Кажуць, ёсць тры табуяваныя тэмы, пра якія нельга размаўляць за прыстойным сталом: рэлігія, палітыка і спорт (ці сэкс, наконт апошняй розныя погляды) – то самы час паразважаць пра рэлігію і навуку! Але мае прабачэнні тым, хто ўжо выцягнуў меч, прагнучы ўступіць у бойку на адным ці другім баку: бойкі не будзе.
Межы навукі і рэлігіі ў розныя часы
Напрыканцы сваёй кнігі “Sapiens: кароткая гісторыя чалавецтва”, калі падыходзіць час высноў і адказу на пытанне, што ж нам цяпер рабіць (увага, спойлер), Харары малюе не вельмі прывабны вобраз. Вобраз нас, людзей, як незадаволеных багоў, якія не ведаюць, чаго хочуць.
Цікава, што гэта нагадала мне, як людзі ўяўлялі багоў у старажытнасці, яшчэ да з’яўлення хрысціянства. Багі асірыйцаў і грэкаў маглі напівацца, злавацца, капрызіць, раздражняцца, падманвацца і рабілі шмат памылак. То бок, ва ўсіх аспектах былі як людзі, за выключэннем таго, што яны мелі звышчалавечыя сілы. Гэтыя багі рабілі тое, што рабілі, толькі таму, што хацелі і маглі – а не таму, што валодалі нейкімі найвышэйшымі ведамі і праўдай. Ім пакланяліся, таму што яны былі моцнымі і маглі стварыць вам шмат непрыемнасцяў, калі вы не будзеце рабіць тое, што яны хочуць. А не таму, што іх любілі ці яны служылі ўзорам, якога чалавецтва павінна прытрымлівацца ў сваіх паводзінах.
Здаецца, з таго часу нешта змянілася ў нашым уяўленні аб рэлігіі. Цікава меркаваць, што гэта магло быць. Упэўнена, ёсць маса літаратуры на гэты конт, калі пашукаць. Я пакуль не шукала, таму маю толькі асабістыя меркаванні. І першая ідэя, якая прыходзіць на розум, звязана з функцыяй рэлігіі не толькі тлумачыць сэнс жыцця, але і ўсё, што не тлумачыць навука. Рэлігія ў гэтым плане – гэта ўсё звышнатуральнае, што выходзіць за межы навукі – чым бы ні была навука ў дадзены момант часу.
Калі людзі валодалі пэўнай матэматыкай, астраноміяй, веданнем праходжання часу і некаторымі адпаведнымі інструментамі і вымярэннямі, але не мелі тлумачэння некаторых сіл, якія мы цяпер называем “прыроднымі” – няхай гэта будзе маланка, паводка або вясновае ажыўленне – яны паклалі гэта ў рукі багоў і пакінулі гэта ў сферы рэлігіі. З цягам часу гэтыя з’явы ўсё больш і больш пераходзілі ў сферу навукі, як толькі мы знайшлі для іх паўтаральныя і прадказальныя тлумачэнні. Бо навуковыя веды адметныя тым, што падлягаюць праверцы, аналізу і эксперыменту.

З цягам часу практычна ўсе фізічныя аспекты Сусвету і яго прыроды былі пераведзены ў навуковае поле. Затым рэлігія ахапіла ўзровень наступны над тым, што ўвабрала ў сябе навука: агульныя законы, якія кіруюць усім, што адбываецца ў фізіцы і асабліва ў чалавечым розуме ў яго аспектах усёведання, усёлюбові і ўсёдаравання, якія пакуль што недаступныя самім людзі. Як толькі мы дасягнем гэтага ўзроўню розуму (калі мы ўвогуле яго дасягнем), цікава, што наступнае пяройдзе ў рэлігійную сферу? Якая рэлігія ў раі?
Прынцып біпалярнасці ў заходняй філасофіі
Вы можаце сказаць, хопіць гэтай вегетарыянскай адсябяціны, хадзем да сутнасці адносінаў: навукоўцы ганьбяць вернікаў і выкрываюць, як насамрэч быў створаны свет, а людзі рэлігійныя іх паляць на вогнішчах ці, таго горш, адмаўляюцца чытаць іх артыкулы, бо Бог, а не Дарвін стварыў свет. Ці могуць суіснаваць навука і рэлігія, яны ж ваююць з самага пачатку чалавецтва і да сёння, і ўвогуле несумяшчальныя? І што рабіць, тым, хто адначасова любіць раскрываць таямніцы сусвету і публікаваць іх у навуковых часопісах, але і хоча верыць у вышэйшыя сілы, наяўнасць душы і жыццё вечнае? Хто фарбуе тканіны кантраснымі рэчывамі для КТ-здымкаў, а потым ідзе дадому фарбаваць яйкі цыбуляй для Вялікадня?
Справа ў тым, што гэта штучная праблема. Процілегласць – напэўна, так, існуе, а вось несумяшчальнасць – гэта міф. У чалавечага мозга няма праблемы з тым, каб утрымліваць супярэчлівыя ці процілеглыя паняцці: насамрэч, у яго вельмі добра атрымліваецца іх сумяшчаць. Толькі паглядзіце на прамовы некаторых палітыкаў, дзе ў адным сказе дзве процілеглых заявы. Але ёсць і больш станоўчыя прыклады, і іх мне хочацца прыадкрыць болей. Усім вядомы прыклад Дарвіна, якому навуковыя даследаванні не заміналі разважаць пра ўдзел Бога ў эвалюцыі. А Эйнштэйн пісаў, што навука без рэлігіі кульгавая, а рэлігія без навукі – сляпая.
