Падчас майго першага ўмоўна прафесійнага знаёмства з археалогіяй, яна выглядала зразумелай і ўпарадкаванай у вузкіх рамках з пірамід, залатых статуэтак, рыдлёўкі з пэндзлем, брудных нагавіц і пазногцяў. Ну, з некаторай перавагай бруду і недахопам золата. Потым жа прыйшлося значна пашыраць гэтыя рамкі, каб уціснуць у паняцце археалогіі розныя прабіркі, гідракасцюмы, 3Д-мадэлі. Ці там прыгнаць бульдозер па ментальную сцяну, каб адвесці ў свядомасці пакойчык пад індустрыяльную археалогію. Цяпер жа, калі чуеш, што на наступным семінары хтосьці будзе размаўляць пра археалогію ледавікоў, адчуваеш толькі невялікае казытанне, пакуль нейроны хуценька пракладаюць новыя сувязі ў мозгу. Гэта ўсё цікавыя практыкаванні, таму запрашаю далучыцца да пашырэння ўяўленняў пра археалогію: гэтым разам праз археалогію антрапацэну.
Змест:
Што такое антрапацэн
Спачатку трэба вызначыцца, што сабой уяўляе антрапацэн. Гэты тэрмін увайшоў ва ўжытак у 2000-ых, каб вызначыць новую геалагічную эпоху, што прыйшла на змену галацэну. Таму самаму, які пачаўся больш за 11 тысяч гадоў таму з адыходам ледавікоў. Антрапацэн жа больш-менш вызначаецца як час, калі чалавек стаў значнай геаэкалагічнай сілай, якая перабудоўвае экасістэму Зямлі. Як гэта ўласціва людзям, вынікам нашага праекту па перабудове Зямлі сталі выкіды парніковых газаў і глабальнае пацяпленне, раставанне ледавікоў, павышэнне ўзроўню вады і акісленне акіянаў, забруджванне глебы і вады, выміранне відаў і гэтак далей па спісе.

Пачаткам антрапацэну можна лічыць надыход індустрыяльнай рэвалюцыі каля 250 гадоў таму. Насамрэч, нейкай згоды наконт вызначэння ці там часу пачатку антрапацэну пакуль не існуе: хтосьці лічыць пачатак земляробства ці нават выкарыстання агню за ранні антрапацэн. Так ці інакш працэсы перабудовы экасістэмы значна паскорыліся ў апошнія гадоў пяцьдзясят. Расшчапленне атама ў прыватнасці лічыцца адной з вызначальных падзей, вынікам якой стала з’яўленне глабальнага радыяцыйнага слоя ў 1950-х гадах. Агулам жа антрапацэн у выглядзе новага геалагічнага пласта быў упершыню выяўлены ў пробах лёду з ледавікоў. Вечны лёд у нейкім сэнсе захоўвае кліматычную гісторыю Зямлі, і ён паказвае рост вуглякіслага газу і метану, пачынаючы з канца васямнаццатага стагоддзя. Потым антрапацэн выдзелілі і ў іншых адкладах па ўнікальнай камбінацыі пластмас, хімікатаў і радыяцыі.
Як змены клімату ўплываюць на археалогію
Калі нейкія змены апісваюцца як ‘глабальныя’, падаецца даволі відавочным, што яны павінны ўплываць на ўсё. Але ці задумваліся вы, як змены клімату, забруджванне, раставанне лёдавых шапак, павышэнне акіянаў і іншыя прымочкі антрапацэну ўплываюць на археалогію? Думаю, наўрад ці. Не тое каб і ўсе археолагі над гэтым задумваліся (пакуль). Таму давайце паглядзім.
Марское смецце лічыцца адной з найбольш прыкметных і праблемных праяў антрапацэну. Каб уявіць яго сувязь з археалогіяй, прывяду яскравую цытату з палявой справаздачы з раскопак на ўзбярэжжы ў Эйдсбукце ў Нарвегіі, якой прафесарка Тора Петурсдоцір пачынае свой артыкул: “Антрапагенныя матэрыялы, галоўным чынам пластмасы розных відаў, прысутнічалі на ўсіх узроўнях зрэзу з відавочным памяншэннем памераў і колькасці зверху ўніз… У верхніх слаях пераважалі буйныя антрапагенныя матэрыялы і дрэва, у той час як найбольш фрагментаваныя антрапагенныя матэрыялы (так званае «канфеці») на ніжніх узроўнях былі грунтоўна ахоплены ўзбярэжнымі адкладамі.” Якія часы, такія і знаходкі. Мікрапластык (тое самае “канфеці”), дарэчы, ужо трапіў у харчовыя ланцугі шматлікіх відаў – у тым ліку нашага.

З іншага боку, мы маем павышэнне ўзроўню акіянаў, што на дадзеным этапе асабліва небяспечна для малых астраўных дзяржаў. Тэарэтычна, захаванне іх культурнай спадчыны і даследаванне археалагічных помнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай стаць сучаснай Атлантыдай, робіцца прыярытэтнай задачай. Пакуль яшчэ ёсць, што даследаваць. З іншага боку, на задачы такога маштабу звычайна не хапае рук, асабліва калі ў спісе прыярытэтных задач паўстае неабходнасць поўнай эвакуацыі насельніцтва.

Разам з затапленнем пашыраецца праблема эрозіі ўзбярэжжа. Напрыклад, у Шатландыі як мінімум 10 000 археалагічных помнікаў лічацца пад пагрозай; у іх ліку сусветна вядомае паселішча піктаў і вікінгаў Ярлсхоф на Шэтландскіх землях і неалітычная вёска Скара-Брэ на Аркнейскіх астравах. Напэўна, калі старажытныя людзі палічылі добрай ідэяй сяліцца на ўзбярэжжах мораў і рэк (анягож, транспартная сетка і крыніца ежы акурат пад домам), яны не вельмі разлічвалі, што станецца з іх паселішчамі праз тысячагоддзі. А ўжо зараз значныя помнікі выяўляюцца і змываюцца морам хутчэй, чым археолагі паспяваюць іх даследаваць.
Павышэнне ўзроўню вады ў акіянах не адзіны вынік раставання льдоў. Са знікненнем ледавікоў і адтаваннем раёнаў колішняй ‘вечнай мерзлаты’ з некантраляванай хуткасцю адкрываюцца схаваныя ў іх арганічныя парэшткі і артэфакты. Напэўна, вам даводзілася чуць пра Ледзянога чалавека пад мянушкай Эцы (Ötzi)? Ледзяная мумія 5000-гадовага чалавека, відавочна, была сенсацыйнай знаходкай. Як і неверагодна мілае дзіцяня шаблязубага тыгра, некалькі год таму знойдзенае ў Сібіры, дзякуючы раставанню вечнай мерзлаты. Прыйшоў канец і бяспецы скіфскіх грабніц, што захоўваліся больш за 2000 гадоў у вечнай мерзлаце рускага, мангольскага, кітайскага і казахскага Алтая. Археолагі намагаюцца мабілізаваць свае нямногія наяўныя сілы, каб знайсці і захаваць развітальныя падарункі паміраючых ледавікоў, бо без абароны ўжо-не-вечнага ільду яны хутка разбураюцца і знікаюць назаўжды.
Нешта змяняецца і ў іншых месцах, аддаленых ад мора і колішняй вечнай мерзлаты. Глабальнае павышэнне сярэдняй тэмпературы мае шматлікія наступствы, якія археолагі толькі пачынаюць разумець. Хвалі спёкі, засухі і моцныя адлігі сталі частымі падзеямі для Беларусі ў прыватнасці. Паскарэнне цыклаў замярзання і адтавання, павелічэнне ападкаў, змены ў хімічным складзе глебы, структуры і руху рачных паводак, той жа самай берагавой эрозіі, змены ў росце раслін, якія ў сваю чаргу наносяць пашкоджанні помнікам – пакуль мы не ведаем поўны спіс і як ён павінен уплываць на ацэнку пагрозы помнікам і пераацэнку стратэгій іх захавання. А пераацэнка прыярытэтаў непазбежная, бо адзінае, што вядома дакладна – усё захаваць не атрымаецца.
Як пластык пазбягаў увагі археолагаў
Раскопкі пластыкавага смецця на ўзбярэжжах, як тыя ў нарвежскай Эйдсбукце, пакуль што незвычайная справа ў археалогіі. Вядома, не з-за нястачы такіх помнікаў: чаго-чаго, а пластыкавага смецця ў нас на ўсіх хопіць! Тады па якіх прычынах яно лічылася не вартым археалагічнага інтарэсу? Вядома, з цэлага шэрагу прычын. Наўрад ці шмат хто з нас кіне позірк на гмах пластыкавага смецця і падумае: “Мм, культурная спадчына!”. Мы неяк прызвычаіліся па-іншаму ўяўляць сваю культурную спадчыну, вартую даследавання. Калі шчыра, археалогія заўсёды займалася смеццем – але звычайна смеццем з нейкага канкрэтнага культурнага кантэксту, які мы лічым значаным. Нагрувашчванні ж пластыку на нарвежскім узбярэжжы маюць ненаўмысны характар. То бок, у іх стварэнні не было мэты. Іх стварэнне выходзіць па-за межы чалавечых планаў, намераў і кантролю.
Таксама адной з асноўных прычын нястачы ўвагі да такіх помнікаў можна было б назваць відавочна неглыбокае мінулае, што стаіць за гэтымі новымі слаямі чалавечай дзейнасці. Хоць, вядома, мінуламу не трэба быць занадта ўжо глыбокім, каб зацікавіць археолагаў: прынамсі, як паказвае прыклад Вудстака, дзе археолагі шукалі рэшткі рок-фестывалю. Але звычайна мы ўяўляем сабе пошукі мінулага, якое адышло, якое дзесьці ўдалечыні ад нас, і якое трэба знайсці і рэканструяваць. І нестасоўка з гмахам пластыкавага смецця ў тым, што гэтае мінулае не адышло. Як кажа тая ж прафесарка Петурсдоцір, іронія антрапацэну ў тым, што ён нараджаецца з умоў, дзе мінулае не далёкае ад нас, а праследуе нас. Гэта мінулае не трэба вяртаць або ратаваць – яно пагрозліва акружае нас паўсюль.
Але хочам мы ці не хочам яго пазбегнуць, матэрыял антрапацэну прыйдзе ў археалогію – магчыма, на шляху вынесе дзверы з нагі. Ужо пачаў прыходзіць. Як сказаў археолаг Пітэр Кэмпбэл, традыцыйныя паняцці археалогіі былі распрацаваны для вобласці навукі, якая сама цяпер у мінулым. Археалогія антрапацэну зусім іншая і патрабуе новых падыходаў. Каб паставіцца сур’ёзна да матэрыялаў накшталт марскога смецця, неабходна пашырыць разуменне археалагічных парэшткаў за межы чалавека і яго культуры. Гучыць няпроста для навукі, цэнтрам цікавасці якой звычайна завецца чалавек, хай сабе і праз яго матэрыяльныя рэшткі! З другога боку, простыя шляхі не вядуць да цікавых месцаў.
Напэўна, усе калісьці чулі філасофскае пытанне пра тое, ці выдае гук дрэва, што падае ў лесе, калі навокал няма нікога, каб пачуць яго. Калі спытаць не філосафаў, а археолагаў антрапацэну, дык праўда ў тым, што рэчы існуюць і па-за межамі нашага ўспрыняцця, і нават калі мы не ведаем пра іх існаванне. І час нам ужо гэта прызнаць. Тады ненаўмыснасць новых смеццевых пластоў будзе не праблемай для іх уключэння ў археалогію, а стане магчымасцю даследаваць гэты іншы бок рэчаў. Даследаваць тое, як рэчы перажываюць нас і як яны ўзаемадзейнічаюць адно з адным па-за нашым кантролем.
Колькі слоў пра гіпераб’екты
У гэтым сэнсе адзін від аб’ектаў лічыцца асабліва карысным для разумення антрапацэну і яго археалогіі – гіпераб’екты. Гэта такія рэчы, якія маюць у часе і прасторы маштаб нашмат большы за людзей. Сутнасці, расцягнутыя і складаныя настолькі, што іх бессэнсоўна ўспрымаць як нейкі адзінкавы аб’ект ці месца. Напрыклад, возьмем Вялікі выбух. Ён датуецца пачаткам часу (пачаткам усяго часу), а яго гравітацыйныя хвалі праходзяць праз нашы целы проста цяпер. Калі ўжо казаць пра яго месца ў прасторы, прыйдзецца прыводзіць увесь сусвет.
Іншымі прыкладамі такіх аб’ектаў можна назваць ледавік ці чорную дзіру. Яны могуць быць біялагічнымі, як біясфера ці калонія фітапланктону; могуць быць створаны чалавекам, як радыеактыўныя адкіды, выкіды вуглякіслага газу і марское смецце. Як можна заўважыць, менавіта антрапацэн багаты на створаныя чалавекам гіпераб’екты. Але, хоць і створаныя чалавекам, яны перасягаюць межы чалавека. Настолькі, што мы існуём унутры іх. І іх існаванне вырываецца за межы чалавечых намераў і мае нечаканыя праявы. Створаныя ў мінулым і сучаснасці, аб’екты – ад керамічнага аскепка і пластыкавай бутэлькі да радыеактыўных адкідаў – цягнуцца далёка ў будучыню. Асабліва гэта ўласціва радыяцыі, і трохі менш керамічным аскепкам. Карацей, будучым археолагам мы пакінем цікавую спадчыну.

Праз гэты вялікі маштаб гіпераб’ектаў і паўстаюць спецыфічныя праблемы ў іх успрыманні і метадах вывучэння. Як казаў Цімаці Мортан, які ўвёў паняцце гіпераб’ектаў, іх немагчыма цалкам назіраць – мы можам іх толькі ўявіць. Непасрэдна назіраць мы можам толькі нейкі аспект гіпераб’екта, праз які ён узаемадзейнічае з іншымі. Напрыклад, мы не можам непасрэдна назіраць глабальнае пацяпленне ці там эпідэмію і паказаць на іх пальцам (праз што бывае зручна адмаўляць іх існаванне).
Мы можам назіраць такія гіпераб’екты праз навуковыя прыборы і мясцовы досвед. У выпадку глабальнага пацяплення – праз цунамі, ураганы, сонечныя апёкі, выміранне каралаў. Усе гэтыя праявы з’яўляюцца не самім глабальным пацяпленнем, а наступствамі яго ўзаемадзеяння з іншымі аб’ектамі: акіянам, паветрам, нашай скурай, маленькімі марскімі жывёлкамі. Іронія зноў жа ў тым, што мы не можам назіраць, але не можам і пазбегнуць гіпераб’екта, якім бы далёкім ён не здаваўся. Але большая частка яго застаецца нябачная і невядомая нам – тая самая частка аб’екта па-за межамі чалавека.
Археалогія будучыні
Нарэшце, абмеркаваўшы столькі ўласцівасцяў новай геалагічнай эпохі антрапацэну, можам пафантазіраваць, якой будзе археалогія будучыні. Як мы ўжо высветлілі, існаванне і ўздзеянне ўжо створаных гіпераб’ектаў нікуды не дзенецца праз стагоддзі, а то і тысячагоддзі, таму можам смела абапірацца на іх у сваіх фантазіях. Бо далей болей яны будуць вызначаць сацыяльнае, палітычнае і культурнае развіццё нашага віду. Нават закінутыя чалавекам, мясціны не вяртаюцца ў сваю дачалавечую форму. Праз гэта і існуе археалогія.

Пра новыя матэрыялы і артэфакты мы трохі ўжо абмовіліся. Можна ўявіць сабе і пашырэнне паняцця археалагічных помнікаў на такія рэчы як ‘Вялікая смеццевая пляма’ ў Ціхім акіяне ці арбітальныя спадарожнікі, касмічныя станцыі, матэрыялы на Марсе і Месяцы. Бо так, рэшткі чалавечай дзейнасці выйшлі за межы Зямлі!
Радыяцыйны слой, які з’явіўся падчас першых атамных выпрабаванняў цяпер існуе паўсюль. Ужо цяпер крыміналісты па радыяцыі ў зубах адрозніваюць невядомых ахвяр, якія нарадзіліся да ці пасля 1945 года. Магчыма, лічыльнік Гейгера стане такой жа звычайнай прыладай археолагаў антрапацэну, якой зараз з’яўляецца металашукальнік.
Новыя падыходы спатрэбяцца і каб уключыць не такія ўжо матэрыяльныя парэшткі ў сферу археалагічнага даследавання. Дагэтуль археалогія абапіралася на цвёрдую матэрыю не таму, што нематэрыяльныя рэчы накшталт энергіі, пахаў, гукаў няважныя, а толькі таму, што нам бракуе метадаў іх вывучаць. Але вось фізікі вымяраюць гравітацыйныя хвалі як старажытную энергію Вялікага выбуху. Калі археалогіі імкнуцца даследаваць чалавечы досвед, матэрыяльная культура з’яўляецца толькі адным варыянтам, як гэта рабіць. Магчыма, археалогія будзе пашырыць метады вывучэнне чалавечай культуры на нематэрыяльныя аб’екты антрапацэну, такія як радыяцыя і вуглякіслы газ у атмасферы. Радыёхвалі першых чалавечых радыёперадач працягваюць зараз сваё падарожжа праз космас. Верагодна, яны і застануцца самымі трывалымі рэшткамі чалавечай культуры ў часе і прасторы.
Магчымасці і адказнасці
Фантазіі фантазіямі, але вернемся ў цяперашні час. Праз чалавечую схільнасць да кароткатэрміновых рашэнняў, што адпавядаюць выбарчым цыклам, ды засяроджанасць на эканамічным росце перадусім, становішча ў ім апынулася не вельмі спрыяльнае. І археолагі, як і іншыя людзі, задаюцца пытаннямі. Не толькі пытаннямі, як змена клімату зменіць археалогію. І не толькі пытаннямі, як археолагі павінны памяншаць свой вугляродны след: ці варта працягваць з міжнароднымі канферэнцыямі і падарожнічаць праз паўсвету на раскопкі. Але і пытаннямі, якую ролю іх навуковая сфера павінна адыгрываць у гэтым крызісе. Ці нясуць яны адказнасць як археолагі, а не толькі як жыхары планеты? І, нават, ці не з’яўляецца занятак археалогіяй толькі раскошай падчас катастрофы?
Гм, напэўна, калі хто палічыў археалогію раскошай і сышоў займацца чымсьці больш вартым, то яны будуць пісаць пра гэта іншыя артыкулы. Мабыць, без слова “археалогія” дзесьці ў назве. А я, вядома, прывяду меркаванне тых, хто лічыць археалогію карыснай і здольнай зрабіць свой невялічкі ўнёсак у агульныя намаганні.
Як археалогія пасуе вывучэнню антрапацэну
Варта адзначыць, што археалогія можа аказацца даволі добра прыдатнай для вывучэння створаных чалавекам глабальнага пацяплення, забруджвання, вымірання відаў і іншых новаўвядзенняў антрапацэну. Калі што, археалогія заўсёды займалася – ну так, смеццем. Вывучэннем рэшткаў дзейнасці людзей, якія трываюць праз стагоддзі, ці экалагічным следам чалавека. Рэчы заўсёды былі цэнтрам дзейнасці археалогіі. І, незалежна ад храналагічнага пачатку гэтых рэчаў, яна заўсёды мела справу з імі тут і цяпер, у момант сутыкнення з імі. Для гэтай дысцыпліны не новае разуменне таго, што “пасмяротнае жыццё” рэчаў – гэта даўжэйшая частка іх жыцця.
Па вызначэнні, археалогія займаецца працэсамі, якія адбываюцца на працягу доўгага часу: не толькі дзясяткаў ці сотняў гадоў, але і тысячагоддзяў чалавечай дзейнасці. І археолагі ўжо нешта ведаюць пра тое, як змяняліся з цягам часу клімат і экалагічныя ўмовы, у якіх жылі людзі. Як і пра тое, як чалавечыя супольнасці рэагавалі на паступовыя змены і на больш раптоўныя падзеі, накшталт лакальных катастроф.
Магчымы ўнёсак археалогіі

Сярод таго, што можа ўнесці ў пытанне змен клімату археалогія, першым варта назваць назапашваннем кліматычных і экалагічных дадзеных з археалагічных помнікаў. Мінулыя змяненні клімату выкарыстоўваюцца для мадэлявання будучых змен. Таксама можна пералічыць доўгі вопыт вывучэння ўзаемадзеяння прыроды і культуры і веды аб краху і адаптацыі чалавечых супольнасцяў, якія могуць дазволіць нам вучыцца на мінулым і рыхтавацца да будучыні. Археолагі таксама з’яўляюцца экспертамі ў чытанні стратыграфіі створаных чалавекам адкладаў і іх узаемадзеяння з прыроднымі пластамі.
Археолагі могуць унесці карысны ўклад у акадэмічныя, папулярныя і палітычныя дэбаты аб прагназаванні змяненняў клімату і прапанаванні звязаных з імі дзеянняў. Праз распаўсюд ведаў пра драматычныя наступствы таго, што само па сабе можа разглядацца як даволі нязначныя змены тэмпературы ці ападкаў, яны могуць паспрыяць адукацыйнай сферы. Напрыклад, калі казаць пра маштаб уплыву клімату на чалавечы від, варта адзначыць, што пачатак вытворчасці ежы і ўсе яго вынікі накшталт з’яўлення цывілізацыі – гэта падарунак працяглага лета пасля адступлення ледавікоў. І не больш чым 6 ̊C аддзяляе гэтае лета ад максімальнага паніжэння тэмпературы апошняга зледзянення.
Адукацыйнае пытанне асабліва важнае, бо да археалогіі і яе знаходак існуе адносна вялікая грамадская цікавасць, што дае хоць нейкі мінімальны шанец быць пачутымі. Магчыма, археалогія можа прапанаваць нават некаторыя рашэнні з мінулага да сучасных стратэгій землекарыстання і ўжывання водных рэсурсаў.
Нарэшце, па меркаванню археолага Пітэра Мітчэла, наша дысцыпліна знаходзіцца ў прывілеяваным становішчы, каб зразумець і асэнсаваць уплыў змены клімату на чалавецтва. І што гэта становішча прадугледжвае не толькі магчымасць унесці нешта істотнае і важнае, а адказнасць зрабіць гэты ўнёсак.