Увага! У гэтым тэксце ёсць выява чалавечых парэшткаў.
Неандэртальцы, нашыя бліжэйшыя сваякі па чалавечым родзе, за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў прайшлі ва ўяўленні навукоўцаў шлях ад амаль што малпаў да разумных архаічных людзей. Цяпер мы думаем, што яны займаліся формамі мастацтва, выраблялі складаныя прылады і, верагодна, мелі сваю гутарковую мову. Ідэі аб іх харчаванні таксама змяніліся, і як толькі даследчыкі пачалі пераключаць увагу на выкарыстанне неандэртальцамі раслін, а не толькі на паляванне, выявілася некалькі цікавых рэчаў.
Змест:
Пра неандэртальцаў
Пачнём са знаёмства з гэтымі людзьмі. Homo neanderthalensis – адзін з тых відаў людзей, якія папярэднічалі Homo sapiens, нашаму сучаснаму від. Насамрэч, некаторыя сцвярджаюць, што мы не асобныя віды. Шырока вядома, што неандэртальцы спарваліся з сучаснымі людзьмі, і цяпер у нашым геноме ёсць некалькі працэнтаў ДНК неандэртальцаў. Біялагічна гэта лічыцца важным – ці можаце вы паспяхова ствараць нашчадкаў разам з іншым арганізмам – і менавіта на гэта абапіраюцца некаторыя вызначэнні віду. З іншага боку, некаторыя іншыя віды жывёл таксама спарваюцца, мы ў гэтым не адны. Таму, вызначаць неандэртальцаў як асобны від на падставе іх цесных адносін з Homo sapiens ці не – гэта праблема нашых вызначэнняў, а не біялогіі. Чалавек імкнецца ўсё скласці ў асобныя і акуратныя скрынкі, але прырода так не працуе.
Неандэртальцы з’явіліся каля 500 тысяч гадоў таму (ці 150 тысяч, у залежнасці ад таго, як вы іх вызначаеце) і жылі па ўсёй Еўропе і Азіі, пакуль не вымерлі дзесьці 30-20 тысяч гадоў таму. Ёсць меркаванні, што менавіта адносіны з Homo Sapiens не спрыяюць доўгаму выжыванню, але зараз не будзем паглыбляцца ў тэорыі знікнення неандэртальцаў. У гэтых старажытных людзей быў больш доўгі і нізкі чэрап і шырэйшае лагво, а таксама некалькі іншай формы вушныя косткі. Карацей, галава і нос выглядалі вялікшымі, але, кажуць, гладка паголены неандэрталец не асабліва б вылучаўся ў натоўпе, калі б быў апрануты ў сучаснае адзенне.
З пункту гледжання іх інтэлекту, нейкі час лічылася, што яны не былі такімі аж носьбітамі культуры, як старажытныя Homo sapiens. Усё ж назва нашага віду дакладна і азначае “мудры чалавек”, ці, як часцей перакладаюць, “чалавек разумны”. Гэта быццам бы прадугледжвае, што астатнія такімі разумнымі не былі. Але ў неандэртальцаў суадносіны мозгу і вагі цела нібыта насамрэч былі большымі за нашыя, таму ідэя аб тым, хто дурны, а хто мудры, выклікае сумневы з самага пачатку.

Ідэя аб тым, што неандэртальцы кагнітыўна саступаюць Homo sapiens, магла пачацца з недасканалых ведаў пра іх, але некаторыя таксама лічаць гэта яшчэ адным тыповым выпадкам нашай расавай прадузятасці. Для параўнання, паляванне “чалавекам разумным” на шырокі спектр жывёл апісвалася як пашырэнне рацыёну, але калі тое ж самае рабілі неандэртальцы, то гэта ўжо былі “апартуністычныя” паводзіны (быццам прадыктаваныя сітуацыяй, а не ўласным выбарам). Гэтаксама паляванне пераважна на адныя і тыя ж віды разглядалася як “спецыялізацыя” ў сучасных людзей, але як “няздольнасць выкарыстоўваць разнастайныя рэсурсы” неандэртальцамі. Такі трохі прадузята, не?
