Археолагі ў раскопе

Сардэчна запрашаю ў Дарынгтан-Уолс – неалітычную вёску вечарынак

Напэўна, усе вы чулі пра Стоўнхэндж? Гэты пост будзе не пра яго! Нашым героем будзе Дарынгтан-Уолс: помнік блізкі па часе, месцы і тыпу, але большы па памеры і з гісторыяй (напэўна, неблагога) жыцця на ім.

Хто з’яўляецца хэнджам, а хто не

Дарынгтан-Уолс – гэта хэндж. Можна было б дадаць “як і Стоўнхэндж”, але насамрэч кажуць, што тэхнічна Стоўнхэндж – гэта не хэндж. Хэнджы вызначаюцца як тып познанеалітычных помнікаў у Брытаніі, якія ўяўляюць сабой амаль кругавую агароджу, акружаную ровам і валам, пабудаваным за межамі рова. А ў Стоўнхэнджа, наадварот, роў знаходзіцца за валам, што тэхнічна не дае яму кваліфікавацца як хэндж.

Прыклад помніка накшаталт Дарынгтан-Уолс: хэндж у Эйвберы.
Прыклад хэнджа ў Эйвберы: справа налева камяні, роў і насып. Фота Adam Piontek

Але марнаваць час на вызначэнне, хто з’яўляецца сапраўдным хэнджам, а хто не, мне падаецца не вельмі цікавым. Усё ж гэта звычайная справа: спачатку вы адкрываеце адну рэч (напрыклад, агароджу з ровам), затым яшчэ адну ці дзве падобныя, і адразу пачынаеце спрабаваць укласці іх у прыгожую акуратную сістэму. Урэшце рэшт, наш мозг патрабуе ўкласці ўсю новую інфармацыю ў пэўныя скрыні з этыкеткамі. А потым вы знаходзіце чацвёртую ці пятую рэч, якая не зусім адпавядае апісанню, і ўся прыгожая сістэма, якую вы толькі што пабудавалі, развальваецца, і ніхто ўжо не ведае, што такое “сапраўдны” хэндж. Неяк так гэта сітуацыя для мяне выглядае. Так ці інакш, не падобна, што гэта пераклейванне этыкетак паглыбляе нашы веды аб мінулым, таму халера з імі.

Што за помнік Дарынгтан-Уолс

Спынімся на тым, што Дарынгтан-Уолс – важны цырыманіяльны комплекс у Вялікабрытаніі, размешчаны ў трох кіламетрах на паўднёвы захад ад Стоўнхэнджа. Побач з ім знаходзіцца яшчэ адзін цікавы хэнджавы помнік пад лагічнай назвай Вудхэндж. Дарынгтан-Уолс адносіцца да перыяду неаліту (новага каменнага веку), часу першых земляробаў у Брытаніі, і датуецца 2600-2400 гг. да н.э. Ён быў знойдзены адносна нядаўна – і ён велізарны! Як бы мы не змагаліся за іншыя каштоўнасці, памер мае значэнне. І звычайна дастаткова сказаць, што плошча Дарынгтан-Уолс у пяць разоў большая за Стоўнхэндж, каб забяспечыць яму ўвагу.

Ёсць у Дарынгтан-Уолс і мінусы. Стан яго захавання – гэта вялікая лыжка дзёгцю. Можа, у свой час ён сапраўды быў больш уражлівым, чым Стоўнхэндж. Але зараз сам помнік, скажам так, не вельмі бачны на зямлі ў якой-небудзь уражлівай форме (калі толькі ў вас не захоплівае дух ад трохі няроўных газонаў), таму з падборам фотаматэрыялаў пэўныя праблемы. Рэшткі насыпу і рова – усё, што бачна на паверхні. Але вы можаце намаляваць Дарынгтан-Уолс у сваім уяўленні.

Сучасны выгляд помніка Дарынгтан-Уолс
Сучасны выгляд помніка Дарынгтан-Уолс (так, няшмат на што глядзець на паверхні…). Фота Dietrich Krieger

Дарынгтан-Уолс размяшчаецца на крэйдавай глебе побач з ракой Эйвон. Ён мае 500 метраў у дыяметры і ахоплівае 17 гектараў, што робіць яго адным з найбуйнейшых вядомых хэнджаў. Наш герой раскопваўся ў 1966-1968 і ў 2004-2007 гадах. Падчас першых раскопак былі знойдзены рэшткі двух драўляных кругоў – Паўночнага і Паўднёвага – у межах акружнасці, намаляванай насыпам і ровам хэнджа. Схему кругоў можна пабачыць, напрыклад, у гэтай публікацыі. Ад Паўднёвага круга вёў брукаваны шлях да ракі Эйвон.

Праект схаванага ландшафту Стоўнхэнджа” працягнуў працу на помніках вакол Стоўнхэнджа, і дадаў хвалюючых дэталяў да карціны з дапамогай перадавых геафізічныя даследаванняў і шырокамаштабнага дыстанцыйнага зандзіравання глебы. Такія тэхналогія называюць “неінвазіўныя” (як у той жа медыцыне), бо яны дапамагаюць праводзіць даследаванні без разбурэння аб’екта даследавання. Для параўнання, такі метад як раскопкі разбурае археалагічныя пласты.

Дык вось, у 2015 годзе Праект схаванага ландшафту выявіў каля 90 камянёў, пахаваных у форме паўмесяца вакол Дарынгтан-Уолс. Найвялікшыя з іх дасягалі даўжынёй да 4,5 метраў. Напэўна, тут нашаму герою і дадалі мянушку “суперхэндж”. Гэты манументальны паўкруг быў пахаваны пад вонкавым насыпам Дарынгтан-Уолс. У нейкі час камяні былі наўмысна паваленыя і засыпаныя вялізным слоем зямлі, пад якім яны застаюцца дагэтуль. Раней жа лічылася, што толькі Стоўнхэндж і меншы хэндж у канцы шляху да яго мелі значныя каменныя збудаванні. Але ж вось, атрымліваецца, у Дарынгтан-Уолс была ранейшая каменная стадыя, магчыма сучасная або ранейшая за адпаведны этап Стоўнхэнджа.

У дадатак да гэтай знаходкі, былі выяўлены і каля 20 ці больш масіўных дагістарычных ям, што ўтвараюць вакол Дарынгтан-Уолс вялікі круг дыяметрам больш за 2 кіламетры. Самі ямы маюць дыяметры больш за 10 метраў і глыбіню 5 метраў. Радыевугляродныя даты паказваюць, што яны былі выкапаны прыкладна ў час пабудовы Дарынгтан-Уолс, магчыма, як яшчэ адна лінія мяжы вакол хэнджа.

Карацей, нават у помнікаў, якія вывучаліся на працягу дзесяцігоддзяў (а ў выпадку Стоўнхэнджа і стагоддзяў), могуць знаходзіцца ўсё новыя сюрпрызы. Але я хачу звярнуць увагу на іншы элемент комплексу Дарынгтан-Уолс. Пазнейшыя з двух раскопак на гэтым помніку выявілі неалітычнае паселішча – і калі яшчэ адзін велізарны каменны круг сам па сабе не дастаткова цікавы (што цалкам верагодна, калі вы адданы паслядоўнік апошніх археалагічных тэндэнцый), то тут становіцца цікавей.

Паселішча ў Дарынгтан-Уолс

Існаванне паселішча ў Дарынгтан-Уолс папярэднічае будаўніцтву масіўнага хэнджа на некалькі дзесяцігоддзяў. Шчыльныя пласты рэшткаў жыццядзейнасці былі знойдзеныя пад заходнім, усходнім і паўднёвым рукавамі хэнджа, што ўказвае на з’яўленне іх раней за насып, а магчыма ў хуткім часе пасля ці прыкладна адначасова з будаўніцтвам першага драўлянага круга і шляху. Насып з ровам, як і яшчэ два канцэнтрычныя кругі, былі дададзены пазней (мабыць, на некалькі соцень год) паверх некаторых пабудоў паселішча.

Атрымліваецца, паселішча ў Дарынгтан-Уолс сучаснае асноўнай каменнай фазе будаўніцтва Стоўнхэнджа (там была і ранейшая драўляная фаза). Такім чынам, ёсць вялікая верагоднасць, што гэта было паселішча тых рабочых, якія будавалі як Дарынгтан-Уолс, так і Стоўнхэндж. А таксама што Стоўнхэндж і Дарынгтан-Уолс былі пабудаваны як адзіны, звязаны шляхам комплекс каля ракі Эйвон.

Рэканструкцыя неалітычных дамоў, заснаваная на раскопках у Дарынгтан-Уолс.
Рэканструкцыя неалітычных дамоў, заснаваная на раскопках у Дарынгтан-Уолс. Фота Schools Prehistory

У паселішчы Дарынгтан-Уолс магло быць да 1000 пабудоў, і 7 добра захаваных падлог дамоў былі знойдзены пад усходнім уваходам хэнджа. Нягледзячы на адносна вялікую колькасць дамоў, гэтае паселішча было кароткачасовым: максімум яно выкарыстоўвалася каля 50 гадоў, пачынаючы з прыблізна 2500 года да н.э. У прыватнасці, нядаўняя праграма радыевугляроднага датавання астанкаў жывёл дала вельмі кароткі храналагічны дыяпазон для жыццядзейнасці помніка, паміж 2515 і 2460 гадамі да н.э. Пры гэтым паселішча было населена вялікай колькасцю людзей падчас яго функцыянавання. Улічваючы іншыя маштабы для “вялікай колькасці” у той час, тут маецца на ўвазе да некалькіх тысяч чалавек.

Керамічны посуд, знойдзены ў Дарынгтане
Керамічны посуд, знойдзены ў Дарынгтане, на выставе ў Цэнтры для наведвальнікаў Стоўнхэнджа ў Уілтшыры. Фота Ethan Doyle White

Усе гэтыя дэталі падмацоўваюць ідэю, што паселішча існавала з канкрэтнай мэтай, такой як будаўнічыя работы і кармленне людзей, якія ўдзельнічалі ў іх. У Дарынгтан-Уолс было знойдзена шмат рэшткаў, звязаных з ежай, такіх як кераміка і ямы з вялікай колькасцю костак жывёл. Гэтыя рэшткі ў асноўным інтэрпрэтуюцца як доказы балявання ці застолляў, і даюць добрае разуменне забеспячэння і арганізацыі будаўніцтва манументальных помнікаў. Напрыклад, гэта добра адпавядае тэорыі, што на будаўніцтве выкарыстоўвалася добраахвотная праца (у сэнсе, не заснаваная на рабстве, а не ў сэнсе нейкага вольнага фестывалю ў стылі “Burning Man”).

У параўнанні з Дарынгтан-Уолс, у Стоўнхэнджа няма доказаў шырокамаштабнага спажывання ежы, але затое ёсць пахаванні, якія не знойдзены ў Дарынгтан-Уолс. Пахаванні я люблю, але важныя і рэшткі жывёл. Ім прысвяцілі некалькі даволі сучасных па сваёй методыцы даследаванняў, на якія мы зараз і паглядзім.

Рэшткі балявання

Падчас асноўных раскопак у Дарынгтан-Уолс у 1966-1967 гадах былі знойдзены велізарныя колькасці рэшткаў жывёл, пераважна косткі свіней і буйной рагатай скаціны. Гэтае сведчанне балявання і прывяло да таго, што паселішча Дарынгтан-Уолс назвалі “вёскай вечарынак”. Ёсць некаторыя інтэрпрэтацыі гэтых рэштак жывёл, якія надаюць акцэнт на рытуальны характар або спалучэнне бытавых і цырыманіяльных дзейнасцей, і нават звяртаюць увагу на магчымае выкарыстанне жывёльнага тлушчу ў вытворчасці змазкі, каб паменшыць трэнне паміж санкамі і палазамі (гэта звязана з тэорыяй «змазаных санак» для транспарціроўкі мегалітаў для Стоўнхэнджа). Апошняя прапанова, канешне, не выключае спажыванне свіней у якасці ежы, а хутчэй іх шматмэтавае выкарыстанне. Таму сярод розных тэорый баляванне застаецца даволі бясспрэчнай дзейнасцю ў Дарынгтан-Уолс.

З набору жывёльных парэшткаў можна зрабіць некаторыя высновы наконт таго, як іх гатавалі. Напрыклад, абпаленыя канцы метаподзій (то бок, шкілетных канцавін), што часта сустракаюцца сярод парэштак, сведчыць пра тое, што тушы жывёл смажылі цалкам. Але вялікае пытанне, якое зацікавіла навукоўцаў – гэта як і адкуль дастаўлялі ўсіх гэтых жывёл для спажывання.

З пункту гледжання “як” пытанне палягае ў асноўным у тым, ці перамяшчалі жывёл жывымі альбо забітымі і апрацаванымі перад транспарціроўкай. І, выглядае, што гэта пытанне так і застаецца адкрытым. Для буйной рагатай жывёлы даследчыкі Вінер і інш. (2010) заключаюць, што часткі цела прадстаўлены даволі роўна, што сведчыць пра тое, што жывёлы былі прывезены на месца жывымі (і, адпаведна, трапілі туды цэлымі, а не толькі іх пэўныя часткі). Наконт свіней Мэджвік і інш. (2019) сцвярджаюць, што яны дрэнна прыстасаваны для перамяшчэння на вялікія адлегласці, але транспарціроўка кансерваванай свініны таксама малаверагодная. Справа ў тым, што, як і ў выпадку з ялавічынай, чарапы і канцавіны знаходзяцца ў вялікай колькасці, а гэтыя часткі тушы былі бы выдаленыя перад кансервацыяй. Акрамя таго, свініна даволі хутка псуецца, і няма значных доказаў якой-небудзь перадавой кансервацыі мяса ў неалітычнай Брытаніі. Пытанні, пытанні.

