З Днём роднай мовы, сябры!
Як і ўсё ў гэтым свеце, чароўная навука археалогія складаецца з нейкіх сістэмных адзінак*. Каб усё, што рабілі і чым жылі ў мінулым людзі, дзеля чаго змагаліся, на што спадзяваліся, і ўва што верылі – усё можна было акуратна развесці па групах, раскласці на палічкі і наляпіць цэтлікі. Бо ў гэтым сэнс навукі.
*Ну, не тое, каб увесь свет з іх складаўся, проста мы ўспрымаем гэты свет праз свой мозг, а ўжо ён любіць групаваць інфармацыю па катэгорыях, каб спрасціць успрыманне такога складанага свету і трохі хутчэй рэагаваць, калі жыццё падкінула новыя ўражанні.
Каб адчуць сябе карысным чальцом грамадства, я паспрабую паспрыяць раскладанню археалогіі па палічках і прадставіць некаторыя асноўныя адзінкі, з каторых складаецца матэрыяльная аснова археалогіі. Вось яны, кубікі, з якіх пабудавана археалагічная вежачка:
Знаходкі (артэфакты і экафакты)
Пачнём з артэфактаў – слова якое, так і вее таямнічасцю і прыгодніцкімі гульнямі! Насамрэч, артэфакт – гэта любы прадмет, створаны або якім-небудзь чынам зменены чалавекам.


Калі ўдалося вызначыцца, што знаходка ўяўляе сабой аскепак чагосьці акрамя бруду (і значацца, яна мае патэнцыял), можна прасунуцца далей па сцежцы класіфікацыі і аднесці яе да нейкая групы. Напрыклад, на аснове выкарыстоўванага матэрыялу: каменная, керамічная, металічная ці арганічная. Першыя дзве групы, канешне, самыя распаўсюджаныя. Каменны век, адпаведна, трохі аднастайна прадстаўлены літычнымі (каменнымі) артэфактамі. З’яўленне ганчарнай справы звязваюць са спробамі аселага жыцця. Але керамічныя артэфакты ўключаюць не толькі не менш аднастайныя за камянюкі аскепкі гаршкоў, а ўсе прадметы, зробленыя з гліны і затым абпаленыя для надання трываласці: напрыклад, статуэткі, музычныя інструменты.
Металічныя артэфакты пачынаецца з Паўднёва-Заходняй Азіі 7500-6000 гг. да н.э., дзе людзі пачалі надаваць форму медзі. Самыя раннія выкарыстоўваныя металы – медзь, волава і жалеза; у меншай ступені – золата і срэбра. Але як бы ні прыемна было знайсці золата, арганічныя артэфакты, напэўна, самыя пажаданыя, бо яны схільныя да раскладання і вельмі рэдка захоўваюцца. Таму мы даволі шмат ведаем пра паслядоўнасць развіцця металургіі, пачынаючы ад халоднай молатавай вытворчасці і сканчаючы вытворчасцю сплаваў, але мала ведаем пра паходжанне дрэваапрацоўкі.
Разабраўшыся з матэрыялам можна рухацца далей па сцежцы класіфікацыі і разносіць знаходкі на групы па спосабах выраблення, форме, функцыях; аналізаваць прыкметы зносу і рэшткі (напрыклад, крыві!) на артэфактах. Адзінае, што тут варта ведаць і што аб’ядноўвае ўсе гэтыя групы, класіфікацыі і тыпы артэфактаў – гэта тое, што яны сучасныя. Тыпы не прыкладаюцца натуральным чынам да саміх знаходак і самі з іх не вынікаюць – яны ствараюцца археолагамі тут і зараз як інструмент для разумення тых знаходак.
У параўнанні з артэфактамі, экафакты нясуць нейкую экалагічную інфармацыю. Яны не зроблены чалавекам. Ну, так, чалавек можа зрабіць кубак з рога, але ён не вырабляе сам рог – за яго гэта робіць прырода. Нават у змененым выглядзе рог можа захоўваць інфармацыю аб жывёле: напрыклад, пол, узрост, від – і аб экалагічным і геалагічным асяроддзі ў цэлым. Тое ж самае адносіцца да дрэва, костак, ракавін. Экафакты могуць быць фларыстычнымі (як насенне і кавалкі дрэва) і фаўністычнымі (косці, зубы, скура і іншыя). Таксама да іх можна аднесці глебы і ападкі, якія археолагі вывучаюць з мэтай устанаўлення стратыграфіі ці дзеля датавання помніка і разумення працэсаў яго фармавання, і рэканструкцыі старажытнага ландшафту.
Можна аднесці да экафактаў і чалавечыя астанкі – муміі, фрагментарныя косці і зубы, капраліты. Пагодзімся, што чалавек калі іх і вырабляе, то не тое каб асэнсавана, прырода тут адыгрывае большую ролю.
Аб’екты
Аб’ект – гэта непартатыўная разнавіднасць археалагічных рэштак: напрыклад, магіла, яма, будынкі, крэмніевая шахта. У адрозненні ад артэфакта, які можна падняць і пакласці ў кішэню (а потым паспрабаваць прадаць на ebay, але лепей не трэба), яго немагчыма вырваць з кантэксту без разбурэння яго цэласнасці. Аб’екты могуць быць узведзеныя, як сцяна ці будынак; кумулятыўныя, то бок сфармаваныя шляхам назапашвання (як сметнік Прудзішча пад Менскам); ці могуць руйнаваць больш раннія паслядоўнасці адкладаў, як выкапаная гаспадарчая яма, шахта, кладоўка.

Помнікі
Нарэшце, вяршыня нашай вежы (ці то падмурак? тут як паглядзець)! Археалагічны помнік – гэта месца, дзе адбывалася чалавечая дзейнасць. Гэта асобная група ці кластар археалагічных даных, які ўключае артэфакты, экафакты і аб’екты ў любым спалучэнні.
Канешне, археалагічныя рэшткі могуць існаваць і без помніка, а ў выглядзе асобных знаходак – напрыклад, манета, страчаная ў полі. Такой з’явы недастаткова для помніка. З іншага боку, паняцце помніка не мае патрабаванняў да памеру: у шырокім сэнсе помнікам можна назваць усё, што мае хаця б адзін след чалавечай дзейнасці. І калі паляўнічы-збіральнік прысеў на шляху да светлай будучыні ці свайго асабістага шчасця і зрабіў сабе з крэмнію наканечнік стралы, то пазасталыя на месцы яго выраблення лускі каменя могуць лічыцца помнікам, з якога археолагі яшчэ і наробяць шмат высноў.
Для помнікаў таксама прыдумляюць тыпы – напрыклад, па функцыі: прамысловыя (майстэрні, крэмніевыя шахты), селішчы/жыллі (адкрытыя, як тэлі, і закрытыя, як пячоры), сакральныя/рэлігійныя (Стоўнхэндж), пахавальныя (могілкі, грабніцы). Выяўленыя помнікі фармальна апісваюцца, у тым ліку іх месцазнаходжанне, стан захаванасці, знаходкі; а потым яны ахоўваюцца ці кансервуюцца.

Дарэчы, хаця б раней помнік лічыўся адзінкай археалагічнай дзейнасці, а сапраўдным археолагам ты станавіўся нібыта толькі тады, калі раскапаў свой уласны помнік. Здаецца, мае калегі зараз так не лічаць. І некаторыя археолагі ніколі не кіруюць раскопкамі помніка.
Вось і ўсё, толькі тры адзінкі: артэфакты, аб’екты, помнікі – і археалогія амаль раскладзена па палічках! Ну, а зараз тыя, каму хапіла моцы дайсці да канца, успомніце першы запавет Індыяны Джонса і постпрацэсуальнай археалогіі: “Археалогія – гэта пошук фактаў!” Рэчы адыгрываюць не пасіўную, а актыўную ролю ў сацыяльным кантэксце – таму ў сучаснай археалогіі лічыцца недастатковым іх класіфікаваць, але неабходна думаць аб пачуццях, якія яны выклікалі. Усе гэтыя цудоўныя матэрыяльныя рэчы, на якія пайшло столькі тэксту вышэй, былі раскладзеныя па палічках і залепленыя цэтлікамі менавіта дзеля таго, каб дазнацца, што рабілі і чым жылі ў мінулым людзі, дзеля чаго змагаліся, на што спадзяваліся, і ўва што верылі. Бо ў гэтым сэнс навукі.