо ў яе кепская рэпутацыя. Пры доўгім апусканні больш газу паглынаецца тканінамі цела ў больш высокай канцэнтрацыі, чым звычайна. Гэта можа прывесці да мікрабурбалак ў крыві, лёгка вырашальных тэрапіяй у рэкампрэсійнай камеры. Але ёсць больш цяжкія тыпы дэкампрэсійнай хваробы, што прыводзяць да змен у мозгу, амнезіі, анамалій зроку, страты прытомнасці, болю ў суставах і нават смерці.

Азотны наркоз ці іншыя атручванні газамі звычайна звязаныя з дрэнным спосабам запаўнення балонаў. Азот аказвае наркатычнае ўздзеянне на клеткі, якое завецца захапленнем глыбіні ці эфектам марціні: кожныя 15 метраў глыбіні роўныя 1 куфлю марціні. Уздзеянне робіцца даволі моцным з 40 метраў, таму забаронена апускацца глыбей за 50 метраў, выкарыстоўваючы паветра, а не спецыяльную сумесь газаў. Усё ж ёсць і болей дарэчныя абставіны, каб атрымліваць асалоду ад марціні.

Усе праблемы не пералічыць, таму не будзем паглыбляцца ў гіпатэрмію (тэмпература цела ніжэй за норму), гіпертэрмію (перагрэў: не такі верагодны, але можа адбыцца, напрыклад, калі вы надзенеце той касцюм, што беражэ вас ад гіпатэрміі, і будзеце занадта доўга чакаць, пакуль падрыхтуюцца астатнія), затрымку мачы, нагрузку на хрыбетнік, агульную стомленасць ад працы дыхання і г.д.

Для кантролю параметраў апускання існуе маса прыбораў: гадзіннікі, кампутары, дэкампрэсійныя табліцы, глыбінямер, манометр для кантролю падачы газу – таму няхай пагрозы баратраўмы і дэкампрэсійнай хваробы вас не спыняць на шляху да скарбаў глыбінь. Урэшце, чалавечы кантроль ажыццяўляецца праз сістэму сябраў. Неабходна, каб заўсёды мінімум два чалавекі ныралі разам. Ці адзін быў пад вадой, прымацаваны вяроўкай, а другі на паверхні на выпадак небяспекі для дайвера. Для кантакту ж пад вадой можна выкарыстоўваць ручныя сігналы або ліхтар, гукі (шэйкеры), дошкі і нататнікі для падводнага плавання.

Падводная археалогія
Падводная археалогія. Фота Elpida Hadjidaki.

Флора і фаўна ў падводнай археалогіі

Пакуль мы разгледзелі шэраг падводных праблем, якія датычацца ўласнага цела. Але ж вакол ёсць і іншыя целы! Пад вадой вас чакае захапляльная марская фаўна: зубатыя акулы і рыбы-трыгеры, атрутныя рыбы-скарпіёны, леапардавыя цюлені, марскія змеі, скаты, каробчатыя медузы з вельмі доўгімі шчупальцамі, якія могуць быць нават смяротнымі, вогненныя каралы, што выклікаюць апёкі, чароўныя марскія анемоны. Нежывыя аб’екты таксама могуць быць небяспечнымі, таму, каб не захраснуць бясслаўна ў нейкай вяроўцы ці рыбалоўнай сетцы, дайверы носяць пры сабе нож.

Акрамя пагрозы дайверу, шматлікія істоты ў вадзе могуць уплываць і на захаванасць канчатковай мэты патуг дайвера – то бок археалагічнага матэрыялу. Сярод іх грыбкі і бактэрыі, малюскі, якія вельмі хутка псуюць драўніну сваімі калоніямі, і грыбковая лімнорыя – пажыральнік драўніны. Лютым ворагам лічыцца марскі чарвяк – малюск, які дасягае больш за адзін метр у даўжыню і хутка псуе драўніну. На жаль, старажытныя караблі мелі тэндэнцыю будавацца менавіта з дрэва. На шчасце, гэты чарвяк жыве толькі ў салёных водах.

Крабаў можна параўнаць з кратамі на сушы, што пракопваюць свае хады ў любых сэрцу археолага стратыграфічных пластах. Васьміногі вельмі любяць амфары і жывуць у іх, а вогненныя каралы пакрываюць аб’екты і такім чынам, акрамя апёкаў, дораць дайверам зменены да непазнавальнасці вонкавы выгляд аб’ектаў. Расліны, таксама робяць даследаванне праблематычным, бо пакрываюць велізарныя паверхні на дне. З іншага боку, яны забяспечваюць захаванасць аб’ектаў.

Што ляжыць на дне марскім і як гэта дастаць

Нарэшце, час дадаць колераў, калі камусьці для гэтага не дастаткова метровага чарвяка. Як вы, напэўна, зразумелі, падводны археолаг павінен быць дасведчаным дайверам. Спадзяюся, зразумела і тое, што ён павінен быць і прафесійным археолагам, а не толькі дайверам. І, як і звычайныя археолагі, ён будзе праводзіць разведку і раскопкі, а таксама дакументаваць усё, што зрабіў і знайшоў. Узнагародай за рызыку для жыцця будуць агаламшальныя краявіды (магчыма) і пацешнае абсталяванне. Напрыклад, выключная магчымасць праводзіць разведку не рыдлёўкай, а праз усмоктванне пяску з дапамогай эрліфта (свайго роду падводны пыласос) ці разгон пяску з дапамогай вадамёта (насамрэч жа ёсць і здаровыя прымяненні вадамётаў).

Сучасныя тэхналогіі, канешне, дазваляюць рабіць дакументацыю, у тым ліку малюнкі, нататкі і фатаграфаванне, і пад вадой. Пад’ём артэфактаў ажыццяўляюць з дапамогай мяшкоў ці чагосьці паболей, як пад’ёмных кранаў. Зрэдку здараецца і пад’ём цэлых помнікаў у выглядзе патанулых суднаў – але для гэтага ўжо патрабуецца подзвіг інжынернай думкі.

Старажытны затанулы карабель Ваза, падняты з мора, у сваім музеі.
Ваза – напэўна, адзін з самых вядомых патанулых караблёў, які кожны можа сёння пабачыць у асабістым музеі ў Стакгольме. І яно таго варта, бо няшмат старажытны караблёў былі калісьці цалкам паднятыя з глыбіні мора! Фота rlbwilson.

Выдаткі на падводную археалогію значна большыя. Але вынікі могуць быць бліскучымі! Археолагі знаходзяць у Міжземным моры гандлёвыя караблі, што затанулі, калі везлі праз яго свае тавары: збожжа з Егіпта ў Рым, віно, алівы, гарум (ферментаваную рыбную падліўку) у амфарах, спецыі; блокі з каменя ці мармуру і гатовыя калоны і саркафагі; каштоўныя металы, шкло або металічныя зліткі, бурштын і гранаты; папулярныя творы мастацтва і антыкварыят; і, нарэшце, рабоў (апошніх не часта знаходзяць, але, несумненна, яны былі, і вартыя ўспаміну).

Улубурун – верагодна, самае старажытнае судна ў Міжземным моры, але з захаванымі фрагментамі корпуса з кедравай драўніны, грузам медных зліткаў (аксіды ад якога дапамаглі захаваць драўніну), меркаваным суднавым часопісам на васковых таблічках-дыптыхах, бурштынам з самага Балтыйскага мора, егіпецкай слановай косцю, страусінымі яйкамі, еўрапейскай зброяй, парфумернымі інгрэдыентамі – сведчанне міжнароднага гандлю ў 1400 годзе да нашай эры.

Улубурун, патанулы карабель бронзавага веку (1400 г. да н.э)
Улубурун, патанулы карабель бронзавага веку (1400 г. да н.э). Фота Markus Studer.

Акрамя сведчанняў гандлю, на дне ляжаць баявыя судны і цэлыя месцы бітваў, як рэшткі канца 1-й Пунічнай вайны ля Эгадскіх выспаў – першае і самае старажытнае месца марской бітвы, выяўленае археалогіяй. Бліжэй да нас па часе Х.Л. Ханлі, першая падводная лодка, якая патапіла баявы карабель Хузатонік падчас грамадзянскай вайны ў Амерыцы. Х.Л. Ханлі таксама патанула падчас сваёй атакі. Праз болей чым 100 гадоў яна была паднятая цалкам разам з загінулым экіпажам і даследаваная ў лабараторыі, а экіпаж пахаваны.

У мора сышлі не толькі караблі са сваімі экіпажамі, але і месцы, дзе людзі калісьці жылі. Атлантыду раю шукаць у серыялах (“Зорная брама: Атлантыда” неблагі на мой погляд). Бліжэй да нас зараз пакрытыя вадой Балтыйскага мора стаянкі каменнага веку, дзе знойдзена магіла дзяўчыны з немаўлём і шмат арганічных матэрыялаў: лук з вяза, рэшткі ежы ў сасудах, тэкстыль; ліпавыя лодкі з ясянёвымі вёсламі, упрыгожаныя разьбянымі лініямі з пігментам.

Сеноты і скарбы

Падводная археалогія распаўсюджваецца не толькі на мара і акіяны, але на любыя помнікі, зараз пакрытыя вадой: азёры, рэкі, падводныя пячоры. Сеноты паўвостраву Юкатан пачынаюць сваё існаванне як часткова затопленыя пячоры і агаляюцца ў выніку эрозіі. Часам яны ідуць на кіламетры ўглыб зямлі. У іх амаль няма жыцця, а бачнасць цудоўная – як быццам ныраеш у паветры, толькі цёмным, таму патрэбныя ліхтары. Для такой працы трэба быць пячорным дайверам. Археолаг-пячорны дайвер – зусім ужо вельмі рэдкі выпадак.

Пячорныя дайверы ў сенотах натыкаліся на шматлікія матэрыялы, у тым ліку косткі мастадонтаў і чалавечыя косткі. Рэшткі дзяўчыны-падлетка са зламаным сцягном былі знойдзеныя ў Хойа Негра: верагодна, няшчасны выпадак, які адбыўся падчас пошукаў вады ў засушлівы перыяд каля 10 тыс. да н.э. У знакамітай Чычэн-Іцы ёсць нават два сеноты: адзін выкарыстоўваўся для атрымання прэснай вады, другі быў святой студняй, што выкарыстоўвалася для цырымоній. Там прыносілі ў ахвяру людзей, якіх кідалі ў ваду жывымі, а таксама артэфакты, пакрытыя блакітным пігментам – паднашэнні бажаству дажджу Чаку.

Сенот, затопленая пячора
Сенот. Фота Gustavo Gerdel.

Калі вы дачыталі аж дасюль праз усе жахі і вабноты падводнай археалогіі, то ведайце, пад вадой знаходзяць і літаральныя скарбы. Напрыклад, ля ўсходняга ўзбярэжжа Фларыды ляжыць Сярэбраны флот – затопленая ўраганам іспанская флатылія. Такія флатыліі штогод адпраўляліся ў калоніі ў Карыбскім моры для збору каштоўнасцяў, у асноўным сярэбраных зліткаў і манет. Толькі адзін карабель выжыў і разбіў лагер на беразе. Вывучыўшы справаздачу яго капітана, скарбашукальнік Кіп Вагнер знайшоў караблі – і стаў мільянерам.

У Паўднёва-Кітайскім моры Гельдермальсэн Усходне-Індыйскай кампаніі, нагружаны золатам, бронзай і фарфорам, наляцеў на скалу ў 1752 годзе – а яшчэ праз болей за 200 гадоў зрабіў яшчэ аднаго скарбашукальніка мільянерам. Нейкія ў мяне атрымаліся не археалагічныя прыклады. Кітайскія ўлады выкупілі фарфор з Гельдермальсэна за 30 тысяч долараў – гэта паслужыла падставай для рашэння стварыць у Кітаі падводную археалогію для аховы нацыянальных скарбаў і перадухілення падобных падзей у далейшым. Шлях да мільёна з часам не робіцца лягчэй. Археолагаў гэта толькі цешыць, бо яны шукаюць не скарбы, а інфармацыю. І зноў жа, самае цікавае звычайна знаходзіш не на лёгкіх шляхах.

One thought on “Падводная археалогія: трылер з акуламі, скарбамі і марціні

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *