Археолагі ў раскопе

Біяархеалогія – ідэальная спецыяльнасць для тых, хто падабае камунікаваць з памерлымі, але скептычна ставіцца да некраматыі

Услед за аповедам як некаторыя археолагі бавяць час у лабараторыі, я паспрабую даць больш разгорнуты адказ на тое, чым займаецца біяархеалогія.

Увага! У гэтым тэксце ёсць выявы чалавечых парэшткаў.*

*Аб гэтым прынята папярэджваць, каб не знерваваць тых, каго гэта турбуе.

Што такое біяархеалогія

Біяархеалогія – гэта вывучэнне астанкаў жывёл, чалавека, раслін, і іншых формаў жыцця (такіх як паразіты) з археалагічных кантэкстаў. Гэта калі шырока акрэсліць. Каму занадта шырока, ёсць і больш вузкаскіраваныя спецыяльнасці: напрыклад, зааархеалогія ці археазаалогія (не пытайце, лепей пагодзімся ўжываць, каму як падабаецца), што займаецца менавіта жывёламі. Ці тафаномія, што вывучае распад арганізмаў. Нарэшце, часта біяархеалогію вузка акрэсліваюць як вывучэнне археалагічных чалавечых парэштак. Як можна сабе ўявіць, улічваючы прыналежнасць археалогіі да гуманітарных навук і агульную тэндэнцыю людзей цікавіцца людзьмі і ігнараваць усё астатняе, даволі шмат увагі надаецца менавіта чалавеку.

Сёння чалавечыя парэшткі сталі адным з ключавых элементаў археалагічных даследаванняў. Тысячы і дзясяткі тысяч шкілетаў людзей і жывёл з археалагічных раскопак захоўваюцца ў розных інстытутах і музеях па ўсім свеце ў акуратных скрыначках (а дзесьці ў зусім неакуратных завалах цёмных і сырых скляпоў). Яны даюць аснову для вывучэння эвалюцыі чалавека, яго варыятыўнасці, ладу жыцця мінулых народаў. Зараз разбярэмся, якім чынам.

Узроўні аналізу ў біяархеалогіі

Біяархеалогія можа вывучаць чалавека на розных узроўнях. Першы з іх – індывідуальны аналіз, які можа ўключаць ідэнтыфікацыю і астэабіяграфію (то бок, гісторыю жыцця па костках) чалавека. На сайце Лестэрскага ўніверсітэта можна пабачыць цудоўны прыклад, як ананімны шкілет быў ідэнтыфікаваны як Рычард III і распавёў сумную гісторыю апошніх гадзін яго жыцця. Дарэчы, ужо нагадвае некрамантыю, але насамрэч гэта навукоўцы ў белых халатах скарысталі астэалогію (то бок, уважліва агледзелі і памацалі косткі), вугляроднае датаванне, крыміналістычны аналіз, генетычны аналіз і генеалогію. На жаль, такая падрабязная ідэнтыфікацыя выключна рэдкая з’ява ў археалогіі: большасць костак застаюцца ананімнымі і добра, калі з усяго біяархеалагічнага профілю чалавека ўдаецца вызначыць хоць пол і ўзрост. А карысных гістарычных звестак пра тое, наколькі зграбнымі яны выглядалі, ці мелі скаліёз і ці білі іх тупымі і вострымі прадметамі па галаве незадоўга да смерці, як у выпадку Рычарда ІІІ, для абсалютнай большасці людзей у свеце не існуе.

Біяархеалогія на практыцы: ідэнтыфікацыя парэшткаў Рычарда III.
Ідэнтыфікацыя парэшткаў Рычарда III. Відэа Лестэрскага ўніверсітэта.

Далей ідуць даследаванні папуляцыі. Такі ўзровень больш распаўсюджаны, бо лепш падыходзіць для спецыфікі археалогіі. У яе выпадку папуляцыі часцяком будуць прадстаўлены групамі асоб, пахаванымі на адных могілках. Таксама папуляцыйны падыход лічыцца крытычна важным для характарыстыкі мадэляў паводзін людзей, іх ладу жыцця, захворванняў і іншых рэчаў, што звычайна ахопліваюць групы людзей. Шчыра кажучы, амаль усё, што адбываецца ў жыцці і смерці людзей, адбываецца ў нейкай сувязі з іншымі людзьмі. Ад гэтага не збегчы.

Нарэшце, біялогія чалавека. Для шырэйшага ахопу на ўзроўні віду патрэбна вялікая група шкілетаў з доўгага перыяду часу. І тады вы зможаце зрабіць неверагодныя адкрыцці сусветнага маштабу: напрыклад, што зубы людзей на працягу тысячагоддзяў становяцца меншымі па памеры.

Метады біяархеалогіі

Метады біяархеалогіі даволі разнастайныя, і часцяком уключаюць аналіз костак і зубоў (увага, зубы не косткі). Мяккія тканіны таксама сустракаюцца – напрыклад, у выглядзе мумій. Напэўна, егіптолагі іх вельмі любяць, але мае калегі, простыя біяархеолагі ці там астэаархеолагі**, гучаць не вельмі шчасліва, калі распавядаюць пра сутыкненне з нейкімі рэшткамі мяккіх тканін на іх улюбёных костках. Сапраўды, гэта сустрэча часта не вельмі прыемна выглядае ці пахне. Дарэчы, можна вывучаць не толькі косткі, зубы і мяккія тканіны, але, напрыклад, і капраліты (скамянелыя фекаліі), калі вам пашчасціць з імі сутыкнуцца.

**Навукоўцы прыдумваюць шмат гучных назваў для сябе, і назва “астэаархеолагі”, як вы можаце здагадацца пасля “астэабіяграфіі”, уяўляе сабой спалучэнне “косткі + археолагі”.

Пра якія б парэшткі не ішла размова, яны павінны быць датаваныя і зафіксаваныя ў археалагічным кантэксце. Без кантэксту яны губляюць археалагічную каштоўнасць. Што датычыцца саміх спосабаў аналізу, то ўсе не пералічыць. Як усе людзі, хто любяць бавіць час цікава і крэатыўна, біяархеолагі забаўляюцца і капаннем магіл, і трэніроўкай мадэляў машыннага навучання, і замешваннем кіслаты ў белых халатах, і эксперыментальным спальваннем костак пад канец вечарынка на грылі. Карацей, бяруць ад жыцця ўсё (але па большасці сядзяць перад кампутарам з масай тэксту на экране і глядзяць на яго сляпым позіркам, як і ўсе мы).

Можна зрабіць выснову, што біяархеалогія па сутнасці даволі міждысцыплінарная, і вітае інтэграцыю падыходаў з розных дысцыплін. Але, як магло падацца з самой назвы, яна асабліва падкрэслівае непарыўную сувязь паміж біялогіяй і культурай, і ўжывае шмат біялагічных падыходаў.

Напрамкі даследавання біяархеалогіі

Нарэшце, што там можна даследаваць па костках (ці, калі вам пашэнціла, капралітах?). Варыянтаў даволі шмат, вось напрыклад:

  • Палеадэмаграфія – можна вызначыць, хоць прыблізна, узрост на момант смерці і пол асоб, якіх вы выкапалі, і паспрабаваць вылічыць нейкія дэмаграфічныя звесткі ды часовыя, прасторавыя і сацыяльныя змены ў іх. Хаця, шчыра кажучы, шмат хто спрачаецца з верагоднасцю зрабіць некія высновы аб калісьці жывой папуляцыі па яе памерлых прадстаўніках.
  • Дзейнасць чалавека – так, навукоўцы спрачаюцца і тут (ім дай толькі спрачацца), але з розных аналізаў парэштак можна паспрабаваць уявіць занятак людзей, іх рухомасць, і які гвалт яны чынілі адзін над адным (людзям дай толькі гвалт чыніць).
  • Якасць жыцця з’яўляецца папулярнай і актуальнай тэмай і датычна мінуўшчыны, і сучаснасці. Паталогіі, смяротнасць, дыета нашых папярэднікаў выклікаюць пільную цікавасць, прынамсі, некаторых з нас.
  • Міграцыі ці то мабільнасць людзей і біялагічная аддаленасць розных папуляцый – то бок, наколькі групы людзей біялагічна падобныя або аддаленыя, калі судзіць па варыяцыях іх шкілетаў і зубоў.
  • Эпідэміялогія – можна вывучаць захворванні або любыя паталогіі з дастатковай частатой. Цікава, але факт: існуюць і такія рэчы як эпідэмія пераломаў. Рычард III у апошнія моманты жыцця моцна на траўмы хварэў. Жудасная там была гісторыя.

А, калі коратка, біяархеалогія факусуецца на пытаннях, якія тычацца зменлівасці чалавечых папуляцый у часе і прасторы. Асноўныя тыпы пытанняў звязаны з адрозненнямі паміж групамі насельніцтва (напрыклад, па рэлігіі, культуры, тыпу пасялення, сацыяльнаму статусу і г.д.), палавым дымарфізм (ступень блізкасці ў анатамічных характарыстыках розных палоў), адрозненнямі паміж вызначанымі этапамі чалавечай папуляцыі.

Варта адзначыць, што ў рамках археалогіі ўсе тыя біялагічныя рысы вывучаюцца дзеля разумення такіх паняццяў, якія матэрыяльныя парэшткі наўпрост перадаць не ў стане; паняццяў, што належаць сацыяльнай сферы. Навукоўцы могуць прыкладаць масу высілкаў (і, што хлусіць, грошаў) каб высветліць, што людзі ў мінулым елі і як выглядалі месцы прымацавання іх цягліц. Але робіцца гэта дзеля таго, каб зразумець штосьці пра сацыяльную арганізацыю, ідэнтычнасць, адаптацыю людзей да вонкавых фактараў, ці там сувязь паміж здароўем і полам ці статусам. Напрыклад, доступ да якіх рэсурсаў даваў людзям іх статус, ці чым такім яны пры жыцці займаліся, што месцы прымацавання іх цягліц менавіта так выглядаюць. Сучасная археалогія ўвогуле шмат увагі надае менавіта інтэрпрэтацыі, тлумачэнню, а не проста апісанню таго, што навукоўцам даводзіцца назіраць ці то ў раскопе, ці то ў музеі, ці ў лабараторыі. Мэта звычайна ў адказе на пытанне “і што?” і звязаных з ім надзеях навучыцца адэкватна рэагаваць на тое, што адбываецца з намі ў сучаснасці.

One thought on “Біяархеалогія – ідэальная спецыяльнасць для тых, хто падабае камунікаваць з памерлымі, але скептычна ставіцца да некраматыі

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *