Археолагі ў раскопе

Кніга мёртвых: дапаможнік на шляху ў рай Старажытнага Егіпта. Частка 1.

У рэшце рэшт я не магу не аддаць належнае аднаму з маіх любімых артэфактаў і самаму важнаму аб’екту ў “Муміі” – Кнізе мёртвых! Для тых, хто не чытаў – прыйшоў ваш час, я збіраюся прайсціся па зместу і працытаваць некаторыя загаворы, вядома, з дадаткам асабістых каментароў пра тое, наколькі яны карысныя ў замагільным жыцці або хаця б у нашых намаганнях вывучаць жыццё ў Старажытным Егіпце. Але, відавочна, мне варта пачаць з таго, чым Кніга з’яўляецца – ці, дакладней, чым яна не з’яўляецца. Таму давайце паглядзім на яе матэрыяльную форму і гісторыю, а наступным разам я перайду да балбатні пра змест.

Чым з’яўляецца Кніга мёртвых

Кніга мёртвых з фільма "Мумія"
Кніга мёртвых у руках жраца Імхатэпа, варыянт з фільма “Мумія” (1999)

І першае, што варта адзначыць, – гэта тое, што Кніга мёртвых не з’яўляецца “кнігай” у сучасным разуменні гэтага тэрміна. Яна не з’яўляецца кнігай ні ў канцэпцыі апавядання, ні ў фізічным фармаце. Сучасныя кнігі з іх пераплеценымі старонкамі з’яўляюцца нашчадкамі “кодэкса”: фармату, у якім пергамент або папірус складалі і разразалі для атрымання разваротных старонак, а потым пакрывалі дрэвам і скурай. Фармат кодэкса стаў распаўсюджаным у Старажытным Егіпце толькі пасля II стагоддзя нашай эры. Да таго часу і некаторы час пасля асноўным фарматам для “кніг” у Старажытным Егіпце быў скрутак папірусу – і, улічваючы перыяд часу, да якога належыць Кніга мёртвых, вельмі малаверагодна, што яна калі-небудзь выглядала такім чынам, як на скрыншоце з “Муміі”.

Зараз давайце паспрабуем высветліць, чым Кніга мёртвых усё ж з’яўляецца, і пачнем з назвы.

Сапраўдная назва так званай Кнігі мёртвых

Кніга мёртвых – сучасная назва. Агульная назва Кнігі мёртвых у фіванскі перыяд Егіпта (~1500-1000 г. да н.э.), і, верагодна, таксама да гэтай даты, была pert em hru. Гэтыя словы па-рознаму перакладаюць як “праяўлены ў святле” ці “выйсці з дня”. Дзень тут разглядаецца як жыццё чалавека, якое абмежавана часам і тым сумным фактам, што чалавек не можа змяняць свой знешні выгляд ці форму; яго дзень мае раніцу і вечар. Выйсці з дня – гэта вызваліцца ад усіх гэтых абмежаванняў і атрымаць магчымасць прымаць якія заўгодна формы па свайму жаданню. Здаецца, формы птушак былі даволі папулярнымі сярод гэтых жаданняў, але пра гэта наступным разам.

Кніга мёртвых Ані: віньетка з ба памерлага
Віньетка з Кнігі мёртвых Ані: ба памерлага Ані лунае над яго муміяй. Факсіміле Э. А. Уоліса Баджа, апублікаванае Джэймсам Васерманам

Таксама “выходзіць днём” адносіцца да душы, якую на егіпецкай мове называюць ба: а менавіта да яе здольнасці пакідаць магілу, птушкай вылятаць на дзённае святло і далучацца да бога сонца ў яго падарожжы па нябёсах. Хто чытаў мой ранейшы пост, пра ба і ка павінны ведаць.

І вось гэты загаловак пра дзень быў агульным абазначэннем, якое магло прымяняцца амаль да любой пахавальнай кампазіцыі. Насамрэч ён ужо з’яўляўся ў Тэкстах трун (ці Тэкстах саркафагаў), пра якія скажу ніжэй, і працягваў з’яўляцца ў перыяд Пталемеяў (332-30 да н.э.) у Кнігах Дыхання – і гэта вядзе нас да другога важнага факта пра кнігу.

Паходжанне і варыянты тэкстаў

Тэксты пірамід, Тэксты трунаў і Кніга мёртвых – гэта ў значнай ступені версіі і перагляды адных і тых жа тэкстаў. Назву “Кніга мёртвых” егіптолагі звычайна даюць выданням буйнейшых твораў, зробленых у XVIII і наступных дынастыях. Некаторыя аўтары нават шырока выкарыстоўваюць назву “Кніга мёртвых” у адносінах да ўсіх пахавальных тэкстаў.

Думаю, варта падкрэсліць: падзел заклёнаў на Тэксты пірамід, Тэксты трунаў і Кнігу мёртвых з’яўляецца адвольным пагадненнем сучасных навукоўцаў. Гэты падзел адлюстроўвае наша бачанне перыядаў іх развіцця ад Тэкстаў пірамід у Старым Каралеўстве да Кнігі мёртвых у Новым, а таксама тое, дзе іх пісалі: на сценах грабніц, трунах, ці на папірусе. Відавочна, што для старажытных егіпцян усе гэтыя кампазіцыі існавалі ў адным кантынууме.

Функцыя Кнігі мёртвых для старажытных егіпцян

Нарэшце паглядзім на функцыянальны аспект Кнігі мёртвых. Прасцей кажучы, гэта набор пахавальных тэкстаў. Не так проста кажучы, чытанне гэтых рэлігійных тэкстаў павінна было забяспечыць памерлым бесперашкодны шлях да Бога на тым свеце, дазволіць ім пераадолець супраціўленне ўсіх прывідных ворагаў і забяспечыць ім новае жыццё ў праслаўленым целе на нябёсах. Такі вось квест. Прынамсі, для старажытных егіпцян у гэтым была функцыя дадзеных тэкстаў.

Гатовы скрутак (як вы ўжо ведаеце, гэта быў менавіта скрутак папірусу) хавалі разам з уладальнікам: альбо клалі на саркафаг, альбо на само цела, альбо ў спецыяльную ёмістасць – каб яго бачыў толькі ка памерлага, і болей ніхто з вонкавага свету жывых.

Сапраўдны сэнс раздзелаў, з якіх складаецца Кніга, заключаецца не ў апісанні таго, што сказана ў іх назвах; гэта чароўныя словы, чытанне якіх павінна прыносіць вынік, пазначаны ў назве. Іншымі словамі, яны чыталіся як заклінанні, а не як мы чытаем прыгодніцкую ці там іншую кнігу. Гэта цалкам лагічна, мяркуючы па тым, што мы ведаем аб егіпецкіх вераваннях. І гэты аспект важна памятаць, калі мы спрабуем зразумець, што адбываецца ў Кнізе.

Вытокі і гісторыя Кнігі мёртвых

Самы ранні тэкст, які чытаўся пры пакладанні цела ў магілу, быў складзены ў Егіпце задоўга да часоў цара Нармера (першага гістарычнага караля Егіпта, ~3000 г. да н.э.). Мяркуючы па шматлікіх урыўках у копіях, напісаных іерогліфамі на пірамідах Унаса (апошняга цара V дынастыі, 2500-2400 гг. да н.э.) і Тэці, Пепі I, Мерэнрэ і Пепі II (каралёў Vl дынастыі, 2345-2181 г. да н. э.), нават у той далёкі час пісцы былі збянтэжаныя і наўрад ці цалкам разумелі тэксты, якія бачылі перад сабой. Паводле самых умераных ацэнак, пэўныя раздзелы Кнігі мёртвых, вядомыя з гэтых грабніц, старэйшыя за тры тысячы гадоў да нашай эры.

Тэксты піраміды Тэці ў Саккары
Тэксты піраміды Тэці ў Саккары, каля 2330 г. да н.э. Аўтар фота Richard Mortel

Насамрэч, самая старажытная форма або выданне Кнігі мёртвых (будзем разумець тут пад гэтай назвай увесь кантынуум пахавальных тэкстаў, у тым ліку з грабніц і трунаў) не дае ніякай інфармацыі адносна перыяду, калі яна была складзена. Але копія тэксту, напісанага на труне Менту-Хэтэп, каралевы Xl-й дынастыі (каля 2500 г. да н.э.) паведамляе нам, што раздзел 64 быў знойдзены падчас праўлення Хэсэп-ці, пятага караля I дынастыі (каля 3000 г. да н.э.). Ён таксама прыпісваецца Хэсэп-ці ў папірусах XXI дынастыі (Трэці прамежкавы перыяд Егіпта, 1069 – 656 да н.э.).

У папірусе Іуау гістарычная рубрыка да главы 64 абвяшчае: “Гэты раздзел быў знойдзены ў падмурку Андыунну (храма Геліёпаліса) наглядчыкам муляроў у часы караля Верхняга і Ніжняга Егіпта Сепці. Таямнічыя фігуры, якіх ніхто не бачыў і не глядзеў” — гэта азначае, што кніга была напісана старым пісьмом. Карацей, раздзел 64 лічыўся “вельмі старажытным, вельмі таямнічым і вельмі цяжкім для разумення” ужо за 15 стагоддзяў да нашай эры. Да таго ж гэты раздзел з’яўляецца скарочаным варыянтам усёй Кнігі мёртвых. Хоць і ўтрымліваў не ўсю рэлігійную дактрыну егіпцян, ён меў каштоўнасць, эквівалентную цэлай кнізе.

Тэксты пірамід, якія можна разглядаць як найстарэйшую форму Кнігі мёртвых, не даюць ніякага паняцця аб аўтарстве. У той жа час відавочна, што ў іх уносілі змены, і з цягам часу некаторыя гістарычныя падзеі былі адлюстраваны ў тэксце. Лічыцца, што Тэксты пірамід – гэта версіі старажытных рэлігійных кампазіцый, створаных святарамі школы Іуну (метраполія ў Ніжнім Егіпце, таксама вядомая як Геліёпаль) падчас першых 6 дынастый Егіпта.

Такім чынам, большасць заклёнаў Кнігі з’яўляюцца ўжо ў Тэкстах пірамід і Тэкстах трун, у той час як тая іх форма, якую мы называем Кнігай мёртвых, уводзіцца ў канцы 2-га Прамежкавага перыяду Егіпта (1650 – 1550 да н.э.).

Састаўныя часткі Кнігі мёртвых

Тэкст

Зараз мы разгледзім, з чаго можа складацца Кніга мёртвых. Першы складнік – гэта, відавочна, тэкст. Ёсць 192 вядомыя загаворы, якія называюць главамі ці раздзеламі (як згаданы вышэй раздзел 64). Ні адзін асобны скрутак не змяшчае ўсіх раздзелаў разам. Выбар раздзелаў для папіруса, здаецца, належаў пакупніку або пісцу, але некаторыя з іх, верагодна, лічыліся неабходнымі, а іншыя апцыянальнымі.

Тэкст звычайна напісаны чорным чарнілам у выглядзе радоў іерогліфаў, якія аддзяляюцца адзін ад аднаго чорнымі лініямі; назвы главаў або раздзелаў, а таксама некаторыя часткі раздзелаў і рубрыкі (пра рубрыкі пагаворым ніжэй) пішуцца чырвоным чарнілам.

Раздзелы ўяўлялі сабой шэраг асобных кампазіцый, якія, як і раздзелы Тэкстаў пірамід, не мелі фіксаванага парадку ні на трунах, ні ў папірусах. Аднак у адрозненне ад гэтых тэкстаў, за вельмі нешматлікімі выключэннямі, кожная кампазіцыя мела спецыяльны загаловак і віньетку, якія ўказвалі на яе прызначэнне.

Віньеткі

Віньеткі – гэта ілюстрацыі, якія паказваюць сцэны замагільнага жыцця. Першапачаткова тэкст быў найважнейшай часткай твора; аднак паступова бліскуча выкананыя віньеткі атрымлівалі ўсё больш і больш увагі. У многіх выдатных папірусах фіванскага перыяду відаць, што ўвесь план віньетак папірусаў быў выкладзены мастакамі, якія часта не пакідалі дастаткова месца для тэкстаў да гэтых віньетак. Што ж, здараецца.

Кніга мёртвых Ані: тэкст, віньеткі і рубрыкі
На гэтым аркушы з Кнігі мёртвых Ані можна ўбачыць тэкст чорнага колеру з чырвонымі загалоўкамі пяці загавораў, каляровыя віньеткі і рубрыку загавору 42, таксама ў чырвоным. © The Trustees of the British Museum

Рубрыкі

Нарэшце, рубрыкі: многія загаворы маюць інструкцыі па іх выкарыстанні. Гэтыя інструкцыі звычайна пісаліся чырвоным колерам, як і назвы загавораў, і зараз называюцца рубрыкамі. У некаторых выпадках рубрыкі апісваюць, як планавалася выкарыстоўваць заклён у спалучэнні з пэўным амулетам. Напрыклад, глава 30B – гэта заклён, які перашкаджае сэрцу асудзіць чалавека ў зале суда. Звязаная рубрыка загадвае, што заклён трэба напісаць і прачытаць на скарабеі, зробленым з зялёнага каменя (у канцы тут будзе такі скарабей). А ў згаданым раней папірусе Іуау, напрыклад, ёсць гістарычная рубрыка, якая апісвае, як заклён 64 быў знойдзены ў сцяне падмурка.

Заўважым яшчэ раз, што для Кнігі мёртвых варыяцыі былі правілам; няўлоўнасць вызначэння таго, што менавіта яна сабой уяўляе, пацвярджае ідэю аб тым, што Кніга мёртвых – гэта сучасная канструкцыя нашага ўяўлення.

Археалагічныя крыніцы

Цяпер, пасля таго, як мы ўбачылі версію Кнігі мёртвых з “Муміі” і разгледзелі некаторыя праблемы з гэтым вобразам, давайце паглядзім на некалькі рэальных прыкладаў Кнігі мёртвых. Некаторыя з гэтых матэрыяльных прадметаў, якія мы называем прыкладамі Кнігі мёртвых, – папірусы. Але будуць і іншыя аб’екты, бо тыя самыя заклёны маглі пісаць на розных прадметах (памятайце, гэта для нас існуе “кніга”, для егіпцян была серыя заклёнаў шырокага ўжывання).

Кніга мёртвых у выглядзе скруткаў папірусу

Унізе можаце пабачыць знакаміты папірус Ані, што быў знойдзены ў Фівах і набыты Брытанскім музеем. Ён мае памеры 24 на 40 см і з’яўляецца самым доўгім вядомым папірусам фіванскага перыяду, а таксама найлепш захаваным і праілюстраваным. Ён змяшчае ~60 раздзелаў Кнігі мёртвых, амаль усе з якіх суправаджаюцца віньеткамі. Першы раздзел даўжынёй 5 метраў быў напісаны спецыяльна для Ані, а астатнія былі аднымі з тых гатовых копій, у якіх пакінуты пустыя месцы для ўстаўкі імя нябожчыка. Зыходзячы з яго тытулаў, Ані быў каралеўскім пісцом, бухгалтарам боскіх ахвяраванняў і кіраўніком жытніцы ўладароў Абідаса (якога менавіта караля невядома, але папірус датуецца XVIII дынастыяй, а менавіта 1500-1400 гадамі да н.э.).

Кніга мёртвых, папірус Ані: тэкст заклёна 1, віньетка з выявай пахавальнай працэсіі
Гэты аркуш паказвае пахавальную працэсію Ані, якая рухаецца да яго магілы. Панарад з носам і кармой лодкі, падобнай на лодку бога сонца, цягнуць два валы; на ім стаіць антрапоідная (то бок, чалавекападобная па форме) труна. Жрэц ва ўборы з леапардавай скуры павярнуўся да труны, каб памахаць дабравоннямі. Удава Ані стаіць збоку на каленях, слёзы сцякаюць па шчацэ з яе падведзеных вачэй. За ёй ідуць іншыя смуткоўцы і цягнецца павозка з куфрам, у якім стаяць сасуды-канопы. У верхнім рэгістры слугі Ані нясуць некаторыя рэчы, якія будуць пакінутыя з ім у грабніцы: напрыклад, яго палітру пісца. Крыніца: Buchsweiler, CC0, праз Wikimedia Commons

Папірус Іуіі з’яўляецца яшчэ адным добрым узорам Кнігі мёртвых, які належыць да 18-й дынастыі, праўлення караля Аменафіса III. Ён мае памеры 9 м 70 см і змяшчае 40 раздзелаў (адзін з якіх быў раней невядомы). Выключна, у ім ёсць і прыгожыя ілюстрацыі, і добры тэкст. Гэта быў адзін з папірусаў, падрыхтаваных загадзя. У пары віньетак, дададзеных спецыяльна для Іуіі, былі адлюстраваны яго індывідуальныя асаблівасці – напрыклад, стары ўзрост Іуіі на момант смерці мастак спрабаваў паказаць, намаляваўшы яму даволі белы парык. У сцэне пакланення Асірысу з Іуіяй фігуруе яго жонка. Як і Ані, Іуія быў высокім чыноўнікам: ён меў тытулы пячатканосца або канцлера і “адзінага сябра” караля; плюс ён быў цесцем караля. Таксама Іуія быў іншаземцам, верагодна, семіцкага паходжання.

Папірус Небкеда, яшчэ аднаго пісца, напэўна, адносіцца да часоў 18-й дынастыі (1400-1350 да н.э.). Апроч іншых прыгожых віньетак, там можна пабачыць і тыповую сцэну з пакланеннем богу Асірысу.

Кніга мёртвых Небкеда: віньетка з пісцом перад Асірысам
Памерлы пісец Небкед перад Асірысам, падняўшы рукі ў знак пакланення. Бог, апрануты ў белае, сядзіць на сваім троне. Перад богам ляжаць харчы і іншыя ахвяраванні. Крыніца: Cornischong праз Luxembourgish Wikipedia.

Папірусы, на якіх напісаны такія тэксты, адрозніваюцца па даўжыні ад 1 да прыкладна 9 м і па шырыні ад 20 см да 45 см. Кнігі былі рознага аб’ёму, магчыма, прапарцыянальна заплачанай за іх цане. Верагодна, у той час Кнігі мёртвых былі прыбытковым бізнесам.

Іншыя прадметы з тэкстамі заклёнаў

Фаянсавая фігурка шабці
Фаянсавая фігурка ўшабці, 664–343 гг. да н.э. Крыніца: Theodore M. Davis Collection, Bequest of Theodore M. Davis, 1915

Паколькі Кніга мёртвых была зборнікам асобных кампазіцый, тэкст з’яўляецца на многіх іншых носьбітах, акрамя папіруса, бо кожнае заклінанне магло быць упісана асобна. Загаворы пісаліся на ўсіх даступных носьбітах, у тым ліку на папірусах, скуры, льняных бінтах, футаралах мумій, трунах, саркафагах, пахавальных фігурах, стэлах, магічных цаглінах і сценах грабніц. Фактычна, заклінанні Кнігі мёртвых часта пісаліся адразу ва ўсіх гэтых месцах для тых людзей, якія маглі сабе гэта дазволіць. Для каралёў і каралеў Новага Каралеўства было звычайнай справай упісваць наборы заклёнаў альбо на аб’екты пахавальнага інвентару, альбо, асабліва ў пазнейшым Новым Каралеўстве, на сценах сваіх пахавальных камер.

Раздзел 6, так званы заклён ушабці, відавочна, меў вельмі асаблівую мэту, звязаную з пахавальнымі статуэткамі ўшабці. Яго наносілі на фігуры, каб яны выконвалі працу ад імя нябожчыка. Вядома, каму захочацца працаваць самому яшчэ і пасля смерці? Бадай, не дзеля гэтага ты столькі рыхтаваўся да свайго замагільнага жыцця.

Пэўныя дробныя вытрымкі таксама наносіліся на амулеты. Раздзел 30, напрыклад, быў вядомы як “загавор аб тым, каб не даць сэрцу нябожчыка супрацьстаяць яму ў царстве мёртвых” і звычайна наносіўся на скарабеяў-сэрцы. Гэта былі папулярныя амулеты, бо для старажытных егіпцян сэрца было цэнтрам жыцця, мыслення, памяці і маральных каштоўнасцей. Калі жыццё было няправедным, сэрца памерлага на апошнім судзе з’ядаў монстр, таму амулет для забеспячэння станоўчага рашэння быў вельмі важным рыштункам. На плоскай ніжняй частцы скарабея звычайна і ўпісваўся раздзел 30 Кнігі мёртвых.

Скарабей-сэрца Хатнефер з заклёнам 30A з Кнігі мёртвых
Скарабей-сэрца Хатнефер, Новае Каралеўства, ~1492–1473 гг. да н.э., серпентыніт і золата. На аснове скарабея выгравіраваны варыянт раздзела 30A Кнігі мёртвых, у якім Хатнефер просіць уласнае сэрца не сведчыць супраць яе падчас апошняга суда ў замагільным свеце. Крыніца: Rogers Fund, 1936

На гэтым, спадзяюся, мы досыць даведаліся пра гісторыю паходжання, функцыю, складнікі і фізічныя формы Кнігі мёртвых, і можам наступным разам са спакойнай душой звярнуцца да зместу.

Літаратура, калі каму трэба больш

Калі хто цікавіцца, адкуль гэтая інфармацыя бралася, то, на маю памяць, з большага з гэтых крыніц:

  • Budge, E. (1895) The Book of the Dead: the Papyrus of Ani, 1st ed. London: Harrison & Sons.
  • Davis, T. (1908) The Funeral Papyrus of Iouiya, 1st ed. London: Archibald Constable & Co., Ltd.
  • Lichtheim, M. (1976) Ancient Egyptian Literature, vol. 2, The New Kingdom, 1st ed.
  • Scalf, F. (2017) Book of the Dead: Becoming God in Ancient Egypt, 1st ed. Chicago: The Oriental Institute of the University of Chicago.
  • Shaw, I. & Nicholson, P. (2002) The British Museum Dictionary of  Ancient Egypt, 1st ed. Cairo: The American University in Cairo Press.

Да таго ж Britishmuseum.org ды Fitzmuseum.cam.ac.uk (Egyptian funerary literature).