Ці задумваліся вы, ядучы булачку ці збіраючы пшаніцу ў Майнкрафт, наконт таго, ці быў у чалавецтва выбар развіваць сваю цывілізацыю на падставе чагосьці іншага, акрамя земляробства і жывёлагадоўлі? Чаму прасела папулярнасць, скажам, збіральніцтва ці качэўніцтва?
З пачатку вучобы ва ўніверсітэце мы некалькі разоў сутыкаліся на розных лекцыях з тэмай неалітычнай рэвалюцыі і пачатка сельскай гаспадаркі. Яшчэ да гэтага, з урокаў гісторыі ў школе, паварот да сельскай гаспадаркі ўяўляўся цалкам лагічным крокам і фактычна адзіна магчымым выбарам для чалавецтва. Мабыць таму, што так гэтая падзея і выкладалася. Пра тое, што мы на самой справе не ведаем, чаму гэты паварот адбыўся, і што выбар гэты насамрэч не такі ўжо самавідавочны і карысны, я пачула значна пазней. Гэта ідэя падалася мне надзвычай інтрыгоўнай.
Вось некалькі прапанаваных тлумачэнняў пераходу ад палявання і збіральніцтва да аселасці і сельскай гаспадаркі, якімі я ўпершыню пачула іх на лекцыі па старажытным Блізкім Усходзе:
- Клімат стаў больш сухім, і трэба было трымацца побач з пастаяннай крыніцай вады (рэкамі), што і прывяло да аселага жыцця
- Аселае жыццё ў буйных абшчынах было сацыяльна больш прывабным: так ствараліся большыя сацыяльныя групы ды памяншалася дзіцячая смяротнасць, бо маці не трэба былі вандраваць з племем
- Змены былі ненаўмыснымі; яны адбываліся самі па сабе і былі толькі паступова заўважанымі. Напрыклад, пачалося з выбарачнага палявання замест забойства без разбору, з выбару лепшых дзікіх збожжавых і наступнага няспыннага адбору іх для пасеву – не паспелі азірнуцца і опа, вы ўжо сядзіце на ферме і майніце пшаніцу.
Тлумачэнні прапаноўваліся, але ніхто не настойваў, што хоць адно з іх было дакладным ці адзіна правільным – пытанне засталося адкрытым. Сардэчна запрашаем у свет археалогіі: мастацтва ствараць праблемы, большасць з якіх ніколі не будзе вырашана.
Застаўшыся з такім вялікім адкрытым пытаннем, я захавала дастатковую цікавасць, каб паглядзець нейкі дакументальны фільм на звязаную тэму (на жаль, ужо не памятаю які). Ён прапанаваў яшчэ адно тлумачэнне праблемы: маўляў, узнік элітны сацыяльны клас, які прымусіў ніжэйшы клас працаваць на забеспячэнне іх рэсурсамі праз земляробства. Для пашырэння гарызонту творчых ідэй гэта спрацавала нармальна, але таксама выклікала некалькі практычных пытанняў. Як такая эліта склалася ў межах аднаго віду ў некалькіх аддаленых і незалежных частках свету, што здолела прымусіць большасць аднаго і таго ж віду змяніць свой лад жыцця на працягу ўсёй наступнай (на дадзены момант і для большасці чалавечых груп) гісторыі?

Пазней новае развіццё па гэтай тэме было прадстаўлена ў выглядзе неалітычнага помніка Гёбеклі Тэпе ў Турцыі: адказу яшчэ больш інтрыгоўнага, чым пастаўленае пытанне. Зараз коратка паглядзім, чаму.
Кажуць, што цывілізацыя верхняга палеаліту, якая была заснавана на 100% на адаптацыі да прыроднага асяроддзя, развалілася, як толькі навакольнае асяроддзе змянілася. Пасля цёмных тысячагоддзяў позняга палеаліту і мезаліту новая цывілізацыя была заснавана на стварэнні асяроддзя вакол людзей праз першыя крокі прыручэння жывёл і раслін. Гэта з часам прывяло да пабудовы вёсак, потым мястэчак, гарадоў, дзяржаў, новых складаных сацыяльных структураў – значыць, да сучаснай цывілізацыі. Гэта зноў жа гучыць лагічна – распрацоўка новага ладу жыцця пасля таго, як папярэдні руйнуецца з-за ўласцівых недахопаў, якія новаму ладу жыцця ўдаецца пераадолець.
Гэтая лінія разважанняў мае на ўвазе, што людзі прыручылі расліны і жывёл і гэта дазволіла ім змяніць сваю ідэалогію і светапогляд. Аднак з канца 90-х, пасля раскопак у Гёбеклі Тэпе, уяўленні ў навуковым свеце ссунуліся да думкі, што ідэалогія з’явілася першай, а эканоміка прыстасавалася да яе. У Гёбеклі Тэпе археолагі выявілі найстаражытнейшыя вядомыя мегалітычныя каменныя збудаванні, якія трактуюцца як храмы або нейкія цырыманіяльныя цэнтры.
У той час, якім датуецца помнік – 11,5 тыс. гадоў таму – не так шмат слядоў прыручэння раслін і жывёл. Усё ж нейкая ідэалогія падштурхнула людзей пабудаваць такую структуру. Для будаўніцтва такога маштабу патрабаваўся доўгі ўдзел вялікай колькасці людзей – таму яны павінны былі жыць побач. Найлепшым выхадам, каб накарміць людзей у такой сітуацыі, было прыручыць расліны і жывёл і трымаць іх пад рукой.
Такім чынам, я атрымала яшчэ адно прыгожае тлумачэнне пераходу да сельскай гаспадаркі і яшчэ адно пытанне. Калі мы гэтым разам дапусцім, што курыца ідэй з’явілася раней за яйка эканамічных змен, то якія ідэі прымусілі людзей пабудаваць такую мегалітычную структуру? Акрамя таго, неалітычная рэвалюцыя звязана не толькі з аселым жыццём і земляробствам. Прыручэнне жывёл падаравала яшчэ адзін магчымы лад жыцця – качавую жывёлагадоўлю – але ж гэты лад не набыў такую папулярнасць, нягледзячы на яго экалагічную ўстойлівасць.
Вось такім чынам на момант чытання кнігі “Sapiens: кароткая гісторыя чалавецтва” Юваля Харары неалітычная рэвалюцыя ўжо была для мяне пытаннем, якое выклікае толькі новыя пытанні.
На гэтай урадлівай глебе разважанні Харары пасеялі больш тлумачэнняў (верагодна, каб вырасціць больш пытанняў). У цэлым гэтыя разважанні круціліся вакол адной і той жа сукупнасці доказаў, але дадавалі ўласны каларыт іх інтэрпрэтацыі. Хопіць лірыкі, давайце падсумуем разважанні Харары.
Два з паловай мільёны гадоў людзі палявалі на дзікіх жывёл і збіралі дзікія расліны, і гэта давала ім досыць ежы і вольнага часу, каб займацца іншымі прыемнымі справамі. Нейкія дзесяць тысяч год таму яны вырашылі замест гэтага ўкласці ўсе свае сілы і ўвесь свой час ад раніцы і да вечара амаль кожны дзень у спробы маніпуляваць некалькімі відамі жывёл і раслін. І з пачаткам нашай эры большасць людзей на планеце ўжо займаліся сельскай гаспадаркай. Гэта не зрабіла іх жыццё прасцей ці шчаслівей: наадварот, цяжкай працы стала болей, як і рызыкі голаду і захворвання.
Гэтая лінія разважанняў падавала такую годную неалітычную рэвалюцыю, гэты нібыта геніяльны вынік магутнасці чалавечага розуму, як памылку, пастку ці, нарэшце, як махлярства. Расліны прыручылі людзей (а не коткі, як мы думалі ў апошняе дзесяцігоддзе). Пшаніца стала самым паспяховым відам раслін дзякуючы чалавечаму клопату, а ўзамен яна не дала людзям як асобам нічога – ні лепшай дыеты, ні эканамічнай бяспекі, ні шчасця. Захапляльныя часы.

Але ж эвалюцыі ўсё роўна, наколькі шчаслівы асобны індывід; адзіны крытэр поспеху віду – гэты колькасць яго прадстаўнікоў, а не якасць іх жыцця. І вось як від людзі цяпер здолелі памнажацца ў геаметрычнай прагрэсіі. А як толькі насельніцтва павялічылася, яно ўжо не магло існаваць без лішкаў ежы, вырабленых земляробствам. Пастка зачынілася.
Такім чынам, мы вярнуліся да пункта 3 майго першапачатковага спісу тлумачэнняў – змены не былі наўмыснымі, а паступова адбываліся самі па сабе – з больш падрабязнай тэарэтычнай асновай.
Не спрабую гаварыць за ўсіх археолагаў ці вучоных, але мне часцяком падаецца, што мы занадта схільныя шукаць логіку ў падзеях і рацыянальнае тлумачэнне іх прычын (магчыма, з-за тых самых матываў, па якіх людзі вераць у багоў у розных рэлігіях). Таму я цаню ідэі, якія нагадваюць, што памылкі або выпадковасць – гэта вялікая сіла, што фармуе гісторыю. Не менш, калі не больш уплывовая чым тое, што мы схільныя прыпісваць моцы чалавечага розуму. Наколькі б крыўдна такія ідэі не гучалі для людзей, разбэшчаных эпохай гуманізму, што прывыкла ставіць чалавека ў цэнтр усяго існага.