Каб развітацца ўжо з вобразам карыкатурных пячорных людзей, цяпер вядома, што неандэртальцы стваралі і выкарыстоўвалі складаныя прылады працы, і, хутчэй за ўсё, стварылі пячорнае мастацтва, рабілі ўпрыгожанні, выкарыстоўвалі сімвалы і гутарковую мову, хавалі сваіх памерлых. Таму, калі ў вас яшчэ засталося пытанне, ці падыходзіць вывучэнне неандэртальцаў археалогіі, то адказ “так”. Як я раней тлумачыла, дыназаўры (на жаль) не падпадаюць пад сферу яе інтарэсаў, але неандэртальцы, па-першае, належалі такому роду жывёл як “людзі”, па-другое, так, яны стваралі матэрыяльную культуру, якую мы можам раскапаць.

Акрамя розных культурных цікавостак і інтэлектуальных здольнасцяў, у апошні час былі перагледжаны і погляды на харчаванне неандэртальцаў. Прыкладна трыццаць гадоў таму іх лічылі выключна здыхлятнікамі, яшчэ праз дзесяць гадоў яны абмяркоўваліся як галоўныя драпежнікі і паляўнічыя, але ў апошнія дзесяць гадоў са з’яўленнем новых метадаў даследавання мы нарэшце заўважылі ролю раслін у іх жыцці.
Як прасачыць спажыванне раслін у археалогіі
Па-першае, якія спосабы дазваляюць вывучаць спажыванне раслін у археалогіі? Расліны, як правіла, дрэнна захоўваюцца на археалагічных помніках у параўнанні з тымі ж косткамі жывёл. Асабліва, калі іх патроху знаходзяць і ядуць, а не масава захоўваюць, як тое збожжа ў сельскагаспадарчых грамадствах. Так што з раслінамі справа складаная, але ўсё ж спосабы ёсць. Напрыклад, капраліты (старажытныя какашкі), могуць утрымліваць некаторыя неперавараныя раслінныя рэчывы. Аднак тое самае рэчыва магло быць занесена ў капраліт з глебы ці там ветрам, ці нават апынуцца там са змесціва страўніка нейкай траваеднай жывёлы, чый страўнік разам са змесцівам з’еў чалавек… Карацей, усё вельмі складана, ды і ў любым выпадку настолькі старажытныя какашкі сустракаюцца даволі рэдка, і іх цяжка аднесці да дакладнага біялагічнага віду іх старажытных стваральнікаў.
Ізатопныя метады цяпер шырока выкарыстоўваюцца для вызначэння харчавання на падставе рэчыва з костак і зубоў. Але калі вы ясце як жывёл, так і расліны, значэнні ізатопаў, як правіла, перадаюць у асноўным сігнал ад жывёльнага бялку. Для выяўлення расліннага бялку яны не настолькі карысныя, бо большасць раслін утрымлівае мала бялку. Далей, мы можам даследаваць паверхню зубоў памерлых людзей на прадмет іх мікра- і макра зносу: то бок, слядоў, якія пакінула на эмалі зубоў з’едзеная ежа ў працэсе адкусвання і жавання. Таксама раслінныя рэшткі можна знайсці на каменных прыладах, якімі карысталіся неандэртальцы.

І не толькі там – сляды ежы можна зноў жа знайсці ў роце ў выглядзе зубнога налёту. Налёт, які ўтвараецца на зубах, становіцца даволі цвёрдым, калі не счысціць яго на працягу прыкладна двух тыдняў. Тады ён кальцыфікуецца і ператвараецца ў зубны камень, які дастаткова моцна прыліпае да зубоў, каб яго можна было знайсці на іх і праз некалькі мільёнаў гадоў. А яго шурпатая тэкстура цудоўна ўлоўлівае розныя рэчы, у тым ліку часцінкі ежы і розныя мікробы. Карацей, зубны камень – падарунак лёсу для археалогіі ці біялогіі. Але не для жывых людзей. Не варта захоўваць зубны налёт дзеля таго, каб у будучыні стаць карысным шкілетам, чысціце зубы як след!
