Нешта пачаўшы размаўляць пра мячы ўжо цяжка спыніцца. Але ж усім нам час ад часу прыходзіла думка, як бы прыхапіць свой улюбёны інвентар у іншы свет, ці не? Відавочна, на працягу чалавечай гісторыі шмат хто пытаўся, і з гэтых розных спробаў я распавяду трохі пра кельтаў і кельцкія мячы. Хоць зброя і будуць у цэнтры ўвагі, пра бойкі размаўляць не будзем, а падумаем пра жыццё і смерць мяча.
Колькі слоў пра кельтаў, іх драматычную гісторыю і знешні выгляд
Кельтамі завуць розных людзей, якія жылі ў Еўропе і Малой Азіі, ад сучасных Ірландыі і Іспаніі да Румыніі, у другой палове першага тысячагоддзя да нашай эры. У пісьмовых крыніцах кельты ўпершыню згадваюцца на мяжы VI-V стагоддзяў да нашай эры. Адна з іх груп – напэўна, самая вядомая – завецца галамі.
Калі коратка казаць пра іх прыгоды на працягу паўтысячагоддзя, у пачатку 4 стагоддзя да н. э. кельты ўварваліся ў Італію, захапілі Рым, шмат нарабавалі, а некаторыя і пасяліліся ў паўночнай Італіі, што атрымала назву Галіі Цызальпінскай. Пасля 100 гадоў непераможнасці кельтаў, рымляне нанеслі зваротны ўдар і ў канцы III ст. да н.э. падчас II Пунічнай вайны паклалі канец валадарству кельтаў у Галіі Цызальпінскай.
Нягледзячы на паўстанне гальскага правадыра Верцынгеторыкса і яго перамогу пры Гергавіі у 52 г. да н.э., армія Цэзара перамагла пераважаючыя кельцкія сілы ў бітве пры Алезіі ў 51 г. да н.э. Верцынгеторыкса схапілі і праз некалькі гадоў забілі падчас трыумфу ў Рыме. Каму цікава, можа паглядзець на гэтыя падзеі ў серыяле Рым. Галія была раманізаваная, апошнія незалежныя плямёны на паўночным захадзе Іспаніі былі заваяваны Актавіянам Аўгустам. Але мы тут не для таго, каб гаварыць пра рымлян.
Кельты распаўсюджваліся і ва ўсходнім накірунку, хоць пра гэта захавалася менш інфармацыі. Але яны заключылі дагавор з Аляксандрам Македонскім, ладзілі набегі на Фракію, Македонію, рабавалі Грэцыю, мелі сваю кельцкую дзяржаву галатаў у Азіі. Кельты жылі і ў Брытаніі, куды Цэзар здзейсніў пару няўдалых экспедыцый; дзе пазней была пабудавана сцяна Адрыяна, каб аддзяліць заваяваную рымлянамі паўднёвую частку ад свабодных кельцкіх тэрыторый; і дзе каралева Будзіка ўзначаліла крывавае паўстанне з падтрымкай друідаў у 60—61 да н.э.
Што і казаць, у вачах міжземнаморцаў (праз якія гісторыкі мусяць глядзець, бо менавіта з Міжземнамор’я паходзяць пісьмовыя крыніцы) кельты бачыліся ў значнай ступені як звяры. Шумныя хлопцы, якія правакуюць праціўніка перад бітвай, дэманструюць ірацыянальную браваду, палохаюць песнямі, крыкамі і бразганнем зброі аб шчыты (ну, апошняе і дагэтуль засталося папулярнай тактыкай запалохвання). Кельтаў апісвалі як натоўп, што кідаўся ў лютыя атакі і губляў дух пасля няўдалых нападаў, меў недасканалую тэхніку бою, што суправаджалася адсутнасцю тактыкі, лідарства і кантролю. Не ведаю, як самі кельты апісалі б сябе, але, напэўна, інакш.

Некаторыя з іх нават ваявалі аголенымі, апрануўшы толькі пояс з мячом і торк (упрыгожанне такое, металічная шыйная грыўна). Верагодна, каб паказаць, што яны настолькі зухаватыя хлопцы і добрыя ваяры, што ім не патрэбны ніякія сродкі бяспекі накшталт адзення. Аб’екты мастацтва і пісьмовыя крыніцы пацвярджаюць, што воіны, верагодна, насілі торкі, хаця чамусьці ў археалогіі яны сустракаюцца толькі ў жаночых магілах. Што яшчэ мы ведаем пра знешні выгляд кельтаў? Здаецца, даволі доўгія вусы, адсутнасць барады і кароткія валасы былі характэрнымі рысамі.


Кельцкія мячы і іншыя артэфакты
Вы маглі заўважыць, што гісторыя кельтаў змяшчае шмат боек. Ці то таму, што яны мала чым займаліся, акрамя барацьбы, ці таму, што мы не надта паклапаціліся пра вывучэнне іншых аспектаў іх жыцця, акрамя войнаў, апісаных іх рымскімі ворагамі. Пра гэтую праблему з перагібамі навуковых цікавасцяў я ўжо пісала. Верагодна, як і ўсе іншыя людзі, кельты гатавалі ежу, рабілі цацкі для сваіх дзяцей і модныя касцюмы з неверагодна мастацкімі ўпрыгожаннямі для сябе, прыдумлялі легенды, расказвалі дурныя жарты, ну, і прыносілі ахвяры, і адсякалі галовы ворагам. Абезгалоўліванне ворагаў, здаецца, было характэрнай рысай для кельтаў. Як і беражлівае захоўванне забальзамаваных галоваў знатных ворагаў у куфры, адкуль іх можна было з гонарам даставаць і дэманстраваць гасцям.

Карацей, акрамя зброі ёсць розныя кельцкія прадметы, якія захаваліся (і нашмат болей тых, якія не захаваліся) да нашых дзён, і не ўсе з іх звязаныя з міжасабовай агрэсіяй. Але мы тут, каб пагаварыць у асноўным пра мячы. У археалогіі большая частка вядомага часу існавання кельтаў адносіцца да латэнскага перыяду. Паколькі археолагі маюць справу з матэрыяльнымі прадметамі, перыядызацыя латэнскай культуры таксама грунтуецца на іх: у прыватнасці, на мячах (а таксама іх похвах і асабліва фібулах). Амаль з пачатку латэнскага перыяду зброя была самым важным элементам мужчынскіх пахаванняў.
Грэчаскія гісторыкі Палібій II і Плутарх пісалі, што кельцкія мячы былі такой дрэннай якасці, што гнуліся практычна пасля аднаго ўдару. Археолагі лічаць сябе лепш інфармаванымі і менш прадузятымі ў гэтым пытанні, і лічаць грэчаскія меркаванні памылковымі, а кельцкія мячы – добра зробленымі. Рэканструкцыі паказваюць, што сагнуць іх пасля другога ўдару немагчыма – толькі праз вельмі інтэнсіўнае выкарыстанне.
Сагнутыя мячы, сапраўды, сустракаюцца часта – але не на полі бою, а ў магілах і свяцілішчах. Кельты пакінулі пасля сябе шмат наўмысна знішчанай зброі.
Забіванне зброі і яе пасмяротнасць
Звычай наўмыснага знішчэння аб’ектаў не ўнікальны для латэнскага перыяду: ён сустракаўся і раней, у познім бронзавым веку, у гальштацкі перыяд, і працягваўся ў наступныя перыяды. Таксама ён датычыўся не толькі зброі, хаця дэфармаваныя ўпрыгожанні або фурнітура не вельмі часта сустракаліся ў магілах воінаў. Аднак, напэўна, знішчаная зброя застаецца самым вядомым элементам гэтага феномену.

Па-першае, варта адзначыць, што гаворка ідзе менавіта пра наўмыснае знішчэнне. Бо знаходзіць рэчы ў настолькі жудасным стане, што іх цяжка пазнаць, – звычайная справа для археалогіі. Але адрозніць дэфармацыю, што адбылася да складання ў магілу, а не пад уплывам натуральных працэсаў, можна. Напрыклад, цяжар зямлі, карозія і нават удары ў баі не скручваюць лязо мяча ў кола. Вось тут ёсць разбор пашкоджанняў на зброі, каму цікава.
Відавочна, археолагі задаліся пытаннем, навошта людзі прыкладалі намаганні па знішчэнню зброі. Пералік тэорый можна знайсці, напрыклад, у гэтым артыкуле. Прапаноўваліся практычныя прычыны: напрыклад, што зброя накшталт мячоў і дзід была занадта доўгай, каб проста пакласці ў магільную яму. Але крэмацыйныя пахаванні, дзе часта сустракалася пашкоджаная зброя (і дзе яна, дарэчы, добра захоўвалася пасля ўздзеяння агню) па памеру не тое каб былі меншымі за магільныя ямы інгумацый. Да таго ж выкапаць даўжэйшую яму патрабуе менш намаганняў, чым сагнуць меч – хаця папярэдняе награванне яго на пахавальным вогнішчы дапамагае ў гэтай нялёгкай справе.

Неблагі варыянт прапануе, што зброя знішчалася дзеля захавання, каб няўцешныя госці не вярнуліся выкапаць яе для свайго карыстання пасля пахавання. Да гэтай тэорыі ставяць пытанне, чаму такога не рабілі са зброяй у іншых магілах.
Не знайшоўшы шмат практычных прычын знішчэння зброі, археолагі аддаюць перавагу рытуальным. Шмат у якіх культурах існуюць “антывампірскія” забабоны: то бок, боязь памерлых і іх вяртання ў той ці іншай форме, каб шкодзіць жывым. Калі ўявіць, што падобны страх існаваў у кельтаў, то зброю і іншы інвентар памерлых маглі знішчаць, каб перашкодзіць іх вяртанню, асабліва ў небяспечнай форме. Ёсць і меркаванне, што зброю знішчалі, калі яна была здабытая ў ворагаў. Такое тлумачэнне больш пасуе артэфактам са свяцілішчаў, якія трактуюцца як ваенная здабыча, што магла быць пашкоджана з сімвалічным сэнсам знішчэння ворага.

З іншага боку, зброя магла разглядацца як сімвалічны працяг рукі ваяра, яго частка, якая павінна была памерці разам з асноўным целам. Зброя магла лічыцца вельмі асабістым прадметам, цесна звязаным з памерлым, з-за чаго яе паўторнае выкарыстанне было немэтазгодным. Больш за тое, ёсць падставы лічыць, што зброя мела сваю індывідуальнасць.
Так, некаторыя кельцкія мячы мелі антрапаморфныя (то бок, чалавекападобныя) рысы, былі ўпрыгожаны выявамі вачэй і твару, ці асабістымі імёнамі. Можна ўявіць, што яны захоўвалі частку душы ваяры, і павінны былі быць забіты пасля смерці ўладальніка, каб перайсці разам з ім у іншы свет. Антрапамарфізацыя зброі вядома ў паўночнаеўрапейскіх культурах, дзе ёй даюць уласныя імёны, яна мае асобу і душу. Па аналогіі з гэтай практыкай кельцкі звычай наўмыснага знішчэння зброі таксама апісваюць як яе “забіццё” з мэтай вызваліць яе дух, каб яна магла суправаджаць свайго ўладальніка ў замагільнае жыццё.
Як і з тлумачэннем знішчэння зброі дзеля перадухілення рабаўніцтва магіл, тут узнікае пытанне, чаму гэты звычай назіраецца не ва ўсіх магілах ваяроў. Але гэтага мы не ведаем. Не бачна, каб на розніцу ў рытуале ўплывала наяўнасць, колькасць ці якасць іншых аб’ектаў у магіле, ці памеры магільнай ямы, ці ўзрост пахаваных, ці месца пахавання сярод іншых магіл у прасторы і часе. Мабыць, у гэты рытуал верылі і практыкавалі яго асобныя групы людзей. Калі вас непакоіць сустрэча з усімі забітымі ворагамі на тым свеце, далучайцеся да гэтых груп; спадзяюся, мой кароткі агляд падкажа вам варыянт, як прыхапіць туды свой джойсцік.