Археолагі ў раскопе

Тры дні міру і музыкі: раскопкі музычнага фестывалю ў Вудстаку

Ці задаваліся вы калісьці пытаннем, наколькі старым павінен быць помнік, каб стаць цікавым археалогіі? Вядома, гэта навука займаецца мінулым – але адкуль пачынаецца мінулае? Напэўна, звычайна мы думаем пра штосьці старэйшае за час жыцця нашых бабуль і дзядуль як мінімум. А хутчэй пра піраміды, каменныя кругі і сярэднявечныя замкі. Але ж, калі хто не чуў, сем-восем год таму археолагі правялі раскопкі ў Вудстаку, каб знайсці дакладнае месца, дзе стаяла сцэна падчас славутага рок-фестывалю летам 1969 года. Можа, дастаткова быць Джымі Хендрыксам, каб стаць цікавым археалогіі?

Музычны фестываль у Вудстаку

Музычны фестываль, што адбыўся 15-18 жніўня 1969 года на ферме ў Бетэлі каля невялікага мястэчка Вудстака, штат Нью-Ёрк, лічыцца ці то вяршыняй гісторыі музыкі і культуры, ці хоць адным з найбольш знакамітых рок-фестываляў. На некалькі дзён траву на ферме тапталі не сотні кароў, а сотні тысяч чалавек. На сцэне для іх выступалі The Who, Джэніс Джоплін, Джымі Хендрыкс, Карлас Сантана і многія іншыя. Па мерках археалогіі эпізод даволі кароткі, затое інтэнсіўны, і цалкам сабе можа характарызавацца як масавае рытуальнае дзеянне.

Хаця падзея планавалася як камерцыйная, у выніку сталася бясплатнай, калі замест чаканых дзесяці тысяч на фестываль з’явілася 400 000 слухачоў. На частцы фестывалю, якая звалася базар Біндзі, грошы агулам былі забароненыя і гандаль быў толькі бартарны: абменьвалася ўсё, што было пад рукой. Шматлікія хіпі змаглі на некалькі дзён пагрузіцца ў свой ідэал грамадства.

Раскопкі Вудстака - натоўп на фестывалі
Фестываль у Вудстаку, 1969 г. Натоўп у 400 тысяч апладзіруе стоячы. Аўтар фота James M Shelley

Апроч раю хіпі і свята музыкі, Вудстак быў пагрозай для здароўя. І не толькі з-за кіслаты, якую там актыўна ўжывалі. Падчас фестывалю пракаціўся шторм, усе і ўсё прамокла, з гітар сыпаліся іскры. Чырвонаму Крыжу прыйшлося падцягнуць пітную ваду, ежы не хапала, а на сотні тысяч чалавек было ўсяго 600 туалетаў. З асвятляльнымі і гукавымі сістэмамі прыйшлося імправізаваць ў апошнюю хвіліну, бо яны былі прызначаны для настолькі малой колькасці слухачоў, што большасць наведвальнікаў не чулі ніводнай ноты. Але насуперак усяму дыскамфорту, Вудстак застаўся для яго наведвальнікаў светлым успамінам пра тое, на што людзі здольныя перад абліччам голаду, смагі, сырасці, бруду і спякоты, калі яны жадаюць працаваць разам.

Але пры чым тут археолагі

Раскопкі музычнага фестывалю ў Вудстаку мелі мэтай знайсці месца, дзе знаходзілася сцэна
Месца, дзе знаходзілася легендарная сцэна, праз пяцьдзясят гадоў не вельмі вылучаецца з наваколля. Фота A345321, Вікісховішча

Кожны год сотні людзей (‘пілігрымаў’, як ахрысцілі іх мясцовыя жыхары) прыязджаюць з усяго свету на святую зямлю, дзе пяцьдзясят год таму адбылося свята музыкі і любові. Усім хочацца прайсці па тым жа сцежкам, па якім ішлі The Who і Джымі Хендрыкс, убачыць унутраным позіркам сцэну. Аднак, высвятляецца, што знайсці нейкія сцежкі і месца былой сцэны пасярод раўнадушнай травы на ферме праз пяцьдзясят год – задача няпростая. Каго вы паклічаце? Архе-олагаў!

І вось, у 2017 годзе археолагі з Бінгемтанскага ўніверсітэта прыбываюць ратаваць сітуацыю тыповым для археолагаў спосабам: разведка і раскопкі. Напачатку археолагам было даручана даследаваць базар Біндзі, эклектычную сетку гандлёвых кіёскаў, і рэканструяваць сетку лясных сцежак на схіле пагорка, што прылягаў да тэрыторыі фестывалю. Пасля разведак базару, у 2018 годзе пачаліся і раскопкі. Перагляд здымкаў з паветра, што былі зробленыя падчас фестывалю, ужо дапамог вызначыць перспектыўныя месцы, дзе магла быць сцэна, і настаў час шукаць яе сляды.

Дбайная ўборка

Людзі ў коўдрах на Вудстакскім фестывалі
Некаторыя фота з Вудстакскага фестывалю сапраўды нагадваюць месца катастрофы. Аўтар фота Mark Goff, Вікімедыя

І тут апынулася, што праблемы з пошукамі будуць і ў археолагаў. Замест чаканага тонкага, але багатага язычкамі ад піўных бляшанак і бранзалетамі слоя, археолагі не знайшлі амаль нічога. Ну так, падзея была кароткая, але ж інтэнсіўная?

Той натоўп у 400,000 чалавек, што з’явіўся замест запланаванага дзясятка тысяч і ператварыў фестываль у легенду, пакінуў пасля сабе горы рэшткаў чалавечай дзейнасці (археалагічная назва для смецця). На фатаграфіях адразу пасля канцэрту ферма выглядала так, быццам па ёй прайшоў смерч: трава вытаптана ў нябыт, паўсюль раскідана смецце і адзенне.

Што насамрэч адбылося потым – гэта прыгожая гісторыя заканчэння легендарнага фестывалю, але сумная навіна для археолагаў. 8000 валанцёраў затрымаліся, каб прыбраць смецце за 400,000 наведвальнікаў фестывалю, і зрабілі гэта на дзіва дбайна. “Калі вы паглядзіце на фотаздымкі пасля фестывалю, то ўборка была чартоўскі добрай,” бядуе Марыя О’Донаван, археолаг з Бінгемтана. Незвычайная справа для помнікаў антрапацэну, ‘эпохі чалавека’.

Поспех у пошуках

Археолагі не здаваліся і працягвалі раскопкі, і нарэшце знайшлі іх: сляды драўлянай ‘агароджы міру’, што стрымлівала наведвальнікаў канцэрту ад залажання на сцэну. З дапамогай гэтай кропкі адліку і аэрафотаздымкаў стала магчымым нанесці на карту месцазнаходжанне сцэны. Як пракаментаваў вынік сваіх намаганняў кіраўнік раскопак Андэрсан, “Людзі могуць стаяць тут, глядзець на ўзгорак і казаць: ‘О, гэта месца, дзе былі артысты’. Джымі Хендрыкс стаяў тут і граў на гітары ў 8:30 раніцы”.

Сетка сцежак на месцы базару Біндзі, што свяцілася паўстагоддзя таму каляднымі аганькамі, адкрыта цяпер для ‘пілігрымаў’. Размяшчэнне рэшткаў кабінак, знойдзеных на базары Біндзі, не адпавядала арыгінальным картам: археалагічны доказ таго, што ў рэальнасці Вудстак зажыў сваім жыццём, якое арганізатары ўжо не кантралявалі.

Археалагічныя раскопкі настолькі нядаўняга помніка – з’ява незвычайная. Але з развіццём археалогіі і яе нястомнымі спробамі прымяніць сваю даследчую моц у новых пясочніцах, такія раскопкі будуць далёка не апошнімі. Бо афіцыйнай даты, з якой пачынаецца мінулае, не існуе ў археалогіі. Яе метады даюць унікальныя сведчанні паводзін чалавека з любога часу, калі людзі пакідалі за сабой рэчы. Значыць, каб пашырыць гэты метады на штосьці нядаўняе, дастаткова пашырыць на гэта сваё ўяўленне і цікавасць.