Пасля разважанняў аб нюансах выбару земляробства як падставы цывілізацыі варта было б звярнуцца да рэгіёну, дзе яна пачалося: Блізкага Усходу і ў прыватнасці той яго часткі, што завецца Урадлівым паўмесяцам. Рэгіён гэты лічыцца калыскай цывілізацыі, бо быў шмат у чым першым: тут з’явіліся першыя гарады, сельская гаспадарка, пісьменства і г.д. Нядзіўна, што гэты рэгіён здаўна прыцягваў увагу археолагаў і не толькі іх. Дарэчы, аўтарка выдатных дэтэктываў пра Эркюля Пуаро Агата Крысці напісала і не менш выдатны аўтабіяграфічны раман “Раскажы, як ты жывеш”. У ім яна распавядае пра сваё жыццё на раскопках, якія праводзіў на Блізкім Усходзе яе муж, знакаміты археолаг Макс Малоўэн. Усім раю, цудоўная і вясёлая кніга.
Змест
Старажытны Блізкі Усход
З “Калыскай цывілізацыі”, напэўна, зразумела, але чаму “Ўрадлівы паўмесяц”? З гэтай назвай яшчэ прасцей – калі паглядзець на гэтую частку Блізкага Ўсходу на мапе ніжэй, ён выгінаецца падобна форме чвэрці месяца ад Персідскага заліва праз сучасны паўднёвы Ірак, Сірыю, Ліван, Іярданію, Ізраіль і паўночны Егіпет. Гэты тэрмін быў упершыню ўведзены ў 1916 годзе егіптолагам Джэймсам Генры Брэстэдам у яго працы «Старажытныя часы: гісторыя ранняга свету».
Сам Блізкі Усход у сэнсе 19-га стагоддзя быў роўны максімальнаму аб’ёму Асманскай імперыі. Зараз пад Старажытным Блізкім Усходам, прынамсі ў яго археалагічным значэнні, мы маем на ўвазе тэрыторыю паміж Турцыяй (у рэгіён уваходзіць яе азіяцкая частка, пачынаючы са Стамбула), Іранам, Чырвоным морам. Афганістан, Туркменістан у гэтае вузкае значэнне не падпадаюць, як і Грузія з Азербайджанам.

Храналагічна гісторыя Старажытнага Блізкага Усходу акрэсліваецца ад неалітычнай рэвалюцыі да разгрому Персіі Аляксандрам Македонскім: то бок, 10 000 г. да н.э. – 331 г. да н.э. (хаця, як гэта звычайна здараецца, ёсць розныя варыянты гэтага вызначэння).
Асноўныя геаграфічныя аб’екты
Блізкі Усход – рэгіён кантрасту. Геаграфічныя прычыны гэтага кантрасту ляжаць у экалагічнай разнастайнасці, што відавочна нават у невялікіх унутраных рэгіёнах, і магчымасці (альбо немагчымасці) пэўных тыпаў сельскай гаспадаркі ў некаторых частках.
Форма ўрадлівага паўмесяца вызначаецца геаграфіяй (а на больш глыбокім узроўні – геалогіяй трох тэктанічных пліт, якія перасякаюцца тут). Дзве вялікія ракі Тыгр і Еўфрат, якія нараджаюцца ў гарах, даюць урадлівую глебу і гандлёвыя шляхі, што робіць вузкую тэрыторыю вакол іх прывабнай для жыцця. А велізарная тэрыторыя на поўдні пакрытая Сірыйскай і Аравійскай пустынямі – ужо не столькі прывабнымі. Горы Аманас, Таўра, Ліванскія ляжаць паміж Анатоліяй, Месапатаміяй і Левантам, таксама не пакідаючы шмат месца для паселішчаў. Загрос і Таўра – буйныя горныя масівы вакол Месапатаміі, а сама Месапатамія – гэта надзвычай плоская даліна.
Берагавая лінія Персідскага заліва была на 250 км далей на поўнач у старажытныя часы (глядзіце тую ж мапку вышэй), таму такія пасяленні як Ур былі тады прыбярэжнымі. Верагодна, Тыгр і Еўфрат уваходзілі ў Персідскі заліў асобнымі вусцямі да таго, як ён паменшыўся. Насамрэч, напэўна, заліў і памяншаўся, і пашыраўся ў розныя часы ў залежнасці ад узроўню мора. Ёсць меркаванні, што каля 15 000 г. да н.э. заліў дасягаў толькі Амана, а пасля апошняга ледніковага перыяду рэкі паступова прынеслі бруд, які ўтварыў цяперашнюю глебу. Заліў пашырыўся і каля 4000 г. да н.э. дабраўся да цяперашняга ўзроўню, пахаваўшы пад сваімі водамі сляды ранейшага пражывання.
Вось так ненадзейныя паводзіны заліваў ускладняюць жыццё археолагаў. Але не толькі заліваў; зрушыліся і рэчышчы рэк (яны былі значна бліжэй адна да адной), а за імі рухаліся і паселішчы.
Акрамя таго, поўдзень Месапатаміі мае лагуны і ў асноўным пакрыты балотамі, накшталт Палесся. Гэта было бяспечнае і добрае месца для пасялення, бо як фермер вы маглі сутыкнуцца з цяжкімі часамі, а балота надзейна пастаўляла птушак, рыбу і расліннасць. Але з тых часоў тэрыторыя паступова высыхала.
Прыродныя рэсурсы і будоўля

Дрэвы, і ў прыватнасці кедр, раслі ў рэгіёне Левант. Зараз тых кедравых лясоў амаль не засталося. Але людзі, і не толькі археолагі, вельмі любяць чапляцца за сваё мінулае, і кедр дагэтуль нацыянальны сімвал сучаснага Лівана, адлюстраваны на сцягу (глядзі справа) і гербе. У Леванце быў даступны і камень, таму пераважалі каменныя дамы.
А вось у Месапатаміі з-за недахопу будаўнічай драўніны пераважалі гліняныя дамы. Каб стварыць гліняныя цэглы, людзі змешвалі гліну з саломай і давалі ёй высахнуць на сонцы. Атрымлівалася сырцовая цэгла – саман. Абпаленая цэгла сустракалася рэдка, бо для яе вырабу патрэбна, уласна, паліва. А калі б там было дрэва на паліва, мабыць, з яго б будавалі дамы? Чыста здагадка.
Нават зікураты (шмат’ярусныя прастакутныя пабудовы), палацы і храмы былі зроблены з сырцовай цэглы – у выніку яны цяпер у руінах і выглядаюць як пагоркі з гразі, у адрозненне ад каменных збудаванняў. Хаця, шчыра кажучы, многія каменныя пабудовы час таксама не шкадуе. Паколькі будынкі з глінянай цэглы стаялі нядоўга, людзі іх раўнялі і будавалі новыя, утвараючы з часам пагорак на Месапатамскай раўніне. Такі рукатворны пагорак і называюць тэлем.
У Паўночнай Месапатаміі таксама быў камень, таму некаторыя каменныя дамы знойдзены, хоць яны былі пабудаваны даволі дрэнна. Металы (напрыклад, медзь) былі таксама дасяжныя ў асноўным у горных раёнах. Волава сустракалася ў Анатоліі, але ўвогуле было вельмі рэдкім, таму зрабіць бронзу (медзь+волава) было праблемай. Абсідыян таксама быў у асноўным у рэгіёне Анатоліі і экспартаваўся адтуль у іншыя месцы.
Лад жыцця і падарожжа
Людзі ў Месапатаміі жылі адным з трох асноўных спосабаў:
- Фермеры: будавалі дамы з глінянай цэглы, займаліся сельскай гаспадаркай
- Балотныя людзі: разлічвалі на тое, што даюць балоты – рыбу, птушак і г.д. Будавалі дамы з чароту.
- Качэўнікі, паўаседлыя пастухі: гэта быў папулярны лад жыцця, арыентаваны на эксплуатацыю жывёл з сезоннымі перамяшчэннямі. Але яго даволі цяжка вызначыць археалагічна, бо ён не пакідае заўважных слядоў. Лягчэй адсачыць паўаседлы лад жыцця, калі частка групы жыве асела і займаецца сельскай гаспадаркай, а другая частка вандруе са статкамі па ваду і пашы і перыядычна вяртаецца на працягу сезона.
Пастухоўскае качэўніцтва можа быць вертыкальным – гэта перамяшчэнне паміж нізінамі і ўзвышшамі – ці гарызантальным, што ўключае перамяшчэнне з больш сухіх месцаў у больш вільготныя ў пошуках травы. Пастухоўскае качэўніцтва было больш надзейнай альтэрнатывай земляробству.
Што датычыцца перасоўвання па тэрыторыі, то будаўніцтва караблёў дазваляла перамяшчацца праз марскія межы; вядома, што жыхары Блізкага Усходу мелі сувязі з Егіптам (4-е) і далінай Інда (3-е і 2-е тысячагоддзі да н.э.). На сушы горы абмяжоўвалі ваенную экспансію ў суседнія даліны. Пустыні былі другой значнай перашкодай, але прыручэнне вярблюда каля 1000 г. да н. э. зрабіла магчымым прамы праход праз пустыню (напрыклад, паміж Месапатаміяй і Левантам). Горы і пустыні таксама былі асяроддзем пражывання некантралюемых пагарджаных груповак качэўнікаў.
Старажытныя рэгіёны і цывілізацыі
Старажытны Блізкі Усход уключаў у сабе такія часткі, як Месапатамія, Анатолія, Персія і Левант.
Месапатамія
Месапатамія – грэчаскае назва для «міжрэчча», тэрыторыі паміж рэкамі Тыгр і Еўфрат, што знаходзіцца на тэрыторыі сучаснага Ірака і паўночнай частцы Сірыі. Калі звузіць паняцце калыскі цывілізацыі, то яно будзе адносіцца менавіта да гэтай часткі Блізкага Усходу.
Лета тут сухое і гарачае, з тэмпературамі вышэй за 40 градусаў, а зіма халодная (ну, каля нуля) і дажджлівая. Увогуле ж дажджы рэдкія, бо рэгіён знаходзіцца ў дажджавым цені гор. Дажджавым ценем называюць эфект, калі з зацішнага боку гор выпадае менш ападкаў, чым з наветранага боку. А вось для вясны характэрныя пясчаныя буры. Рэкі – Хабур і Балых, прытокі Еўфрата; прытокі Тыгра Вялікі і Малы Заб, Дыяла, Керха – былі крыніцамі жыцця, гандлёвых шляхоў, але таксама і паводак.
Верхняя Месапатамія (Асірыя, Мітані, Курдыстан) уяўляе сабой раўніны, стэпы і лясы, ландшафт тут узгорысты. Сярод прыродных рэсурсаў ёсць і гліна, і камень, і лес. Магчыма дажджавое земляробства. Ніжняя даліна (Шумер, Акад, Вавілонія) – гэта алювіяльная раўніна на поўдзень ад Багдада да заліва. Раўніна гэта надзвычай плоская (<30 м над узроўнем мора), адзіныя ўзвышшы – гэта штучныя тэлі. Затое іх няцяжка адшукаць! Клімат пустынны, колькасць ападкаў <150 мм, таму земляробства тут залежыць ад штучнага арашэння. Затое пры яго наяўнасці сельская гаспадарка дае вельмі добры ўраджай на ўрадлівых алювіяльных глебах.
У самай паўднёвай частцы балоты, азёры, лагуны; тут растуць фінікавыя пальмы і чарот, які выкарыстоўваецца для дамоў балотнымі насельнікамі. Такія вось “людзі на балоце”.
Недахоп прыродных рэсурсаў (металаў, камянёў, драўніны) зрабіў гліну самым папулярным матэрыялам для будаўніцтва і вырабу керамікі ў Месапатаміі.

