Зараз зноў палезу ў тэму, у якой нічога не ведаю – затое пра яе мне шмат давялося слухаць у размовах з маім улюбёным зааархеолагам (то бок археолагам, які вывучае парэшткі жывёл). Так, досыць ужо пра людзей, час рухацца і да іншых відаў. Зааархеолаг Зара вывучае шматвідавыя супольнасці, і, на маю думку, размовы з ёй вартыя запісу, хай акадэмічных прац на гэтую тэму я не чытала.
Змест
Што такое гэтыя шматвідавыя супольнасці?
Ну, па азначэнні* шматвідавыя супольнасці – гэта супольнасці, якія складаюцца з некалькіх відаў. Большасць людзей насамрэч жывуць у шматвідавых супольнасцях і не падазраюць пра гэта. Мы жывем у шматвідавых супольнасцях з нашымі хатнімі жывёламі, такімі як кошкі і сабакі, а таксама свінні, каровы і куры. Усе яны з’яўляецца часткай нашай супольнасці, але звычайна яны не маюць ніякіх правоў, і ў асноўным эксплуатуюцца для іх прадукцыі.
*Давайце адразу ўдакладнім, што азначэнні тут будуць не з тлумачальнага слоўніка, а якія пасуюць кантэксту размовы і на якія мне хапіла ўяўлення пры перакладзе тэрмінаў з ангельскай размовы.
Часам па нейкіх заканадаўствах яны маюць правы. Але выпадак, калі вы проста ясце тых жывёл, не клапоцячыся пра іх дабрабыт, Зара бы назвала дысфункцыянальнай шматвідавай супольнасцю. Бо сябры гэтай супольнасці не атрымліваюць ад яе аднолькавай карысці. Яна вельмі аднабаковая, у той час як у функцыянальнай шматвідавай супольнасці ўсе віды, якія ўзаемадзейнічаюць і жывуць разам, атрымліваюць ад гэтага карысць. Адным з прыкладаў з’яўляюцца пастухі, авечкі, козы, каровы, вярблюды і коні ў Манголіі. Там супольнасці складаюцца з людзей і нечалавечых жывёл, якія прыносяць карысць адзін аднаму і ўплываюць на лад жыцця адзін аднаго.

Напрыклад, людзі ва ўсходняй Манголіі качуюць чатыры разы на год. Час перамяшчэння, адлегласць і месца, куды яны перамяшчаюцца, у асноўным дыктуецца патрэбамі нечалавечых жывёл, каб забяспечыць іх дабрабыт і выжыванне ў экстрэмальным клімаце. Іншым прыкладам шматвідавай супольнасці можа быць ваш кішэчнік, дзе некалькі відаў бактэрый жывуць у згодзе паміж сабой і вамі. Гэта супольнасць таксама функцыянальная – верагодна, таму, што людзі не занадта ў яе ўмешваюцца.
Якая розніца паміж функцыянальнай супольнасцю і нашай прамысловай жывёлагадоўляй?
Бо ў пэўным сэнсе жа можна сцвярджаць, што з эвалюцыйнага пункту гледжання жывёлы (як віды, а не асобныя іх прадстаўнікі) атрымліваюць выгаду ад таго, што людзі іх вырошчваюць, каб потым з’есці. Нават калі яны эмацыйна пакутуюць на працягу ўсяго жыцця, іх колькасць расце і яны абаронены ад поўнага знішчэння, таму што мы маем у іх патрэбу. З пункту гледжання эвалюцыі, магчыма, так і ёсць (з людзьмі падобная гісторыя) – але не з пункту гледжання супольнасці.
Калі казаць аб функцыянальнай супольнасці, яна па вызначэнні не можа быць такой, пакуль яна клапоціцца толькі пра размнажэнне, але грэбуе эмацыйным дабрабытам сяброў. Тое, што з пункту гледжання эвалюцыі хатнія жывёлы знаходзяцца ў добрым стане, бо размнажаюцца і абаронены ад вымірання, не робіць нашу супольнасць з імі функцыянальнай – таму што як асобы яны не ў добрым стане.
Калі вы падтрымліваеце фізічны стан, напрыклад, каровы толькі для таго, каб не сапсаваць яе як прадукт, гэта не цэласны фізічны дабрабыт. У індустрыяльных грамадствах дойныя каровы часам не бачаць сонечнага святла ўвесь дзень, іх змяшчаюць у сталыя даільныя машыны, што шкодзяць іх вымю і органам, і, нават калі іх не забіваюць на мяса, яны фізічна пакутуюць.
Эмацыйны дабрабыт з’яўляецца яшчэ адным ключавым адрозненнем – калі мы індустрыялізуем жывёлагадоўлю, мы не вельмі добра забяспечваем эмацыйны дабрабыт жывёл. Вядома, яны не ўтрымліваюцца такім чынам, каб яны ўзаемадзейнічалі з ландшафтам і іншымі жывёламі (у прыватнасці маці-жывёлы з іх дзецьмі) як у натуральным стане.

Дзеля спрашчэння аргументацыі Зара прыводзіць мне прыклад выключна чалавечай, нешматвідавай супольнасці. Ці з’яўляюцца супольнасцю нявольнікі і тыя, хто іх занявольвае? Відавочна, шматлікія грамадства на працягу гісторыі функцыянавалі з рабамі. Але калі вярнуцца да вызначэння супольнасці як нечага, што прадстаўляе калектыўныя інтарэсы яе сяброў, то варта правесці адрозненне паміж грамадствам і супольнасцю. Гэта таксама адна з прычын, чаму людзі, якія займаюцца вывучэннем шматвідавых супольнасцей, называюць іх менавіта супольнасцямі, а не грамадствамі. Кожны сябра супольнасці павінен атрымліваць ад яе як мага больш карысці дзеля максімізацыі дабрабыту ўсіх сяброў супольнасці.
А як пастухі-качэўнікі выконваюць кантракт з прыручанымі жывёламі?
Некаторыя сацыёлагі і антраполагі аргументуюць апісанне нашых адносінаў з прыручанымі жывёламі як кантракта. Кантракт з прыручанымі жывёламі складаецца ў тым, што мы прыручылі пэўныя віды жывёл, каб яны больш не функцыянавалі ў натуральных умовах – і таму мы нясем пэўную адказнасць перад імі, каб яны не пакутавалі праз жыццё.
Манголы насамрэч робяць гэта інстынктыўна, у пэўным сэнсе. Напрыклад, яны не забіваюць дзіцянят жывёл. Яны даюць ім пражыць амаль поўную працягласць жыцця, а ў нейкі момант забіваюць іх і ядуць, каб падтрымаць сябе. І з гэтага вынікае цыкл, дзе качэўнікі падтрымліваюць сябе праз з’яданне жывёл, каб потым у сваю чаргу падтрымліваюць статкі жывёл.
Акрамя таго, не ўсіх жывёл увогуле трымаюць на забой. Многія з жывёл выконваюць іншыя функцыі, а таксама маюць сацыяльныя структуры ў сваім статку і ў шматвідавай супольнасці. Напрыклад, ёсць некаторыя жывёлы, якіх ніколі не забіваюць і не выкарыстоўваюць для атрымання воўны, таму што яны ўдзельнічаюць у кіраванні статкам як менеджары і выконваюць пэўныя абавязкі ў шматвідавай супольнасці. Заўсёды ёсць мэта знайсці баланс паміж выкананнем жывёламі сваёй працы, незалежна ад таго, што яна ўносіць у супольнасць (малочныя прадукты, воўну, або менеджмент) і іх патрэбамі, каб не выклікаць лішняга стрэсу, напрыклад, ні для кароў-маці, ні для цялят.
Ёсць таксама некаторыя рэчы, якія яны не зрабілі б са сваімі статкавымі жывёламі не таму, што гэта пашкодзіць іх прадукту, а таму, што гэта частка маральнага кодэкса. Таму яны ніколі не будуць біць жывёл, яны ніколі не будуць злоўжываць імі ці дазваляць ім пакутаваць нейкім чынам. Гэта частка культуры. Калі экспедыцыя Зары праводзіла размовы з сем’ямі качэўнікаў, і ў адказ на іх пытанні таксама распавяла, як мы ўтрымліваем жывёлу, як працуе прамысловае земляробства – качэўнікі проста анямелі. Яны не маглі зразумець – навошта мы гэта робім? Глядзелі, быццам мы маленькіх дзяцей саджаем у клеткі.
Карацей, ёсць шмат рэчаў, якія адыгрываюць ролю ў шматвідавай супольнасці. Вядома, не варта ідэалізаваць нейкія з іх. Відавочна, што ў Манголіі ёсць асобныя пастухі, якія будуць дрэнна ставіцца да жывёл; людзі паўсюль розныя. Да таго ж, мы не можам запытаць у жывёлы, ці яна шчаслівая: мы можам ацаніць іх адносны дабрабыт толькі з нашага пункту гледжання. Хтосьці можа спрачацца, што прыручаныя жывёлы ні ў якім выпадку не знаходзяцца ў натуральным стане і не могуць быць цалкам шчаслівымі – і ў гэтай аргументацыі ёсць сэнс.
Але, калі падвесці вынік, з чалавечага пункту гледжання, які нам дасяжны, галоўная розніца паміж прыкладам мангольскай качэўнай жывёлагадоўлі і нашай індустрыялізаванай заключаецца ў сапраўдным клопаце аб дабрабыце жывёл. Манголы ўтрымліваюць статкі пэўным чынам, які накіраваны не толькі на вытворчасць, але на падтрыманне шматвідавай супольнасці як людзей, так і нечалавечых жывёл.
Як пастаралізм апынуўся сярод мэтаў устойлівага развіцця ЮНЕСКА
Вось яшчэ адна гісторыя, якая мне спадабалася. У 2015 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый устанавіла мэты ўстойлівага развіцця: спіс рэчаў, якія забяспечаць росквіт як мага большай колькасці суполак у свеце, не забіваючы планету. Карацей, устойлівая вытворчасць прадуктаў харчавання і ў той жа час у дастатковай колькасці для ўсіх. Але таксама і ўстойлівае земляробства ў тым сэнсе, каб не выкідваць занадта шмат таксінаў у зямлю і ўсё такое.
Пастаралізм – гэта качэўная жывёлагадоўля, якая практыкуецца на афрыканскім кантыненце, у Азіі, Паўднёвай Амерыцы, а таксама ў Аўстраліі. І доўгі час лічылася, што яна няўстойлівая, таму што былі прыклады, калі людзі празмерна вычэрпвалі пашу ў некаторых рэгіёнах. Так здарылася, напрыклад, на Блізкім Усходзе, дзе пастухі маглі займацца выпасам толькі на пэўнай тэрыторыі, якую дазваляла ім выкарыстоўваць дзяржава. У выніку вы атрымліваеце ландшафты, на якіх расліннасць празмерна з’ядаецца, потым яны становяцца засушлівымі, і потым пачынаецца эрозія, якая разбурае ландшафт. Такім чынам, качэўная жывёлагадоўля можа здацца няўстойлівай, быццам калі ў вас будзе павялічвацца колькасць пагалоўя, вы будзеце проста невыносным цяжарам для ландшафту.

Але ААН фактычна прызнала, што калі практыкаваць пастаралізм належным чынам: напрыклад, без уведзеных абмежаванняў на перамяшчэнне, а паўтараючы натуральную эксплуатацыю пашы так, як гэта рабілі б газелі ці дзікія коні, – то вы насамрэч павышаеце ўстойлівасць экасістэм. У натуральным асяроддзі, калі ў вас ёсць даволі сухія тэрыторыі, дзікія капытныя жывёлы пакінуць іх дзеля больш прывабных паш. А качэўныя пастухі ідуць за статкам і паўтараюць яго рух. Дзякуючы перамяшчэнням жывёл, раслінны маюць час для аднаўлення росту. Да таго ж жывёлы падчас руху пераносяць пылок на поўсці, капытах і праз гной – і ўсё гэта робіць раслінныя супольнасці больш стабільнымі.
І таму ААН прызнала, што жывёлагадоўля не з’яўляецца пагрозай для прыроды і павінна быць прызнана як пазітыўны ўклад у мэты устойлівага развіцця. І гэта вельмі важна для ўсіх суполак пастухоў-качэўнікаў, таму што калі яны разглядаюцца як пагроза, то яны таксама знаходзяцца і пад палітычнай пагрозай. З-за таго, што яны мабільныя, жывёлаводы не назапашваюць багаццяў і не будуюць шыкоўных гарадоў – таму людзі, якія вядуць аселы лад жыцця, часта схільныя прадузята ставіцца да качэўнікаў як да небяспечных дзівакоў, якія занадта блізкія да прыроды.
Я ўсведамляю, што запісала размоў ужо занадта шмат, а так і не патлумачыла, пры чым тут археалогія. То наступным разам менавіта гэта і зраблю.