Спажыванне раслін неандэртальцамі

Распаўсюджаны вобраз неандэртальцаў як мясаедаў падмацоўваўся вялікай колькасцю костак жывёл, знойдзеных разам з іх каменнымі артэфактамі. Паколькі расліны складаней выявіць у археалагічных парэштках, іх уклад у рацыён харчавання неандэртальцаў быў недастаткова вывучаны. Ну, магчыма, яшчэ і таму, што навукоўцы не надта і стараліся. Выкарыстаннем раслін, меркавана, таксама занядбалі з-за перабольшанай увагі да буйной дзічыны, паляванне на якую лічыцца тыпова мужчынскім заняткам і таму вартым увагі мужчын-даследчыкаў. Збор раслін лічыўся больш жаночым заняткам, таму яго было не так крута вывучаць, пакуль не надышла хваля феміністычнай тэорыі ў навуцы (больш пра гэту хвалю ў ранейшым пасце).
Зараз з дапамогай пералічаных вышэй метадаў навукоўцам удалося ідэнтыфікаваць больш за 60 розных відаў раслін, якія выкарыстоўваліся неандэртальцамі на шматлікіх археалагічных помніках. Так што мы ўжо можам казаць, што стратэгіі харчавання неандэртальцаў былі даволі складанымі. У дадатак да жывёл, яны, верагодна, елі столькі ж відаў раслін, колькі і Homo sapiens, у тым ліку розныя арэхі, бабовыя (напрыклад, дзікі гарох), злакі (як дзікі ячмень), ядомыя травы і караняплоды (як дзікая рэдзька), інжыр, фінікі, дзікія масліны, фісташкі і гэтак далей.
Больш за тое, даследчыкі знайшлі доказы гатавання раслін неандэртальцамі. Агулам, кажуць гатаванне пачалася яшчэ 1,9 мільёнаў гадоў таму. Вось і на археалагічных помніках неандэртальцаў знаходзяць вогнішчы і спаленыя косткі, а ў выпадку раслін – абвугленнае насенне і арэхі. Да таго ж нядаўна былі знойдзены такія вытанчаныя доказы, як хімічныя маркеры ўдыхання дыму ад дроўнага вогнішча ці спажывання гатаваных раслін у тым жа цудоўным зубным камені неандэртальцаў.
Выкарыстанне лекавых раслін неандэртальцамі

Калі шчыра, есці мы ўсе здатныя, але даследчыкі пачынаюць думаць, што некаторыя знаходкі ўказваюць на больш спецыялізаванае і складанае выкарыстанне раслін неандэртальцамі. Першы выпадак, пра які я хачу расказаць, – гэта помнік Эль-Сідрон у Іспаніі, які датуецца прыкладна 50 тысяч год таму, і дзе былі знойдзены астанкі як мінімум 13 неандэртальцаў. У зубным камені некаторых з гэтых неандэртальцаў даследчыкі знайшлі злучэнні з крываўніку і рамонка, дзвюх раслін, вядомых сёння сваімі лекавымі якасцямі.
Але ці ведалі неандэртальцы пра іх лекавыя ўласцівасці? Гэта нам невядома, але не выглядае неверагодным – хутчэй чаканым, бо вядома, што многія жывёлы, у тым ліку ўсе вышэйшыя прыматы, у той ці іншай ступені практыкуюць самалячэнне з дапамогай раслін. Насамрэч, было б дзіўна, калі б неандэртальцы не валодалі такімі ведамі. Больш за тое, абедзве гэтыя расліны горкія на смак і не маюць пажыўнай каштоўнасці, таму іх наўрад ці выбралі ў якасці ежы. І паколькі горыч у раслінах можа папярэджваць пра таксіны, той факт, што неандэртальцы сапраўды маюць ген, адказны за ўспрыманне горкага густу, лічыцца падтрымкай тэорыі аб іх здольнасці ўключаць расліны ў рацыён.
Тут зноў жа былі прапанаваны і іншыя шляхі таго, як злучэнні з крываўніку і рамонка маглі апынуцца ў нячышчаных зубах неандэртальца, у тым ліку ўжыванне іх як прыправы або з’яданне іх разам са змесцівам страўніка нейкай траваеднай жывёлы. Зразумела, існуюць розныя магчымыя тлумачэнні, але непасрэднае з’яданне расліны неандэртальцамі нават дзеля самалячэнне не выглядае больш неверагодным за іншыя.
Другі выпадак, які лічыцца верагодным прыкладам медыцынскага або рытуальнага выкарыстання раслін неандэртальцамі, паходзіць з пахавання IV у пячоры Шанідар, Ірак. Гэта месца, дзе былі знойдзены парэшткі некалькіх неандэртальцаў, сямі дарослых і аднаго дзіцяці. І ў той час як чацвёра з іх, верагодна, загінулі ў выніку абвалу каменя ў пячоры, іншыя, падобна, былі наўмысна пахаваны. Сярод іх шкілет IV стаў знакаміты тым, што побач з ім знайшлі рэшткі раслін, зноў жа з лекавымі якасцямі.
У гэтым пахаванні былі знойдзены крываўнік, старасцень, вінаградны гіяцынт і чартапалох. Фактычна, групаванне пылковых зерняў паказала, што цэлыя кветкі былі пакладзены ў магілу каля 50 000 гадоў таму паміж траўнем і ліпенем. Адным з прапанаваных тлумачэнняў было тое, што пахаваны быў знахарам ці шаманам. Але, вядома, пакладзеныя ў магілу кветкі вызываюць і вельмі тыповую сучасную асацыяцыю. То бок, што нехта паклаў кветкі ў магілу нябожчыку таму, што яны, ну… прыгожыя. Калі неандэртальцы рабілі ўпрыгажэнні і малюнкі ў пячорах, ці цалкам не магчыма, што яны цанілі прыгажосць кветкі?
Пазней з’явіўся і артыкул, дзе адстойвалася іншае простае тлумачэнне кветак у магіле: кветкавыя галоўкі маглі быць прынесены норнай жывёлай, невялікім грызуном, падобным на пясчанку. Такія грызуны жывуць у рэгіёне Шанідар і захоўваюць у норах расліны, у тым ліку кветкавыя галоўкі. Сапраўды, падчас раскопак у пячоры Шанідар яшчэ ў 1970-х гадах побач са шкілетамі было заўважана мноства нор грызуноў; былі знойдзены і іх косткі. Такім чынам, значэнне кветак у пахаванні ў Шанідары застаецца і, верагодна, назаўсёды застанецца спрэчным пытаннем.
Але навуковыя меркаванні, падобна, паварочваюцца да прыняцця таго, што неандэртальцы ўжывалі расліны не толькі ў рацыёне, але і ў лячэбных і рытуальных традыцыях, незалежна ад таго, можна лічыць якія-небудзь доказы на сённяшні дзень пэўнымі ці не. Даследчыкі мяркуюць, што неандэртальцы валодалі даволі глыбокімі ведамі аб навакольным асяроддзі, былі здольныя распазнаваць харчовую і лячэбную каштоўнасць пэўных раслін і перадаваць гэтыя веды. У цэлым, як сказалі даследчыкі Шыплі і Кіндшэр, “чым больш мы даведаемся пра неандэртальцаў, тым больш разумеем, што біялагічныя і культурныя адрозненні паміж імі і намі былі адносна невялікімі”.
One thought on “Неандэртальцы і рамонкі: ці магчыма выкарыстанне лекавых раслін продкамі сучасных людзей?”
Comments are closed.