Археолагі ў раскопе

Трайное пахаванне ў Дольні Вестоніцэ – рэальная жыццёвая драма

Увага! У гэтым тэксце ёсць выявы чалавечых парэшткаў.

Трайное пахаванне ў Дольні Вестоніцэ дало багатую глебу да здагадак і тэорый, адна смялей за другую. І хоць яго ўвогуле можна лічыць прыкладам таго, што захапляе аматараў у археалогіі – таямніцы, над якой можа вольна працаваць уяўленне, і якую ніколі цалкам не разгадаць – апошнім часам яно таксама стала добрым прыкладам таго, як праз дзесяцігоддзі з’яўленне новых метадаў дазваляе вярнуцца да старых, здавалася б, ужо вычарпаных загадак, і атрымаць новыя сведчанні па гэтай справе. Такі сабе рэальны дэтэктыў. Але пачнем па парадку, з месца і часу.

Знаходка трайнога пахавання ў Дольні Вестоніцэ

Венера з Дольні Вестоніцэ
Венера з Дольні Вестоніцэ. Аўтар фота: Petr Novák, Wikipedia
Скульптура жаночай галавы, знойдзеная ў Дольні Вестоніцэ
Скульптура жаночай галавы, знойдзеная ў Дольні Вестоніцэ. Крыніца: Luz y Artes

Дольні Вестоніцэ ў Маравіі, Чэхія, уяўляе сабой комплекс паселішчаў верхняга палеаліту – то бок гаворка ідзе пра часы, калі людзі карысталіся крэмніевымі прыладамі і палявалі на мамантаў. Яшчэ да прыцягнення прафесійных археолагаў тут было знойдзена шмат статуэтак і крэмніевых прылад, а ў 1924 годзе пачаліся і сістэматычныя раскопкі. Некаторыя з найбольш вядомых знаходак тут уключаюць “Венеру з Дольні Вестоніцэ” і жаночую галаву, выразаную з біўня маманта – адзін з нямногіх рэалістычных партрэтаў, вядомых з часоў палеаліту. У дадатак да ўсяго гэтага ў Дольні Вестоніцэ знойдзена вялікая колькасць чалавечых астанкаў.

Паўстагоддзя пазней археолаг Багуслаў Кліма напіша:

У маі 1986 года мы выявілі, што гарызонт з вугалю пераходзіць вышэй у сапраўдны пласт жыццядзейнасці са шматлікімі каменнымі і касцянымі прыладамі, прадметамі мастацтва і рэшткамі мамантаў, паўночных аленяў, коней, ваўкоў, пясцоў, палярных гусей і палярных зайцоў… 13 жніўня 1986 г. тры поўныя чалавечыя чэрапы былі выяўленыя ў тым самым багатым вугалем гарызонце. Далейшыя раскопкі ў той дзень паказалі, што яны былі часткай трох амаль поўных выцягнутых шкілетаў, якія ляжалі побач (DV XIII-XV)… Трое ляжалі ў адной яме, двое на спіне, а трэці ляжаў на жываце з павернутай набок галавой. Акадэмік Я. Паўлік, дырэктар Археалагічнага інстытута ў Брно, неадкладна выклікаў на помнік камісію спецыялістаў.

Радыевугляродны аналіз драўнянага вугалю з гэтага пласта жыццядзейнасці паказаў, што ён датуецца прыкладна 31 тысячай гадоў таму.

Профіль памерлых: пол і ўзрост

Узрост нябожчыкаў быў вызначаны як 16–17 гадоў для чалавека, пахаванага справа (DV14); пахаванаму злева (DV13) на момант смерці было 17–19 гадоў, а пахаванаму пасярэдзіне (DV15) – каля 20. Што тычыцца полу, то па папярэдняй выснове археолага дзве асобы па бакам (DV13 і 14) мелі даволі дужыя шкілеты і былі, верагодна, мужчынамі, а шкілет асобы ў цэнтры (DV15) быў больш грацыёзны і, верагодна, жаночы. Пры гэтым Кліма прызнаў, што існаваў і іншы погляд на шкілет 15 як парэшткі маладога мужчыны, але была падтрымка і вызначэння полу як жаночага з боку іншых спецыялістаў. Больш позняе даследаванне, засяроджанае на тазавых костках DV15, схілілася да мужчынскага полу, але зноў жа выснову наўрад ці можна было назваць вырашальнай. Карацей, з полам DV15 усё было складана.

Што ж, ідэнтыфікацыя полу па костках часта з’яўляецца далёка не простай задачай (больш пра гэта тут). Але ў нашым канкрэтным выпадку вызначэнне полу чалавека, пахаванага пасярэдзіне, было яшчэ больш ускладнена паталагічнай дэфармацыяй шкілета, якая паўплывала на сіметрыю і прапорцыю канечнасцяў і форму таза.

У той час як два шкілета па баках не мелі істотных паталагічных змен, косткі цэнтральнага шкілета паказалі шэраг паталагічных анамалій, якія ўключалі сур’ёзную гіпаплазію эмалі зубоў, асіметрычнае ўкарачэнне канечнасцяў, дэфармацыю сцегнавой і скажэнне тазавых костак, цяжкі скаліёз. Вядомы нам Кліма выказаў здагадку аб парэнцэфаліі (рэдкае захворванне цэнтральнай нервовай сістэмы, якое характарызуецца кістамі або паражнінамі ў мозгу) або нейкай падобнай хваробы. Кліма ўвогуле быў хуткі на смелыя прапановы, як мы ўбачым далей. Але ў цэлым назіраныя змены могуць сведчыць аб шэрагу паталогій: сярод іх, напрыклад, быў таксама прапанаваны рахіт, хвароба ў мінулым не рэдкая.

Адно даследаванне прапанавала дыягназ Х-счэпленай (то бок, счэпленай з Х-храмасомай) кропкавай кальцыфікавальнай хондродысплазіі. Яшчэ адно рэдкае захворванне, да таго ж звычайна смяротнае для дзяцей мужчынскага полу. Такая прапанова, адпаведна, падтрымала прызначэнне жаночага полу DV15, бо хлопчык з дыягназам наўрад ці дажыў бы да 20 год.

Размяшчэнне памерлых у пахаванні

Якія б ні былі спрэчкі вакол полу і дэфармацый шкілета DV15, найбольш цікавым у трайным пахаванні ў Дольні Вестоніцэ было размяшчэнне памерлых. Чалавек злева, DV13, ляжаў на баку тварам да цэнтральнага DV15; яго рукі былі працягнуты да тазу апошняга. І DV15, і DV13 былі пакладзены на спіну, але DV14 справа ляжаў тварам уніз, левая рука пераплецена з рукой DV15.

Трайное пахаванне ў Дольні Вестоніцэ
Трайное пахаванне ў Дольні Вестоніцэ, Маравія, датаванае прыкладна 31 000 гадоў таму.
Злева направа індывіды DV13, DV15, DV14. Фота з артыкула Mittnik і інш. (2016)

Тры маладых чалавекі былі змешчаны ў неглыбокую яму і пакрытыя абпаленымі яловымі бярвёнамі і галінамі – відавочна, рэшткамі канструкцыі. Магчыма, яна была прызначана, каб абараніць целы ад дзікіх жывёл. Размяшчэнне астанкаў і прадметаў у пахаванні ўказвае, што ўсе тры целы былі пакладзены ў магілу адначасова.

У апошні шлях гэтых людзей экіпіравалі багата: праколатымі зубамі пясца і ваўка, а таксама падвескамі з біўня маманта, якія прымацоўваліся да галаўных убораў. У роце DV15 быў змешчаны дыск з біўня маманта. Галовы ўсіх трох індывідаў, а таксама таз DV15 былі пакрытыя чырвонай охрай. Падвескі на чэрапе мужчыны злева (DV13) былі ўмацаваны ў цвёрды чырвоны матэрыял, што Кліма інтэрпрэтаваў як рэшту маскі знахара.

Тэорыя пра роднасныя адносіны

У сітуацыі, калі некалькі асобаў знаходзяцца ў агульнай магіле, цалкам натуральна ўзнікаюць меркаванні, што паміж гэтымі людзьмі былі нейкія адносіны. Відавочна, калі гэта не брацкая магіла ад нейкай эпідэміі ці вайны, куды разам складаюць і чужых адно аднаму людзей. Дык вось, зірнуўшы на антрапалагічныя асаблівасці шкілетаў у нашым пахаванні, навукоўцы сапраўды выявілі, што ва ўсіх трох асобаў характэрныя формы лапаткі і аплазія (недаразвіццё) лобнай пазухі. Калі некалькі чалавек падзяляюць наяўнасць такіх рэдкіх анатамічных варыянтаў, ёсць верагоднасць, што яны сваякі. Але ж, вядома, гэта таксама можа быць супадзеннем: анатамічнае падабенства, асабліва ў невялікіх ізаляваных супольнасцях накшталт тых у верхнім палеаліце, даволі чакана.

Каб праверыць далей гэту тэорыю аб сваяцтве, быў зроблены сістэматычны аналіз набору анатамічных асаблівасцяў (так званых неметрычных прыкмет) зубоў, а таксама чэрапаў і сківіц нашай троіцы. Гэты аналіз прыйшоў да высновы, што выпадковае супадзенне такіх анатамічных уласцівасцяў у трох асоб статыстычна вельмі малаверагодна. Такім чынам, гіпотэза аб цесным сваяцтве трох памерлых з Дольні Вестоніцэ трымаецца цвёрда. Больш за тое, паколькі абставіны паказваюць, што тры чалавекі памерлі адначасова, блізкі дыяпазон іх узросту на момант смерці сведчыць аб тым, што гэтыя людзі маглі быць братамі ці/і сёстрамі.

Смерць пры родах і асуджаныя

Такім чынам, да цяперашняга моманту мы даведаліся пра адначасовую смерць трох маладых людзей, магчыма, сваякоў, адзін з якіх быў пахаваны паміж іншымі, меў нейкія паталагічныя захворванні, і, магчыма, быў жанчынай, але не вельмі дакладна. І як гэта разумець?

Першая прапанова, вядома, паходзіць ад археолага з нашага помніка, і Кліма выдаў прыгожую: “Размяшчэнне магілы і становішча целаў адносна адно аднаго могуць адлюстроўваць рэальную жыццёвую драму, якая папярэднічала пахаванню”. Пачаўшы са словаў, што археолагі неахвотна робяць далёка ідучыя высновы аб далёкім мінулым, Кліма працягнуў прапановай, што, магчыма, “жанчына памерла падчас няўдалых родаў, двое мужчын маглі быць прызнаны адказнымі за гэта і вымушаны былі міжвольна пайсці за ёй у замагільны свет. Рэшткі тоўстага слупа, уваткнутага глыбока ў сцягно DV XIII [якога Кліма лічыў знахарам – і, выглядае, не вельмі ўдалым], пацвярджаюць меркаванне аб яго гвалтоўнай смерці”.

Што ж, не паспрачаешся, што рэальная драма – адно з магчымых тлумачэнняў трайнога пахавання. Усё ж смерць трох маладых людзей, пахаваных з такой дбайнасцю, у любым выпадку падзея драматычная. Але, магчыма, няўдалыя роды з двума мужчынамі прыцягнутымі да адказнасці – прапанова занадта канкрэтная, улічваючы маўклівасць археалагічных доказаў. Ва ўсякім выпадку, так лічыцца зараз. Не тое, што я асабіста выступаю супраць смелых прапаноў і актыўнага выкарыстання фантазіі ў інтэрпрэтаванні. Але ў наш час больш прымальным лічыцца прапанаваць хоць некалькі магчымых тлумачэнняў і ўзважыць іх верагоднасць з улікам наяўных доказаў. Так званы дыферэнцыяльны дыягназ.

Таму давайце вернемся да доказаў, бо за апошнія дзесяцігоддзі былі дасягнуты поспехі ў метадах, якія дазваляюць па-новаму інтэрпрэтаваць некаторыя старажытныя таямніцы.

Крэмневыя прылады са стаянак Дольні Вестоніцэ II і Паўлаў I
Крэмневыя прылады са стаянак Дольні Вестоніцэ II і Паўлаў I у Чэхіі. Прыклад таго, чым маглі карыстацца пры жыцці нашы героі. Аўтар фота Thilo Parg, Wikimedia

Аналіз ДНК дае новыя сведчанні

Як я пісала раней, вызначэнне полу чалавечых шкілетных астанкаў традыцыйна праводзіцца ў археалогіі шляхам ацэнкі формы таза і чэрапа. Аднак тое, як выражаюцца гэтыя рысы шкілета, уяўляе сабой кантынуум ці прагрэсіўную паслядоўнасць – то бок, часцяком іх выражэнне трапляе дзесьці паміж двума полюсамі мужчынскага-жаночага, у якія мы намагаемся іх запіхнуць. І як мы бачым з цяперашняга выпадку, паталогіі, што ўплываюць на форму косці, могуць яшчэ больш ускладніць вызначэнне полу. Гэтаксама як і малады ўзрост, калі наша анатомія яшчэ не развілася да свайго канчатковага стану.

У гэтых шматлікіх сумных выпадках аналіз старажытнай ДНК (калі ў вас ёсць на яго грошы) з’яўляецца ключом да вызначэння полу шкілетных астанкаў. Вось, напрыклад, калі вы знойдзеце маркер Y-храмасомы, у вас ёсць добрыя доказы таго, што чалавек быў мужчынам. Але і ДНК-аналіз, вядома, не абыходзіцца без уласных праблем. Малекулы ДНК руйнуюцца падчас пасмяротнага распаду, з-за чаго матэрыял з дагістарычных шкілетаў часта змяшчае толькі невялікую частку ўласнай ДНК, а астатняе ўяўляе сабой сумесь мікробнай ДНК бактэрый і грыбоў, што пасяліліся ў целе пасля смерці. А сучаснае забруджванне дадае да гэтай шалёнай сумесі ДНК археолагаў, супрацоўнікаў музея ці лабараторыі, якія мацалі косткі. Як вы можаце сабе ўявіць, знайсці рэшткі ДНК старажытнага чалавека ў гэтай сумесі становіцца складана.

У выпадку з Дольні Вестоніцэ захаванасць ДНК была дрэннай і ўзровень сучаснага забруджвання быў высокі. Гэта зноў перашкодзіла вызначэнню полу, а таксама роднасных адносін паміж памерлымі. Тым не менш, была зроблена спроба новага падыходу, які абапіраецца на колькасць чытанняў ДНК-дадзеных, што супадаюць з X- і Y-храмасомамі. У адрозненне ад папярэдніх метадаў, якія разглядаюць наяўнасць або адсутнасць спецыфічных маркераў полу і, такім чынам, могуць быць лёгка сапсаваны сучасным забруджваннем, гэты метад разглядае прапарцыянальныя адносіны чытанняў X і Y. Такім чынам, ён дазваляе ўсталяваць верагоднасць XX (жаночага) або XY (мужчынскага) набору храмасом у аб’екце даследавання.

І ведаеце, што гэты аналіз паказаў? Усе тры шкілеты, у тым ліку сярэдні DV15, які выклікаў шмат дыскусій, належалі мужчынам. Ну, гэта зруйнавала даволі шмат тэорый – і дало глебу для новых дзікіх ідэй, але я буду прытрымлівацца навуковай глебы. Хоць прычыны смерці не могуць быць устаноўлены, некаторыя сцэнары могуць быць выключаны для DV15: напрыклад, смерць падчас родаў. Хоць праблемы са здароўем цалкам маглі спрыяць яго ранняй смерці, спецыфічны дыягназ Х-счэпленай формы кропкавай кальцыфікавальнай хондродысплазіі становіцца менш верагодным, паколькі мужчыны з гэтым захворваннем звычайна паміраюць у раннім дзяцінстве.

З другога боку, праблема з гэтай гіпотэзай з самага пачатку заключалася ў тым, што клінічная літаратура не выключае і выжыванне мужчын з гэтым дыягназам – напрыклад, чалавеку мужчынскага полу дастаткова мець дзве Х-храмасомы. Гэта здараецца не вельмі часта, але ж назіраецца ў аднаго з 20 000 мужчын.

Некаторыя іншыя сведчанні, такія як плямы вохры, знойдзеныя каля таза і галавы DV15 (а ў выпадку асобаў абапал – толькі вакол галавы), неабавязкова мелі падкрэсліць розніцу паміж іх органамі. Калі паглядзець на іншыя пахаваннямі ў Дольні Вестоніцэ, дык там няма дакладнай карэляцыі паміж размяшчэннем вохры і полам. У мужчыны чырвоная вохра магла быць размешчана на тазе, у жанчыны – на галаве.

Таксама кажуць, што кавалак дрэва, знойдзены вакол крыжа DV14, не абавязкова быў зброяй забойства, або быў праткнуты праз мёртвае цела, каб утрымаць яго мёртвым. Далейшыя даследаванні паказалі, што яго размяшчэнне, верагодна, было выпадковым, і ён абваліўся з той канструкцыі з галін і бярвення, якую ўзвялі над целамі. Такім чынам, гіпотэза Кліма пацярпела некалькі ўдараў.

А цяпер вернемся да пытання аб сваяцтве – мы ж ведаем, што ДНК звычайна ёсць, што сказаць на гэты конт! Але ж стан захаванасці і сучаснае забруджванне тут зноў не далі добрых умоў для гульні. Аднак некаторы поспех быў у аналізе аднаго тыпу ДНК: а менавіта, мітахандрыяльнай ДНК, якая звычайна перадаецца ад маці, і, такім чынам, выкарыстоўваецца для вызначэння матчыных радаводаў. Гэты аналіз паказаў, што DV14 і DV15, верагодна, мелі адну і тую ж маці. І іх блізкі ўзрост павялічвае магчымасць таго, што яны былі братамі.

Нягледзячы на ​​тое, што DV13 не мае да іх такога жа блізкага сваяцтва па маці, з улікам агульных анатамічных асаблівасцяў нельга выключаць сваяцтва да ступені зводнага брата па бацькоўскай лініі. Атрымліваецца, у пытанні сваяцтва ДНК калі не ва ўсім пацвердзіла, то і не супярэчыла папярэднім тэорыям.

Фрагмент біўня маманта з Дольні Вестоніцэ
Фрагмент біўня маманта з Дольні Вестоніцэ, упрыгожаны насечкамі. Рэшткі мамантаў былі багата прадстаўлены сярод іншай фаўны ледавіковага перыяду ў Дольні Вестоніцэ. Фота Zde, Wikimedia

Колькі пытанняў на завяршэнне гэтай гісторыі

Трайное пахаванне ў Дольні Вястоніцэ сапраўды ўнікальнае, і нездарма яно выклікала столькі розных інтэрпрэтацый размяшчэння памерлых і абставін іх смерці: ад смерці пры родах да чалавечых ахвяр. Даследчыкі, здаецца, у асноўным пагаджаюцца ў адным: сімвалічныя паводзіны нейкім чынам адрозніваюць асобу DV15 і яго спадарожнікаў, прычым яго паталагічныя дэфармацыі яшчэ больш падкрэсліваюць яго цэнтральную пазіцыю. Напрыклад, каманда ДНК прапанавала, што цяжкасці з выяўленнем полу DV15 па яго анатоміі стваралі ўнікальнасць гэтага чалавека і пры жыцці, і такія асобы, магчыма, атрымлівалі пэўны статус у эгалітарных грамадствах.

З другога боку, як напісала Шынкарук, розныя інтэрпрэтацыі трайнога пахавання ў Дольні Вестоніцэ самі па сабе вартыя даследавання, бо адлюстроўваюць нашы сучасныя кагнітыўныя ўхілы. Напрыклад, як атрымалася, што ва ўсёй гэтай гісторыі DV15 вызначаўся і разглядаўся выключна праз прызму яго полу і інваліднасці? Ці сапраўды біялагічны пол і інваліднасць вызначалі ролю гэтага чалавека з пункту гледжання яго грамадства, або гэта больш нашы сучасныя погляды? І ці быў бы ўвесь працэс мыслення даследчыкаў такім жа, калі б мужчынскі генетычны пол DV15 быў бачны з самага пачатку? Усе гэтыя пытанні, як і старэйшыя інтэрпрэтацыі, вынікаюць са свайго часу, і адлюстроўваюць не столькі грамадства ў палеаліце ​​(на жаль, яно прыадкрываецца нам вельмі мала), колькі наш уласны інтарэс да пытанняў ідэнтычнасці і полу.

Артыкулы па тэме

Klima, B. (1987) ‘A triple burial from the Upper Paleolithic of Dolní Věstonice, Czechoslovakia’.
Alt, K.W. et al. (1997) ‘Twenty-five thousand-year-old triple burial from Dolní Věstonice: An ice-age family?’.
Mittnik, A. et al. (2016) ‘A Molecular Approach to the Sexing of the Triple Burial at the Upper Paleolithic Site of Dolní Věstonice’.
Szynkaruk, Olga Viviana Nauthiz (2020) ‘A Mirror into the Past and Present. On the Dolni Vestonice Triple Burial‘.