Археолагі ў раскопе

Будні археолага ў лабараторыі

Прысвячаецца тым дзіўным людзям, з якімі мы перасылалі адзін аднаму з краіны ў краіну “Радзіва Прудок” – пачытаць; асабліва той сяброўцы з іх, хто сёння імянінніца. Ніжэй запіскі тых часоў, натхнёныя Горватам.


Напэўна, тут патрэбна кароткая уступная. У прыватнасці, прыйшоў час прыадкрыць заслону над тым, чым там археолагі могуць займацца ў лабараторыі, замест таго, каб скакаць на кані з пугай і ў капялюшы. Насамрэч, шмат чым, але ў маім выпадку гаворка не пойдзе пра чышчанне артэфактаў, а болей пра рэчы, якія калісьці былі жывымі. Жывымі рэчамі звычайна займаюцца біёлагі, але археолагаў, якія вырашылі засяродзіцца на ўжо даўно памерлым іх (рэчаў, не біёлагаў) адменніку, завуць біяархеолагамі. Як нейкі прадукт скрыжавання двух відаў. І біяархеолаг у дадзенай гісторыі наведвае лабараторыю, каб выцягнуць калаген з набору зубоў і костак (калаген – гэта асноўны бялок у іх), а потым памераць суадносіны некаторых ізатопаў у атрыманым калагене, бо лічыцца, што гэта дае нам нейкую інфармацыю пра ўладальнікаў тых зубоў і костак. Падрабязнасці варта разглядаць асобна, зараз для іх не месца.


Памятаю наш першы дзень у лабараторыі і ўводную па бяспецы: вось тут вогнетушыльнік… і яшчэ адзін кожныя 10 метраў; вось душ – калі абліяцеся канцэтраванай кіслатой, не спрабуйце здымаць адзежу, адразу клічце на дапамогу і рухайцеся сюды! Так, у гэтым пакоі ў нас досыць сціснутага паветра і вадароду, каб падарваць увесь будынак, але ўсё вельмі бяспечна, усе сістэмы ў будынку злучаныя, калі штосьці пайдзе не так, усё адключыцца само; але ўсё ж калі загарыцца чырвоным вось гэты вось значок у выглядзе чэрапа над дзвярыма, трэбы хутка выйсці з будынка. Можаце зазірнуць, ці застаўся хтосьці ў лабараторыях на шляху… зрэшты, гэта не абавязкова, проста хутка пайдзіце з будынка.

Вось на такія экскурсіі трэба школьнікаў вадзіць, каб у іх была цікавасць да прафесій.


узор калагену

А вы ведалі, што на пэўных этапах падрыхтоўкі ўзор калагену выглядае як піва і потым як салодкая вата? Хаця большасць хутчэй як мінеральная. Бо мае ўзоры – малайцы, такім калагенам хоць хату ўцяпляй!


У адрозненне ад дэмінералізаваных* костак, дэмінералізаваная зубы не нагадваюць тканіну або губку. Згодна з Мэры, навобмацак яны нагадваюць замарожаных мішак гаммі. На пытанне, ці яна замарожвае мішак гаммі і навошта, адказ быў, што іх не тое каб замарожваюць, але яны падмярзаюць, калі ты кладзеш іх як начынне на свой замарожаны ёгурт. Ведаеце, такую штуку, што ёсць у Злучаных Штатах, але не завецца марозівам. Кожны дзень свет прыадчыняе заслону новых вобразаў.

*То бок тых, з якіх з дапамогай кіслаты прыбралі мінеральны складнік і застаўся арганічны (у асноўным калаген).


Цяжкія (у прамым сэнсе) лабараторныя будні: на чацвёрты тыдзень націскання на поршань падавальніка кіслаты пачалі здаваць цягліцы. Паспрабуце самі зрабіць сотню націскаў запар. Бо мае ўзоры малайцы, іх у мяне, у адрозненне ад большасці іншых даследаванняў, звыш двух сотняў! Але ж калі я ўпершыню сама здымала крышку сублімацыйнай сушылцы, я зразумела, чаму Мэры займаецца паўэрліфтынгам.