Возьмем батаніка Робін Уол Кімерэр. Яна з’яўляецца заслужаным прафесарам ва ўніверсітэце і грамадзянкай нацыі Патаватамі, федэральна прызнанага племя народу Патаватамі ў ЗША. Для яе навуковыя веды і лацінскія назвы раслін не знаходзяцца ў канфрантацыі з сакральнымі поглядамі на гэтыя расліны карэннага насельніцтва Амерыцы. Тыя глядзяць на расліны як на паважаных асоб з іх уласным шляхам, і нават з фармальнай заходняй адукацыяй прафесара гэтыя погляды спакойна ўжываюцца і суіснуюць.
У кітайцаў няма ніякіх праблемаў з канцэпцыямі і практыкамі, якія выглядаюць не вельмі паслядоўнымі для многіх заходніх культур (такімі, як “сацыялістычная рынкавая эканоміка”). У іх шмат тысячагоддзяў ёсць прынцып Інь Ян – напэўна, ведаеце, такі чорна-белы круг, падзелены крывой лініяй. Гэты філасофскі прынцып паказвае парадокс як узаемазалежныя, а не ўзаемавыключальныя супрацьлегласці. Больш таго, ён лічыць, што ніякая сутнасць не можа быць поўнай, калі ў яе няма двух супрацьлеглых элементаў.
То бок, заходняя філасофія, якая выхоўвала ды так да канца і не выхавала Робін Уол Кімерэр, мае тэндэнцыю абапірацца на прынцып біпалярнасці, уласцівы фармальнай логіцы. Іншымі словамі, прынцып “альбо-альбо”: напрыклад, ці расліны проста рэчы з лацінскім ярлыком, ці асобы з уласным шляхам, але не тое і тое разам. Нават дыялектычная заходняя логіка, якая нібыта шукае праўду праз разгляд супрацьлеглых тэорый, усё роўна глядзіць на парадокс як на праблему, якую трэба вырашыць. І з таго, што тут паўтараецца слова “заходняя”, вынікае, што гэта філасофія не ўніверсальная і не адзіная магчымая. А ўсходні Інь Ян прапаноўвае, што сутнасці могуць быць адначасова і адным, і другім у залежнасці ад сітуацыі, кантэксту і часу.
Дык на чым грунтуецца вялікі канфлікт
Да чаго столькі лірыкі і экскурсаў у кітайскую філасофію? Як узгадана вышэй, чалавечы розум здольны ахопліваць супярэчлівыя ўласцівасці і фізічна, і біяпсіхалагічна. Адначасова радасць і смутак, упэўненасць і сумневы, рацыянальнасць і інтуіцыю. Псіхалагічныя даследаванні паказвалі, што ў мысленні (здаровых) дарослых, асабліва ў творчай навуковай дзейнасці, супярэчнасці добра прымаюцца і сінтэзуюцца, парадаксальнае мысленне квітнее. Таксама ў пэўным кантэксце, часе ці ўмовах людзі могуць выбіраць найбольш рэлевантныя з сваіх каштоўнасцяў, каб кіраваць сваімі дзеяннямі. У кожнага існуе цэлае партфоліа поглядаў, і ў залежнасці ад канкрэтных умоў некаторыя з каштоўнасных арыентацый могуць усплываць на паверхню ці быць падушаны.
Калі так, то нейкі канфлікт паміж той жа навукай і рэлігіяй – гэта не элемент рэальнасці, а прадукт чалавечага розуму. Сапраўды, навуковы спосаб пазнання свету і атрымання інфармацыя адрозніваецца ад заснаванага на веры сваімі метадамі. Відавочна ён не з’яўляецца адзіным, і выбар яго можа вам пасаваць ці не ў залежнасці ад сітуацыі і асабістых прэферэнцый. Навуковы метад, аднак, з’яўляецца моцным і цікавым спосабам пазнання, і таму, хто хоча даведацца пра яго болей і ў нянудным фармаце, раю пачытаць “Гары Потэр і метады рацыянальнага мыслення” (ёсць на ангельскай і расейскай).
Але ёсць свае ўнікальныя плюсы і ў эмацыйным і духоўным спосабах пазнання. Так, гэтыя спосабы звычайна не вітаюцца ў акадэмічнай навуцы, прынамсі ў яе заходняй навуковай традыцыі. Хаця апошнімі часамі, асабліва з надыходам феміністычнай плыні ў навуцы, гэты абмежаваны падыход крытыкуецца і з’яўляюцца спробы распрацаваць новыя падыходы. Бо здольнасць захоўваць парадокс адыгрывае важную ролю для стварэння сапраўды творчых тэорый.

Нарэшце, калі ў вас экзістэнцыяльны крызіс – расслабцеся, гэта ўсё толькі ў вас у галаве (я ведаю, што за такую параду можна і па зубах атрымаць, то не ўспрымайце занадта сур’ёзна). Неабходнасць бачыць усе рэчы як супрацьлеглыя канцы кантынууму – гэта яшчэ адно прадузятае меркаванне заходняй культуры; усходні чалавек разглядаў бы іх усіх як замкнёнае кола, дзе рэчы не павінны быць ні правільнымі, ні няправільнымі, але могуць быць і правільнымі, і няправільнымі адначасова. Чалавечы розум выдатна спраўляецца з ахопам супярэчлівых канцэпцый – магчыма таму, што сам факт уяўлення іх супярэчлівымі з’яўляецца яшчэ адным прадуктам нашага ўласнага ўяўлення.
З Вялікаднем усіх, хто ўжо адсвяткаваў ці яшчэ плануе святкаваць!