Працягваю расказваць свае бессэнсоўныя гісторыі з археалогіі, а менавіта той яе частцы, якая адбываецца ў лабараторыях. Каб даведацца, чаму некаторыя археолагі праводзяць столькі часу ў лабараторыях, ёсць цэлы пост пра спецыяльнасць біяархеалогію, таму паехалі.
Экскурсія ў першы дзень майго часовага гасцявання ў дэпартаменце геалогіі у нечым нагадвала першы дзень у археалагічнай лабараторыі. Іан, мой гід у свеце мікра-КТ сканавання*, прытарможвае перад выхадам з пакоя КТ: “Ах да, колькі слоў пра правілы бяспекі. Вось бачыш, калі я зачыняю дзверы, пачынае раўці сірэна і мігаць чырвоная лямпачка? Гэта значыць, у цябе ёсць 30 секунд перад тым, як запусціцца рэнтген, за якія ты павінна зрабіць адну з двух рэчаў. Націснуць на чырвоную кнопку вось тут альбо адчыніць дзверы. Лепей адчыніць дзверы, бо націсканне кнопкі вырубіць электрычнасць паўсюль”. Гэтыя ўцяжараныя дзверы, што закрываюцца паваротам рычага пад лязг і гукі сірэны, дагэтуль выклікаюць у мяне нейкую настальгію па олдскульным стралянкам накшталт Quake II.
*Тое ж КТ-сканаванне, але маленечкіх аб’ектаў. Напрыклад, чалавечага зуба.

Прыгожая зялёная пляма ва ўнутраным дворыку ў геолагаў аказалася не проста сажалачкай, а сістэмай ахалоджвання! Як ганарліва патлумачыў мне Іан, навошта купляць нятанны прамысловы маразільнік, калі можна проста засунуць трубы сістэмы ў свой стаў?
На трэці дзень працы я заўважыла вакол сажалкі маленькіх чырвоных пластыкавых жабак. Ёсць адчуванне, што нехта з геолагаў чулліва ставіцца да сваёй сістэмы ахалоджвання.
Я зноў баўлю час у археалагічных лабах.
Калега задуменна глядзіць на сваю руку: “Чорт.”
– Штосьці не так?
– Я праліла на сябе метанол, а ён не пячэцца… Вось думаю, я што, толькі што ўжывала разбаўлены метанол са сваімі ўзорамі?! …А не! Усё ў парадку, ужо запякло.
Я заўсёды забываю, што трэба ліць першым, калі змешваеш кіслату з вадой. Таму, каб зрабіць новы раствор, прашу нашых лабарантаў, каб метафарычна патрымалі мяне за руку. Яны ветліва іржуць, а потым прыпіраюцца абодва. Падбадзёраная ўпэўненымі настаўленнямі, я наліваю палову вады, адмяраю такую ж колькасць кіслаты і заліваю яе ў ваду. Адзінае што кіслата не ўваходзіць. Я рытарычна пытаю: “А палова гэтай бутэлькі дакладна будзе 0.75?” За чым надыходзіць тыповая хвіліна цішыні, пакуль мы ўсведамляем, што тры навуковыя супрацоўнікі разам не змаглі правільна падзяліць аб’ём бутэлькі напалову. У нашу абарону, гэта быў панядзелак.
Наступныя паўгадзіны мы насіліся і думалі, як давесці нашу кіслату да правільнай канцэнтрацыі: хто крэмзаючы вар’яцкія формулы, як адліць і даліць да патрэбнай прапорцыі (такая сабе ідэя з улікам таго, што мы і напалову падзяліць прыстойна не змаглі), хто шукаючы прыдатную пасудзіну большага памеру. Нарэшце, з цёмнага кута выцягваецца дзіўная запыленая бутэлька, дадаецца велізарная мензурка, адна з лабарантак распрацоўвае геніяльны ў сваёй прастаце план, шматпакутная кіслата разліваецца па двум пасудзінам і даводзіцца да патрэбная канцэнтрацыі. Мяне просяць хутчэй выкарыстаць тую частку ў дзіўнай бутэльцы, каб прыбраць яе з поля зроку і забыць пра гэты інцыдэнт.
Відавочна, так я і зрабіла, а заадно зрабіла лабарантам фота на памяць. Дзе яны стаяць перад выцяжной шафай з рознымі вымяральнымі шклянкамі ў руках. Белыя халаты ўдала надаюць людзям вельмі разумны выгляд, вось і яны выглядаюць вельмі разумнымі людзьмі, уцягнутымі ў даследчы працэс. А калі будуць паказваць фота з працы сваім зачараваным нашчадкам, проста не трэба тлумачыць, чым мы на самой справе ў гэты момант займаемся.
Наш кіраўнік лабараторыі павесіў новую тлумачальную шыльду. Чакаем, што наступная Інспекцыя аховы здароўя і бяспекі яе прыбярэ.


Наша каманда “Статак 3.0” зноў перамагла ў калядным квізе! Напэўна, перамогу нам прынёс раўнд “Чый гэта чэрап?” Цяпер я ўжо буду ведаць, што чэрап чарапахі выглядае як цмок Бяззубік з фільма “Як прыручыць цмока”! А можа, перамогай мы абавязаныя і майму ўлюбёнаму раўнду з адгадваннем жывёл на сярэднявечных малюнках. Гіпапатам, якога я адгадала ў мінулым годзе дагэтуль грэе мне сэрца.
На жаль, не ведаю, ці збярэцца калісьці “Статак 4.0”. Пачаліся размовы, што трэба разбіць каманду з дактарантаў і настаўнікаў у наступным годзе, а то магістарскія студэнты маюць дрэнныя шанцы. Але ж людзі статкавыя жывёлы, самі купкуюцца з тым, хто ім бліжэй.

Навуковая кіраўніца застала мяне ў момант фатаграфавання трафею з квіза ў пустой лабараторыі перадкалядным часам. “Напэўна, ты спадзявалася застаць тут кагосьці іншага?” – радасна спытала я. “Не, я спадзявалася нікога тут не застаць,” – адказала яна. Хіба гэта не святочны дух!