Гэтым разам знаёмлю вас з адной з асноўных ідэй, на якіх трымаецца археалогія: стратыграфіяй!
Напэўна, вы ўсе ўяўляеце, чым звычайна займаюцца археолагі: выкопваюць рэчы з зямлі. А потым з купкі гразі, костак і керамічных аскепкаў распавядаюць, што спачатку тут грукаў крэменем аб крэмень дагістарычны чалавек, потым пабудавалі паселішча, выраблялі гаршкі, яшчэ далей паселішча спалілі, а нябожчыкаў закапалі. Але як з гразі, костак і керамічных аскепкаў атрымліваецца гэта апавяданне? Як выбудоўваюцца лагічныя ланцужкі і сувязі паміж наборам гэтых рэчаў?
Што такое стратыграфія
Вядома, ёсць шмат метадаў, накшталт радыевугляродных аналізаў, тэрмалюмінесцэнцыі і іншых доўгіх слоў. Але асноўны прынцып і асноўная праца археолага на самім раскопе палягае ў аналізе старой добрай глебы і размяшчэння яе пластоў і рэчаў у іх адносна адзін аднаго. Ідэя ў тым, што храналагічная паслядоўнасць нашых дзеянняў пераносіцца ў фізічную паслядоўнасць нейкіх матэрыяльных рэшткаў гэтай дзейнасці.
Напрыклад, калі вы вярнуліся дахаты і кідаеце сваю адзежу на крэсла, па напластаваннях адзежы на гэтым крэсле можна адсачыць, што вы апраналі раней, а што пасля. Гарнітур з панядзелка будзе ляжаць пад вашай пятнічнай сукенкай, бо яго вы апранулі і скінулі напачатку тыдня, а сукенку напрыканцы. Ці там куртка будзе ляжаць пад цішоткай, бо куртку вы скінулі першай, а зверху дадалі цішотку. Канешне, вы можаце падмануць археолага адзежы, і паспрабаваць падсунуць цішотку пад тую куртку, што ўжо ляжыць на крэсле. Але наўрад ці ў вас атрымаецца зрабіць гэта так акуратна, што не будзе відаць ніякіх зморшчын.

Тое самае і з глебай. У выніку гравітацыі ў ёй утвараюцца серыі напластаванняў, і яны завуцца стратыфікацыяй. Дарэчы, у глебе гэта серыйнасць больш відавочна, бо куртку лягчэй падняць і зноў кінуць. А вось падняць пласт попелу з пажарышча вашага гарадзішча, падкінуць штосьці пад яго, а потым зноў пакрыць усё попелам пажарышча, прыкладна немагчыма. У выпадку пластоў глебы, кожны з іх унікальны, і разбурыць адзін, а потым пакласці зноў у тым жа выглядзе не атрымаецца: з кожным такім дзеяннем вы ствараеце абсалютна новы пласт.
Увогуле, гэтую ідэю пра тое, што слаі глебы вышэй пазнейшыя, а ніжэй ранейшыя, археолагі ўзялі ў геолагаў. У геолагаў усё яшчэ больш сурова, іх пласты хіба што землятрус перасуне.
З-за гэтых асаблівасцяў паслядоўнасці пластоў зямлі лічацца даволі надзейным сродкам адноснай даціроўкі. “Адноснай” азначае, што гэтая даціроўка толькі паказвае сувязь паміж некалькімі падзеямі: якая з іх была раней за іншую – а не прывязвае гэтыя падзеі да нейкай кропцы ў часе ці даты ў календары. Аналіз стратыграфічных слаёў дзеля вызначэння адноснай даціроўкі адкладвання аб’екта і кантэксту завецца стратыграфіяй.
Вертыкальныя пласты
Варта адзначыць, што стратыграфічныя адносіны маюць на ўвазе менавіта сувязь паміж аб’ектамі, а не іх кропку ў прасторы. Таму насамрэч нейкая рэч можа быць фізічна ніжэй за іншую, але стратыграфічна быць “вышэй” за яе.
Скажам, ваша паселішча існуе нейкі час, і напластавала ад сябе слой смецця, кавалкаў керамікі, костак ад вашай ежы, і медыцынскіх масак ад кавіднай эпідэміі ў адзін асабліва няўдалы год. Вы можаце выкапаць у слоі жыццёвай дзейнасці вашага паселішча глыбокую яму, кінуць ў яе манетку 2024 года, і ў прасторы гэта манетка апынецца ніжэй пачатка вашага паселішча, быццам ваша паселішча старэйшае за 2024 год. Але археолагі паглядзяць на профіль (вертыкальную сценку) свайго раскопа і скажуць: опа, тут была яма! І назавуць тую манету інфільтрацыяй: аб’ектам, які пранік у слой пасля яго стварэння. Яма можа пераразаць слаі вертыкальна, яле яна застаецца пазнейшым аб’ектам.
Тое ж самае могуць зрабіць не людзі, а, напрыклад, норныя жывёлы. Успомніце спрэчку наконт таго, як з’явіліся кветкі ў магіле неандэртальца ў папярэднім пасце.

Гэтаксама вы можаце прымяніць ідэю стратыфікацыі да вертыкальнага, а не гарызантальнага аб’екта. Скажам, калі аддзерці шпалеры ў вас на сцяне, пад імі могуць знайсціся рэшткі старэйшых шпалер, якія з любоўю клеілі папярэднія ўладары пакоя. А пад імі і яшчэ ранейшыя слаі грунтоўкі, і далей да цэглы ці там драўлянага каркаса. Няхай у прасторы ўсе гэтыя слаі знаходзяцца вертыкальна, стратыграфічна шпалера пазнейшая за грунт і каркас.
Пра ўнікальнасць археалагічных кантэкстаў
Раней я пісала, што археалогія навука пра факты, а не пра рэчы. І таму вялікая ўвага ў ёй надаецца не толькі і не столькі рэчам, колькі кантэксту іх знаходкі. Каб разумець каштоўнасць кантэксту, ўявім быццам наш помнік раскапаў рабаўнік ці там Індыяна Джонс: выцягнуў усе аб’екты, але без увагі на пласты глебы і кантэкст гэтых рэчаў.

Ці было пахаванне зроблена адначасова з будынкам? Мо ў 2024 годзе, бо побач такая манета – ці ў каменным веку, бо побач крэмневая дзіда? Ці кубак і фібула згубіліся адначасова, падчас няўдалага распівання гарбаты ў прыгожым плашчы? Добра, калі ў пахаванні ёсць аб’екты накшталт зброі і керамічнага посуду, але ў шматлікіх пахаваннях няма нічога, акрамя касцяка – і поспехаў у яго датаванні!
Спадзяюся, па гэтым прыкладзе зразумела, што, зрабіўшы яму і паклаўшы нейкія рэчы з яе ў кішэню, вы атрымаеце, ну, нейкія рэчы. Але не занатаваўшы кантэкст і ўсе пласты глебы ў сваім раскопе, вы губляеце амаль усю гісторыю пра гэтыя рэчы.
Адна мая калега распавяла, як неяк з імі на раскопках працаваў жудасны аматар, ад якога нельга было пазбавіцца, бо ён быў сябрам дырэктара раскопак. У адзін момант мая калега пабачыла, як ён збіраецца перакуліць тачку з непрасеянай глебай з аднаго пласта на кучу адкідаў з ранейшых пластоў – і адвесіла яму падпатыльнік. Сябра дырэктара абразіўся і сказаў, што не рабіў нічога дрэннага, вы ж маглі сабраць і прасеяць глебу і пасля таго, як ён выкінуў яе з тачкі. Не, не маглі. Рэч, страціўшая кантэкст, не набудзе яго зноў. Кантэкст разбураецца адзін раз і назаўсёды.
Сябра дырэктара раскопак пажаліўся яму на штурханец, але дырэктар адказаў, што той яшчэ мала атрымаў.
У геолагаў яшчэ можна перакуліць напластаванні, не разбурыўшы іх паслядоўнасць. Як вы можаце перавярнуць камень, і пабачыць тыя ж самыя слаі, але дагары нагамі. Але любое раскопванне археалагічных напластаванняў не ўтварае іх зваротную паслядоўнасць, а прыводзіць да ўтварэння новых адкладаў. Археалагічныя пласты ўнікальныя па складзе глебы, у часе і ў прасторы: яны ствараюцца толькі адзін раз і знішчаюцца адзін раз і назаўсёды. Таму на раскопках і траціцца столькі часу на замалёўку вертыкальных профіляў, гарызантальных планаў, занатаванне вышыні і каардынат знаходак, і дадатковага апісання ўсяго, што адбываецца, у выглядзе дзённіка, розных форм і бірак.
Нявызначаным засталося пытанне, як менавіта археолагі вылучаюць гэтыя слаі глебы і адрозніваюць іх адзін ад аднаго. Вось так і адрозніваюць: па колеры, складу, тэкстуры глебы і украпванняў у яе. Прыдумваюць розныя назвы для апісання адценняў глебы і іншых яе фізічных якасцяў. Калі ж глеба трапілася аднастайная: скажам, на працягу стагоддзяў помнік складаўся з аднаго пяску без змены яго колеру, тэкстуры і украпванняў – то не пашчасціла! Напластаванняў вылучыць не атрымаецца і даты, напэўна, будуць вельмі шырокія.
Напэўна, гэты прынцып гучыць да смешнага простым, але не ўсё геніяльнае складана. І разуменне стратыграфіі сапраўды з’яўляецца адным з падмуркаў археалогіі.
One thought on “50 адценняў глебы: тлумачым паняцце “стратыграфія””
Comments are closed.