А вось наконт той часткі нашага вялікага пытання, якая тычыцца “адкуль”, выглядае, што жывёл, якіх елі ў гэтай вечарыначнай вёсцы, верагодна, прывозіліся з розных месцаў, і, магчыма, з даволі вялікіх адлегласцей. Менавіта каб высветліць, адкуль прывозілі ежу, навукоўцы выкарысталі вышэйзгаданыя сучасныя метад: даследаванне ізатопаў стронцыю і іншых элементаў. І група даследчыкаў на чале з Сарай Вінер, якія вывучалі зубы буйной рагатай жывёлы, і Мэджвік з камандай, якія засяродзіліся на зубах свіней, выявілі, што значная частка жывёл мела ізатопныя подпісы стронцыю, якія дастаткова моцна адрозніваліся ад мясцовых. З гэтага вынікае, што тыя жывёлы не маглі быць вырашчаны ў ваколіцы Дарынгтан-Уолс. Іх ізатопныя подпісы паказвалі на разнастайнасць месцаў паходжання, магчыма, уключаючы месцы за 100 кіламетраў ад Дарынгтан-Уолс ці нават Шатландыю.

Нарэшце падбіраемся да высноў. І выснова, якую зрабілі ў дадзеным выпадку прынамсі Мэджвік з камандай, кажа, што група помнікаў са Стоўнхэнджам і Дарынгтан-Уолс была настолькі важная, што ў яе забеспячэнні ўдзельнічала ўся неалітычная Брытанія. Альбо, па меншай меры, што манументальныя помнікі прыцягвалі людзей з розных рэгіёнаў, верагодна, з цырыманіяльных прычын – як больш сціпла сцвярджаюць Вінер з камандай.

Праблема ў тым, што ёсць шмат эквіфінальнасці ў інтэрпрэтацыі вынікаў аналізу стронцыю – то бок, існуе шмат розных шляхоў фармавання аднаго і таго ж ізатопнага подпісу. Гэта значыць, што лічбы стронцыю могуць паказаць, што нешта не з’яўляецца мясцовым – то бок не паходзіць з той жа геалагічнай прасторы – але яны не вельмі карысныя для вызначэння таго, адкуль нешта паходзіць.

Насамрэч, гэта не адзіная праблема з нашай прыгожай высновай, але спроба паведаміць пра іншую парадзіла зашмат тэксту, таму я зноў перанясу тэарэтычную частку абмеркавання даследаванняў у асобны допіс. Бо праблемы – хлеб навукі і суперфуд крытычнага мыслення ў цэлым! Пакуль жа мы можам па меншай меры пагадзіцца, што няма адзінага відавочнага месца паходжання спажываных жывёл, і таму, напэўна, яны паходзілі хаця б з некалькіх розных месцаў.

Наступным жа разам раскрыю, чаму выснова пра ўдзел усёй неалітычнай Брытаніі ў забеспячэнні ежай будаўнікоў Стоўнхэнджа выклікала незадаволенасць некаторых іншых навукоўцаў, і як навукоўцы выказваюць сваю незадаволенасць (чытай: гарачую нянавісць) у акадэмічных колах. Але возьмем цытату аднаго з бакоў спрэчкі ў якасці невялікага спойлера: як сказалі Барклай і Брофі (2021), праблема вырастае хутчэй з таго, як арганізаваны сучасны акадэмічны свет, чым з таго, што адбывалася са свіннямі на ў неаліце. І падаецца мне, гэта справядліва для хіба што не ўсіх нашых спрэчак пра мінулае. Не менавіта тое, што заўсёды вінавата акадэмія, а тое, што яблык разладу паходзіць з сучаснасці.

Некалькі асноўных артыкулаў па тэме

  • Barclay, G.J. and Brophy, K. (2021) ‘“A veritable chauvinism of prehistory”: nationalist prehistories and the “British” late Neolithic mythos’, Archaeological Journal, 178(2), pp. 330–360. Available at: https://doi.org/10.1080/00665983.2020.1769399.
  • Craig OE, Shillito L-M, Albarella U, et al. Feeding Stonehenge: cuisine and consumption at the Late Neolithic site of Durrington Walls. Antiquity. 2015;89(347):1096-1109. doi:10.15184/aqy.2015.110
  • Madgwick, R. et al. (2019) ‘Multi-isotope analysis reveals that feasts in the Stonehenge environs and across Wessex drew people and animals from throughout Britain’, Science Advances, 5(3), p. eaau6078. Available at: https://doi.org/10.1126/sciadv.aau6078.
  • Viner, S. et al. (2010) ‘Cattle mobility in prehistoric Britain: strontium isotope analysis of cattle teeth from Durrington Walls (Wiltshire, Britain)’, Journal of Archaeological Science, 37(11), pp. 2812–2820. Available at: https://doi.org/10.1016/j.jas.2010.06.017.