Мы ўжо пазнаёміліся з меркаваннем, выказаным Харары, што пшаніца прыручыла людзей і за іх кошт стала самай паспяховай раслінай на Зямлі, а зараз час пазнаёміцца з іншай цікавай гіпотэзай, як кіраванне вадой у сельскай гаспадарцы спрыяла стварэнню дзяржаў.
Роля ландшафту ў чалавечым лёсе
Калі вам цікава, як праходзяць заняткі вучняў-археолагаў, дык прынамсі мае лекцыі пра нейкія помнікі, перыяды і рэгіёны ўсе пачыналіся з мапы. І не проста мапы, якая павярхоўна паказвае, дзе на зямлі калісьці стаялі цікавыя нам помнікі. А дэталёвай геаграфічнай мапы рэгіёну, па якой нас прымушалі завучваць, якія горы, рэкі, і прыродныя рэсурсы атачалі помнік, да таго ж якія жывёлы і расліны там жылі і які быў клімат. Бо гэта аснова, якая будзе значнай часткай тлумачэння ўсяго, што там адбывалася.
Рэгіёнам, да якога звернемся мы ў пошуках адказу на пытанні фармавання дзяржаў, зноў будзе прадмет бясконцай увагі археолагаў – Блізкі Усход. Бо там пачыналася земляробства і гарады, а ірыгацыйныя збудаванні з’яўляюцца аднымі з самых ранніх сведчанняў земляробства ў старажытных дзяржавах.
Калі паглядзець на геаграфію Блізкага Усходу, ён знаходзіцца ў дажджавой цені гор на захадзе. І менавіта рэгіён каля гор, які паўтарае іх форму, і носіць назву Ўрадлівага паўмесяца. На гэтым адрэзку зямлі было магчыма дажджавое земляробства. А вось дажджы далей ад гор не гарантуюць узроўняў, неабходных для сельскай гаспадаркі. Такім чынам, на Блізкім Усходзе існавала два тыпы сельскай гаспадаркі: дажджавое земляробства і арашальнае земляробства.

Коратка пра ірыгацыйнае земляробства
400 мм дажджу неабходна для гарантаванага дажджавога земляробства. Ніжэй 250 мм існуе няўпэўненасць, што аднаго дажджу вашым раслінам хопіць, таму трэба дадаць арашэнне (ірыгацыю). Ірыгацыйнае земляробства абапіралася на сістэму арашальных каналаў, а для забеспячэння гэтых каналаў паліўнай вадой прыходзілася спадзяецца на рэкі. Балазе на мапе Месапатаміі рэкі маюцца, нават дзве: Тыгр і Еўфрат. На Еўфрат было больш надзеі, бо ён млявы і таму яго лепш выкарыстоўваць для арашэння; Тыгр хутчэйшы.
Але і пры высілках на арашэнне зменлівасць узроўню ападкаў у розныя гады і засухі, якія паніжаюць узровень рэк, адказных за арашэнне, усё роўна маглі сапсаваць вам жыццё. Да таго ж паўднёвая Месапатамія вядомая катастрафічнымі, моцнымі і непрадказальнымі паводкамі. Паводкі прыходзілі вясной, у час збору ўраджаю, лёгка затаплялі раўнінную мясцовасць і пагражалі ўстойлівым пасевам. Сельскагаспадарчы цыкл у Месапатаміі пачынаўся восенню, пасля доўгага засушлівага летняга сезона, а збор ураджаю – вясной. Для барацьбы з паводкамі будаваліся дамбы – вялікія груды зямлі.
Але ад непрадказальнасці прыроды вернемся да чалавечага генія арашэння. Ірыгацыя патрабавала вырашэння некалькіх задач:
– Забеспячэння вадой, дзеля чаго капаліся каналы з варотамі на іх
– Захоўвання вады, што дасягалася падзелам поля на невялікія ўчасткі, абгароджаныя кучамі зямлі
– Дрэнажу ці ўтылізацыя вады, калі ў ёй няма неабходнасці. Гэта таксама павінна было перадухіліць засаленне глебы. Соль, якая адкладаецца пры выпарэнні вады пры надзвычай высокіх тэмпературах, была вялікай праблемай, што магла прымусіць людзей перасяляцца са сваіх вёсак у пошуках новых зямель.
Затое ў выніку велізарных намаганняў і арганізацыі працы прадукцыйнасць шумерскай сельскай гаспадаркі была вялікай. Таксама гэтаму спрыяла высокая (пры неабходным арашэнні) урадлівасці алювіяльнай глебы.

Гідраўлічная гіпотэза і яе прымяненне
Дык вось да таго чалавечага генія. Гідраўлічная гіпотэза гісторыка Карла Вітфогеля распавядае, што ў грамадствах, дзе ірыгацыя патрабуе істотнага і цэнтралізаванага кантролю (як у старажытнай Месапатаміі ці Егіпце), фармуюцца абсалютысцкія дзяржавы, што манапалізуюць палітычную ўладу, дамінуюць у эканоміцы, і атаясамляюцца з пануючай рэлігіяй. То бок, для росту насельніцтва ў засушлівых рэгіёнах былі патрэбны ірыгацыйныя сістэмы, а неабходнасць кіравання такімі буйнамаштабнымі сістэмамі прывяла да стварэння бюракратыі і складанай сацыяльнай іерархіі.
Гэтаму не супярэчыць той факт, што, акрамя старажытнай Месапатаміі і Егіпта, ірыгацыя была практычна паўсюдна распаўсюджана ў ранніх дзяржавах – у тым ліку ў Паўднёвай Азіі, Усходняй Азіі, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы. Хаця і зусім не абавязкова адыгрывала значную ролю ў доўгатэрміновай гісторыі гэтых зямель. Апрача рэгіёнаў з самымі раннімі дзяржавамі, ірыгацыйныя сістэмы з цэнтралізаваным кіраваннем адыгралі важную ролю ў фармаванні дзяржаў Паўднёва-заходняй Аравіі і ў прыватнасці Емена, дзе Хароуэр (2009) падкрэслівае менавіта ідэалагічную ролю гэтых праектаў. Маўляў, цэнтралізаваная ірыгацыя зусім і не была неабходная ў мясцовай сельскай гаспадарцы. Яна не столькі стварала ежу для падтрымання растучага насельніцтва, але давала старажытным каралям ідэалагічны прэстыж і рэлігійную значнасць праз пераўтварэнне імі засушлівых абласцей у багатыя аазісы.
Як і фестываль Акіту для Вавілона, аднаўленне плаціны Марыб у мінулым Емена выконвала для мясцовых і іншаземных уладароў сімвалічную і палітычную ролю легітымізацыі свайго лідарства, а старажытныя тэксты спасылаюцца на багоў, якія асабіста давалі дазвол на капанне калодзежаў і будаўніцтва каналаў і цыстэрнаў. І, цікавым чынам, дзяржавы ў Емене спачатку развіліся не ў яго вільготных заходніх рэгіёнах, дзе было магчыма дажджавое земляробства, а менавіта ў той меншай частцы ўздоўж краёў пустэльні, дзе ірыгацыя была неабходная.

Акрамя самых ранніх дзяржаў, гідраўлічную гіпотэзу прымяраюць і на больш сучасныя, такія як Мексіка і СССР у сваёй цэнтральнаазіяцкай частцы, дзе пашырэнне ірыгацыі замацоўвала магутнасць апарату ўлады і прывяло да памяншэння Аральскага мора і падвышэння яго салёнасці, засалення глебы, забруджвання пітной вады, мноства праблем са здароўем жыхароў рэгіёну і іх міграцыі адтуль.
Сучасны погляд на гідраўлічную гіпотэзу
Канешне, гэтакая лёсавырашальная роля ірыгацыі ў грамадскім развіцці аспрэчвалася і шмат пераглядалася з часоў Вітфогеля. Працэс фармавання дзяржаў быў і больш складаным, і больш разнастайным, і ўключаў шматлікія фактары, накшталт дэмаграфічнага ціску і змены навакольнага асяроддзя; такія чыннікі як гандаль, рэлігія і ваенныя дзеянні. Цывілізацыі ўзнікалі для вырашэння тых праблем, якія былі важныя ў іх асабістым кантэксце; ну і так здарылася, што ў засушлівых рэгіёнах такія праблемы ўключалі забеспячэнне дастатковай колькасці ежы, у тым ліку праз арашэнне.
Гідраўлічная гіпотэза ў сваёй першапачатковай фармулёўцы не ўлічвала гэтай складанасці і разнастайнасці. Аднак на працягу больш чым шасцідзесяці гадоў яна заставалася сярод асноўных тлумачэнняў паходжання старажытных дзяржаў. Такая даўгавечнасць намякае, што наўрад ці гэту гіпотэзу можна хутка пацвердзіць або абвергнуць. Часткі гіпотэзы адкідваюць, а штосьці дапаўняюць ці перафармулёўваюць.
Бачыце вы сэнс у прапанове Вітфогеля ці не, зараз большасць археолагаў прызнае, што, у якасці асноўнага сродку павелічэння сельскагаспадарчай вытворчасці, ірыгацыя была важнай для фармавання дзяржавы ў многіх рэгіёнах. І сярод вынікаў ірыгацыі называюць рост гарадскіх грамадстваў, бо для кантролю вады трэба супрацоўнічаць. Сельская гаспадарка – гэта грамадская дзейнасць; яе ажыццяўленне патрабавала палітычнай стабільнасці.
Акрамя таго, яна дазваляла людзям вырабляць лішкі ежы, якую можна было абмяняць на іншыя рэсурсы. Напрыклад, у той самай Месапатаміі, з якой мы пачыналі, прыродных рэсурсаў акрамя гліны было не надта (а гліна, шчыра кажучы, не той рэсурс, за які людзі перадзяруцца). Нарэшце, харчовыя лішкі дазвалялі займацца іншымі прафесіямі, акрамя земляробства. Усю гэта вядзе да ўзнікнення і росту гарадскіх грамадстваў. Сітуацыя тыповая ў маштабах гісторыі: людзі ўсё імкнуцца дамінаваць над прыродай, а, змяніўшы асноўныя ўмовы свайго існавання, таксама пераўтвараюць сябе.