Археолагі ў раскопе

Лічбавыя плямёны і бойкі паміж імі: як Твітэр абмяркоўваў Чэдарскага чалавека

Археолагаў і даследчыкаў культурнай спадчыны даўно цікавіць, як людзі выкарыстоўваюць мінулае ў пабудове сваёй сучаснай ідэнтычнасці. Я не выключэнне ў гэтай цікавасці, і сёння хачу распавесці пра адзін прыклад такога выкарыстання.

Я ўжо паведаміла гісторыю адкрыцця і даследавання парэшткаў мезалітычнага чалавека, празванага Чэдарскім чалавекам. Мяркуецца, ён быў з паляўнічых-збіральнікаў, чые продкі прыйшлі ў Брытанію яшчэ ў той час, калі ў яе можна было прыйсці, не намачыўшы ногі. Там ён напаткаў сваю смерць (напэўна, гвалтоўную) каля 10 тысяч год таму, і быў знойдзены ў тых пячорах у Чэдары, у якіх калісьці выспяваў знакаміты сыр. Менавіта даследаванні яго добра захаванай ДНК, якая дала магчымасць зрабіць рэканструкцыю яго знешняга выгляду, выклікалі шмат цікавасці (і не толькі). Таму, як абяцана, гэтым разам мы працягнем экскурс у гісторыю жыцця і пасмяротнасці Чэдарскага чалавека: у мінулы раз быў мезаліт, зараз ідзем у 2018 год. А вы ўжо самі для сябе вырашайце, якая з гісторый больш павучальная.

Кантэкст падзей 2018-га года і іх даследчыкі

Хаця старажытнасць шкілета Чэдарскага чалавека забяспечыла яго важнасць для навукоўцаў ужо сто год таму, віруснай тэмай сталі вынікі даследавання, апублікаваныя 7 лютага 2018 года. Калі коратка, прэс-рэліз Універсітэцкага каледжа Лондана пад назвай «Раскрыты твар першага брытанца», паведамляў, што ў яго былі чорныя валасы, блакітныя вочы і цёмная скура. Далей навіну падхапілі размаітыя СМІ, асвятлялі эксперты і актывісты.

У кожным кутку свету людзей хвалююць трохі розныя рэчы, не заўсёды відавочныя для іншых, таму неабходна дадаць хоць трохі кантэксту, у якім выходзілі гэтыя навіны. Тэмы паходжання далікатныя ўвогуле для розных людзей і нацыянальнасцяў. А ў прыватнасці ў Брытаніі пераход да земляробства і тэма міграцыі ўжо да гэтага сталі прадметам жорсткіх дыскусій перад рэферэндум аб членстве Вялікабрытаніі ў Еўразвязе.

Рэканструкцыя твару Чэдарскага чалавека.
Рэканструкцыя твару Чэдарскага чалавека. Фота: Werner Ustorf

Вывучэннем таго, як сучасныя жыхары Брытаніі адрэагавалі на публікацыі вынікаў даследавання Чэдарскага чалавека, занялася К’яра Бонакі з Універсітэта Стырлінга з дапамогай Марты Кшыжаньскай з Кембрыджскага ўніверсітэта. Яны сабралі больш за 200,000 твітаў, якія згадвалі тэрміны «Чэдарман» або «Чалавек з Чэдара» паміж лютым-сакавіком 2018 г. І гэты набор тэкстаў яны прааналізавалі з мэтай адказаць на два пытанні:
1) Як навіны пра ДНК Чэдарскага чалавека выкарыстоўваліся карыстальнікамі ў Твітэры, каб правесці падзелы на “сваіх” і “чужых”? (гэта аўтары называлі “трайбалізмам” – то бок, аб’яднаннем у плямёны – на падставе гістарычнай спадчыны)
2) Якія фармулёўкі навін у Твітэры найбольш уплывалі на фармаванне гэтых падзелаў, і каму належалі гэтыя фармулёўкі?

Крыху тэхнічных нюансаў

Дзеля адказу на першае пытанне навукоўцы выкарысталі мадэляванне тэм, каб вызначыць, якія культурныя і сацыяльныя значэнні людзі надавалі навінам пра ДНК Чэдарскага чалавека ў Твітэры. Пад “выкарысталі” я маю на ўвазе, што ў апрацоўцы натуральнай мовы тэмы мадэлюе алгарытм. А аналіз нечых твітаў – гэта і ёсць апрацоўка натуральнай мовы, спроба знайсці сэнсы ў чалавечым тэксце з дапамогай кампутара.

Па-першае, алгарытм патрэбны дзеля эфектыўнасці: перачытаць больш за 200,000 твітаў, можа, і цікавы спосаб марнаваць час, але часцяком невыканальны, калі гэтага часу ў вас не бясконца. Па-другое, ёсць надзея, што алгарытмы тэматычнага мадэлявання прапануюць непрадузяты падыход да вызначэння тэм. Скажам так, калі ты загадзя прапануеш, што збіраешся шукаць нейкую тэму Х у наборы незнаёмых тэкстаў, то можна загадзя рабіць стаўкі, што менавіта яе ты і знойдзеш.

Алгарытмы не шукаюць загадзя прыдуманыя тэмы, а вылучаюць тэмы як размеркаванне верагоднасцяў з’яўлення ў іх тых тэрмінах, што ёсць у тваім наборы дакументаў. То бок, некаторыя словы сустракаюцца часцей, групуюцца ў пэўныя словазлучэнні з іншымі словамі, і фармуюць такім чынам нейкую агульную тэму, а алгарытм іх падлічвае. Мабыць, штучны інтэлект хутка нас усіх заменіць, але пакуль даследчыкам усё роўна потым прыходзіцца думаць, якія ж тэмы (у чалавечым разуменні) могуць прадстаўляць вылучаныя алгарытмам наборы тэрмінаў. І даваць ім ярлыкі, якія найлепей падсумоўваюць тэму, вызначаную праз 30 найбольш актуальных у ёй словаў. Складана? І не кажыце. Але ж ёсць дзіўныя людзі, якія так выкарыстоўваюць Твітэр, замест таго, каб проста твіціць.

Сучасныя значэнні фактаў мінуўшчыны ў вачах карыстальнікаў Твітэра

Дык вось, вылучыўшы такім чынам дзевяць тэм, К’яра Банакі і Марта Кшыжаньска вырашылі, што тэма пра Чэдарскага чалавека разгортвалася ў дзвюх асноўных формах. Першы тып тэм быў пераважна апісальным і ахопліваў асвятленне навін у СМІ на англійскай і французскай мовах. Варта адзначыць, што ў той час як колер скуры Чэдарскага чалавека з’явіўся ва ўсіх дзевяці тэмах, «блакітныя вочы» і «кучаравасць» з’яўляліся толькі сярод актуальных тэрмінаў першых 1-2 тэм. Атрымліваецца, колер вачэй не выклікаў такой цікавасці, як колер скуры.

Другі набор тэм робіцца яшчэ цікавей, бо ён ужо не апісальны: у ім карыстальнікі Твітэра прысвойвалі свае культурныя і сацыяльныя значэнні такому навуковаму адкрыццю як колер скуры Чэдарскага чалавека, і тэме доўгатэрміновых змен у знешнасці людзей як віду ўвогуле. Злучаючы, так бы мовіць, мінулае і сучаснасць у найбольш натуральным для людзей выглядзе: то бок, выбіраючы толькі тыя аспекты навін, што падаюцца ім найбольш важнымі для іх жыцця і грамадства.

Відавочна, значэнні Чэдарскаму чалавеку як міфу аб паходжанні надаваліся як станоўчыя, так і адмоўныя. З мінулым такая справа: паколькі будучыня нявызначаная, мары аб утопіі не заўсёды даюць палёгку. Затое заўсёды можна знайсці прытулак у ідэалізаваным мінулым, бо яго можна ведаць (хаця б так падаецца), ім можна маніпуляваць і кантраляваць яго (хаця б так падаецца). Такім чынам, мінулае куды больш бяспечнае месца для вашых мар, чым будучыня. І ў выпадку з Чэдарскім чалавекам некаторыя разглядалі міф аб паходжанні ад чалавека з «цёмнай» скурай як рэтратопію (то бок, утопію ў мінулым: бяспечнае і кантраляванае мінулае, што дае прытулак ад непажаданых сучасных падзей).

У той жа час іншыя карыстальнікі баяліся гэтай ідэі і абвяргалі яе, называючы Чэдарскага чалавека паліткарэктным трукам, махлярствам, наўмысным нападам, вычварэнствам, палітычна матываванай навукай і г.д. Па меркаваннях даследчыкаў, гэтыя фармулёўкі выказваюць пачуццё падману і адчуванне палітычна матываванай маніпуляцыі, якую медыя-ўстановы і навукоўцы здзейсняюць у змове, каб прасунуць свае інтарэсы.

Лічбавыя плямёны і бойкі
Фота ілюстрацыйнае. Аўтар: Angampora

Відавочна, не вегетарыянскай была і рыторыка прыхільнікаў погляду на Чэдарскага чалавека як на рэтратопію. Часам яе афармлялі даволі агрэсіўнаў мовай: напрыклад, апісваючы Чэдарскага чалавека як спосаб раздражняць прыхільнікаў перавагі белай расы і прымушаць расістаў крычаць ад жаху, а іх галовы выбухаць і г.д. То бок тыя, хто разглядаў Чэдарскага чалавека як пажаданы міф аб паходжанні, таксама выкарыстоўвалі яго дзеля падзелу на “сваіх” і “чужых”.

Як Твітэр падзяліўся на “сваіх” і “чужых” у дачыненні да Чэдарскага чалавека, і дзе былі ў гэты час навукоўцы (спойлер: сярод “чужых”)

Насамрэч, падзяленне на “сваіх” і “чужых” назіралася па цэлым шэрагу прызнакаў. Прычым некаторыя з гэтых прызнакаў мелі прамую сувязь з аспектамі адкрыцця: напрыклад, погляды на мабільнасцю/міграцыю або расавыя пытанні, – але большасць не. Большасць вынікала не з самой навіны, а з каштоўнасцей, якія карыстальнікі Твітэра самі надалі фармулёўцы адкрыцця.

Сярод гэтых прызнакаў для падзялення на “сваіх” і “чужых” былі палітычныя прыхільнасці, погляды на адносіны Вялікабрытаніі і ЕЗ, чытанне газет, давер да экспертаў, антысемітызм і неанацызм. Прычым адзін і той жа прызнак разыгрываўся рознымі бакамі аўдыторыі: напрыклад, па расавых поглядах адзін аднаго можна было абвінаваціць як “белых нацыяналістаў” ці “антыбелых расістаў”. А ў некаторых выпадках карыстальнікі падзяляліся на лагеры па больш чым адным прызнаку. Чэмпіёнамі па ўжыванню сярод прыкмет для падзялення на лагеры былі расавыя погляды, давер да экспертаў і палітычная прыхільнасць.

Ці здзівіла вас прысутнасць у спісе чэмпіёнаў “даверу да экспертаў”? Так ці інакш, гэта прыкмета не проста часта ўжывалася як падстава падзялення на бакі, але яна ж часта сустракалася сумесна з усімі іншымі прызнакамі для размежавання. То бок, незалежна ад таго, на якім баку выступала тая ці іншая група (напрыклад, за “белых нацыяналістаў” ці “антыбелых расістаў”), яна ж часта адначасова была і супраць экспертаў.

Да таго ж, пакуль іншыя прыкметы накшталт расавых поглядаў ужывался з двух бакоў, прыкмета “давер да экспертаў” была больш аданбаковай і ўжывалася галоўным чынам для таго, каб выціснуць да “чужых” асноўныя СМІ і навукоўцаў, называючы іх “недарэчнымі” або “палітычна матываванымі”. Карацей, калі б каму магло падацца, што меркаванне экспертаў магло неяк паўплываць на плынь дыскусіі, то затык у тым, што гэта меркаванне апрыёры аспрэчвалася карыстальнікамі з абодвух бакоў.

Дзе гэта было магчыма, даследчыкі прааналізавалі профілі аўтараў твітаў. Вызначылася, што большасць былі актывістамі (у дадзеным кантэксце гэта азначала любых карыстальнікаў Твітэра, якія самі назвалі сябе актывістамі або згадалі палітычныя, сацыяльныя або экалагічныя мэты ў апісаннях сваіх профіляў). Іншыя значныя групы былі медыяперсонамі або вэб-сайтамі СМІ ці проста прыватнымі карыстальнікамі, а толькі некалькі навукоўцамі або прафесіяналамі ці палітыкамі. Што з гэтага вынікае? Тое, што збольшага ўдзельнікі такіх дыскусій ўжо мелі канкрэтныя перакананні адносна палітычных і сацыяльных праблем, якія яны падымалі на прыкладзе Чэдарскага чалавека.

Як фармулёўка навін падагравала дыскусію

Час успомніць, што другое пытанне даследавання было звязана з фармулёўкай і кантэкстам навін, якія выклікалі такую гарачую дыскусію. То бок, якія фармулёўкі навін у Твітэры найбольш уплывалі на падзяленне на “сваіх” і “чужых”, і хто выкарыстоўваў гэтыя фармулёўкі?

Арыгінальны прэс-рэліз даследчыкаў Універсітэцкага каледжа Лондана і навіны пра яго выклікалі першапачатковы падзел на лагеры, звязаныя з расай і міграцыямі. Твіт артыкула «ДНК паказвае, што першы сучасны брытанец меў цёмную скуру і блакітныя вочы» быў у топе па распаўсюду. Гэты артыкул даволі дакладна адлюстроўваў змест універсітэцкага прэс-рэлізу, але таксама ўключаў цытату аднаго з даследчыкаў, якая падкрэслівала актуальнасць старажытнага даследавання ДНК і звязала яго вынікі з ідэямі сучаснай мабільнасці і ідэнтычнасці. Іншая папулярная навіна таксама адлюстроўвала змест прэс-рэлізу УКЛ, з дадатковым акцэнтам на тым, што сучасныя белыя брытанцы з’яўляюцца нашчадкамі насельніцтва, да якога адносіўся Чэдарскі чалавек. Там таксама цытавалася меркаванне аднаго з даследчыкаў, што нейкія ўяўныя расавыя катэгорыі з’яўляюцца вельмі сучаснымі канструкцыямі, якія немагчыма прымяніць да мінулага.

Аднак жа спасылка на Чэдарскага чалавека як на «першага брытанца» ў арыгінальным прэс-рэлізе не менш супярэчлівая, ці не так? Брытанства – гэта сучасны канцэпцыя, як і раса. Ужыванне яе ў кантэксце, дзе адначасова асуджалася сканструяваная прырода ідэй расы, было ўспрынята як “палітычнае”. Відавочна, яно спрыяла актывізацыі спрэчак, звязаных з мабільнасцю і поглядамі на расу. Гэта вечная праблема асвятлення навуковых даследаванняў шырокай грамадскасці: каб іх захацелі чытаць, спрабуеш апеляваць да чагосьці блізкага сучасным пачуццям. А потым назіраеш, як некантралюемы пажар гэтых пачуццяў паліць карткавую хатку тваіх добрых намераў.

Канешне, не ўсе навіны, апублікаваныя пасля абвяшчэння вынікаў даследавання, перадавалі толькі першапачатковы змест прэс-рэліза. З часам з’явіліся паведамленні, прысвечаныя ўжо не столькі самой навіне, колькі спрэчцы вакол яе, накшталт загалоўка «Некаторыя людзі не могуць змірыцца з тым, што першы чалавек у Брытаніі меў цёмную скуру». Такія навіны ў сродках масавай інфармацыі мелі даволі ваяўнічае афармленне (СМІ таксама трэба, каб іх чыталі) і, канешне, падлівалі масла ў агонь. У выніку большасць прызнакаў для падзялення на лагеры ніякім чынам не былі звязаныя са зместам арыгінальнага прэс-рэлізу або акадэмічных публікацый.

Своеасаблівай вішанькай на торце стала спроба змякчыць заявы, зробленыя у першым цыкле рэпартажаў. Навіна аб тым, што выснова аб “цемнаскурасці” Чэдарскага чалавека менш пэўная, чым усе яе ўспрынялі, выклікала другі пік твітаў. Можаце ўявіць сабе рэакцыю бакоў! СМІ і шырокай грамадскасці заўсёды цяжка спраўляюцца са звычнай навукоўцам ступенню нявызначанасці, прысутнай ва ўсіх іх даследаваннях. Але ж і ўлюбёная статыстыка не дае дакладных адказаў – толькі найбольш верагодная. І наконт найбольш верагодных розныя даследчыкі ўсё роўна будуць мець розныя погляды.

Высновы

У кожным кутку света людзей хвалююць трохі розныя рэчы – зразумела, не ўсе пытанні, якія былі цікаваыя брытанцам, актуальныя ў кантэксце, напрыклад, Беларусі. Але пакуль у кантэксце Беларусі мне не надта вядомыя даследаванні ўжывання мінулага ў сучасным, варта азнаёміцца і з сусветнымі прыкладамі. Бо і самі даследчыкі камунікацыі вакол Чэдарскага чалавека ўжывалі яго гісторыю як прыклад, на падставе якога можна даведацца пра агульныя схемы чалавечых паводзінаў.

Археолагаў і даследчыкаў культурнай спадчыны даўно цікавіць, як мінулае выкарыстоўваюць у сучаснасці дзеля пабудавання ідэнтычнасці – ці каб супрацьстаяць асобным групам у сучасным грамадстве. Канешне, не раз усплывала і пытанне, як самі эксперты павінны адказваць на такое выкарыстанне. Адныя вераць, што трэба прымаць актыўны ўдзел, прызнаць палітычную значнасць сваёй працы, і адстойваць свае погляды ды гістарычную праўду. Іншыя заклікаюць быць асцярожнымі ў сваіх камунікацыях. Магчыма, па выніку апісанага тут даследавання вы не будзеце здзіўленыя на чыім баку выказалася К’яра Бонакі, яго аўтарка.

Археолагі і прафесіяналы ў галіне гістарычна-культурнай спадчыны часам яшчэ аптымістычна спадзяюцца, што сацыяльныя медыя могуць прапанаваць ім глебу для таго, каб выступаць у якасці незалежных крыніц інфармацыі або адкрыта “палітычных” адвакатаў станоўчых сацыяльных змен у грамадстве. Аднак у рэальнасці супольная дзейнасць акадэміі, медыяіндустрыі і сацыяльных сетак ў канчатковым выніку можа прывесці да зваротнага эфекту. Навукоўцы наўрад ці ў стане кантраляваць канчатковае афармленне сваіх адкрыццяў, не кажучы ўжо пра рэакцыю на іх, і пра сэнсы, якія надаюць ім іншыя людзі.

Археалагічная адукацыя: людзі ў музеі
Фота ілюстрацыйнае. Аўтар: Shvets Anna

Таму К’яра Бонакі прыходзіць да высновы, што навукоўцам лепей пазбягаць правакацыйных афармленняў сваіх камунікацый на тэму археалогіі і спадчыны ў сацыяльных сетках, бо гэта хутчэй перашкаджае іх патэнцыялу прывесці да пазітыўных змен у стаўленні людзей да спрэчных і далікатных тэм. Яна бачыць больш надзеі ў цярплівым убудаванні гэтых наратываў спадчыны ў мяккай форме ў рамках фармальнай і нефармальнай адукацыі. З разлікам, што гэта зможа павысіць давер да навуковых даследаванняў і экспертаў і прывесці да доўгатэрміновых пераўтварэнняў, якія ўмацуюць сацыяльную згуртаванасць, а не пашыраць падзел грамадства.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *