Ці даводзілася вам (меркаваным аматарам мінулага) гугліць, калі людзі ўпершыню нарэзалі салаты і запакавалі падарункі, каб адзначыць новы віток кола сезонаў? Ці не нарэзалі і не запакавалі, але так ці інакш нейкім чынам адсвяткавалі Новы год? Дык вось, адказам пра першае задакументаванае святкаванне, якое мы ведаем, будзе старажытны Вавілон трэцяга тысячагоддзя да нашай эры.
Канешне, гэта не значыць, што ўпершыню ў гісторыі чалавецтва нейкія людзі вырашылі адзначыць пачатак новага кола сезонаў як свята менавіта тады і менавіта там – толькі тое, што менавіта з Вавілона да нашага часу захаваліся звесткі. Таму ў духу свята завершым год артыкулаў расповедам пра тое, як жыхары Вавілону святкавалі першы вядомы нам Новы год.
Пачатак года ў Вавілоне і фестываль Акіту
Вавілон быў часткай Месапатаміі; трохі ўявіць сабе кантэкст рэгіёну можна па апісанню Блізкага Усходу. Год у Вавілоне пачынаўся прыкладна ў час вясновага раўнадзенства (каля 21 сакавіка), пасля збору ўраджаю ячменю. Ад шумерскага слова для ячменю і паходзіць назва веснавога фестывалю Акіту, якім адзначаўся Новы год. Лічыцца, што гэты фестываль паўстаў ад сельскіх святкаванняў урадлівасці шумерскіх часоў, а з цягам часу ён стаў нацыянальным святам Вавілона. Самыя раннія згадкі пра свята датуюцца сярэдзінай трэцяга тысячагоддзя да нашай эры, але большая частка матэрыялу адносіцца да першага тысячагоддзя да нашай эры.
Напэўна, і ў Вавілоне адсвяткаваць усё як трэ за адзін дзень не паспявалі, і рэлігійныя рытуалы свята праводзіліся аж на працягу 12 дзён першага месяца нісана. Фактычная дата 1-га нісана была блізка да вясновага раўнадзенства, але змянялася з году ў год, і прыпадала па нашым календары на сакавік-красавік.
Фестываль Акіту функцыянаваў на грамадскім, палітычным і рэлігійным узроўнях. Так, манархі і святары выкарыстоўвалі яго для забеспячэння палітычнай і рэлігійнай пераемнасці і павышэння свайго прэстыжу сярод насельніцтва, а на грамадскім узроўні рытуалы Акіту стваралі салідарнасць сярод насельніцтва. Навагоднія цырымоніі, якія першапачаткова былі святам веснавога жніва ячменю, у пазнейшым Вавілоне мелі асноўным сэнсам ушанаванне бога горада Вавілона Мардука. Акрамя рэлігійнага, асноўным быў палітычнай складнік: аднаўленне боскага мандату караля.
Галоўныя падзеі фестывалю Акіту
На працягу 12 дзён выконвалася шмат рэлігійных рытуалаў, якія, напэўны, мелі вялікае значэнне для тых, хто іх выконваў, але пра якія занадта нудна пісаць. Напрыклад, ачышчэнне і акрапленне вадой храма Мардука, малітвы аб горадзе, храме і захаванні свабоды прывілеяваных грамадзян Вавілона. Затое яны праводзіліся ў грандыёзным вавілонскім храмавым комплексе пад назвай Эсагіла, шматузроўневы зікурат якога па сумяшчальніцтве адыгрывае ролю Вавілонскай вежы са знакамітай біблейскай гісторыі (ці хаця б з’яўляецца асноўным кандыдатам на яе ролю).



Як ужо ўзгадвалася, адзін з сэнсаў святкавання датычыўся аднаўлення боскага мандату караля. Рытуальнае прыніжэнне вавілонскага цара з’яўляецца самай вядомай цырымоніяй. Першасвятар пазбаўляў цара яго каралеўскіх знакаў, і даваў яму аплявуху перад статуяй бога Мардука. Кароль прысягаў: “Я не зграшыў, Уладыка ўсіх земляў! Я не забыўся пра тваю боскасць! Я не загубіў Вавілон! Я не даваў загаду аб яго спусташэнні! Я не прымусіў Эсагілу дрыжаць, я не забыўся яе рытуалы! Я не біў па тварах прывілеяваных грамадзян, не прыніжаў іх! Я шанаваў Вавілон і не руйнаваў яго сцен!”
Гучыць не зусім як нашыя навагоднія абяцанні, але, напэўна, ужо зробленыя ці не зробленыя ўчынкі маюць большую вагу, чым абяцанні. Так ці інакш, каралю вярталі яго рэгаліі. Але на гэтым прыгоды яго не сканчаліся, бо ён атрымліваў яшчэ аплявуху (а паводле Гейна і Блэка са спісу крыніц ніжэй, яго цягалі за вушы), ды так, каб прымусіць яго заплакаць. Бо, калі праліваліся каралеўскія слёзы, гэта быў знак, што Мардук задаволены і сімвалічна падаўжае панаванне караля.

Але самай папулярнай цырымоніяй для жыхароў Вавілона была вялікая працэсія бажаствоў, якія раз у год паказвалі сябе людзям на грандыёзным шэсці па горадзе. Будынак Акіту размяшчаўся за межамі Вавілона, і ўзначалены багамі і багінямі, жрацамі і каралём парад накіроўваўся туды па ўражальным працэсійным шляху. Тым самым шляху, сцены і брама якога, знакамітая брама Іштар, былі абліцаваны цудоўнай сіняй ляпной цэглай з выявамі львоў (сімвалаў багіні Іштар) і міфічных драконаў. Тым, рэшткі якога перавезлі ў Германію і які застаецца ў Пергамскім музеі ў Берліне. Калі ён быў на сваім месцы ў Вавілоне, то цягнуўся з усходу на захад; у некаторых месцах дасягаў 20-24 метры ў шырыню; часткова быў абнесены высокімі мурамі, і меў арыгінальную назву «Вораг не пройдзе».

Грамадская частка свята
Як звычайна, мы амаль нічога не ведаем пра сама цікавае – тое, як фестываль Акіту праходзіў для большасці людзей, акрамя караля і святароў. Вядома, Акіту даваў цару магчымасць публічна прадэманстраваць свае клопаты аб народзе Вавілона і аб захаванні сусветнага парадку. Праз ушанаванне Акіту кіраўнікі Вавілона, былі яны мясцовымі ці замежнымі, дэманстравалі сваю вернасць народу гэтай зямлі. Вядома і тое, што, хаця кароль і выступаў боскім заступнікам грамадзян, насамрэч ён абараняў у асноўным інтарэсы толькі нешматлікай яго часткі.

Звычайныя грамадзяне ўдзельнічалі ў святкаваннях не на ўсім працягу фестывалю. Іх удзел быў абмежаваны некалькімі днямі, і ўвогуле іх штодзённае жыццё больш вызначалася сацыяльна-эканамічнымі фактарамі, чым дзяржаўнымі рытуаламі. Прывілеяваныя грамадзяне непасрэдна ўдзельнічалі ў вялікай працэсіі, а простыя грамадзяне за ёй назіралі. Чыноўнікі з усёй Вавілоніі збіраліся на Новы год у сталіцы, а тыя, хто не змог прысутнічаць, дасылалі пісьмовыя пажаданні. Такія вось першыя варыянты паштовачак.
Нягледзячы на сацыяльныя адрозненні, лічыцца, што рытуалы Акіту стваралі салідарнасць у грамадстве. Напэўна, гэтаму спрыяла тое, што падчас рэлігійных свят храмы раздавалі мяса і іншую ежу. Як піша Бідмід, магчыма, гэта быў адзіны час у годзе, калі звычайны грамадзянін меў доступ да мяса і іншых прадметаў раскошы.
У эпасе пра Гільгамеша, паэмы са старажытнай Месапатаміі, бессмяротны Утанапішцім апісваў, як частаваў людзей пасля будаўніцтва каўчэга: калоў быкоў, штодня рэзаў авечак; піва і віно рабочыя пілі, як ваду; свята ў іх было, як на Новы год. Карацей, здаецца, і вавілонскі Новы год асацыяваўся з добрым застоллем.
Што там думалі і адчувалі гледачы фестывалю падчас працэсіі, нам, канешне, невядома. Бідмід мяркуе, што людзі з натоўпу маглі спрабаваць дакрануцца да статуі бога і паднімалі хворых дзяцей або нейкія прадметы, каб блаславіць іх на наступны год, а фестываль выклікаў вялікую павагу і пашану.
Лорэн Рыствет (2014) параўноўвае грамадства і перформансы ў пазнейшай Вавілоніі часоў Селеўкідаў (4-2 ст. да н.э.), калі Вавілон быў пад грэчаскай уладай, з эліністычнымі, і апісвае альтэрнатыўныя ўяўленні. Так, з аднаго боку абсурдныя паводзіны цара падчас Акіту, маглі насамрэч спрыяць умацаванню яго аўтарытэту, бо паказвалі яго менш пагрозлівым. У той жа час яна лічыць, што людзі, якія стаялі на працэсіях Вавілона наўрад ці былі маўклівымі, наіўнымі або беспярэчнымі, а, магчыма, складалі крытычную аўдыторыю, якая карысталася перавагамі фестывалю, каб уявіць сабе свет, альтэрнатыўны імперыі, у якім кароль быў бяссільны або наогул адсутнічаў.
Нарэшце, хоць дэталі па-за межамі афіцыйных рэлігійных рытуалаў нам не вядомыя, здаецца, па-за межамі тых самых рытуалаў свята магло быць і проста вясёлым. У Вавілоне і іншых гарадах, такіх як Урук і Селеўкія, знойдзены шмат розных статуэтак выканаўцаў, асабліва музыкаў і танцораў. Верагодна, гэта сведчыць аб папулярнасці забаў падчас святкавання, і велізарную працэсію суправаджалі музыкі і спевакі.


Вось і прайшоў год, даражэнькія. Спадзяюся, і для вас свята будзе вясёлым, якія б сэнсы вы яму не надавалі!
Крыніцы:
- Bidmead, J.M. (2002) The akitu festival: Religious continuity and royal legitimation in Mesopotamia. Ph.D. Vanderbilt University.
- Black, J.A. (1981) ‘The new year ceremonies in ancient babylon: “Taking bel by the Hand” and a cultic picnic’, Religion, 11(1), pp. 39–59.
- Gane, R. (1998) ‘Schedules for deities: macrostructure of Israelite, Babylonian, and Hittite sancta purification days’’.
- Ristvet, L. (2014) ‘Between ritual and theatre: political performance in Seleucid Babylonia’, World Archaeology, 46(2), pp. 256–269.