Мы з Максам бавім час прамывання ўзораў за спробамі прыдумаць хітры спосаб, як не заснуць стоячы і не згубіць лік зробленых прамывак. Мэта – тры прамывкі на кожны ўзор, таму падумваем спяваць песню на тры куплеты, але яго прапанаваная песня на нямецкай, таму план не працуе. Наступная ідэя – нейкая прылада, якая б, напрыклад, стукала па галаве ў патрэбны момант. Я прапаную электрашокер. “Вось гэта настрой!” – ухваляе Макс. Ён спрабуе загінаць пальцы дзеля падліку, але я з роўным поспехам забываю і пра колькасць зробленых прамывак, і пра загінанне пальцаў для іх падліку.


Пятая гадзіна, і ў мяне ужо зноў дрыжаць рукі, як у запойнага алкаголіка, фольгавая капсула трасецца перад вачыма і трапіць у яе пінцэтам немагчыма, а згортваць з яе ведзьміны мяшочкі робіцца непасільнай задачай. Учора п’янае дрыжанне рук пачало выклікаць істэрычны смех, калі такой жа невыканальнай задачай стала трапіць піпеткай у прабірку, а лужына дыстыляванай вады на стале расла, бо дазатар пляваў яе куды заўгодна, але не ў тую ж прабірку. Да таго ж мой мозг акуратна выключаецца з канцом працоўнага дня, а шалёны Макс умудраецца яшчэ пісаць да гадзіны раніцы сваю працу. Мне б такую прадукцыйнасць, я ўмудраюсь толькі глядзець “Звышнатуральнае” – ды і то не да гадзіны ночы.

фольгавая капсула ў лабараторыі

Хочаце якасныя мазалі на пальцах – ідзіце займацца эскрымай ці заварочвайце ў фальгу стандарты для каліброўкі спектрометра!


Здаецца, мае дні адрозніваюцца адзін ад аднаго толькі колерам скотчу, якім я прымацоўваю фальгу на стале перад пачаткам працы. Калі я пажалілася аб гэтым Мэры, яна сказала: “А чаму, ты думаеш, у нас столькі рознакаляровых скотчаў?” Сёння абіраю жоўты, каб было весялей.


Неяк усё-такі неўтульна ўвесь час уразацца крэслам у гэты балон з вадкім азотом.


Кажуць, ёсць нейкія крытэры выбару распушчальніка: хуткасць высыхання, таксічнасць. Але я магу сказать адно: я люблю этанол за пах.


Адназначна не варта нюхаць ці каштаваць незнаёмыя – ці хутчэй любыя – вадкасці ў лабараторыі (мабыць, акрамя этанола? ну, толькі трошкі панюхаць), але рэкамендую адкрываць незнаёмыя шуфлядкі. Мэры выцягнула безназоўную шуфлядку, залягаючую сярод таварышак падпісаных “электроніка”, “пакеты для ўзораў”, і “канцылярыя” і падзялілася сакрэтам, што тут яны захоўваюць цукеркі.


Некалькі дзён пасля майго знаёмства з загадкавай безназоўнай шуфлядкай заходжу ў лабараторыю і застаю Эрын, якае паспешліва запіхвае ў рот хвасты жэлацінавых чарвячкоў:

– Ты нічога не бачыла.

– Шкада цябе расчароўваць, але я ўжо ў курсе.

– Значыць, гэта ты з’ела ўвесь М&Ms?

– Ну… магчыма.


На гэтым запісы абрываюцца, але ўсё скончылася вельмі добра, будынак надзейна стаіць дагэтуль і ніхто не памёр, нават тая, хто з’ела ўвесь М&Ms. Узоры сапраўды паказалі сябе ў найлепшым свеце, і з іх выйшла ладная публікацыя.

One thought on “Будні археолага ў лабараторыі

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *