Калі вы валодаеце магіяй, на што яе лепш скіраваць, чым на дасягненне вечнага жыцця? Цяпер веды, якімі мы валодаем, часцей называюць навукай, але галоўная мэта, да якой мы іх прымяняем, застаецца нязменнай – праект Гільгамеш, ці набліжэнне да бессмяротнасці. Старажытных егіпцян, відаць, не менш цікавіла пытанне вечнага жыцця – гэта здаецца натуральным для ўсіх людзей. Аднак яны выпрацавалі іншы падыход да праблемы, пераключыўшы акцэнт на здабыццё квітнеючага і шчаслівага замагільнага жыцця. Гэты падыход, адлюстраваны ў шматлікіх матэрыяльных рэштках, якія яны пакінулі – ад пірамід і мумій да малюнкаў і гісторый на папірусах – працягвае здзіўляць шырокую грамадскасць праз пяць тысяч гадоў.
Адным са шматлікіх адлюстраванняў жадання актыўна ўплываць на сваё замагільнае жыццё з’яўляецца Кніга мёртвых. Гэта не толькі добрае чытво, але і неверагодная пісьмовая крыніца, якая закранае розныя аспекты жыцця Старажытнага Егіпта: рэлігійны, эканамічны, маральны і магічны. Зараз мы пройдзем па некаторым з іх з дапамогай цытат з Кнігі мёртвых і Інструкцый, як яны былі пададзены Мірыям Ліхтхайм (1976), і ілюстрацый з папіруса вядомага нам Ані.
Кніга мёртвых як даведнік па рэлігіі і бізнесу
Рэлігійны аспект Кнігі мёртвых цалкам відавочны, бо, у адрозненне ад іншых вядомых нам пісьмовых крыніц са Старажытнага Егіпта, гэта хутчэй звод рэлігійных кампазіцый, чым эканамічная справаздача або збор вучэнняў накшталт Інструкцый. Кніга змяшчае імёны багоў і пралівае святло на іх ролю; апісвае, што адбываецца з простымі людзьмі ў іншым свеце і якія дзеянні трэба зрабіць, каб дамагчыся спрыяльнага суда.
Яшчэ адзін аспект, які мяне асабіста забаўляе, – гэта практычны падыход да замагільнага жыцця. Відавочна, спатрэбіўся час, каб гэтыя кампазіцыя прайшлі шлях ад абмежаваных сакральных ведаў, выпісаных на сценах у магілах каралеўскіх асоб, да чагосьці, даступнага шырокай аўдыторыі. Так ці інакш, падчас Новага Каралеўства даведнік па замагільным жыцці ўжо масава вырабляўся па даступнай цане. Здаецца, гэта было добра як для бізнесу, так і для эмацыйнага здароўя насельніцтва. Апошняе жадала атрымаць пэўную ўпэўненасць у замагільным жыцці і забяспечыць сабе бесперашкодны шлях да багоў на тым свеце. Вечнасць – гэта доўгі час, таму падаецца разумным інвеставаць у добры набор заклёнаў, якія дазволяць вам бяспечна дабрацца да Поля чаратоў, егіпецкага раю, а таксама забяспечаць дадатковыя здольнасці.
Як гэта бывае з любым сталым бізнесам, прадукт пачынае дыверсіфікавацца і ахопліваць большую долю рынку. Калі вы не можаце дазволіць сабе копію, напісаную на заказ, вы можаце выбраць гатовую копію і ўставіць сваё імя ў патрэбныя месцы. Часам у папірусе адводзілася месца не толькі для імя і тытулаў, але і для віньеткі, каб зафіксаваць асабістыя рысы памерлых. Калі вы не можаце выбраць паміж магчымасцю ператварыцца ў ластаўку, залатога сокала або чароўнага сокала, як толькі вы вызваліцеся ад межаў свайго цела, паназапашвайце грошы некалькі сезонаў і набывайце ўсе заклёны. Інструкцыя па ўжыванні, якая дапаўняе загавор 125, завяршаецца лаканічнай рэкламай прадукту: “Эфектыўны мільён разоў”. Нядзіўна, што гэта была прыбытковая галіна.

Кніга мёртвых як даведнік па маралі: Суд над памерлым
Аднак рэлігійнае і эканамічнае жыццё — не адзіная сфера, пра якую мы можам нешта даведацца з розных папірусаў Кнігі. Адной з функцый рэлігіі з’яўляецца кіраўніцтва маральнымі паводзінамі людзей праз вызначэнне таго, што лічыцца маральным у дадзеным грамадстве. Таму нядзіўна, што Кніга мёртвых, якая апісвае канчатковы суд, з’яўляецца добрай крыніцай па гэтай тэме.
Сапраўды, раздзел 125 Кнігі мёртвых, адзін з самых доўгіх і найбольш вядомых, апісвае Суд над памерлым, не пакідаючы без увагі пытанне грахоў. Раздзел пачынаецца з “Дэкларацыі аб невінаватасці”, дзе памерлы прыводзіць доўгі спіс грахоў, якіх ён ці яна не здзейснілі. Станоўчыя якасці, якія выкладаюцца ў Інструкцыях і сцвярджаюцца ў Аўтабіяграфіях са Старажытнага Егіпта, падаюцца ў форме адмоўных сцвярджэнняў. Напрыклад, нябожчык кажа:
О, крэмневокі, хто родам з Хема: я не падманваў.
О Касцяразбівальнік, які паходзіць з Гнэса: Я не хлусіў.
У той час як Інструкцыі вучаць:
Устрымлівайцеся ад злачынства махлярства,
Ад слоў, якія не (праўдзівыя).
Не абыдзены ўвагай і эмацыйны інтэлект:
О пячорны жыхар, які прыходзіць з захаду: я не маркоціўся
бо:
Твае людзі будуць вітаць, калі ты будзеш радасны,
Яны будуць плакаць свабодна (калі табе сумна).
Акрамя таго, каб не зрабіць нічога дрэннага, нябожчык сцвярджае, што зрабіў і нешта добрае:
Я даваў хлеб галодным,
Ваду тым, хто адчуваў смагу,
Адзенне голым,
Паром тым, у каго не было лодкі.
Гэта таксама тое, чаму бацька ў Старажытным Егіпце вучыў бы сына:
Не еш хлеб, калі хтосьці стаіць побач,
Не працягнуўшы яму рукі.
Што да ежы, то яна тут заўсёды,
Гэта чалавек не вечны;
Адзін чалавек багаты, другі бедны,
Але ежа будзе ў таго, хто ёю дзеліцца.

Многія з гэтых вучэнняў і паводзін, якія старажытныя егіпцяне лічылі маральнымі, застаюцца на здзіўленне актуальнымі і зараз:
Я не рабіў злачынстваў супраць людзей.
Я не крыўдзіў быдла…
…Я не прычыняў болю,
Я не выклікаў слёз.
Я не забіваў,
Я не загадваў забіваць, (люблю гэта ўдакладненне)
Я нікому не прынёс пакуты.
Насамрэч, гэта не так ужо і дзіўна, бо падобнае разуменне найбольш фундаментальных аспектаў правамерных паводзін чалавека ў грамадстве прайшло праз час даволі нязменным. Напрыклад, падобныя сцвярджэнні можна знайсці ў Бібліі, якая нават цяпер для многіх людзей застаецца падручнікам таго, як быць добрым чалавекам.
Некаторыя сцвярджэнні, якія егіпцяне вымаўляюць перад сваімі багамі, гучаць як добрае пашырэнне асноўных законаў маралі: “Я не павышаў голас”; “Я не выхваляўся”; “Я не быў ганарыстым”; “Я не выклікаў страху”; “Я не прагнуў больш, чым меў”.
З іншага боку, не ўсе дзеянні, якія мы сустракаем у загаворы, настолькі актуальныя або лёгкія для разумення сучаснаму чытачу:
Я не стрымліваў ваду ў яе час,
Я не перагароджваў струмень,
Я не гасіў патрэбнага агню.
Перакрыць ручай або патушыць агонь – гэта не тое, з чым многім з нас цяпер даводзіцца часта сутыкацца. Такія пасажы дазваляюць даследаваць сферы жыцця Старажытнага Егіпта, якія не былі падобныя на нашы. Яны таксама даюць добрае ўяўленне аб тым, што было дастаткова важным для людзей у той час, каб падняць гэтую тэму перад багамі на канчатковым судзе – напрыклад, важнасць вады і яе своечасовага паступлення на палі. Вядома, істотную ролю Ніла ў жыцці Егіпта цяжка паставіць пад сумнеў, але з тэкстаў Кнігі мёртвых, верагодна, можна атрымаць і разуменне наконт больш шырокага кола сфераў жыцця: адносін слугі-гаспадара, асаблівага статусу храма і яго ўласнасці (або маёмасці багоў), а таксама маёмасці памерлых; эканамічных здзелак і магчымых спосабаў падману ў іх: напрыклад, праз фальсіфікацыю адвеса вагаў.
Магія ў Кнізе мёртвых: улада імёнаў і змена ўласных формаў
Спіс грахоў у заклёне 125 у канчатковым выніку атрымліваецца даволі доўгім, і падаецца даволі няпростым пазбегнуць усіх з іх на працягу ўсяго жыцця: ну хто можа пахваліцца тым, што ніколі не павышае голас або не жадае большага, чым мае? Для зноскі, я асабіста нічога не маю супраць таго, каб жадаць большага. Але даравальнасць і міласэрнасць не кідаюцца ў вочы як галоўныя рысы багоў у Старажытным Егіпце – і вось тут сама прырода Кнігі апраўдвае рашэнне набыць яе. Кніга мёртвых – гэта перш за ўсё кніга магіі, якая лічылася законным інструментам у егіпецкай культуры, асабліва ў супрацьстаянні са смерцю.
Напрыклад, адна з функцый Кнігі – даць імёны багоў. Першую частку Суду нябожчык завяршае словамі:
Не спаткае мяне зло на гэтай зямлі,
У гэтай Зале Дзвюх Ісцін;
Бо я ведаю імёны багоў у ім,
Паслядоўнікаў вялікага Бога!
І працягвае “Дэкларацыяй да сарака двух багоў”, дзе звяртаецца да багоў з рознымі эпітэтамі і зноўку заяўляе аб грахах, якіх не здзяйсняў, напрыклад:
О Шырокі-крокам, які прыходзіць з Она: я не зрабіў зла.
О Полымя-хапальнік, які прыходзіць з Херахі: я не рабаваў.
О Даўганосы, які прыходзіць з Хмуна: я не прагнуў.
О Пажыральнік ценяў, які прыходзіць з пячоры: я не краў.
І завяршае спіс такімі словамі:
Вітаю вас, багі!
Я ведаю вас, я ведаю вашы імёны.
Я не ўпаду ў страх перад вамі,
Вы не абвінаваціце мяне ў злачынстве перад гэтым богам, за якім вы ідзяце!
Спіс з сарака двух квяцістых імёнаў можа быць забаўным для нас, але быў дзейсным інструментам для нябожчыка, таму што веданне імя чагосьці ці кагосьці давала вам уладу над імі (хто чытаў Чараўніка Земнамор’я павінен быць добра знаёмы з гэтай канцэпцыяй). Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе не толькі пра багоў ці дэманаў – напрыклад, падчас “Другога допыту” далей па тэксце Суда, у Зале Дзвюх Ісцін розныя часткі брамы просяць нябожчыка назваць свае імёны, каб упусціць яго; затым аналагічны рытуал паўтараецца з падлогай і ахоўнікам залы. Нарэшце нябожчык просіць аб’явіць яго Тоту, які аб’яўляе яго Асірысу.
Калі адысці ад тэксту Суда, у іншым раздзеле 77 мы знаходзім формулу пераўтварэння ў залатога сокала, да якой вышэй была прыведзена старонка з папіруса Ані. Адна з пераваг замагільнага жыцця – магчымасць прымаць тую форму, якая табе падабаецца. Тэкст раздзелу 77 абвяшчае:
Я вялікі сокал, які выйшаў са свайго яйка.
Я лячу, я ўзлятаю, як сокал у чатыры локці. (маецца на ўвазе размах крылаў у чатыры локці)
Прычына, па якой нехта ў гэтым выпадку паўтарае, што ён сокал, заключаецца ў тым, што гэта заклён – гэта значыць, прамаўляючы гэтыя словы, вы робіце іх сапраўднымі. Вы купляеце набор загавораў, каб мець магчымасць фармаваць рэальнасць. Калі так, то можа, і вымаўленне словаў “я не павышаў голас” у правільнай формуле таксама сатрэ гэты маленькі грэх, пакуль сціхае рэха вашых слоў?
Такім чынам магія і мараль аб’ядноўваюцца ў Кнізе мёртвых. Часам гэта можа выглядаць супярэчлівым, але паняцце супярэчнасці не больш і не менш рэальнае, чым магія; мозг людзей у цэлым вельмі добра спраўляецца з утрыманнем супярэчнасцей. Акрамя магіі і маралі, аспекты штодзённага жыцця непазбежна прабіваюцца ў рэлігійныя кампазіцыі. Таму даведнік па раі старажытных егіпцян становіцца для нас даведнікам па іх жыцці – за апошнія 1500 гадоў да Хрыста ці нават у два разы раней, калі ўлічыць, што палова заклёнаў паходзіць з Тэкстаў пірамід і Тэкстаў трун. Нарэшце, той факт, што камусьці ўдалося зрабіць добры бізнес на замагільным жыцці, не павінен здзіўляць. Прынамсі, не тых людзей, якія плацяць за ўяўныя аб’екты, неабходныя ў іх уяўных прыгодах у абстрактнай прасторы Інтэрнэту.

Я лічу, што рэклама кампазіцыі, якая ідзе пасля рубрыкі ў “Судзе над памерлым” папіруса Ані, з’яўляецца ідэальным спосабам завяршыць аповед пра Кнігу мёртвых у тым жа духу, які я ў ёй цаню: “Той, для каго чытаецца гэты скрутак, будзе квітнець, і дзеці яго будуць квітнець. Ён будзе сябрам караля і яго прыдворных. Ён атрымае хлеб, піва і вялікі кавалак мяса з алтара вялікага бога. Ні ў адной браме захаду яго не ўтрымаюць. Ён будзе ўведзены разам з царамі Верхняга і Ніжняга Егіпта. Ён будзе паслядоўнікам Асірыса.
Эфектыўна мільён разоў.“
Вышэйзгаданыя (і не згаданая) літаратура:
Davis, T. (1908) The Funeral Papyrus of Iouiya, 1st ed. London: Archibald Constable & Co., Ltd.
Lichtheim, M. (1976) Ancient Egyptian Literature, vol. 2, The New Kingdom, 1st ed.