Археолагі ў раскопе

Гарачая акадэмічная спрэчка і нацыяналізм у дагісторыі

Паколькі мне падабаецца займацца тым бокам археалогіі, які адкрывае як мінулыя, так і сучасныя праблемы, гэты пост будзе тэарэтычным працягам артыкула пра Дарынгтан-Уолс. Тут акадэмікі паспрачаюцца, хто з іх нацыяналіст, і ці маюць навукоўцы нейкі ўплыў на тое, як грамадскасць успрымае іх вынікі. Нагадаю, Дарынгтан-Уолс – гэта вялікі хэндж побач са Стоўнхэнджам, дзе былі знойдзены рэшткі паселішча людзей – магчымых будаўнікоў Стоўнхэнджа – і спажывання імі вялікай колькасці буйной рагатай скаціны і свіней. Але героямі гэтага аповеду будуць не археалагічныя помнікі і знаходкі, а акадэмікі, якія іх вывучаюць.

Вызначаем бакі ў бітве

Даволі працяглы час я ўзважвала ў галаве ідэю напісаць пра Дарынгтан-Уолс. Ведаеце, усё ў тым жа ключы маёй прапаганды цікавасці да маленькіх ці паўсядзённых рэчаў: пасялення людзей, спажывання ежы, а не толькі мегалітаў. Урэшце рэшт, Дарынгтан-Уолс менш вядомы, чым Стоўнхэндж, можна і напісаць! З іншага боку, неяк выбар чарговага вялікага і магутнага помніка для паста не вельмі падыходзіць для прапаганды маленькіх рэчаў у жыцці. З трэцяга боку, прынамсі ўсе навокал гавораць пра такія помнікі, а вось ці цікава людзям чытаць твае захапленні нейкай мудрагеліста пабудаванай старой прыбіральняй замест мегалітычнага храма – гэта не выклікае ўпэўненасці.

Від на заходні вал Дарынгтан-Уолс з боку Вудхэнджа.
Вялікі і магутны Дарынгтан-Уолс, від на заходні вал (тая горка з авечкамі на заднім плане) з боку Вудхэнджа. Фота Psychostevouk

Так ці інакш, пасярод гэтай ментальнай барацьбы Дарынгтан-Уолс усплыў на апошняй у годзе сустрэчы нашай групы па тэарэтычнай археалогіі і адкрыў шэраг пікантных праблем, вартых абдумвання і апісання. Дарынгтан-Уолс апраўданы і ўхвалены! У выпадку ж нашага закрыцця года, тэмай навуковага абмеркавання ў бары было ўхіленне ад калегіяльнага тону, нейкая гарачая спрэчка па дробязі, але ў вельмі навуковых тэрмінах. У якасці такога прыкладу і абралі пару артыкулаў, звязаных з Дарынгтан-Уолс. Ці была ў дадзеным выпадку спрэчка па дробязі, рашайце самі, але хапала ў ёй і тэрмінаў, і абвінавачванняў у нацыяналізме.

Гаворка ідзе пра вось гэтыя чатыры артыкулы; тыя, хто чытаў папярэдні пост, могуць цьмяна ўспомніць што некаторыя з іх ужо згадваліся:

  1. Мэджвік, Р. і інш. (2019) «Мультыізатопны аналіз паказвае, што баляванні ў ваколіцах Стоўнхэнджа і ў Уэсэксе прыцягвалі людзей і жывёл з усёй Брытаніі» (спасылка)
  2. Барклай, Г.Дж. і Брофі, К. (2021) «Сапраўдны шавінізм дагісторыі»: нацыяналістычныя дагісторыі і «брытанскія» міфы позняга неаліту» (спасылка) – пад “дагісторыяй” маецца на ўвазе прынятае ў археалагіі вызначэнне пачатковага, дапісьмовага этапа гісторыі чалавецтва = дагістрычны этап
  3. Мэджвік, Р. і інш. (2021) «Сапраўдная блытаніна: выкарыстанне і злоўжыванне ізатопным аналізам у археалогіі» (спасылка)
  4. Барклай, Г. і Брофі, К. (2021) «Амфалос Брытаніі»: знакавыя помнікі і ландшафты, метадалагічны нацыяналізм і канцэптуальны кансерватызм у напісанні «брытанскай» перадгісторыі. Адказ Мэджвіку і суаўтарам 2021» (спасылка)

Праз некаторы тролінг у назвах ужо можна зразумець, што нешта адбывалася паміж гэтымі групамі аўтараў, якія мы абазначым “каманда М” і “каманда Б”. Калі вам даводзілася прадумваць свае словы так, каб спрачацца без бана ад мадэратара, навуковыя артыкулы – добры прыклад для прасунутых дуэлянтаў. Асабліва апошні з іх прадэманстраваў недасяжныя вяршыні майстэрства, бо аўтары проста папрасілі юрыстаў вычытаць мову іх артыкула (і самі ж паведамілі аб гэтым у артыкуле).

Бітва паміж М і Б: этап першы

Паслядоўнасць падзей такая. У 2019 годзе Мэджвік з калегамі апублікавалі даследаванне паходжання свіней, чые рэшткі былі раскапаны ў Дарынгтан-Уолс сярод іншых доказаў балявання. Гэта ізатопнае даследаванне зубоў свіней было гучна названа «Мультыізатопны аналіз паказвае, што баляванні ў ваколіцах Стоўнхэнджа і ў Уэсэксе прыцягвалі людзей і жывёл з усёй Брытаніі». Як зразумела з назвы, у ім сцвярджалася, што жывёлы, якіх елі ў Дарынгтан-Уолс, паходзілі з розных месцаў і нават з вялікіх адлегласцяў (болей дэталяў у папярэднім пасце). Гэтая гісторыя атрымала шырокі розгалас у міжнародных СМІ.

Годам пазней выйшла праца Барклая і Брофі пад назвай «Сапраўдны шавінізм дагісторыі»: нацыяналістычныя дагісторыі і «брытанскія» міфы позняга неаліту». У гэтым артыкуле яны прааналізавалі, як быццам бы агульнабрытанская дагісторыя апісваецца з пункту гледжання пераважна адной часткі Брытаніі: Уэсэкса. Яны лічылі праблемным, што некалькі вядомых і найбольш папулярных дагістарычных помнікаў у Уэсэксе, у раёне Стоўнхэнджа (напрыклад, сам Стоўнхэндж і наш Дарынгтан-Уолс) маюць у ёй нібыта «нацыянальную» або «яднальную» ролю. На погляд каманды Б, у аснове такога погляду ляжыць не што іншае, як (падсвядомае) нацыяналістычнае мысленне. Яны называлі папулярызацыю Стоўнхэнджа і звязаных з ім помнікаў як месца паходжання брытанскай ідэнтычнасці і брытанскага палітычнага адзінства “неалітычнымі міфамі” – інтэрпрэтацыяй мінулага, якая не з’яўляецца ні нейтральнай, ні аб’ектыўнай.

Фестываль у Стоўнхэнджы
Фестываль у Стоўнхэнджы, 1984 год, фота Salix alba. Проста ілюстрацыя таго, што Стоўнхэндж папулярны помнік.

І вось сярод прыкладаў таго, як ствараецца міф аб помніках вакол Стоўнхэнджа ў якасці цэнтра Брытаніі, каманда Б выкарыстала нядаўняе даследаванне Мэджвіка з суаўтарамі. Ну, не проста выкарыстала, вядома: яны раскрытыкавалі абмежаваныя і прадузятыя доказы таго, што некаторыя помнікі з’яўляюцца «цэнтрам», і асабліва анахранічныя і недарэчныя спасылкі на сучасную палітыку, з якімі даследаванне актыўна распаўсюджвалася ў СМІ. Тут маюцца на ўвазе выразы накшталт “неалітычнага Брэксыту” ў дачыненні да таго, што быццам адбывалася на астравах у каменным веку. І накшталт гаворкі пра “брытанскую ідэнтычнасць” у адносінах да людзей з неаліту.

Бітва паміж М і Б: этап другі

Пасля гэтага першага ўдару каманда М пакрыўдзілася і перайшла ў абарону (ці ў атаку?). Яшчэ праз год, у 2021 годзе – што для акадэмічнага выдавецкага працэсу ўяўляе даволі хуткае развіццё падзей – каманда М апублікавала цэлы артыкул з дасціпнай назвай «Сапраўдная блытаніна: выкарыстанне і злоўжыванне ізатопным аналізам у археалогіі». Тут яны радок за радком разграмілі Барклая і Брофі за тое, як яны няправільна зразумелі іх ізатопны аналіз – і ў канцы крыху адказалі на крытыку наконт шуміхі ў СМІ накшталт “ну што мы можам з гэтым зрабіць”.

Ветліва прапанаваўшы навукоўцам даведацца больш аб навуковых прынцыпах ізатопнага аналізу, каб пазбегнуць такіх няправільных абвінавачванняў, каманда М менш ветліва ў сваю чаргу абвінаваціла Барклая і Брофі ў нацыяналізме. Гэта павінна быць неяк звязана з тым, што Барклай і Брофі абодва з Шатландыі. Што ж, гэты апошні ўдар не стаў нечаканым – насамрэч, прадбачлівая каманда Б ужо ў сваім першым артыкуле прадказала, што іх крытыка нацыяналістычнай дагісторыі будзе адкінутая як сама па сабе нацыяналістычная. Заўсёды будзьце на крок наперадзе за свайго ворага!

Насамрэч, гэты артыкул нумар 3 у нашым спісе быў тым самым, які я прачытала першым з чатырох. І варта адзначыць, што я ўжо цалкам схілялася да боку каманды М, бо не знайшла ніякіх недахопаў у іх тлумачэнні навуковага працэсу. Але потым я прачытала нумар 4, той самы «адказ на адказ» ад яшчэ больш пакрыўджаных Барклая і Брофі. «Адказ Мэджвіку і суаўтарам 2021» быў апублікаваны ў тым жа 2021 годзе. Гэта той артыкул, дзе гутарка абвастрылася настолькі, што каманда Б запрасілі юрыстаў вычытаць мову іх тэкста. Здаецца, гэта сапраўды дапамагло зрабіць яго больш ветлівым, чым у апанентаў. Ачко ў іх карысць.

Карацей, з гэтага артыкула я са здзіўленнем даведалася, што, калі абвінавачванні і былі, яны датычыліся не столькі навуковага працэсу, колькі вось гэтай высновы пра “людзей і жывёл з усёй Брытаніі” – дэталь, якую каманда М цалкам прапусцілі. І што артыкул Мэджвіка і іншых быў не цэнтральнай тэмай, а толькі адным з многіх прыкладаў у аналізе развіцця неалітычнага міфа за апошнія 15 гадоў.

Вішанькай на торце з’яўляецца тое, што каманда Б амаль што працытавала месца і час, дзе прадстаўнікі апанентаў выкарысталі такія фразы, як “Брэксыт эпохі позняга неаліту” і “нараджэнне брытанскай ідэнтычнасці” – што Мэджвік з калегамі спрабавалі павесіць цалкам на СМІ. Карацей, выглядае на тое, што каманда М сапраўды прыклалі руку да стварэння хайпу вакол сваіх знаходак праз паралелі з гарачымі пытаннямі сучаснай палітыкі – што ў некаторай ступені праблематычна, калі гаворка ідзе пра каменны век.

За што была бітва

Пра што ўсе гэтыя людзі так горача спрачаліся і чаму лічылі гэта важным? Выглядае, што паспрачаліся пра мухі і катлеты. Барклай і Брофі прызналі, што зрабілі памылкі ў тым, як яны разумелі і выкарыстоўвалі прыклад ізатопных доказаў з артыкула апанентаў. Але яны стаялі на сваёй пазіцыі ў праблеме, якая была цэнтрам іх увагі: нацыяналістычным напісанні дагісторыі Брытаніі. Нягледзячы на ​​тое, што я магу цалкам паспачуваць крыўдзе каманды М на няправільнае выкарыстанне іх навуковага аналізу, менш спачування выклікае іх ігнараванне таго факту, што галоўная праблема была не ў іх метадах, а ў тым, як яны інтэрпрэтавалі і даносілі да грамадскасці свае вынікі.

Відавочна, што навуковыя даследаванні не існуюць у палітычнай ізаляцыі, і ў большасці сваёй навукоўцы мала кантралююць, як грамадскасць успрымае іх вынікі – але гэта не азначае, што ў іх няма абсалютна ніякіх сродкаў, каб паспрабаваць актыўна ў гэтым удзельнічаць. А тут аказваецца, што самі даследчыкі запусцілі такія фразы, як «неалітычны Брэксыт». Што зноў-такі зразумела, бо разгляд сучасных праблем абавязкова прыцягне ўвагу да загалоўкаў і, такім чынам, больш цікавасці і чытачоў да самога даследавання – а цікавасць азначае большае фінансавання!

Але што наконт этыкі? Калі мы пішам пра мінулае, мы ствараем мінулае. Выкарыстоўваючы словы Барклая і Брофі, «тое, як была расказана гісторыя, стала гісторыяй». Частка аналізу, праведзенага камандай Б адносна таго, як афармленне навін паўплывала на ўспрыманне даследавання чытачамі, паказала, што менш за чвэрць пракаментавалі само археалагічнае адкрыццё, у той час як усе астатнія перайшлі да каментавання палітычнай ідэнтычнасці, іміграцыі, прыхільнікаў і апанентаў Брэксыту, брытанскасці, расізму. Сітуацыя павінна быць знаёма тым, хто чытаў пра Чэдарскага чалавека – але здаецца, што роля саміх навукоўцаў у распальванні агню ў выпадку Чэдара была меншай.

Для тых, хто задаецца пытаннем, чаму зноў усплывае Брэксыт, дык гэта не таму, што я вельмі асабіста ў ім зацікаўлена. Проста Брэксыт закрануў не толькі грамадскія абмеркаванні, але і навуковыя даследаванні. У прыватнасці з пункту гледжання таго, як людзі спажываюць вынікі даследаванняў мінулага. Гэта тэма працягвае з’яўляцца ў акадэмічнай літаратуры з брытанскіх астравоў, закранаючы выкарыстанне мінулага ў сучаснасці – а вось гэта ўжо тэма, якая мяне цікавіць. Паводле Брофі ёсць нават “гіпотэза Брэксыту”, якая сцвярджае, што любое археалагічнае адкрыццё ў Еўропе можа і, верагодна, будзе выкарыстоўвацца для аргументацыі ў падтрымку або супраць Брэксыту.

Нарэшце, яшчэ адна прычына змагацца для навукоўцаў іншых рэгіёнаў Брытаніі (то бок, іншых акрамя рэгіёну Стоўнхэнджа) у тым, што ігнараванне ўсяго, што ляжыць паміж Аркнейскімі астравамі і Стоўнхэнджам, шкодзіць лёсу іх даследаванняў. Як у плане таго, што невялікі ўчастак крэйдавых сугор’яў Уэсэкса паглынае археалагічныя наратывы іх рэгіёнаў, так і ў практычным плане адцягвання рэсурсаў (напр. фінансавання) на гэты набор помнікаў.

Высновы

Час ужо выбраць найбольш важныя праблемы і завяршыць дыскусію. На мой погляд, адна з важных тэм Барклая і Брофі – гэта тое, што жыццёва важна вывучаць, як дагістарычныя даследаванні спажываюцца і выкарыстоўваюцца для падтрымання пэўных палітычных перакананняў у сучасным свеце. Не абавязкова свядома – насамрэч, каманда Б ніколі не сцвярджала, што даследаванні, якія яны разглядалі як стваральнікаў неалітычнага міфу, былі свядома нацыяналістычнымі. Такія тэмы ўзнікаюць несвядома з-за таго, што людзі не вывучаюць, як глыбока ўкаранёныя ўяўленні іх уласнага грамадства ўплываюць на іх напісанне мінулага. У прыватнасці, уяўленні пра тое, што частка грамадства прадстаўляе сабой нейтральную «норму», у параўнанні з якой толькі іншыя маюць адхіленні ў бок «нацыяналізму».

Апошняя праблема рэзануе не толькі з сітуацыяй на Брытанскіх астравах, дзе нацыяналізм разглядаецца як праблема для грамадства і археалогіі ў Ірландыі, Шатландыі і Уэльсе, але вось чамусьці да Англіі нацыянальныя пытанні не маюць дачынення. Яна мае даволі ўніверсальнае прымяненне: кіньце яе ў любы рэгіён з дамінавальнай нацыяй, і вы ўбачыце, як досвед дамінавальнай нацыі лічыцца нормай, а ўсе астатнія ацэньваюцца ў параўнанні з ёй як “нацыяналісты”.

Таму такія размовы і даследаванні патрэбны менавіта для самасвядомасці. І для таго, каб зразумець, як навуковыя вынікі ўспрымаюцца шырокай аўдыторыяй, і што стварае глебу для такіх наратываў. У іх выпадку каманда Б лічыла, што хаця б частка віны належыць структуры акадэмічнага свету, якая прымушае акадэмікаў дэманстраваць трансфармацыйную і міжнародную значнасць іх даследаванняў, каб быць апублікаванымі. Адсюль і гучныя загалоўкі, і спробы паказаць свой помнік цэнтрам сусвету. Але, канешне, прычыны могуць быць розныя.

Для заканчэння лепш за ўсё пасуе гэта цытата з Барклая і Брофі: “Праца ўсіх археолагаў залежыць ад многіх фактараў, якія маюць мала агульнага з мінулым, і самарэфлексія над гэтым захоўвае нязменную важнасць. Спадзяемся, мы далі пажытак для роздуму.”