Асноўнымі старажытнымі цывілізацыі ў гэтай частцы Блізкага Усходу ў розны час былі Шумер, Акад, Вавілонія і Асірыя. Шумер адносіцца да самай паўднёвая часткі, блізкай да Персідскага заліва. Ён дасягнуў росквіту ў 3-м тысячагоддзі да н.э. і быў створаны з гарадоў-дзяржаў, такіх як Ур, Урук, Эрыду, Лагаш, Ніпур. Характэрныя рысы шумераў: спадніцы з поўсці – пазней названыя каўнакамі; зікураты – ступеністыя структуры, магчыма, з храмамі на вяршыні; піццё піва. Спадзяюся, вам ужо лягчэй асацыяваць сябе са старажытнымі шумерамі, хоць іх піва і было настолькі густым, што яго пілі праз саломінкі дзеля фільтрацыі, як на выяве банкета ніжэй. Увогуле, любімыя выявы шумераў – разгром ворагаў на вайне і банкеты.
На поўнач ад Шумера быў Акад, населены, адпаведна, акадцамі, і названы так ад горада Агада. Тут усё лагічна. Геаграфічны тэрмін Вавілонія адносіцца да паўднёвай часткі сучаснага Ірака, зямлі паміж Персідскім залівам і Багдадам; то бок гэта тэрыторыя, што ўключала Шумер і Акад. Гістарычна назва Вавілонія адлюстроўвае аб’яднанне гэтых зямель пад кіраўніцтвам першай вавілонскай дынастыі ў 1-й палове 2-га тысячагоддзя да н.э.
Нарэшце, Асірыя бярэ сваю назву ад імя сталіцы і бога Ашура. Сталіца ў розныя часы змянялася, напрыклад, на Дур-Шарукін, Калху і інш. Пачыналася Асірыя на поўнач ад Акада, а як імперыя ў найбольшым сваім пашырэнні ахоплівала амаль увесь Блізкі Усход.
Анатолія
Анатолія – азіяцкая частка сучаснай Турцыі, Малая Азія + Усходняя Турцыя. Назва “Анатолія” грэцкая і азначае “усход” або “усход сонца”; іншы варыянт назвы “Анадолу”.
У гэтай тэрыторыі складаны ландшафт, пераважна плато і горы, плюс звілістая рака Меандр, імем якой дагэтуль называюць арнамент з выгінамі. Пантыйскія горы ўздоўж берагавой лініі Чорнага мора аддзяляюць Чарнаморскі рэгіён ад астатняй Анатоліі, напр. Мармара-Эгейскага рэгіёну, дзе, дарэчы, знаходзяцца Троя і Эфес. Цэнтральнае плато можа пахваліцца Хатусай, сталіца хетаў (адных з першых індаеўрапейцаў), і Кападокіяй у паўднёвай частцы. Апошняя знакаміта храмамі, выразанымі з мяккіх вулканічных парод і цэлымі падземнымі гарадамі, такімі як Каймаклі, улюбёнымі месцамі падарожжа турыстаў.
Усходняя Анатолія ўяўляе сабой працяг раўнін Паўночнай Месапатаміі і гор Таўра. Тут знаходзіцца знакамітая гара Арарат, тут былі Урартскае царства і Араратскае царства. Шматлікія помнікі ўключаюць Ані з яго царквой 10 ст. у гатычным стылі, Немруд Даг з магілай караля з 10-метровымі статуямі, і неверагодны Гёбеклі Тэпе – помнік паляўнічых-збіральнікаў з манументальнай архітэктурай, што датуецца прыблізна 10 тыс. да н.э.

Персія
Персія знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Ірана; сучасная назва азначае зямлю арыяў. Гэта высокае плато, унутраная частка якога з усіх бакоў закрытая гарамі, галоўны ланцуг сярод якіх Загрос. Правінцыя Фарс на поўдзень ад Загроса – радзіма старажытных персаў. Тут знаходзяцца руіны Персеполя, цырыманіяльнай сталіцы імперыі Ахеменідаў.

Правінцыя Хузестан – геаграфічна частка Ніжняй Месапатаміі – мела вялікі патэнцыял для сельскай гаспадаркі дзякуючы вялікім і пастаянным рэкам. Старажытная назва яе Элам, сталіца ў Сузах. Цэнтральнае плато займае палову тэрыторыі Ірана і занятае велізарнымі катлавінамі з пустынямі, дзе няма дажджоў; ва ўсходняй частцы – дзве салёныя пустыні Кавір і Лут. Карацей, не курорт, і магчымасці для сельскай гаспадаркі, скажам так, абмежаваныя.
Левант (Сіра-Пластына)
Сіра-Палестына або Левант – гэта ўсходні бераг Міжземнага мора. Абодва тэрміны – Сірыя і Палестына – паходзяць з 5 стагоддзя да н.э. Сірыя, верагодна, ад Асірыі, а Палестына – ад філістымлян. Геаграфічна гэта тэрыторыя складаецца з вертыкальна падзеленых нізін і гор і цягнецца ўздоўж краю Сірыйскай/Аравійскай пустыні. Яна ўяўляе сабой вузкую паласу вільготнага дажджлівага клімату паміж Міжземным морам і горнымі хрыбтамі, і хутка змяняецца пустынямі на захадзе. На поўначы значна больш дажджоў, а на поўдні засушлівасць расце з-за дамінуючых сухіх вятроў з Афрыкі.
Гэты рэгіён з’яўляецца мостам паміж поўначчу (што насялялі хеты/марскія людзі і іх адгалінаванне філістымляне), поўднем (егіпцяне), усходам (Месапатамія, Персія, Далёкі Усход), пазнейшым захадам (грэкі і рымляне). І разумныя людзі тут скарысталіся перавагамі, што даваў гандаль. Гэтая тэрыторыя ніколі не была аб’яднана мясцовымі ўладамі, што было геаграфічна складана, і звычайна ўваходзіла ў склад іншых імперый – Асірыйскай, Вавілонскай, Егіпецкай.

Сярэдзіну рэгіёна займаюць Ліванскія і Антыліванскія горы, даліна Бекаа, хрыбет Хермон (Джэбель-эш-Шэйх). У даліне Бекаа ляжыць Баальбек, дзе пакланяліся мясцоваму богу Ваалу (ён жа Геліёпаль у Рымскай імперыі); Біблос, месца фінікійскага гандлю, з яго храмам абеліскаў, натхнёным егіпецкім стылем; Дамаск – адзін з самых старажытных бесперапынна заселеных гарадоў у свеце.
На поўдні ляжыць Галілея, своеасаблівая мяжа паміж Сірыяй і Палестынай, і Самарыйскае ўзвышша, Юдэйская вобласць і Юдэйская пустыня, рака Ярдан, Галілейскае мора і Мёртвае мора.
А бліжэй да Сірыйскай пустыні знаходзіцца Пальміра – пункт прыпынку караванаў у 2-м тысячагоддзі да н.э., затым маршрутная станцыя на шляху, які злучае Левант і Месапатамію праз пустыню, а пазней таксама Персію, Афганістан, Кітай. Некаторыя са старажытных помнікаў горада былі знішчаныя вайскоўцамі ІДІЛ у апошняе дзесяцігоддзе: напрыклад, храм бога Бэла, падарваны як “паганскі храм”. Тут можна паглядзець некаторыя фота да і пасля.

На жаль, шматлікія войны і ўзброеныя канфлікты зруйнавалі і працягваюць знішчаць археалагічную спадчыну ў калысцы цывілізацыі. А археолагі мігруюць з помніка на помнік у залежнасці ад таго, дзе пачынаюцца актыўныя баявыя дзеянні і становіцца небяспечным заставацца. Так і мая настаўніца, распавядаючы пра помнік, які ёй давялося пакінуць, паўтарала за Агатай Крысці апошнія радкі яе кнігі: “Іншалах, я вярнуся туды зноў, і ўсё, што я так люблю, не знікне з твару зямлі”.
One thought on “Старажытны Блізкі Усход – знаёмімся з калыскай цывілізацыі, саманам, тэлямі, каўнакамі і балотнымі людзьмі”