Археолагі ў раскопе

Чым ёсць археалогія і чым не ёсць

Першае, што трэба ведаць пра археалогію – гэта тое, што яна не палеанталогія. Бо калі вы пройдзеце марудны і цяжкі шлях бясконцай бюракратыі, сумневаў у сабе ды выпрабаванняў, каб, скажам, паступіць ва ўніверсітэт на адпаведную спецыяльнасць – будзе ўжо не так проста выйсці з класа, пляснуўшы дзвярыма, калі на першай лекцыі “Уводзіны ў археалогію” вы пачуеце, што дыназаўраў не будзе. Не паўтарайце чужых памылак. Археалогія – гэта гуманітарная навука. Яна займаецца вывучэннем мінулага чалавека праз яго матэрыяльныя рэшткі. Усё, што было да з’яўлення чалавека выпадае са сферы яе інтарэсаў. Таму ў дыназаўраў няма шанцаў.

Не блытаць>>

Палеантолаг
Палеантолаг
Археолаг
Археолаг

Пачуўшы, што я археолаг, наступнае пытанне, якое людзі задаюць пасля “Ці выкапала ўжо дыназаўра”, – гэта “Ці выкапала ўжо золата?” Калі ты нармальны чалавек і прагнеш цікавай, прыемнай размовы, то можна загадкава паведаміць, што так, здаралася. Калі ж ты хочаш выглядаць фрыканутым батанам, можна адпавесьці кароткай лекцыяй на тэму “археалогія – гэта навука аб фактах, матэрыяльныя рэчы для яе другасныя”. Я чамусьці заўсёды выбіраю другі варыянт. Дык вось…

“Археалогія – гэта навука аб фактах!” – з энтузіязмам цвердзіць мой настаўнік па ўводзінах у археалогію, які вельмі любіць цытаваць Індыяну Джонса. “70 адсоткаў археалогіі абдываецца ў бібліятэцы!” – пераходзіць ён да цытавання Індыяны Джонса.

Ва ўсякім разе гэта датычыцца сучаснай археалогіі. Але не сумуйце: пачыналась археалогія куды весялей, з сапраўдным паляваннем на аб’екты і цяганнем іх з краіны ў краіну, падчас чаго палова губілася (глядзі прыклад Дур-Шаррукіна). Зараз жа распячатваць піраміды з дапамогай дынаміту ці апранаць жонку ў выкапаныя каштоўнасці стала не камільфо, і маладыя інтэлігентныя студэнты закочваюць вочы, абмяркоўваючы таго італьянца, хто падрываў піраміды. Калі ў слаўным мінулым на нейкім помніку сотні працоўных раскопвалі дзвесьце пакояў за год, зараз купка абраных прафесійных археолагаў адкопвае два пакоі за два гады. Дакладна, атрымліваецца нашмат больш інфармацыі і нашмат менш артэфактаў. Няма таго, што раньш было.

Таму і адказ на наступнае пытанне – “а якая твая ўлюбёная знаходка?” – выглядае, здаецца, такім жа расчаравальным, як мая адповедзь “археалогія – навука аб фактах”. Бо я пачынаю ўспамінаць кавалак кафлі з яшчэ бачным гербам Радзівілаў – і людзі з вымучанай усмешкай адказваюць: “о, як цікава”. Так і ёсць, мне цікава, бы гэта адзіны момант, калі знаходзіш нешта, хоць і не вельмі прывабнае і падазрона падобнае да тых камякоў гліны, з якіх яно ўзнята, але што абяцае патэнцыяльна крытычную інфармацыю аб прыналежнасці пабудовы, пацвярджае ці абвяргае гіпотэзы. Пачынае здавацца, што я раблю не надта ўдалую рэкламу археалогіі. Але лепей ведаць на что ідзеш, так?

Добра, знайсьці золата таксама прышпільна – і тут варта ўявіць сабе, чаму (бо забраць яго сабе і пакласьці ў банк усё роўна ж нельга). Справа ў тым, што амаль усё, што выцягаецца з зямлі, выглядае падобна на тую ж зямлю. Амаль любы артэфакт да ачысткі ці працы рэстаўратараў (калі там ёсць, што рэстаўраваць) – гэта камяк гразі, ці іржы, што толькі здалёк нагадвае арыгінальную форму цвіка; ці спарахнелай невыразнай косткі.

Сцяна з сырцовай цэглы
Крыніца: https://timfrankarchaeology.files.wordpress.com/2011/07/square64mudbrickwall.jpg

Вось, ці вы бачыце тут сцяну з сырцовай цэглы? Я, шчыра кажучы, не бачу. А спецыялісты па сценам з сырцовай цэглы кажуць, што яна ёсць.

Таму да большасьці артэфактаў трэба на ўсю моц падключаць фантазію, каб уявіць, чым яны былі і як (магчыма) прываблівалі вока ў свой час. Толькі золата і праз тысячы гадоў у зямлі выглядае як золата. Сярод спарахнелай гамагеннай масы мінулых гадоў залаты пярсцёнак выглядае, быццам хтосьці толькі што нёс яго прапанаваць дзяўчыне і згубіў. Гэта ўражвае не менш, чым знайсьці карону, саджаючы кроп на заднім двары. Ну, мабыць, трохі менш.

Падсумоўваючы гэтае разважанне аб асноўных памылковых ўяўленнях аб археалогіі, з якімі я сутылкалася:

  • Археалогія вывучае мінулае чалавека – менавіта чалавека, а калі і займаецца іншымі жывымі і нежывымі з’явамі, то звычайна праз іх сувязь з чалавекам. Дыназаўрам не хапае гэтай сувязі, каб стаць прадметам цікавасці археалогіі.
  • Хоць археалогія і вывучые мінулае праз матэрыяльныя парэшткі, інфармацыя аб мінулым застаецца мэтай, а парэшткі сродкам яе дасягнення.
  • Прынамсі ў сучаснай археалогіі не шмат прастору для дынаміта, скакання на кані па раскопе, і аздаблення інтэр’еру залатымі знаходкамі па вяртанні з экспедыцыі. Болей часу адводзіцца для чытання ў бібліятэцы, напісання справаздач і артыкулаў, ці сядзення ў лабараторыі над невыразнымі кавалкамі ці то гразі, ці то аб’ектаў, ці то людзей.

Каму такая карціна не да канца адбіла жаданне штосьці яшчэ даведвацца пра археалогію, чытайце наступным разам разважанні на тэму “чаму людзі ідуць у археалогію”.

3 thoughts on “Чым ёсць археалогія і чым не ёсць

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *