Увага! У гэтым тэксце ёсць выявы чалавечых парэшткаў.
Гэтым разам гаворка пойдзе пра шкілеты (ну, чым багатыя) і фемінізм (а вось гэта першы раз). Зразумела, чалавечыя парэшткі з’яўляюцца адным з ключавых элементаў археалагічных даследаванняў, у прыватнасці ў галіне біяархеалогіі. Высвятленне такіх базавых дэмаграфічных характарыстык, як пол і ўзрост, маячыць сярод асноўных праблем. І праблем не толькі тэхнічнага характару, таму я паспрабую акрэсліць, як археолагі высвятляюць пол і гендар асобаў з мінулага, чым тут дапамагае (ці перашкаджае) пахавальны інвентар, затым плаўна ўвесці тэму фемінісцкай археалогіі (бо хто мы без тэорыі? тыя ж дзеці, што корпаюцца ў гразі…)
Змест
Пол і гендар у археалогіі
Вернемся да тэмы і пачнем з асноў. Вядома, ёсць такія паняцці як пол і гендар. Пол – гэта біялагічная асаблівасць. Гэта тое, як пабудавана ваша цела, ці мае яно пэўныя біялагічныя асаблівасці, такія як спецыфічныя палавыя органы і пэўныя храмасомы (напрыклад, пара XX у жанчын ці XY у мужчын). У асноўным гэта характарыстыка прымае значэнні мужчынскага або жаночага полу, калі яе магчыма вызначыць – нагадваю, гаворка ідзе пра кантэкст археалогіі, не крыміналістыкі ці ток-шоў, што прыносіць адпаведныя складанасці.
Але і ўвогуле рэальнасць далёка не такая адназначная або бінарная, як можна падумаць, таму што людзі могуць нарадзіцца з неадназначнымі геніталіямі і неадназначнымі наборамі храмасом, ды іншымі варыяцыямі, з-за якіх генетычны пол не адпавядае біялагічнаму – хоць гэта здараецца не занадта часта. Так ці інакш, пол – гэта тая прыкмета, якую мы спрабуем вызначыць па шкілетах. А калі мы не можам – напрыклад, прыкметы на костках дакладна не схіляюцца да мужчынскага або жаночага полу – то ён застаецца неідэнтыфікаваным. Для дзяцей ён звычайна лічыцца такім апрыёры, бо ў дзіцячым шкілеце біялагічныя асаблівасці, якія паказваюць на пол, яшчэ менш выразныя, чым у дарослых, пакуль цела не пачне змяняцца ў перыяд палавога паспявання.

Гендар – гэта сістэма сацыяльнай катэгарызацыі. Ён вызначаецца тым, як вы бачыце сябе і як вас бачыць грамадства. Такая характарыстыка яшчэ больш складаная і ўжо далёка не заўсёды бінарная. Катэгорый у ёй можа быць некалькі: мужчыны, жанчыны, дзеці як асобная група (памятаеце, як усе дзеці да пэўнага ўзросту насілі сукенкі незалежна ад полу? гэта адзін са спосабаў разглядаць дзяцей як не мужчын і жанчын, а асобную катэгорыю). Людзі могуць быць небінарнымі, утвараць трэці пол (напрыклад, у некаторых старажытных культурах еўнухі складалі асобную групу) і г.д.
Дык вось, у археалагічным кантэксце шкілет у пахаванні можа дапамагчы вызначыць біялагічны пол, у той час як пахавальны інвентар дапамагае скласці ўяўленне аб гендары. Але, увага, мы не можам выкарыстоўваць пол для вызначэння гендару і наадварот.
Пахавальны інвентар і яго дачыненне да полу пахаваных
Але, канешне, да апошніх колькі дзесяцігоддзяў археолагі рабілі зусім адваротнае. Напэўна, самым вядомым прыкладам гендарных пытанняў у археалогіі з’яўляецца традыцыя вызначаць пол індывіда па пахавальным інвентары, які няўцешныя сваякі і сябры (ці хто там паклапаціўся пра вашае пахаванне) кладуць у магілу разам з нябожчыкам.
У адрозненне ад шматлікіх жывёл, якія маюць спецыяльную костку бакулум у пенісе, людзі не маюць цвёрдых тканак, якія б непасрэдна выяўлялі іх пол у шкілетных рэштках. О, ідэнтыфікацыя полу ў археалогіі – гэта вялікая праблема! Большая праблема толькі вызначэнне ўзросту. Ёсць косці, асабліва тазавыя, якія з’яўляюцца больш-менш надзейнымі паказчыкамі – напрыклад, у жанчын структура таза звычайна больш прыстасаваная да родаў, чым у мужчын, і гэта вельмі дапамагае археолагам ад адчаю. Але толькі калі дакладная костка, на якую яны хочуць паглядзець, выпадкова захаваецца да таго часу, калі яны яе раскапаюць.

Акрамя таго, некаторыя індыкатары існуюць на чэрапе, але яны крыху менш надзейныя – так, мужчынскія і жаночыя твары, як правіла, некалькі адрозніваюцца, але не абавязкова моцна, да таго ж існуе бясконцая колькасць іх варыяцый і формаў. Цягліцавыя прымацаванні, як правіла, большыя ў мужчын, паколькі яны часта больш мускулістыя – але зноў жа, не абавязкова, бо мускулістымі могуць быць і жанчыны! Вы, напэўна, бачыце праблему.
Такім чынам, пакуль развіццё астэалогіі і генетыкі не прынесла новых метадаў вызначэння полу, на працягу дзесяцігоддзяў існаваў звычай інтэрпрэтаваць пахаваных як мужчын або жанчын на падставе магільнага інвентару. Гэты шкілет быў пахаваны з мячом – відавочна, гэта павінен быць мужчына. Гэты з верацяном або пацеркамі – ясна, што гэта павінна быць жанчына. Бо жанчыны прадуць і носяць упрыгожанні, а мужчыны ваююць, праўда? Хтосьці пахаваны з нажом? Не пашанцавала, у мінулым нож быў зручным інструментам для ўсіх. І гэтак далей.
Фемінізм у археалогіі
Відавочна, з часам людзі задумаліся, што гэты падыход не вельмі добра адпавядае рэчаіснасці. Добры штуршок таму даў фемінісцкі рух. Ён увогуле прынёс шмат цікавых думак і плыняў у археалогію, якія варта разгледзець больш дэталёва. Я па гэта звярнуся да “Археалагічнай тэорыі” Мэцью Джонсана, але цікаўныя з тым жа поспехам могуць знайсці агляд фемінісцкай археалогіі ў іншых кнігах па археалагічнай тэорыі.
Цікавасць да гендарных пытанняў стала шырока распаўсюджвацца ў гуманітарных навуках (і з некаторым адставаннем у археалогіі) прыкладна ў 1980-я гады разам з ростам фемінісцкага руху. У археалогіі гэты рух выявіўся ў выпраўленні мужчынскага ўхілу, крытыцы існуючай археалагічнай практыкі і мужчынскага ўхілу ў акадэмічных ведах у цэлым, а таксама прывёў да вывучэння гендару ў археалагічных матэрыялах.
Што менавіта маецца на ўвазе пад карэкцыяй мужчынскага ці андрацэнтрычнага ўхілу? Андрацэнтрызм азначае веру ў тое, што мужчыны знаходзяцца ў цэнтры падзей, а жанчыны ў лепшым выпадку на ўзбочыне. Адпаведны ўхіл ці прадузятасць апісвае спосаб мысліць і апісваць свет праз мужчынскі погляд на яго. Часта гэта адбываецца невідавочна, напрыклад, праз сэксісцкае выкарыстанне мовы, такое як выкарыстанне займенніка “ён”, калі маецца на ўвазе “яна або ён”.
У навуцы пра мінулае часцяком жанчыны проста выключаюцца з карціны старажытнага свету. Праз навуковыя тэксты, што пішуць пра заняткі мужчынскай часткі насельніцтва, быццам толькі гэтая частка і існавала. Праз малюнкі старажытных людзей у дзіцячых падручніках, дзе групы дагістарычных мужчын дзелавіта разводзяць вогнішча, апрацоўваюць крэмній, і размалёўваюць пячоры, а адна жанчына, калі яна ёсць, сядзіць дзесьці на заднім плане з дзіцём. Тут можна паглядзець добры прыклад рэканструкцыі размалёўкі пячоры Ласко зробленай дзесьці каля 1900 г. Мой настаўнік па кагнітыўнай археалогіі вельмі любіў такія малюнкі як прыклады асуджанага на выміранне старажытнага грамадства, бо ў ім няма жанчын і дзеці не складаюць хаця б 50% насельніцтва.
Тое ж адбываецца праз музейныя выставы, якія дапамагаюць прывіваць чаканні аб паводзінах мужчын і жанчын напрацягу гісторыі ўжо з маленства. Марыяна Моэн ў артыкуле 2019 года “Гендар і археалогія: дзе мы цяпер?” прыводзіла прыклад новага кароткаметражнага фільма, які дэманстраваўся ў Музеі караблёў вікінгаў у Осла. Фільм паказваў падарожжа і напрыканцы пахаванне правадыра вікінгаў (мужчыны), выкарыстоўваючы пераважна матэрыял з (жаночага) пахавання ў Осэбергу. Такая вось гісторыя. А калі жанчыны апрыёры выдалены з гісторыі, становіцца цяжкай працай неяк вярнуць іх ва ўжо завершаную і такую лагічную карціну.
Або возьмем прыклад таго, як ствараюцца акадэмічныя веды. Уявіце сабе, колькі этнаграфічных апісанняў было сабрана ў дзевятнаццатым стагоддзі віктарыянскімі этнографамі-мужчынамі, якія “натуральна” абіралі апытваць менавіта мужчын племені пра іх сацыяльную сістэму – а потым інтэрпрэтаваць адказы ў адпаведнасці са сваімі чаканнямі і прадузятасцямі. Ці варта здзіўляцца таму, што атрыманыя такім чынам веды спараджаюць кругавую аргументацыю аб тым, што дамінаванне мужчын з’яўляецца ўніверсальным або натуральным для чалавечага віду, таму што “так было заўсёды”.

Калі казаць пра археалагічную практыку, яна пакутуе ад тых жа заганаў, што і любая іншая прафесія: дыскрымінацыйных практык пры прыёме на працу і размеркаванні акадэмічнага і даследчага фінансавання. Статыстычна мужчыны аказваюцца больш паспяховымі ў атрыманні грантаў на раскопкі. А праца і дасягненні археолагаў-жанчын, асабліва 19-20 стагоддзя часта заставалася без увагі, не трапляла ў падручнікі, або прыпісвалася калегам-мужчынам.

Дарэчы, цікавы пункт крытыкі датычыцца самой сутнасці навуковага працэсу. Прыгожы тэрмін “фалацэнтрычная прырода ведаў” складае крытыку, якая з цяжкасцю даецца і майму мозгу, бо ставіць пад пытанне ўсё, чаму нас вучылі з пункту гледжання навукі. А менавіта, студэнтаў вучаць, што добрыя аргументы моцныя і надзейныя, а слабыя, непераканаўчыя аргументы прапануюць толькі лузеры; што студэнты павінны быць безасабовымі ў сваіх эсэ, бо ў навуцы няма месца эмоцыям і асабістаму вопыту.
Што ж, феміністкі сцвярджалі, што такое структураванне ведаў з’яўляецца фалацэнтрычным і разглядае стэрэатыпна “мужчынскія” спосабы мыслення як адзіна законныя. Такі акадэмічны дыскурс прэтэндуе на справядлівасць і нейтральнасць, але правілы гэтай гульні дыскрымінацыйныя па сваёй прыродзе і патрабуюць ад жанчын думаць і пісаць “як мужчыны” (прынамсі, калі браць стэрэатыпнае ўяўленне аб тым, што з’яўляецца тыпова мужчынскім і жаночым). Дык ці варта здзіўляцца, калі мужчыны акажуцца “лепшымі” у гэтай акадэмічнай гульні, чым жанчыны? Што дрэннага ва ўключэнні ў тэкст эмоцый, даданні асабістага вопыту, прадстаўленні розных магчымых высноў; або нават у тым, каб заканчваць тэкст пытаннем, а не цвёрдай высновай?
Напэўна, такі правакацыйны аргумент прыняць цяжка, ды і ёсць да яго пытанечкі, але ж цікавыя ён адкрывае перспектывы.
Археалогіі гендару
Акрамя крытыкі існуючай акадэмічнай сістэмы, працэсаў, і археалагічнай практыкі, феміністычны дыскурс выклікаў цікавасць да разгляду пабудовы гендараў у мінулым. Калі гендарныя ролі і культурныя практыкі таго, што значыць быць жанчынай ці мужчынам у дадзеным грамадстве адрозніваюцца ў часе і ў розных культурах, дык чаму б не вывучыць іх? Наўрад ці ёсць што-небудзь “натуральнае” у тым, каб паводзіць сябе як мужчына ці жанчына. Возьмем прыклад таго ж Джонсана: “у сярэднявеччы рэгулярна плакаць і губляць прытомнасць лічыліся па-мужчынску для мужчыны з эліты; з дзевятнаццатага стагоддзя жанчыны сталі займацца займацца плачам і стратай прытомнасці, у той час як мужчыны трымалі эмоцыі пры сабе”.
Нават калі гендар звычайна прысвойваецца на біялагічнай аснове, ён заўсёды сканструяваны культурай. Мы не можам прымаць нашы здагадкі аб гендарных ролях і адрозненнях, такіх як падзел на хатняе і грамадскае, паміж паляваннем і збіральніцтвам, як належнае. Замест гэтага нам трэба задаваць пытанні аб розных ролях і вопыце жанчын і мужчын у пэўны перыяд.

Больш за тое, нам таксама можа спатрэбіцца пераацэнка розных відаў чалавечай дзейнасці, якія мы вывучаем. Ці заўважылі вы, колькі літаратуры засяроджана на розных войнах і спосабах бойкі, ці, прынамсі, рамёствах – у параўнанні, напрыклад, з ткацтвам або зменай спосабаў прыгатавання ежы? Феміністкі сцвярджаюць, што гэта яшчэ адзін прыклад таго, што дзейнасць, якую нібыта выконваюць мужчыны, падаецца больш важнай, чым дзейнасць, якую выконваюць жанчыны ў паўсядзённым жыцці.
У рэчаіснасці ежу маглі гатаваць або не гатаваць мужчынамі, жанчынамі, ці абодва. У любым выпадку гатаванне ежы з’яўляецца, безумоўна, важнай часткай чалавечай дзейнасці і культуры на працягу большай часткі існавання чалавека (і я кажу гэта не толькі таму, што ежа знаходзіцца ў цэнтры маіх уласных даследаванняў – паспрабуйце пражыць адзін дзень без яе і ўбачыце, наколькі важнай для вас апынецца адна ванільная булачка ў параўнанні з усімі глабальнымі пытаннямі свету).
Такім чынам, на шчасце (калі толькі вы не фанат боек і ненавідзіце ежу), гендарная археалогія выклікала цікавасць да “дробных” рэчаў, такіх як хатняя гаспадарка, паўсядзённая дзейнасць і маленькія, быццам бы, нязначныя артэфакты – у параўнанні з вялікімі пытаннямі заснавання і заняпаду імперый, палітычных сістэм і міжкантынентальнага гандлю. Не хачу сказаць, што яны не маюць значэння, але шчыра, далёка не толькі яны складаюць наша жыццё.
Агулам, фемінісцкія даследаванні ў археалогіі выкрывалі неаддзельнасць навукі ад палітыкі і міфічную прыроду рацыянальнасць (якая мае мала агульнага з практыкай). Яны прынеслі павагу да нюансных разуменняў даных у параўнанні з катэгарычным мысленнем і спрыялі распрацоўцы альтэрнатыўных поглядаў, а таксама кідалі выклік існуючай акадэмічнай сістэме (радыкальная пераацэнка – гэта здаровае практыкаванне для ўсялякай сістэмы). У прыватнасці, практыка прысвойвання полу памерлым на падставе рэчаў, з якімі іх пахавалі, была трохі перагледжаная, а ўяўленні пра гендар у мінулым патроху пачалі станавіцца больш нюансавымі. Дарэчы, гэтаму ёсць вельмі забаўныя прыклады і, узброіўшыся тэорыяй, наступным разам паглядзім на пахаванні вікінгаў і іх (ці, можа, нашыя?) гендарныя праблемы.
2 thoughts on “Фемінісцкая археалогія: ці выражае пахавальны інвентар пол пахаваных?”